Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/II/Б/Янка Купала/З драматычных твораў/На папасе

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Безназоўнае На папасе
Драматычная паэма
Аўтар: Янка Купала
1927 год
Паўлінка
Іншыя публікацыі гэтага твора: На папасе.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З драматычных твораў.

На папасе.

Абразок.


Вясеньняя ноч. Непадалёк ад гасьцінца — хвойнік. Тры падарожныя зьбіраюць гальлё.

1-шы падарожны (прыносячы галіну).

І пуста-ж, пуста ў гэтым лесе!
Нідзе галінкі не найці;
Вось тут абсохні і сагрэйся,
Найдзі дарогу ў бяспуцьці.
А помню, усё было іначай:
Папас тут меў ты, як папас;
Нічога воз гальля ня значыў,
Агонь ня зводзіўся, ня гас.

2-гі падарожны (кідаючы сук).

Цьфу! Каб ты ўсё пашло тут прахам![1]
Ну, і галоцяць[2] людзі лес:
Па сук і то з вялікім страхам
На хвойку чуць я, чуць узьлез.
Яшчэ паўгода, год, і будзе
Бяз блыску вогнішча, начлег;
Ня раз, ня два хтось блудам зблудзе
Усякай погані на сьмех.

3-ці падарожны (кідаючы лазіну).

Вось вам дубец лазы лазою!
З карэньня выдзер, як ё, ўсю;
Змарыўся, змогся, чуць устою.
Каб толькі выкрасіць агню.
Хай блысьне полымя пад неба —
Пара манаткі абсушыць…
Я падыду па торбу з хлебам,
А вы — вазьмецесь распаліць…

1-шы падарожны.

Я рад-бы славы даказаці,
Дый сваю губку[3] замачыў.

2-гі падарожны.

А я свой недзе цыр[4] затраціў, —
Даўно і люлькі ня курыў.

3-ці падарожны.

Ну, добра! Зараз я вярнуся, —
Запаланее мігам лом:
Сярнічак мне дала Кастуся,
Ў мяне яны тут з капшуком.

(Выходзіць).

1-шы падарожны (к другому).

Садзіся, ваша[5], адпачынем!
Напэўне, спорна умахаў?
Дарожка — хай яна загіне
Карэньня столькі і канаў![6]
Дух чалавеку ўпрост выймае,
Ня чуеш костачкі аднэй…
Садзіся, ваша, вось дзе з краю
Ног зацяганых пажалей.

2-гі падарожны.

О, дзякуй, дзякуй, чалавеча!
Я рад спачыну; балазе,
К таму сказаць, і акалечыў
Свой большы палец на назе.

(Садзіцца).

Як неяк холадна[7] на сьвеце,
Хоць май даўно ўжо на дварэ.
Але, але, дзе наш той трэйці?
Няўжо ўсё хлеб яшчэ бярэ?…

3-ці падарожны, (падходзячы).

А вось і я прышоў нарэшце!
Крыху задлякаўся[8] з канём…
Агоньчык толечы[9] разьвесьці, —
А там закусім, аддыхнём.

(Дастае запалкі).

Запалім… А! вось і навука!
Што гэта значыла-б такі?
Другую маем закаклюку:[10]
Мае замоклі сярнікі.
Ня дам нічога з імі рады;
Ўпацёмку трэба папасаць.
Вось не пашэнціла,[11] дапраўды!
Ці-ж думаў хто так прападаць?!

1-шы падарожны

Э, плюнь, суседзе, на ўсё гэта, —
Каб нам такой бяды павек!
Сьцюдзёна, цёмна, ды ўсё-ж лета —
Ня счэз ніводзін чалавек.
А можа хто яшчэ над’едзе
І зьніме гэты клопат з нас?
Дый пяршыня, ці што, суседзе,
Ў дарозе мець такі папас?..

2-гі падарожны.

Мо’ помніш леташнюю восень.
Ўвесь сьвет быў глух, і дзік, і пуст;
Шум ня сьціхае гонкіх сосен,
Здаецца, плача кожны куст
Здаецца, пеклава вясельле
Ўзьнялося, круціцца, сапе,
Ні блыску зорак, ні прысельля,
Конь толькі пудзіцца, храпе
Цурком дождж льлецца, як із луба[12];
Скаголе[13] вецер, як той зьвер,
А мы пад хвойкамі, аж люба.
Начлег спраўляем, як цяпер

3-ці падарожны, (прыслухаючыся).

Пастой, суседзе! нешта чую:
Як быццам фыркнуў мой гняды…
Кром нас, ніхто тут не начуе, —
Каб не набраціся бяды?!

1-шы падарожны

Сядзеце вы, а я падскочу[14].
І кіну вокам на вазы:
Мо’ сена хто наскубсьці хоча, —
Вось шэльме дам, дык дам лазы.

(Адходзячы, чапляецца лапцем за сук, і валіцца).

А каб цябе паляруш[15] мучыў!
Чуць-чуць ня вывернуў нагу…
На сук, на самы, неяк лучыў.[16]
Ну, ўжо гатова, ўжо бягу.

(Па нейкім часе варочаецца з незнаёмым).

Вось вам і злодзея на рукі
На вашы гэткага здаю…
Ня многа меў я з ім дакукі,
Пачуў ён сілу, знаць, маю.
У спрэчку доўгую ня ўходзіў:
Пашоў, куды сказаў яму.

Незнаёмы.

Пакінь плясьці! Я вам ня злодзей,
І лаяць так няма чаму.
Я — гэткі самы падарожны,
Як вось і вы, мае людцы;
Закінуць тое толькі можна:
Я без каня, а з коньмі вы.
Але, як вы, шукаў начлегу, —
Яго між вамі думаў мець,
Дый ня туды, як бачу, ўехаў, —
За блуд прыходзіцца жалець

2-гі падарожны.

А як васана[17] нам пазнаці,
Што, як сюды ішоў, ня меў
Нічога злога даканаці,
Што нават думаць не пасьмеў?..

3-ці падарожны.

А праўду, праўду сват гавора,[18]
Мы тое скажам усе тры:
Куды ідзеш? Дзе быў учора?
Што ты за штука?

Усе тры.

Гавары!

Незнаёмы.

На рукі гляньце з мазалямі,
Грудзём прыгледзьцеся худым,
І кій, і торба за плячамі
Найлепей скажуць аб усім.
З гразёй ня будзеце мяшаці,
Далей адпусьціце ісьці…
І вас чакаюць дзеткі ў хаце,
І вы бяспутнікі ў жыцьці!
Вось, лепш асьвецім гэту кнею —[19]
Сьвятлу з нас пеўне ўсякі рад…
Я гаварыці казкі ўмею
І песень так-жа ўмею шмат.

1-шы падарожны.

Як бачым, ты глядзіш іначай.

2-гі падарожны.

Відаць, ня злодзеевы род.

3-ці падарожны.

А хто-б падумаў? Так прастачы
І твой убор, і твой паглёд![20]

1-шы падарожны.

І казкі ўмее, і за песьняй
Відаць ня пойдзе ў кішаню.

2-гі падарожны.

Адно бяда, — што, хоць ты трэсьні,
Ня можам выкрасіць агню!

Незнаёмы.

Усё, усё мець зараз будзем:
Заўсёды ё ў мяне сьвятло,
І з ім мы тут не замарудзім
Лясным падсуседзям на зло.

(Запальваючы лом).

Гары, гары, ламок, агніста!
Вы, братцы, сядзьце у кружок,
І да зары да залацістай
Нас будзе слухаць сасьнячок.
Адкуль — ці песьняю, ці казкай
Начаць вам думкі весяліць ?

3-ці падарожны.

А ўжо, калі там ваша ласка,
То й песьню можна закаціць.

1-шы падарожны.

А посьле сказаш, дабрадзею,
Хто ты, адкуль, куды ідзеш?
Цаніць людзей і мы умеем,
Хоць маем гэткіх што-раз менш.

Незнаёмы.

Ну, вось і слаўна! Што больш трэба? —
Агонь, суседзяў грамада;
Навокал лес, над лесам неба,
А там — і зорак чарада.
Люблю я гэткія прычуды!
Тут чалавек — як чалавек;
За думкай думка мкнецца ўсюды,
Сон не чапляецца павек.

(Пяе).

Жыў на сьвеце Лявон,
Молад, дужы быў ён,
Толькі з воляй і доляй ня бачыўся:
Сонны сэрцам, душой
Драмаў ў хаце крывой,
А выходзіў — сьлязамі сьлед значыўся.
Аж вось чуе Лявон
З усіх клікі старон,
Што ён, дурань, жыве па быдлячаму,[21]
Дый сам тут зразумеў,
Што дум сьветлых ня меў,
Што падобен быў дрэву[22] хадзячаму
Зварухнуўся Лявон,
Як вада, як агонь,
Пазнаў сілу ў сабе нябывалую;
Ўжо бяда — не бяда,
Ўжо нуда — ня нуда,
Запеў песьні свае разудалыя.
Зямля стогне, дрыжыць,
Як пяе, як крычыць,
Як прасьвету сабе дамагаецца,
Аж ад песень такіх
Страх напаў на другіх,
І вось чорная моц[23]) падымаецца.
І пашло ўсё ўверх дном.
Сьвісты, енкі[24]) кругом,
Груганы[25] на дабычу зьлятаюцца:
Шчасьце даць бедаку
Ня ўсім шло на руку, —
Ня ў руку, што Лявон прачухаецца.
Дарма сілен Лявон
І адважны так ён, —
На падмогу дарма ён надзеецца:[26]
Галаву у баю
Даў за праўду сваю, —
Толькі памятка — насып віднеецца.
Ляжыць, дрэмле Лявон,
На грудзёх вырас клён;
Калі-ж вецер па сьвеце расходзіцца —
Шуміць шумна той клён:
Яшчэ ўстане Лявон —
Гэй, Лявоны у нас не пазводзяцца!

(Перастаўшы пець).

Вось і канец вам песьні-байцы,
Ці ў ёй панятна[27] толькі ўсё?…
Калі ня так што — выбачайце,
Даконча[28] — ваша вам жыцьцё.

1-шы падарожны.

О, песьню важную такую
Ня пойме толькі гліны ком…[29]
Цяпер няхай-жа мы пачуем
Штось трохі аб жыцьці тваём

2-гі падарожны.

А я крыху гальля падбаўлю.

3-ці падарожны (да другога).

Я памагу табе крыху.

1-шы падарожны.

Аброці коням я папраўлю.

(Адходзяць усе тры).

Незнаёмы (усьлед падарожным).

Я адпачыну на маху.

(Адзін).

О, люд мой лапатны, патульны,
За што цябе я так люблю?
За што твой гоман неразгульны
І думкі ўсе твае лаўлю?
Ты лёг мне каменем на сэрцы,
Які ня ў сілах зваліць я…
Што тут пачаці ў паняверцы?[30]
Жыві ў жыцьці і бяз жыцьця.
Ідзеш, брыдзеш, а на дарозе —
То косьць, то камень, то бадыль;
У брата станеш на парозе,
А ён табе… О Божа, крый!…
Нясі ў мяцеліцы, ў разводзьдзі,
Свайго цярпеньня нясі крыж…
Калі-ж праглянеш ты, народзе. —
Арліным лётам узьляціш?
Пасьцель пуховую пасьцелеш
Сваім замучаным дзяцям,
Нясьмелых песьняю асьмеліш,
Якой сягоньня бедзен сам?…
Як страшна збуджаным хадзіці
Між наспаў,[31] зломаных крыжоў!
У мокры пень агонь красіці,
Склікаць адлучаных дружкоў…
Так цяжка, цяжка, дзе ні глянеш,
Касою крыўды хоць касі!
Калі-ж, народзе, ты устанеш
І сонцу голас падасі?

Падарожныя (падходзячы).

А вось і мы! Цяпер зноў сядзем…

Незнаёмы

Цяпер зноў сядзем… ну, і што-ж?
Ага! гістор’ю нашу зладзім, —
Адточым востра ўсё, як нож;
А можа трапім ёю ў грудзі,
У грудзі з дзерава людзей…

Падарожныя.

Што ты? Ці-ж мы такія людзі?
Жартуеш хіба, дабрадзей?

Незнаёмы.

О не, крый Божа! Ось з няўцёку[32]
Зьляцела слоўца з языка…
Так штосьці ў сэрцы мне нялёгка,
Ну, і паднесла бедака…
Хто я і скуль — для вас цікава —
О, не вялікі гэта цуд:[33]
Радзіўся, рос, ляцеў за славай,
Ляцеў, ажно спынуўся тут.
Убачыў дзень я ў сельскай хаце;
Бацькі у беднасьці жылі:
Канёк, кароўка — ўсё багацьце,
Ды гоняў двойчы — ўсей зямлі.
Чытаць, пісаць крыху наўчылі,
Але ня выўчылі зусім;
Сам з часам кніжны лад асіліў
І толк у ім даваў другім.
І мёд салодкі, і атруту
Суліць страніца[34] стала мне;
Я ёю думкі ўсе апутаў:
Ня знаў — на яве я, ці ў сьне.
Цямноты ўсю паняў[35] няздарнасьць,
Я сілу знаньня ўсю паняў;
Свайго жыцьця я відзеў марнасьць,
Аж на сябе я рукі ўзьняў.
Але ня суджана было мне
Душой бяз часу загавець,
І сам ня знаю ўжо сягоньня —
Жалець таго, ці не жалець.
Ішлі гадочкі за гадамі.
Я ў сілу рос і ў розум рос,
Дый не расьце пацеха з намі,
Як там ня жалімся на лёс.
Штораз зваднейшыя[36] ўсё леты,
Штораз цяжэй на грош і хлеб.
Пайці у сьвет — бацькі мне сьветам,
А хата мне — астрожны склеп.
Сьмяецца неба непагодай,
Шыбець скаціну нейкі звод,
Зямліца дзеліцца няўродай,
За годам выплаканьшы[37] год.
Аж бацьку гора з ног зваліла, —
Пашоў на той сьвет без пары;
У год капай зноў тры магілы:
Зьлёг брат і дзьве зьляглі сястры.
Пашло няшчасьце за няшчасьцем;
Я кут пакінуць мусіў свой…
Дзе ступіш — сьмешкі ды напасьці,
Хоць налажы ты галавой.
Пазнаў куткоў чужых сьцюдзёнасьць,
Нагайку[38] службы я пазнаў,
Усьлед мая шла бяспрытоннасьць,[39]
З ёй вецер песьні напяваў.
А думкі рваліся да сонца,
Туды, да ціхіх, добрых зор,
Да волі, шчаснасьці бясконца
З пустынных ніў, з гаротных гор.
Ліў нейкі мне таёмны голас
Праявы дзіўныя ў душу;
Іх чуў, як чуе сонца колас,
І думаў, зло сваё скрышу.
...............

Іду… Куды ісьці сягоньня?
Аднэй няма, а шмат дарог…
Адлогам родныя сьпяць гоні,
Іржа на вышках есьць нарог.
На траме[40] ўверчана анучай
Ляжыць няклеплена каса;
На сьцежках мох расьце калючы,
Ha iм — чырвоная раса.
Руцэ народнай набіваюць
Плугі чужыя мазалі,
Чужыя коні папасаюць
На абязволенай зямлі.
Йдуць песьні, казкі ў дамавіну;
Якія дзед сьпяваў[41], складаў;
Свае жалейкі люд закінуў,
Чужым сьвісьцёлкам месца даў.
Узносе[42] пасынкам пакорным
Бяда цямнічныя муры
І сеткі путае праворна,
Чапае могілак крыжы.
Адно чуваць, як быццам штосьці,
З-пад сонных наспаў[43], з-за мяжы,
Дзе дрэмлюць прадзедавы косьці,
Дзе час варочае крыжы, —
Штось варушыцца у бясьсільлі.
Ці-ж бы там быў жывых папас?…
Няўжо нябожчыкаў зьмянілі?
Няўжо нябожчык кожны з нас?
...............

Але ўжо блізка і сьвітаньне;
Пара ўзьнімацца ўжо, пара!
Пакуль к нам з неба сонца гляне,
Жджэ не адна мяне гара
І вам пара вазы ўжо ладзіць,
К дарозе коні рыхтаваць:
Раней лепш стануць у парадзе,
Чым на папасе пераспаць.
Цяпер, каторы з вас пасудзіш
Мяне за злодзея свайго?

1-шы падарожны

Ты ня тутэйшы, мусіць, будзеш,
Або і горай ад яго?

2-гі падарожны.

Цікава, вельмі ўжо цікава
Ўся гэта гутарка твая,
Але такую меці славу
Не пахваліўся-б, браце, я.

3-ці падарожны.

Так з кута ў кут век вандраваці[44],
Як мне здаецца — без патрэб…
Ці-ж то ня лепш сядзець у хаце
І у спакоі есьці хлеб?

Незнаёмы.

Э, што!… Бывайце, людзі, жывы!
Дзе толькі торба і мой кій?…
Гэй, сыпма далей, там, на нівы,
Хоць гром грымі, хоць віхар вый!
Яшчэ спаткаемся калісьці —
За год, за колькі мо’ гадкоў,
Як зьвянуць сёлетнія лісьці,
Як прыдзе Радаўніца[45] зноў.

(Адходзіць, напяваючы):

Жыў на сьвеце Лявон,
Молад, дужы быў ён…

1-шы падарожны.

І дзіўны-ж гэты чалавечак!
Чаго ён хоча ад другіх?…

2-гі падарожны.

Ці-ж мала ёсьць такіх авечак?
Ат, толькі сьмех глядзець на іх!

3-ці падарожны.

А я скажу вам, егамосьці:[46]
Зыходзе з поля[47] маладзец;
Злавіў там з кніжак штось, чагосьці,
Ну і вар’юецца ў канец.

(Чуваць конскі тупат).

1-шы падарожны.

А гэта, што зноў за праява?
Каго нячысьцік[48] нясе так?

2-гі падарожны.

Бадай, запутанная справа, —
Вун, вун — адзін, другі яздак.

3-ці падарожны.

Сюды на вогнішча к нам едуць,
А з імі — нейкі важны чын.

1-шы яздак (шыбка пад’яжджаючы).

Ці не маглі вы бачыць, ведаць —
Сюдою путнік шоў адзін?

Падарожныя.

Не, не, паночкі! мы ня знаем,
Мы тут начуем толькі ўтрох,
І зараз самі ад’яжджаем:
На рынак ладзімся, на торг.

2-гі яздак.

Паедзем дальша, тут нічога
Нам не паказвае на сьлед.

3-ці яздак.

А як вы ўбачылі-б такога, —
Злавіць, зьвязаць — і к нам, чым сьвет!

(Ад’яжджаюць).

1-шы падарожны.

Чакайце толькі, покуль буду
Нагу яму я падстаўляць.
Каб чуць раней, а ўжо бяз труду[49]
Маглі-б гуртом бяднягу[50] ўзяць.

2-гі падарожны.

А шкода, шкода было-б хлопца!
Такі-ж ён нейкі чараўнік…

3-ці падарожны.

Ня думаць! Як мы — рос у вёсцы,
Як мы — такі ён сам мужык.

1-шы падарожны.

Зайдзі ка мне — я даў-бы хлеба.

2-гі падарожны.

Апраткі-б я не пажалеў.

3-ці падарожны.

Каб начаваць было патрэба, —
Папас найлепшы ў мяне-б меў.

1-шы падарожны.

Запраўды, так гавора важна.

2-гі падарожны.

А ўжо-ж; ганяюць не здарма!

3-ці падарожны.

І песьню так пяе працяжна!…

1-шы падарожны.

Душу, здаецца, рве яна.

2-гі падарожны.

А ці ты помніш усю чыста?

1-шы падарожны.

Пачатак помню я увесь.

2-гі падарожны.

А я сяродак галасісты.

3-ці падарожны.

А мне канец у вушы ўлез.

(Расходзяцца, напяваючы):

Жыў на сьвеце Лявон,
Молад дужы быў ён,
Толькі з воляй і доляй ня бачыўся…



  1. Старабаўг. — парахнёй, порахам.
  2. Абгольваюць, высякаюць.
  3. Губа да крэсіва.
  4. Капшук зацырованы, залатаны.
  5. Форма звароту, азначае — Ваша міласць, Вы.
  6. Лепей — равоў.
  7. Лепей — сьцюдзена, халадно.
  8. Закалякаўся, загаварыўся.
  9. Толькі.
  10. Перашкоду.
  11. Полён. — пашчасьціла.
  12. З кары.
  13. Сьвішча, завывае.
  14. Тут разумеецца — падбягу.
  15. З народнае — параліч — хвароба, калі цела, або некаторая частка яго замірае.
  16. Выпаў, здарыўся, тут — натрапіў.
  17. Васан, васпан — форма зварота; пан, Вы-пане.
  18. Провінц. — гаворыць.
  19. Полён. — лясная чашчыня, дача ў лесе для паляўнічых.
  20. Пагляд.
  21. быдла — трэба лічыць за полёнізм з увагі на канчатковае злучэньне — дл, як падобна-ж у — wiodłem, szedłem і г. д. У беларускай мове: тут — чыстае л. Калі глядзець, што карэнь слова — быт —(да-быт-ак), то пераход глухога — т — у звонкае — д — перад звонкім — л — мог стацца і ў беларускай мове, але маем вельмі шмат слоў з роўным значэньнем, што бяз спорнага слова (быдла) можна зусім абыйсьціся. Маем — дабытак, статак, жывёла, гаўяда, скаціна і інш.
  22. Полён. — дзераву.
  23. моц, мацней і г. д. — з фанэтычнага боку не беларускае, заходняславянскае. Утварылася з праславянскага — могт+ј. Праславянскія злучэньні — т+ј, гт+ј, кт+ј — у беларускай мове далі — ч. У слове з даным каранём маем — немач. Іншыя словы — ноч (*нокт+ј), печ (*пект+ј), сьвечка (*свѣт+ј+ка) і г. д. Слова — моц — не знаходзіць сталага сыноніму ў беларускай мове. У паасобных выпадках з ім сходзіцца — сіла, дуж(ы), магутнасьць, крэпкасьць (у Насовіча) і інш.
  24. енк — фактычна, польскае — jęk; немагчымае ў беларускай мове, якая юсаў (насовак) ня мае. Мела-б быць — юк, як… У беларускай мове амаль з тым-жа значэньнем ужываецца — стогн, але з адценкам — жалобны стогн (Насовіч). Енк, аднак, вельмі папулярнае ў народзе, як нападабляючае гукі.
  25. Птушкі з пароды ястрабавых.
  26. Ужываецца больш — спадзяецца.
  27. Русіц. — зразумела.
  28. Провінц. — дакончыць.
  29. Ужываецца болей — камяк.
  30. Полён. — у адчаі.
  31. Насыпаў.
  32. Незнарок, само сабою.
  33. цуд, цудны і інш. — заходняславянізм, полёнізм. Паходзіць ад праславянскага — *tjud. — Так славяне называлі суседні, усходні ад сябе народ, найхутчэй фінаў (У велікарусаў — „чюдь белоглазая“). Адсюль утворана — а) штюдь (старабаўгарскае — вялікан, асілак); б) чуда (у палякоў — cud); в) чужы, чюдь (фінскае плямя). Цяпер у беларускай мове маем, апроч слоў ад караня — чуж —: чудны, чудзіць, чудак… Тады правільна — чуда. Ужываецца яшчэ — дзіва.
  34. Старабаўг. — старонка, тут значыць — кніга.
  35. Русіц. — зразумеў.
  36. Ад слова — ва̀дзіць, ва̀да, недахоп.
  37. Выплаканейшы, горшы.
  38. Русіц. — бізун.
  39. Бязпрытульнасьць.
  40. Балька ўдоўж хаты.
  41. Ужываецца больш — пяяў.
  42. Провінц. — узносіць.
  43. Насыпаў.
  44. Германізм — падарожнічаць.
  45. Нядзеля на Вялікадні.
  46. Форма звароту — Яго мосьць, магутнасьць.
  47. Значыць — вар’яцее.
  48. Дух, злы дух.
  49. Бяз цяжару.
  50. Мала ўжываецца, лепш — нябогу.