Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/III/Б/Зьмітрок Бядуля/Пад родным небам/А ў бары

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Напрадвесьні А ў бары
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1927 год
Сьняжыначкі
Іншыя публікацыі гэтага твора: А ў бары.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




А ў бары.

А ў бары, а ў бары стаіць гуд.
Шэпты граюць на струнах-галінах.
Апранаюцца ў месячны цуд13)
Іглы-пні на пуховых купінах.

Кожны цень, кожны цень наускос
Каля пня дрэмле-сьніць кволай плямай,
Убіраецца ў пацеркі рос
Мох вакол — аксамітавай рамай.

Чуеш сьпеў, чуеш сьпеў з глыбіні,
Што плыве з лясуновых прысадаў?
Чырванеюцца макі-агні;
Ня ідзі ты да іх — гэта здрада.

— Да мяне, да мяне ў мой шацёр! —
Пад карчамі праменіць альтанка…[1]
Ашчасьлівішся музыкай зор
Усю ноч аж да самай заранкі.

Будзеш сьніць, будзеш сьніць дзіўны сон,
Зацалуеш русалчыны[2] губкі;
Закрасуецца кветкай твой стогн
На грудзёх у дзяўчыны-галубкі.

— Ой, ня йдзі, ой, ня йдзі да яе,
Бо зацягне злы дух у балота;
Заварожаны кур[3] запяе
Над чароўным, над чулым чаротам[4].

Ціхі сказ, ціхі сказ-загавор
Затуманіць цябе шэптам-хмелем;
Закалышацца ўпоўначы бор
Над тваім над таемным вясельлем.

Дзень за днём, дзень за днём рыне ў шлях,
Ночка пойдзе імглістай хадзьбою;
Зажалобіцца жудасны страх,
Будзе крыжам вісець над табою.

Тваю кроў, тваю кроў вып’е здань,
Выжме[5] з жылаў яе да крапінкі.
Сьмелым вокам на бор гэты глянь
І ня йдзі да русалкі-дзяўчынкі!



  1. Будка, хатка ў садзе.
  2. Русалка — рачная дзяўчына, па народных вераваньнях утопленіца, або няхрышчоная.
  3. Певень.
  4. Тое-ж, што і трысьнік.
  5. Русіц. — выцісьне.