За варстатам дні і ночы,
Ў духаце нязноснай,
Я старанна і ахвоча
Тку — ліцую кросны.
Скрып чалядаў песьню грае,
Рыпаюць вітушкі,
Чаўнакі два з краю к краю
Лётаюць, бы птушкі.
Рукі-вуды іх хапаюць,
Не даюць прамаху…
Дні гадзінамі мінаюць
У работным жаху…
Возьме хэньця[1] і даволі…
Што-ж бы разрабіцца:
Локцяў з пару, або й болей
Саскладаць па нітцы.
Эх, бы, здэ’цца, дзень працягся
Хоцькі-б ў два, як трэба.
Чалавек-бы ўсё-ж запасься
Ад работы хлебам.
А то дрэнчыш[2] бяз сьціханьня,
Градам пот ліецца,
А ад працы, ад стараньня
Й чуць не астаецца.
Што парадзіць? Трэ’ гадзіцца,
Покуль прыдзе зьмена.
Дык шчыльней-жа, нітка к нітцы,
Цісьніся старэнна!
Не стамляйцеся нічуткі
На падножках, ногі,
Ня схінайся, трымай прутка,
Сьпіна, пад зьнямогай!
А вось болей выжам тугі
Дык крыху падспору…
Гэй, убок, нядолі слугі,
Вам я тку пабору!
|