Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/II/Б/Якуб Колас/Водгульле/Звон шыбаў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Тройка Звон шыбаў
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1927 год
Цені-страхі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Звон шыбаў.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Звон шыбаў.

Ноч маўкліва. Цёмна, глуха.
Прылажыла чутка вуха
За вакном старая вішня;
Штось прамовіць: шу-шу-шу!
І заціхне, бы баіцца
Памыліцца

І сказаць што-небудзь лішне.
Я лажусь, агонь тушу.

Неба хмура, няпрыветна;
Зрэдка ветрык чуць прыметна
Скулься ціха набягае
І галінкі згайдане
І зьнікае, ці дзесь далей
Бяжыць хваляй,

Байку тайнасьць ціха бае
Анямелай цішыне.

Ў хаце ціха, нават жутка.
Ловіць зыкі вуха пудка:
Звоніць шыбка штось жалобна —
Дррон-дррон! ціха бразгаціць…
Чуць счакаўшы, новым звонам —
Нізшым тонам

Так-жа нудна, так-жа дробна
Шыбка новая зьвініць.

Няма ветру, ўсюды ціха;
Шыбы-ж звоняць — што за ліха?
Хто ў іх стукнуў? Хто чапае?
Ці то знак хто хоча даць,
Што згубілі мы дарогу,
Б’е трывогу,

Ходзіць, ўсіх прасьцерагае
І накладвае пячаць

На шляхі, дарогі тыя,
Дзе крыжы згнілі старыя,
Ці зумыслу пазьнімалі,
Як ад’жыўшыя свой час?
Хто такі ён? Невядомы,
Незнаёмы,

А мо’ дзе і сустракалі,
Мо’ з ім бачылісь ня раз?

І так сьцішна, чагось смутна.
Ўсё сьпявае шкло пакутна;
Толькі-ж думка не згадае,
Што гуторыць гэты сьпеў,
І ня хоча супыніцца,
Пагадзіцца

З тым, што сэнсу ня ўчытае:
Ці то жалаба, ці гнеў?

Шыбы звоняць і сьпяваюць,
Песьню скончаць, зачынаюць,
То павысяць яны голас,
То замлеюць, то замруць.
Жаль ў іх песьні сэрца чуе
I гapye.

Шклечка-ж звоніць ўсё раз-по-раз,
Не дае ўсё мне заснуць.