Перайсці да зместу

Цікавая агітацыйная беларуская брашура 1860-х гадоў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ткальня «слуцкіх» паясоў у Рожанне Цікавая агітацыйная беларуская брашура 1860-х гадоў
Артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1923 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 5, лістапад 1923 г., б. 54

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Цікавая агітацыйная беларуская брашура 1860-х гадоу. „Разсказы на бѣлорусском нарѣчіи“, Вильно. (Въ типографіи Сыркина. 1863 г. 20×14 цм. стр. 32). Як ведама ў пачатках 1860-х гадоў, расійскі урад, хочучы прыцягнуць на свой бок сымпатыі беларускага сялянства гатоў быў пайсьці на дазваленьне беларускага друку і дапушчэньне беларускай мовы ў школы. Мысьль гэта была выклікана тым, што польскія паўстанцы шырылі даволі значны лік сваей агітацыйнай літэратуры ў мове беларускай, дык як спосаб проці-агітаціі узяліся. за беларускую мову і расійцы. З агітацыйных брашур найбольш была пашырана „Гутарка Данілы са Сьцяпанам“. (Надрукаваная ў Вільні ў 1863 г., бяз году і найменьня друкарні, фармат 14×11 цм. 22 стр). Да ліку агітацыйных кніжак выданай расійцамі належаць і „Разсказы“. Галоўная тэма, якую даказываецца у ей ёсьць, што даўнейшыя Крывічы, а цяперашнія Беларусы—не Палякі, што „бацькі і дзяды былі веры рускай“.

Зьмест кніжкі складаецца з 5 гутарак: 1. Кто булы нашы найдавнійшіи диды и якая ихъ була доля до уній? (Пісана гутаркай нібы Паляшукоў, неякім украінцам). 2. Ці добре мы зробили покинувши Унію? 3. Великая помылка нашихъ Бѣлорусовъ. 4. Размова на цментари старосты Янка з братчиком Хвэдосем. 5. Сказка не сказка, быль ня быль але так бываиць

У першым апавяданьні аўтар даводзіць чытачу, што:

„Старана дзе цяпер жывуць Пінчукі, Мінчукі, Вытобци, Могілевци завецца Балай-Русьсю, у гэтай старане з вельмі даўных часаў жыў народ славянскі, родны з народам, каторыя даўней жылі і цяпер жывуць у палуднёвых і усходніх рускіх краях. Народ той спярша зваўся Крывічамі, або крывіцкімі Славянамі: так былі калісь Крывічы Смаленскія—яны жылі не далёка каля места Смаленска; а то былі яшчэ Крывічы Полацкія,—вот гэты Крывічы былі нашымі прадзедамі. Ня можам цяпер даведацца, ці вялікі кусок зямлі займалі Крывічы полацкія; можам толькі сказаць, што цяперашняя Вітабская, Могілеўская губэрні, маленькі кавалачак Пскоўскай і Смаленскай, значная часьць Мінскай губэрні з Пінскам, Мозырам і Туравам, кавалак Горадзенскай да рэчкі Дзітвы і добры кавалак Горадзенскай з Ваўкавыскам і Берасьцем—былі тымі мяйсцамі, дзе жыў Беларускі народ… Такі то досьць значны кавалак займалі нашы прадзеды Крывічы Полацкія“.

Дыялёг „Ци добре мы зробили, покинувши Унію? вядзецца паміж „Священникам“ и „Парафіянином“.

Парафіянинъ. Скажи мнѣ, ксенже, за што зовуць нас схизматыками? Здаецца, мы ничого худого не зрабили. Ци мы недоверки якіе ци што?

Священникъ. Плюнь на гэта, Грыгоръ; ци мало чимъ можно назваць человѣка по злосци, либо по глупости: людзём рта не завяжешь.

І далей:

Священник. … Нас называюць схизматыками за тое, што мы покинули Унію и прыняли Православную вѣру; а я думаю, што мы гэта добре зробили, як добре зробили тые дзѣци, што покинули паню и вернулись къ своей родной матцѣ; мы ня новую приняли вѣру, а вернулись къ старой; стали вѣриць так, як вѣрили, наши самые давние бацьки и дзѣды, которые жили за 200 годов и боли до нас.

Парафіянинъ. Няужтож наши бацьки и дзѣды были вѣры русской, цы православной, як и мы?

Сьвятар апавядае свайму парафіяніну аб хрышчэньні Русі, аб змаганьні за веру брацтваў і г. п. Выслухаўшы ўсё парафіянін кажа:

Парафіянин. Кали правда, што ксендзъ кажашь, дык мы совсимь не похожи на нашыхъ давнихъ бацьков и дзѣдовъ; яны от нас як небо от земли.

Ня менш цікавая „Великая помылка нашых бѣларуссовъ“, у якой праводзіцца мысьль што каталік беларус—не паляк: „Якіе яны Поляки? У их мова простая, белорусская, звычаи простые бѣлорусскіе“…„Што-ж мы за несчасный народ, што ня ведаем якъ назваць сябе й, зробившись католиками отрекаемся отъ своего роду и племени, зовем сябе Поляками, хоць гэта нам пристало як каровѣ сядло“. Заканчываецца стацейка выкрыкам: „Рускими, а не Поляками мы повинны называтца“.

У чацьвертай стацейцы стараста пераконывае: братчыка Янку, што трэба пасылаць дзяцей у рускую школу.

Пятая прыповесьць тлумачыць, што вучоныя дзеці часам. забываюцца аб бацькох і як такі бацька-селенін ашукаў сваіх вучоных дзяцей, сказаўшы ім, што мае поўну скрыню грошы. Дзеці адзін праз другога дабіваліся бацькаўскай ласкі і спадку: кармілі і даглядалі старога. Пасьля-ж яго сьмерці аказалася, што ў скрыні былі каменьні і ліст, у якім было сказана: „Не дай Бог кабъ и вы спытали такое горе; маіце дзяцей, будзьце осторожны“.

Словам тэндэнцыя ўсей кніжкірусыфікатарская, але казённага тыпу, але тон кніжцы даволі няпэўны, асьцярожны. Найлепшая беларуская мова ў апошнім апавяданьні. Экзэмпляр апісыванай кніжкі знаходзіцца ў кніжні маёра А. Ружанцова.

А. С.