Ня спалі шчэ раньнія росы,
І сонца ня стала зіяць,
Як гострыя ў поплаве[1] косы
Вясёла і зычна зьвіняць.
Бліскаюць рэзва на сонцы,
Сьвішчуць, шумяць у траве.
Думкі жывым валаконцам
Ўюцца ў касцоў ў галаве.
Радая гнецца травіца
Роўна, пракос у пракос.
Радасьць у сэрцы іскрыцца,
Труд нам адплату прынёс.
Гэй, разыйдзецеся, рукі,
Косы так гостра бяруць,
Цела ня ведае мукі,
Ногі спачынку ня ждуць!
Сонца з нябёсаў зіяе,
Ветрык нячутна шуміць;
Роўна трава правядае,
Весела сена сушыць!
Песьнямі спораць работу, —
Бабы і хлопцы пяюць.
Поўны працоўнай ахвоты,
Сэрцы іх радыя б’юць.
Зыкі вясёлыя клёпу
Песьняй срабрыстай зьвіняць.
Ссохшае сена у копы
Бабы сьпяшаюць складаць.
Й тут-жа растуць ўвачавідкі
Тоўстыя копы у рад.
Многа выказвае прыткі
Посьпех вясёлы дзяўчат! Променем смуглыя твары
Ў працы жывой аддаюць.
Многа гадзіны прыпару
Сіл у людзей адбяруць!
Толькі нядарма ўсе сілы
Людзі сьціраюць свае,
Праца ўвесь сьвет ускарміла,
Праца нам шчасьце дае.
Працаю сілы прыроды
К людзям у слугі ідуць,
З ёю-ж у сьвеце народы
Лепшае долі прыждуць.
|