Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/II/Б/Янка Купала/Спадчына/Яна і я

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Быў гэта сон… Яна і я
Паэма
Аўтар: Янка Купала
1927 год
Безназоўнае
Іншыя публікацыі гэтага твора: Яна і я.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Яна і я.

Гэта невялічкая арыгінальная поэмка, па правядзеньні прыпамінаючая яго-ж, Купалы — „Адвечную песьню“. Тут у 14 абразкох-праявах прадстаўлена проста пяшчотнае[1] каханьне маладога сялянскага хлапца з вясковай дзяўчынай. Гэта толькі ня песьні нуды, а запраўдныя, высокамастацкія песьні каханьня.

Вось яны: 1) Стрэча, 2) У хаце, 3) Праталіны, 4) За кроснамі, 5) Выган у поле жывёлы, 6) Агляд поля, 7) Радаўніца, 8) Ворка (арба), 9) Беліць палатно, 10) Сяўба, 11) Полець агародніну, 12) Яблыні цьвітуць, 13) На сенажаці і 14) Краса сьвету. Кожная песьня — высокамастацкі малюнак паасобных мамэнтаў каханьня.

Стрэча.

На крыжавых пуцінах з ей сустрэўся —
Куды ісьці, ня ведала яна,
І я ня ведаў — ў полі я, ці ў лесе,
І мне ляжала сьцежка не адна.

Як путнікі,[2] заблуканыя ўночы,
Стаялі мы пад труднай ношкай дум;
Адно другому пазіралі ў вочы,
І слухам клікалі найменшы шум.

Стаялі мы. Нявіданыя дзівы
Нас абымалі крыллямі сваймі,
Шапталі мне: вазьмі яе, шчасьлівы!
Шапталі ей: сабе яго вазьмі!

І рукі злучавалі нам навекі,
Багаслаўленьне далі нам сваё
Ісьці у сьвет праз горы, долы, рэкі,
Ісьці супольна праз усё жыцьцё.

Вясельны гымн, як плачкі, нам запелі
І заракалі крыльлямі зарок —
Над ёй, заручанай, у шлюбнай белі,
І нада мной, ахутаным[3] у мрок:

А каб вас злыя не змаглі заломы!
А каб ня зналі душы вашы ран!
А каб вас не кранулі буры, громы!
А каб к сабе ня звабіў вас курган!

Такія клалі дзівы нам зарокі
Мядовых асалод, квятчаных крас,
І расплыліся, як сон ветру лёгкі,
Нас кінуўшы ў благі, ці ў добры час.

І мы пашлі, як тыя цені-мары,[4]
Няспынна ад расы і да расы,
Запаланелі нам бліскучыя пажары,
Закуранелі чорныя лясы.


За кроснамі.

За кросны ненагляднай сесьці трэ’ было,
Ядваб-кужэль[5] сівенькі ткаць,
Але да гэтага прыладаў ня было, —
Прылады стаў я майстраваць.

З бярозы вычасаў ставы ёй новыя,
Набіліцы[6] кляновыя зрабіў,
А панажы[7] выстругаваў кляновыя,
Навой,[8] як трэба, зарубіў.

Узяўшы дзічку-яблыню крамнястую,
Стругаў чаўнок гладзей ад шкла;
Купіў на рынку берда[9] густа-частае.
Ніты[10] сама яна спляла.

Садзіцца маё сэрца-ткаля ў кросенкі.
Набіліцамі громка б’е,
Кладуцца ўтоку[11] гусьценка палосанькі,
Сучу я цэўкі[12] для яе.

Так шчыра з ёю ўзяліся да рэчы мы;
Яна ўсё тчэ, а я сучу,
І ўкрадкаю любуюсь яе плечамі,
За белымі грудзьмі сачу

Ты мая ткаля! Кроў твая ўзыгралася;
Маланкай гойсае чаўнок,
О, каб хаця аснова ўжо ня рвалася!
Каб моцны[13] й спорны быў уток!

Няхай ад берда часта ўток калоціцца,
Кладзе шырокі гладкі сьцяг,
А доўгі — як рака, што ў мора коціцца,
Як між прысад гасьцінец-шлях.

Каб сьцежка, коцячыся, палатняная,
Дзе парастае дзівасіл,[14]
Дайшла ў старонку знаную нязнаную,
Туды, да бацькаўскіх магіл.


Сяўба.

Ральля падсохла, мяккай стала воўнай,
Ўжо час узяцца за сявалку,
Ў зямлю зярнят насыпаць жменяй поўнай,
Як ад бацькоў наўчыўся змалку.

Ад тэй, што ад зімы засталась, часткі,
Штось кінуўшы на час нязбыты,
Адмерылі мы з ёй са дзьве шаснасткі[15]
У мех, рукой яе пашыты.

І выйшаў сеяць я. Яна стаяла
Непадалёк мяне, на ўзьмежку;
У высях сонца золатам зіяла,
Ўнізе плыў вецер сваёй сьцежкай.

Пасыпаліся дробныя зярняты
Ў ральлю, як пацеркі янтарны[16]
На наш загон, сахою узараны,
На мой шнюрок — палетак ярны.[17]

Яна, як ніцая бярозка тая,
Стаяла, за сяўбой сьлядзіла,
І, як-бы Багародзіца сьвятая, —
Здавалася мне — блаславіла.[18]

Лажэцеся ў ральлю, зярняткі, спаткі,[19]
Накрыйцеся пасьцілкай-скібкай,
Пасьля збудзецесь, выгляньце з краваткі,[20]
Як воўна — густа, як дзень — шыбка!

Расьцеце высака, расьцеце буйна,
Як гэта пушча за дарогай!
Малецеся да бела-бога чуйна,
І чорнага ня гнеўце бога!

Каб не паспалівалі вас сьпякоты,
Дажджы каб вас не пазмывалі,
Каб не пабілі грады і грымоты,
Каб вам заломаў не ламалі!


Поліць[21] агародніну.

Я выган плотам гарадзіў, яна палола грады;
Благое зельле вырывала, кідала у пасьцілку,
Дзе каліў ня было, — дасаджавала там расады,
Там прарывала, дзе ўзышло за густа праз памылку.

Чырыкалі над ёю верабейкі на чарэсьні,
Нязгледна час ад часу вецер пралятаў крылаты.
І адазвалася мая палея сумнай песьняй.
Такой, якую ў нас паюць вясеньнім днём дзяўчаты:

ВЯСЬНЯНКА.

Ой, брала вясна у сонца ключы,
Адчыняла сырую зямельку,
Пускала на сьвет траву-мураву,
Адзявала у лісьце бярозы.

Дзе толькі ня йшла яна, — з прыпала
Густа сеяла, сеяла кветкі,
На край сьвету гнала рэчкі яна.
Птушкам волю і голас давала.

Ой, выйду я, выйду на сенажаць,
Буду віць, завіваць вяночак,
Пяяць з салавейкам буду у тахт,
Сэрцу песьняй вясну выклікаці.

Прыдзі ты ка мне, сагрэй ты мяне,
Абымі ты мяне, як друг мілы,
Пасей на душы мне долейкі мак,
А на сэрцы — пшанічку каханьня!

Каб доля, як мак цьвіце, зацьвіла,
Каб каханьне расло, як пшанічка,
Каб мілы мяне мой верна любіў
І галубіў ў сьвятліцы, як шчасьце.

Зьвінела песьня і зьлівалась з музыкаю птушак,
Бярозавыя на гасьцінцы плакалі прысады,
Заводзіў вецер, б’ючысь аб асінавы асушак…
Я выган плотам гарадзіў, яна палола грады.



  1. пяшчотны — замяняе прывіванае аднойчы слова з гэтым значэньнем — кволы (рас. — нежный). Трэба прызнаць, што другое слова (кволы) ня зусім замяняе рас. — нежный; яно мае асаблівы адценак — слабы, ломкі, вялы… Першае — адказвае больш. Тут маем і — пястун (неженка), пясьціць і г. д.
  2. Лепш — падарожныя.
  3. Атуленым.
  4. Полён. — лятункі.
  5. Ядваб, гадваб — шоўк, кужэль — найтанейшае палатно з лёну.
  6. Частка кросен, куды ўкладаюць бёрды.
  7. У кроснах прылады для працы нагамі.
  8. Прылада для накручаньня нітак, палатна.
  9. Прылада для самога тканьня.
  10. Ніты — ніцяныя прылады, злучаныя з панажамі для раздваеньня нітак, асновы, ў належны перадок, завуцца і — нічальніцы.
  11. Уток — ніткі, якімі ткуць па аснове, нацягненай на кроснах.
  12. Цэўкі — невялічкія паленцы з дзіркай наскрось, для ўкладаньня ў чаўнок з насуканымі ніткамі.
  13. моц, мацней і г. д. — з фанэтычнага боку не беларускае, заходняславянскае. Утварылася з праславянскага — могт+ј. Праславянскія злучэньні — т+ј, гт+ј, кт+ј — у беларускай мове далі — ч. У слове з даным каранём маем — немач. Іншыя словы — ноч (*нокт+ј), печ (*пект+ј), сьвечка (*свѣт+ј+ка) і г. д. Слова — моц — не знаходзіць сталага сыноніму ў беларускай мове. У паасобных выпадках з ім сходзіцца — сіла, дуж(ы), магутнасьць, крэпкасьць (у Насовіча) і інш.
  14. Расьліна.
  15. Мерка ў 16 гарцаў.
  16. Янтар — акамянелая смала, якую дабывалі на дне Балтыцкага мора, жоўтага колеру. Беларусь некалі славілася гандлем янтаром; завецца і бурштын.
  17. Ярны, з ярыной, вясеньнім пасевам.
  18. жагнаць і благаслаўляць — абодва чужыя. Першае — ад нямецкага — Segnen, другое — старабаўгарскае. З увагі на тое, што першы складнік другога слова — блага — мае ў беларускай мове зусім працілежнае значэньне, чым у баўгарскай (таксама ў іншых паўднёваславянскіх і чэскай), беларусы ўжываюць — багаславіць, якое фактычна замяняе свой орыгінал толькі з неабходнасьці і ўжываецца хіба толькі з чуцьця славянскай солідарнасьці.
  19. Зьменшанае ад дзеяслова — спаць.
  20. Русіц. — з ложка.
  21. Правільна — поле, ачышчае ад травы, полець.