На высокай гарэ, дзе ніхто не арэ,
Толькі птушка-арол дзе садзіцца,
Там збудую, узьвяду нізі ўсей на віду
Мураваную вежу-званьніцу.
І завешу я звон з усіх чутны старон —
Раўня голас і віхру, і грому.
Як пушчу яго ў ход, сазаву[1] харавод,[2]
Ні адзін не заседзіцца дома!
Разгудзецца мой звон ад вакон да вакон,
Душы збудзіць, па сэрцах удара,[3]
Дрогнуць сковы цямніц, бліснуць іскры зарніц,
Заварушацца яры, папары.
На мой кліч вечавы, хто жывы, чуць жывы,
Пад гарою касой загамоне.[4]
Гулам звона скажу, сьцежку-шлях пакажу
На прывольле, на ўродныя гоні!
За гарой за другой дам жывы вадапой,
Жыватворнае кожнаму зельле;
На нязьлічаны час па нягодах папас
Усім тым, што цярпяць і цярпелі.
Гэткі будзе мой клік — і магуч і вялік,
А ня трапіць ён к душам прыспаным, —
Вызву[5] гром, пяруны — хай памогуць яны
Раз’агніць,[6] затрасьці ўсе паляны.
Стогне бура, грымот. Я свой звон ход у ход
Размахну, як ніхто і ніколі,
Аж ад рук і ад хмур вежы рухне падмур,
Толькі розгалас пойдзе па полі.
Ляжа крушняю[7] там вежа, звон і я сам.
Арол-птушка ўскрыліцца пад небам.
А навокал гары задымяць сьцяжары,[8]
Груганамі ўскалышуцца вербы…
...............
І вясна, і зіма. Быў званар і няма.
Ціха, ціха на белым прасторы…
Толькі жыў няжывы звону гул вечавы,
Аб тым шэпчуць дубы, ясакоры.
Йдзе, зыходзіць лет шмат. Званара помніць брат,
Помніць звон, а сястрыца — званьніцу.
Аб высокай гарэ, дзе ніхто не арэ,
Казкі-байкі ліюцца крыніцай.
Як у прошчу[9] па лек стане йсьці чалавек
К мохам высланай крушні каменьня, —
Ад звана чарапок, цэглы — мура кусок
Будуць несьці падмогу ў цярпеньні.
Буду ўсё званаром, хоць даўно пад дзярном
Сьпіць мая галава маладая.
Эх, бо ведае сьвет, што вялікіх дум цьвет
Адно толькі на зломе ўзрастае.
|