Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/II/Б/Янка Купала/Спадчына/Цару неба й зямлі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Як цені Цару неба й зямлі
Верш
Аўтар: Янка Купала
1927 год
Роднае слова
Іншыя публікацыі гэтага твора: Цару неба й зямлі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Цару неба й зямлі.

За што, о Божа праведны, магучы,
Караеш так няшчасны свой народ?!
Чаму на стогн маўчыць Твой гром бліскучы,
На стогн, што да Цябе йдзе з году ў год?

За што над намі даў перамаганьне
Табою створанай бядзе і цьме,
Спладзіўшы быт сірочага кананьня
Сыном і іхняй матцы-старане?

Ты пярунамі крышыш горы, скалы,
І пушчам гібелі Твой шле пажар,
А нашых крыўд скрышыць, спаліць і хвалай
Зьмяніць ня можаш Сьвету Уладар.[1]

Зямлю услаў Ты ў моры-акіяны,
Што-год разводзьдзем мыеш рэк сваіх, —
Чаму-ж ня змыеш Ты цярпеньняў раны
З душы і сэрца верных слуг Тваіх?

Вачамі сонейка і зор агністых
Агляд Ты робіш дзень і ноч міроў,[2]
І толькі сьцежак нашых камяністых
Ня бачыш ты, Ўсясільны Цар Цароў.

Ня бачыш тых магіл, што путы родзяць,
Магіл, расьсеяных, як мак, Табой,
Скуль цені прадзедаў выходзяць
І ўзносяць рукі ўвысь к Табе з мальбой.

Ты ў цьвет сваіх нялічаных народаў
Мінуўшчыну і будучыну ўбраў,
А ў нас — караючы чужой свабодай —
Мінулае — і тое адабраў.

Бадзяцца кінуў па нязьмерным сьвеце,
Нявольнікамі кінуў нас гібець
За тую веру, што бацькі і дзеці
Лет сотні ў моц Тваю вучылісь мець.

Паўзводзіў царствы, даў ім панаваньне,
І над пасадамі ўзьнёс Свой пасад,
А нашу Бацькаўшчыну на’т прыстаньня
Пазбавіў, выгнаў чэзнуць сярод крат.

Прадаў на глум і годным і нягодным
Усё, што ёсьць сьвятым для нас і ў нас;
Мы дома — як ня дома, правам родным
Сваім ня сьмеема пажыць хоць раз.

І Ты глядзіш на гэта ўсё, і неба
Тваё маўчыць, як падзямельля мур;
Мальбы няшчасных: долі, праўды, хлеба!
Ты глух паняць,[3] паслаць маланкі, бур.

Паймі! пачуй! Сон наш і Свой стрывожы, —
Закон і суд Свой праведны пашлі…
Вярні нам Бацькаўшчыну нашу, Божа,
Калі Ты Цар і неба і зямлі!



  1. Стара-баўгарызм або чэхізм; — Валадар.
  2. Рус. — сьветаў.
  3. Русіц. — зразумець.