Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/II/Б/Якуб Колас/З ранейшых вершаў/«Асадзі назад!»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На новы год „Асадзі назад!“
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1927 год
„Да працы“
Іншыя публікацыі гэтага твора: «Асадзі назад!».

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




„Асадзі назад!“[1]

Дрэнна маё жыцьце —
Усё ідзе ня ў лад;
І крычаць усюды:
„Асадзі назад!“

Божа ты мой мілы!
Б‘юся я, як гад;
Толькі-ж куды выйду —
„Асадзі назад!“

Помню, я жаніўся —
Добры быў мой сват!
К дзеўцы нос паткнулі —
„Асадзі назад!“

Дзеўка была важна —
Багатыр Кандрат
Ногу мне падставіў,
„Асадзіў назад!“

Трапіў я у горад,
Быў як-раз „парад“.[2]
Лезу я уперад —
„Асадзі назад!“

Пуста у засеках,
Жыта пабіў град…
— Дай, старшынка, ссуды![3]
— Асадзі назад!"

Я з капейкі зьбіўся,
Зарабіць я рад.
Ці няма работы? —
„Асадзі назад!“

Сам я растрапаўся,
Лезе з плеч халат…
— Памажэце, людзі!
— „Асадзі назад!“

У вёску хлеб прыслалі, —
Там галодных шмат…
Пруся я з мяшэчкам…
— „Асадзі назад!“

Сына свайго ў людзі
Вывеў-бы Ігнат.
— Ось, мой сын, паночкі…
„Асадзі назад!“

Галаву я маю —
Быў-бы дэпутат…
— Правоў ты ня маеш —
„Асадзі назад!“

Праўда, што таіцца?
Быў і мой чарод:
Адзін раз на жыцьцю
Вышаў я ўпярод!

Ўзбунтавалась вёска —
Ой, быў цяжкі год! —
Прыяжджае прыстаў:
— „Выхадзі ўпярод!“



  1. Увайшла ў зборнік „Водгульле“, стр. 65.
  2. Урачыстасьць вайсковая.
  3. Рус. — пазычку.