Ці я Цябе люблю, пытай тых ночак цёмных,
Што ў мроях аб Табе ад сну мяне кладуць,
Калышуць так мяне, нясуць у край таёмны,
Пасьля мне пра Цябе ўсе сны мае снуюць.
Ці я Цябе люблю, хай скажуць зоркі ў небе,
Што вечарам сьпяшаць прыгожа нам ірдзець
І бачаць, як няраз ў душы маей патрэбе
Іду я, каб здалёк ў вакно Тваё глядзець.
Ці я Цябе люблю, хай скажуць мае вочы,
Што сьвецяцца агнём, як бачаць дзе Цябе,
І доўга йшчэ пасьля той вобраз Твой дзявочы
Трымаюць мне яны ў лятунках аб Табе.
Ці я Цябе люблю, хай скажа маё сэрца,
Што б‘ецца весялей на думку аб Табе
І з думкай так маей к Табе яно ўсьцяж рвецца
Й знаходзіць шчасьце там тады яно сабе…
О, так! люблю Цябе я, моцна закаханы;
За што, дык нават я сказаць ня мог-бы сам.
Адно цьвярджу, што я Табой ачараваны
Й ніколі я Цябе нікому не аддам.
І толькі сам Тварэц забраць Цябе мне зможа,
Калі пакліча мо‘ ў сваіх анёлаў лік.
Тады скажу Яму: й мяне бяры о, Божа!
Бо мне ўжо на зямлі праменьчык шчасьця зьнік.