Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/III/Б/Зьмітрок Бядуля/Пад родным небам/Беларусь

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прысяга Беларусь
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1927 год
Напрадвесьні
Іншыя публікацыі гэтага твора: Беларусь (Бядуля, верш).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З зборніка «Пад родным небам».

Беларусь.

I.

Ты — летапіс з аповесьцяў вячыстых[1],
Акроплены сьлязамі дудароў.
Ты — яснацьвет ад водгульляў агністых
Жняёў, касцоў і старцаў-пастыроў.

У залатой кудзелі гучных сьпеваў
Дрыжыць твой бор, сумуе твой гушчар.
Дзед-чараўнік стаіць пад кожным дрэвам,
Балота сьпіць пад вэльмам[2] зорных чар.

Твае лугі сьняць сны аб гуках ночных,
Аб вогнішчах начлежных дзяцюкоў.
Пад гуд віхроў, варожбаў сьвета-змрочных
Тчэ глебны дух абраднасьці вякоў.

Сам Госпад-Бог хадзіў тут па зямліцы, —
Усюль зіхцяць-відаць яго сьляды.
Па тых слядох красуюцца капліцы,
Па тых сьлядох брыдуць удаль Дзяды.

Зышліся тут Ярыла[3] з божым Сынам,
Сьвятая Маці з Доляю жыве.
Ў цяні дубоў пад старадаўным тынам
Ільля й Лясун[4] расьселіся ў траве.

Тут кожны крок[5] абвеян казкай сівай,
Што ручаёк — жалосных сьпеваў жмут.
Шурпаты пень на лузе, ці на ніве —
Нязнаны дух, або таемны цуд13).
Тут воўк — ня воўк, а чалавек закляты,
Тут корч — ня корч, а той-жа селянін.
А бусел-птах — ня птушка, а араты,
Вартуе Дзіў[6] абшар лугоў, далін.

А курганы, а замчышчы, званіцы,
А пустыроў сьвятая цішыня;
А гнёздаў мест[7] ліхтарні-зараніцы,
А вышні гор, а рэчак глыбіня…

Усё жыве жыцьцём Дзядоў адвечных,
Тут кожны век пакінуў знак-пячаць.
Па тых знакох — па тых шляхох па млечных[8]
Ідуць сыны свой край адбудаваць.

І край магіл, той край, дзе жыў Скарына,
Зноў парадзіў прарокаў і байцоў:
Ідуць-брыдуць, бы Нёман з месца рынуў,
Бы грамада узброеных касцоў.

Іх кліч грыміць, як зычны хор грымота,
Як буралом, імчыць у горны сьвет.
Дрыжыць зямля ад нізаў да высотаў,
Праменіць даль Купальскі агняцьвет.

Васкросьлі зноў багі сівых Калядаў[9],
Ратай ім сьпеў кідае на агонь.
Хто на аўтар падсыпне зельле здрады,
Таму ўвесь край шле жудасны праклён.

II.

Ёсьць шмат такіх, што да Цябе плячыма,
Маць-Беларусь, адвернуты стаяць,
На Ўсход, Заход халопскімі вачыма,
Як вяпрукі зьдзічэлыя, глядзяць.

Грызуць яны тваіх дубраў насеньне,
Іх кпінаў[10] гаць[11] забрызгана[12] гразьзёй, —
У глыб[13] зямлі ўвайшло Тваё карэньне,
Лясы шумяць высока над Табой.

Ты зноў жывеш, бо Ты ня знала сьмерці,
Магутны дух мацней2) ад роду ў род.
Твая душа, шчыр-думы Твайго сэрца
Расьлі-цьвілі з народу ды ў народ.

Сама, Сама наладзіш сваё веча, —
Разьбілі сталь адгукі вечных струн.
А хто пачне чыніць тут злыя рэчы, —
Таго заб’е наш волі бог-Пярун[14].

Сама, Сама ад’значыш Свае межы,
Без дапамог няпрошаных дзядзькоў.
Ты забярэш, што да цябе належа[15],
Маць-Беларусь, спакон глухіх вякоў!



  1. Правільна — адвечных.
  2. Лац. — пакрывала.
  3. Старадаўні славянскі бог цяпла і ўраджаю.
  4. Таксама — бог лесу.
  5. Полён. — шаг.
  6. Славянскі бог палёў.
  7. Замест
  8. Полён. — малочных.
  9. Ад лац. — календы, цяпер у беларусаў сьвяты, зьвязаныя з нараджэньнем Хрыста.
  10. Жартаў, насьмешкаў.
  11. Грэбля.
  12. Русіц. — запырскана.
  13. Лепей — у глыбіню.
  14. Стары славянскі бог грому і пяруноў, старшы між багамі.
  15. Провінц. — належыць.