Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/II/Б/Якуб Колас/Водгульле/Цені-страхі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Звон шыбаў Цені-страхі
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1927 год
Покліч
Іншыя публікацыі гэтага твора: Цені-страхі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Цені-страхі.

Вечар блізка, жар спадае.
З цёмных шчылін хтось нязнаны
Цені-страхі выклікае,
Штось ім шэпча, штось ківае,
Ды таёмна, няўчытана.
Сьмех вясёлы зьбег няждана
З таго лесу і пагорку,
З тых лагчынак і з кургану.
Смуткам поле чуць заткана,
Смутак ходзіць па надворку.
Пуцявінкай праз разорку
Скача мышка палахліва
І шукае сваю норку
На мяжы каля аторку[1]
І зьнікае дзесь маўкліва.
Я іду, гляджу і — дзіва:
Ці раней таго ня бачыў?
Ўсюды стала нейк пужліва
І трывожна-баязьліва!
Зьмену гэту я зазначыў.
Хто-ж выраз той перайначыў?
Я ня сьцямлю і пытаю,
Ўсіх, каго я тут ні бачыў,
Ўсіх, каго ні спатыкаю.
— Чапля! чапля! стой! — гукаю:
Ты ня ведаеш, скажы ты,
Ці я сам страхоў шукаю,
Сам іх вобразы ствараю,
Ці тым страхам ўсе спавіты?
— Ня пытайся: я ня знаю! —
Тры вароны ляцяць з гаю.
Цяжка крыльлі іх мігаюць.
— Гэй, спынецесь! справу маю:
Штось у вас я запытаю… —
— Мы ня знаем!.. Не, ня знаю!
Закрычалі і зьнікаюць.
Насустрэч старцы дыбаюць.
— Скуль вы, людзі? Хто такія? —
Воч старцы не падымаюць,
Ўсе маўклівы, разважаюць:
— Мы — сьляпыя, мы — глухія! —
Цені сталі болш густыя,
Многалучны[2], нясчысьлёны,
Многазначны, хоць пустыя,
Вельмі страшны, бо нямыя,
Пад пячацьцю ўсе замкнёны.



  1. Аторак, уторак, утор — пакіненая, не загораная баразна.
  2. Русіц. — шматкосныя, шматпраменныя.