Перайсці да зместу

Чорнакудрая радасьць (1925)/Мне і тут без Беларусі цесна

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Міколка Мне і тут без Беларусі цесна
Паэма
Аўтар: Анатоль Вольны
1925 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мне і тут без Беларусі цесна.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МНЕІТУТБЕЗБЕЛАРУСІЦЕСНА
(Думкі на Каўказе).

Вецер
віўся,
сьмяяўся,
кружыў…
Вецер
травы да долу
хіліў...

Ой, зялёныя скроні расьлін
Ў перламутры граніту завіў.
такія
сьмяшныя сьляды

Лунных лап па уцёсах ляглі,
Фосфарыстыя ўхмылкі луны —
Нібы май ды зьвініць ў бубянцы.
Я ня ведаю, — можа й Эльбрус
Бачу я у папахах сьнягоў,
Або можа здалёку гляджу
На срабрысты туман тапалёў…
Ой, як добра
па скалах
прайсьці,

Радасьць сэрца расплёскаць у сум,

Васількі дум ў граніт заплясьці
І граніт —
ў васількі
родных дум…


Твае словы ў сэрцы ня згінуць

— Комсамольцу пазбыцца жуды…

Ах, ты-ж, Нінка,

лясьністая Нінка, —
„Апанент“ комсамольскай журбы.

Сэрца ласкай вішнёваю плёскае,
Каласіцца жытнёвай журбой, —
Ах, з табой і сівыя уцёсы
Зажартуюць сваёй сівізной.
Беларусь!
Я табе ня здрадзіў
Ды і песьні сваёй не зманіў, —

Не зважай, што на палкім Каўказе

Я яе, як цябе, палюбіў…


Залучынілася песьняй кроў, —
Мне і тут без Беларусі цесна!
Беларусь!
Табе пішу я
проста,
З прывітаньнем —

пасылаю песьні!

Беларусь! Цябе пяю малітвай,
Палкаю малітвай Шамільляна,

Дзікаю, як бег джыгітаў,

Ласкавай, як шаль ды з Харасана.
Беларусь!
Я на палкім Каўказе,
Дзе сіней, чым на Захадзе, дні,
Беларусь! Я табе ня здрадзіў
Ды і песьні сваёй не зманіў…

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Добра, добра на сівым Каўказе
Плёскаць сэрца кудлатаю песьняю.
Але скроні зачыніш, — адразу
Ў сэрцы
новыя
песьні —
узьвесьняць!


Міг…
І сэрца ў лапцюжнай кавылі,
Ў ціхім рокаце песьні мінулае.
Хай паны мне на целе застылі
Сіняй ранай вінтоўкі сутулае.
Хай ўсе нэрвы агнямі прапалены
І цыгаркай пракураны лёгкія,
Дні, зьвінячыя голасам Сталіна,
Ў сэрцы сінімі грозамі плёснулі.


Помніш — ветры падулі, як
Мяцелі…
Помніш — песьні мінулыя
Пелі…
„А ў полі — вярба,
Пад вярбой — вада,
Там хадзіла, там гуляла
Дзеўка малада…
…дзеўка малада,
а ў полі — вярба“…


Па гарах кавыля перапеў…
Ой, кавыль, ты мінулым —
Званчэй
Вей…
„Перапел, шэранькі перапел,
Ой, што-ж так сумна табе“…
Так…
— З далёкіх і сініх аколіц
Успамінаў далёкіх пабед
Шлю паклон, Беларусь, табе —
Ў пояс
І шаўковыя песьні табе.
Па гарах кавыля перапеў…
Ой, кавыль, ты мінулым —
Званчэй
Вей!
„Перапел, шэранькі перапел,
Ой, што-ж так сумна табе?“


Лазарэт…
Ноч шаўковая.
Месяц.
Бяздоньне.

Вецер верш кучаравіць ў грудзёх.

Ночы срэбныя звоняць ў пагоні,

Захіляе мінулыя дні…

Толькі верш серабрыцца зарніцай

Ды ад жару радкі агнявей…
І ўспаміны чамусьці крынічаць
Над краінай
лясьністай
маей!


У Беларусі
жыты русы,
Песенныя ўсплёскі,
Сьвецяць зоры
ў чорным боры,
Ў боры чорным
зоры
Заранеюць,
рдзеюць,
рэюць
Над саснамі снамі…
Ой, журуся,
ў Беларусь я
Песьняю імчуся.
Васількамі,
сьцебялькамі
Ў песьні заплятуся.


Я замарыў…
Мілай песьняй зажурыўся.
Сонца раніцы на песьню палі росы…

Ў лазарэце і ў лахмоцьцях тут сябры ўсе,
Ў лазарэце ўсе таварышы — ды й проста.

І сягоньня прынясьлі дый кінулі.
Толькі мы цыгаркай угасьцілі, —
Гэта-ж ты была, таварыш Ніна,
Маладая і зусім бяз сілы.


Добра, добра на сівым Каўказе
Плёскаць сэрца кудлатаю песьняю,

Але скроні зачыніш — адразу
Ў сэрцы
новыя
песьні —

ўзьвесьняць!


Дзесьці бацька, сівы бацька
Зацяпліў лучыну сьветам, —
Хоча сівы бацька бачыць,
Як блукае сын па сьвеце.
Сьпяць палі,
Імжаць туманы…
Цьмянай мятай
Пахнуць сьцежкі.
На калені словы стануць:
Ці адзін сын вочы зьмежыў?
Сэрцам
і думкай
з ім зьвязаны —
Ты ня сумуй, сівы дзед,
Помнікі словамі казаны
І кавылём да іх сьлед…
І ёсьць у іншых
Свая радасьць…
У дзеда ёсьць —
Журба!..
Імжыць яна
туманным
крокам
адна…
Ой, як айцу сьпяяць пра сына?
Ой, як скажу?..
Люблю:
штандар-туман над гаем,
Люблю —
журбу…


Твае словы ў сэрцы ня згінуць
— Комсамольцу пазбыцца жуды
Ах, ты-ж, Нінка,

лясьністая Нінка, —
„Апанент“ комсамольскай журбы.
Вось таму я мінулым і ўзьвесьніў,
На паклон да цябе іду, —
Ну і можа журліваю песьняй
Я пра радасьць пявучай скажу.
Сэрцу,
сэрцу сягоньня так цесна,
Песьняй сэрца сягоньня я выпяю. —
Ой, журба заплялася у песьню,
Чорнакудрую песьню маю.
Былі ночы чарней за пучыну,
Былі зоркі сьвятлей серабра…
Закахалася сэрца дзяўчыны —
Чорнакудрая радасьць мая!
Чорнакудрая радасьць аколіцы,
Васільковых напеўных палёў,
Шоўкатканы свой сьпеў, комсамолка,
На паклон да цябе я прывёў!