Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/II/Б/Янка Купала/Спадчына/Як цені

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Асёл і навука Як цені
Верш
Аўтар: Янка Купала
1927 год
Цару неба й зямлі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Як цені.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З зборнікаСпадчына“.

Як цені.

Ідуць народы з лета ў лета
К жыцьцю, к сьвятлу з бяды, з жуды,
А мы, як цені з таго сьвету,
Ідзём, ня знаючы куды.

Ні нас свабода прыгалубе,[1]
Ні доля весела зірне;
Паўзём і стогнем у загубе
З ярмом на шыі, ў вечным сьне.

Не на пацеху дзеці даны
Матулі, што іх сьцеражэ, —
Усё адно сусед паганы
У плуг жалезны запражэ.

Не на прыбытак сеем нівы
І паліваем потам іх
Нахлынуць трутні пражарлівы,[2]
І мы ня ўбачым жніў сваіх.

Пад непрагляднай марай[3] ночы
Нам не дабачыць нашых крыўд,
На сьвет падняць баімся вочы,
Сабе сам кожны ўжо абрыд.[4]

Як мы жывём, чаго чакаем, —
Ня знаем мы, ня знае сьвет;
Ні то ўжо мром, ні то ўскрасаем,
Змагчы ня ў сілах мук і бед.

Зайграе шумам лес зялёны,
Аб хвойку хвойка затрашчыць,
І пойдзе шум той к небасклону,[5]
А неба каменем маўчыць.

Маўчым і мы і, як сьляпыя,
Як цьмы, снуёмся з кута ў кут,
Адно віхор падчас завые
Ды зьмей прамкнецца там і тут.

На курганох засьвецяць росы —
Крывавы росы — сьведкі мук…
А ў хатах сьпяць цапы і косы —
І ўсё чакаюць ёмкіх рук.



  1. Провінц. — прыгалубіць, прылашчыць.
  2. Прав. — пражорлівыя.
  3. Полён. — лятункамі.
  4. Таксама — даеў, дадзеў.
  5. Русіц. — небасхілу.