Хто мужны, хто смелы, хто дужы…
Перайсці да навігацыі
Перайсці да пошуку
Хто мужны, хто смелы, хто дужы... Верш Аўтар: Уладзімір Жылка |
Крыніца: http://old.knihi.com/bk/zylka/zylka1.html |
* * *
Хто мужны, хто смелы, хто дужы,
Хто цэлем працят залатым,
Над тым неўладарныя сцюжы,
І лёс не ўладарны над тым.
Хто к страху глухі, безразважны,
Хто з воляй каванай, як сталь,
Той хмелем трывогаў адважны,
І шлях яго толькі у даль.
Ёсць радасць у ярасці бою,
Ў змаганні скрыжованых сіл, -
Спаткаць сваю волю з чужою,
З гарачнасцю іншай свой пыл.
Не бледнуць, у час небяспекі
Стрымаць неслухмяную кроў;
Прад вокам упартым павекі
Не хінуць ганебна далоў.
І ведаць - у бойцы зацятай
Пагібельнасць жджэ ваяка,
Ледзь сумніў кранецца шурпата,
Ледзь крыху аслабне рука.
Так досць наракаць на нядужнасць,
На горкія долі свае.
О думнасць! О смеласць! О мужнасць!
Вам песні і песні мае!
(1924)