Пад сярпом маім крывым
Жыта хутка гнецца,
Сноп за снопам у радкі
Покладам кладзецца.
Не баюся сьпëкі я
Сонца агнявога
І ня чую, што баляць
Рукі, крыж і ногі.
Пот ліецца ручайком,
Смага забірае;
Я-ж вясёлая ўсё жну,
Жну ды падпяваю.
Час пасьпешна так ляціць —
Скора вечар будзе,
І я нівачку сваю
Так дажну, як людзі,
Ды пасьпею мо’ яшчэ
У снапы зьвязаці.
Ох, люблю-люблю сваё —
Сваё жыта жаці.
Як сажну яго я ўсё,
І зьвязём да хаты,
Будзем хлеба на год мець,
Будзем мы багаты.
А салодак свой хлябок
(Каб-жа быў ён вечан!),
Хоць і чорны, і крупны,
І няўмела сьпечан.
Эх, хутчэй-хутчэй, рука,
Ты з сярпом махайся!
Будзь ты, жыта, ядраным
І ўмалотным ўдайся…
Пад сярпом маім крывым
Хутка жыта гнецца,
Сноп за снопам у радок
Покладам кладзецца…
|