Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/III/Б/Зьмітрок Бядуля/Пад родным небам/Напрадвесьні

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Беларусь Напрадвесьні
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1927 год
А ў бары
Іншыя публікацыі гэтага твора: Напрадвесьні (Бядуля).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Напрадвесьні.

Аздобіў Сакавік у златаблеск даліны,
Быў чысты, нібы шкло, абшар-прастор нябёс.
Сінь-даль адзела туль[1] з сярэбранай тканіны,
Здалёку цёмны бор вяршалінамі[2] трос.

Крахтаў лядок — па ім ішоў Ярыла[3] ціха,
На зімніку старым ляглі яго сьляды.
Над ім лунаў прамень агнёваю арліхай,
За ім ішлі-брылі прыслужнікі Дзяды.

Іх постаці расьлі, як дрэвы дзікай гушчы,
Трымалі на руках адвечную Вясну.
Чуваць быў лёгкі шум: шло набажэнства ў пушчы,
І патаемны звон будзіў зямлю ад сну.

На кожным дрэве-пні мігцелася бажніца,
Хаваў яе ад воч рухлівы аганёк.
Пад кожным дрэвам-пнём сьвяцілася крыніца,
Ляжаў на ёй бруском бурштынавы лядок.

Карчы плялісь вакол, цямнелі, як мурыны[4],
Як дзікая ганьня няведамых зьвяроў.
Блішчэлі, як крыштал, пад лёдам азярыны
Туманілася ціш[5] над каркам пастыроў.

Сьцяжарні[6] тут і там на ўзгорках лугавінаў,
Як дзіды, тырк і тырк у ціхі карагод.
На лёдзе між кусткоў ірдзелісь журавіны,
Бы кропелькі крыві на чыстым люстры вод.

Увосені да іх пад невадам туману
Не дапушчаў дзяўчат багністы страх балот.
Як той закляты скарб, былі яны схаваны
Ад воч і рук людзкіх на ўвесь зімы пралёт.

Празрысты быў лядок, як з павуціны сетка,
Багно было пад ім відочна ў цішыне.
Пад жылістай лазой, дзе вадзяныя кветкі,
Русалка ў глыбі[7] вод хавалася на дне.

Мяцеліцы яе за штосьці пакаралі, —
Пад лёдам да вясны ёй загадалі спаць,
Іскравілісь на ёй з суніц-брусьніц каралі,
Вужаку на грудзёх прымусілі трымаць.
...................

Разрэзаным грыбком былі адкрыты губкі,
А колеры на іх, як макаўкі, цьвілі.
Як брызгі[8] малака, бялелі яе зубкі,
Між іх вуглём чарнеў малы камок зямлі.

З-пад вадзяных лілей, пажоўклых і дрыжучых,
Чуваць быў лёгкі шэпт, дрымотны подых-згук.
З-пад залатой лускі, з-пад бурбалкаў бліскучых
Прыкметны былі ледзь абрысы ног і рук.

Русалка сон прарве, праб’е лядок рукою
І пойдзе расьсяваць пралескі па зямлі.
І запяе Вясна ў праменьнях над ракою,
Наладзіць шчодры баль на пухавой ральлі.



  1. Халат.
  2. Вярхамі.
  3. У славян бог цяпла, ураджаю, вясельля.
  4. Народ чорнае скуры, нэгры, жывуць у Афрыцы.
  5. Лепей — ціша, цішыня.
  6. Месца, прыгатоўленае для стагоў.
  7. Лепей — у глыбіне.
  8. Русіц. — пырскаўкі.