Перайсці да зместу

Чорнакудрая радасьць (1925)/Кастусь Каліноўскі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Кастусь Каліноўскі
Паэма
Аўтар: Анатоль Вольны
1925 год
Міколка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Кастусь Каліноўскі (Вольны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КАСТУСЬ КАЛІНОЎСКІ

I.

Я ведаю Беларусь, што паўстанцкай куляю
Сьвішча:

„Вольнай
Хачу
Быць!“

І другую Беларусь — бабулю, —
Беларусь — край лучын і журбы…
Эх, старая,
Старая бабуля!
Дай мінуўшчыну ўспомнім сталёвую:
Колькі ў сэрца асаджана куляў
Ў грудзі нашых чароўных палёў?
Цяжка, цяжка было пад няволяю
Аўсом нашым паклоны біць…

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .
.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Гэй, ды што-ж?
Усё здолеем,
Будзем песьняй мінуўшчыну біць.
Я ведаю Беларусь ды буйную,
Што ў паўстаньні хмялее ўсё болей,
І другую Беларусь — бабулю,
Пакуль рукі ня ўзьніме для боек.

II.

Была ночка
Галодная,
Зімняя,
Ваўкоў бегла болей і болей…
Ваўку, што ў гэтым краі сінім,
Калі ён ўвесь напоены больлю?
Ой, баяліся й сівыя воўкі,
Іскрамётна лучынілі вокам
І кружыліся шэрыя бойка,
Каб і іх хто ня зьеў ненарокам…
І вось ў гэтыя дзікія ночы
Чуткі дзіўныя нехта прывёз,
Чуткі сэрца вясковае точаць:
Імі хмеляцца хмурыя вёскі…
Чуткі,
Чуткі:
— Прышоў вызваліцель.
Ён мужык, значыць, будзе удача,
Упарты,
Як бронзавы зьлітак.
Ён спасе Беларусь —
Ня іначай!

III

КАСТУСЬ КАЛІНОЎСКІ

Бедната!
Сьмялей шаг!
Ярчэй выгляд!
Зернем буйным галовы раскінуць!
Беларусь — паном ня быдла, —
Альбо жыць, альбо ўсім загінуць…
Адзін раз на сьвет радзіцца,
Адзін раз захмялець мятульгой,
Дык пойдзем жа, пойдзем жа біцца,
Хто з сякерай, хто з голай рукой.
Няхай ведаюць ўсе: беларусы
„Ў ката й мышку“ ня любяць гуляць
І свае галовы русыя
Не задарам будуць кідаць.
Бедната!
Сьмялей шаг!
Ярчэй выгляд!
Зернем буйным галовы раскінуць!
Беларусь — паном ня быдла, —
Альбо жыць, альбо ўсім загінуць…

IV

СЕРАКОЎСКІ

— Стоп!
Твае словы паўстаньнем палаюць,
Хто яшчэ ў гэту ноч так гаворыць?
Што за словы, што думкі ўздымаюць
І калышуць праменьнямі зор?
Мужыч‘ё!
Вы ня верце прахвостам, —
Мы таксама аб волі вам дбаем,
Толькі гэта ня так ужо проста,
Толькі й шляхту усё ж паважаем…
Мы вам кажам ад імя жонду,
Жонду белага — моц мае ён…
Ну, дык хто-ж там законы піша
І пужае на плоце варон?..

V

КАСТУСЬ КАЛІНОЎСКІ

— Ні слова!
Сказаў і досыць
Канарэйкамі песьні пець.
Сэрца торбаю помсту носіць,
І ня хочам мы болей цярпець.
Нам ня разам у гэтым змаганьні, —
Будзем разам мы хіба ў надгроб‘і.
Дапаможа шляхта паўстаньню
Так, як кашаль ліхой хваробе.
Бедната!
Сьмялей шаг!
Ярчэй выгляд!
Зернем буйным галовы раскінуць,
Беларусь — панам ня быдла, —
Альбо жыць, альбо ўсім загінуць!

VI

Ад Дняпра і да самай Віслы
Вецер,
Вецер
Гуляе
Са сьвістам,
Вецер
Са сьвістам
Гуляе.
Вецер хмурыць
Свае скроні,
Вецер круціцца
Па гонях…
Вецер! Родны мой вецер!
Паглядзі, што робіцца ў сьвеце,
Родный мой вецер!
Паглядзі:
Ўсе бары ў завірусе
— Рэволюцыю заварыць!..
І такія лапцюжныя, русыя
Пра
„Слабоду“
Хочуць гаварыць.
Слабода!..
Слабода!..
— Што трэба нам болей?
Ой, гэта слабода,
Як вецер у полі…
Ад Дняпра
І да самай Віслы
Вецер,
Вецер
Гуляе
Са сьвістам,
Вецер
Са сьвістам
Гуляе!

Беларусь маўчыць і церпіць, —
Песьняй плёскае ціха журбу,
А паўстане — да самай сьмерці
Беларусь не сагнуць у дугу…

VII

Ой, ці вольна жыць
Ці загінуць нам, —
Ой, працоўны люд,
Сьвістані з пляча!

Будзем песьняй біць
І нажом садзіць:
Альбо згінуць ўсім,
Альбо — ўсё здабыць!

Галавою стой,
Беларусь мая!
Гэй, ды з песьняй ў бой
Ой, сярмяжная!

А маскоўскі цар
Сьцеле мякка нам.
Беларусь мая, —
Ёй я ўсё аддам.

Беларусь за „усё“
Вельмі дзякуе…
Ці —
Слабодная!
Ці —
Ніякая!

VIII

МУРАЎЁЎ

Хто пасьмеў Расіі ня верыць?
Хто паўстаў супроць Русі?
Ой, каго звар‘яцеўшае сэрца
Так чырвона ў грудзёх брусьніць?
Выдаць!
Выдаць мяцежных прахвостаў,
Што паўсталі на царскіх дварах.
Іх галовы пасыпяцца просам.
Звар‘яцеўшая, шэрая рвань!
Я павешу мяцежную банду,
Банду дзікіх галодных сабак.
Я зраблю ім крывавую ванну,
Што пасьмелі Расію скубаць.
Загарэліся вы валежнікам;
Хай-жа вас цяпер пацкуюць…
Злавіць трыццаць любых начлежнікаў
І павесіць на першым суку!

IX

Восень пырскае срэбнымі ніткамі;
Ў вочах
Восені
Вокрыкі
Водгульля.
Пад шэрымі сьвіткамі
Трыццаць дрэў —
Згорблена!..
Вёскі,
Вёскі!
Лапцюжныя прэрыі!
Зацьвілі вы ў зімовую плынь.
Пад пятлёю Расійскай імпэрыі
Расьцьвітае толькі палын.
Абарвалася песьня амаль што,
Напаіўшы ўсе словы крывёй!
Ой, закінуў намылены „гальштук“
Па-над вёскамі — Мураўёў.

X

КАСТУСЬ КАЛІНОЎСКІ

Можа хто баіцца кулі
Ды ад жару хаваецца ў цень?
А мы сьпіны даволі гнулі
І ўсё чулі „двадзесьце пеньць!“
Хто пачуў толькі гэтыя словы,
Той шануе мужычую волю.
Нам ня шкода свае галовы
Параскідаць, як зерні, па полі.
Многа было, ды мала засталося:
Не разьбіць нам сягоньня паноў.
Столькі зерняў ня маюць калосьсі
Колькі выбіта нашых галоў.
Мы ня ведаем заўтра — устаць ці нам,
Не знасіць нам буяных галоў.
— Хай-жа ўспомніць на прызьбе нас спадчына
Жменькай
Простых
Вясковых слоў.
Будуць помніць, хто голавы зьвесіў;
Іх успомняць сардэчнаю ласкаю.
Мы — апошнія з першых буравесьнікаў,
Мы апошнія з першых ластавак.

XI

ПАЎСТАНЦЫ

Эх, Кастусь,
Наш таварыш буяны!
Ў гэты сіні асеньні вечар
Паглядзі:
Зарасло ўсё бур‘янам
Па шляху да нашага веча.
Паглядзі:
Вунь дзьве зоркі скаціліся,
Воран карканьнем сьціхнуць радзіць,
Нават коні табунамі зьбіліся…
Ой, ды нехта паўстаньню здрадзіць.
Мы з табою, вядома, да сьмерці.
З нас ня просіць ніхто:
Пажыць-бы…
Снапоў меней па торпах, павер ты,
Чым на хвоях галоў мужычых.

XII

Плакалі белыя топалі
Жоўтымі лісьцямі;
Будзе зданьне…
Коньмі маланкі топалі
Ў чорна-бурым убраньні.
Абрываюцца песьні і словы —
Петлі,
Петлі
Рэжуць галовы;
Яны падаюць, —
Дзе іх падзеці?
Гэта Беларусі лепшыя дзеці…
Бедныя!
Бедныя
Вёскі!..

XIII

КАСТУСЬ КАЛІНОЎСКІ

Селяніну вісець лепей з намі,
Чым да пана з паклонам хадзіць.
Вісець лепей разам з снапамі,
Чым на пана снапы вазіць.
Катаваць мужыкоў, — вось адказ іх.
Паляць сэрцы прагорклыя словы.
Толькі гэты панскі указ
Для беларуса — ня новы!

XIV

Я над песьнямі сваімі лятуценіў,
Лятуценіў, зажурыўся не да рэчы.
Ой, чаго-ж так страшна ляглі цені:
Атруцілі сэрца нечым.
Павялі па сумнай Беларусі,
Павялі з Лукішак ў час сьвітаньня.
Мы і сягоньня помнім словы,
Што апошнімі сказаў Кастусь:
„Браткі мае, беларусы,
Ад шыбельніцы маскоўскай
Шлю вам сваё —
Прывітаньне!“
І скрозь шэрань нашых вёсак
Нібы чую плач вайсковых труб,
Вочы шэрыя, упартую чупрыну
І пад лапамі зьбялеўшай ад бяды асіны —
Сіні
Труп
Нібы бачу я; глядзіць ён шэрым вокам
На другую частку паднявольнай Беларусі,
Мужыкоў склікае ён навокал
І, як некалі, гаворыць ім Кастусь:
— Бедната!
Сьмялей шаг!
Ярчэй выгляд!
Зернем буйным галовы раскінуць!
Беларусь, паном ня быдла, —
Альбо жыць, альбо ўсім загінуць!