Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/IV/В/Цішка Гартны/Песьні працы і змаганьня/Будзь пярэднім

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Без работы Будзь пярэднім
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1927 год
Таварышу
Іншыя публікацыі гэтага твора: Будзь пярэднім.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Будзь пярэднім.

Непадатны,
Поўны гарту
Ў жыцьці з роду,
За свабоду
Ў бой упарты:
......
Незьвярэдна[1]
Йдзі пярэднім!

Днёў шчасьлівых —
Выгляд здалі[2],
Ў палахлівых
Запускае
Сум нявер’я
й отруч[3] жалю…
Шырэй дзьверы
Адчыні ім!
Хай міргае
Сьветам дзіўным
Зірк свабоды
Прад вачыма
Змардаваных[4]
Завірухай,
Зьнікшых духам
Ў цяжкіх ранах…
Ў час, як жданай
Долі шчаснай[5]
Зорка ясна
Вокал зьзяе…

Незгамонны,
Непакорны
Ў жыцьці з роду,
Перад сконам
Ночы чорнай
Й злой нягоды,
Цьвёрда, ўпарта
Стань пярэднім
І ўлій гарту,
Й дай надзею
Тым, хто стомлен
Ды хварэе
Ад зьнямогi
Сродзь[6] дарогі…



  1. Ня хістаючыся, сьмела.
  2. Здалёк.
  3. атруту.
  4. Полён. — змучаных.
  5. Шчасьлівай.
  6. Полён. — сярод, пасярод.