Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/I/Прадмова
Прадмова Публіцыстыка Аўтар: Ігнат Дварчанін 1927 год |
I. Нашаніўская пара → |
ПРАДМОВА.
Мэтай выданьня гэтае кніжкі зьяўляецца задаваленьне беларускіх сярэдніх школаў Заходняе Беларусі падручнікам па навейшай беларускай літературы. Патрэба выданьня адчувалася ўжо даўно і выпаўнялася рознымі спосабамі. Мінаючы кніжкі да чытаньня для пачаткавых школ і ніжэйшых клясаў сярэдніх, дзе падаваліся лепшыя кавалкі з літэратуры азначанага часу, маем дзьве невялічкія кніжкі, спэцыяльна для гэтага выданыя. Гэта — „Дыямэнты беларускага прыгожага пісьменства“ (Бел. Выд. „Зорка“, Кіеў 1919 г.) і Я. Фарботкі „Беларусь у песьнях“, (Менск, 1920 г.) Сюды-ж можна часьцёва залічыць выданы М. Гарэцкім „Беларускі Дэкляматар“ (Вільня 1922 г.). Але ўсе азначаныя кніжкі мелі іншыя мэты перад сабою. Так „Дыямэнты“ мелі мэтай „даць грамадзянству хоць якое-кольвечы знаёмства з сучасным беларускім пісьменствам“, як гаворыцца ў прадмове да іх. Перад усім мелася пазнаёміць сваіх землякоў, расьсеяных па Украіне і ня могучых карыстацца беларускім словам па адсутнасьці там беларускіх кнігарняў, хоць з тымі найлепшымі праявамі, „дыямэнтамі“ беларускай літературнай нівы, і каб гэтым „пераканаць, што і наш народ ня горшы за другіх“. Разам з тым аўтор кнігі хацеў пазнаёміць з гэтымі „дыямэнтамі“ і „грамадзян іншых нацыяў“. „Беларусь у песьнях“ ёсьць „студыюм беларускае новае літэратуры“, г. знач. крытычны агляд яе, дзе разам з тым даюцца прыклады твораў. Роўна ў такой самай меры служыла намечанай мэце і кніжка [[:|А. Навіны]] „Нашы песьняры“, выданая яшчэ раней (1918 г.). „Дэкляматарам“ мелася задаволіць практычную патрэбу дзеля выступленьняў на пачатых па ўсёй Беларусі спэктаклях.
Адзінаю кніжкаю, якая перасьледавала тыя-ж самыя заданьні, ёсьць „Хрэстаматыя беларускай літературы ХІ ст. — 1905 г.“, М. Гарэцкага (Вільня 1921 г.). Але, як відно ўжо з загалоўку, яна ўключае ўзоры літэратуры толькі да 1905 г. Аб выданьнях у Радавай Беларусі няма дакладных вестак.
Мэта нашае „Хрэстаматыі“ мае затрабаваньне даць больш-менш сыстэматычны прагляд узораў нашай навейшай літэратуры, для паўнейшага азнаямленьня з ёю ў сярэдніх школах. Прымаючы пад увагу, што сыстэматычны курс навейшай літэратуры ў сярэдніх школах прыпадае на вышэйшыя клясы, бязумоўна найлепш і найрацыянальней праходзіць літэратуру па самых арыгіналах. Але беларускае жыцьцё уплывам падзеяў апошняга часу пераступіла парогі пакояў „з адною лаўкаю“, ў якія дзе-хто ўкладваў ранейшы беларускі рух, і разьлілося ў шырокае мора ўсенароднага ўсьведамленьня. Каротка, беларускі рух стаўся беларускім жыцьцём. Пры такой зьмене абставін той кніжны запас, які быў раней, пачаў выходзіць, а шырэючае і глыбеючае сьвядомае беларускае жыцьцё аказвае новыя й новыя запыты. Калі яшчэ ў Віленскай Беларускай Гімназіі хапіла-б арыгіналаў пры праходжаньні курсу, дык ужо нельга сказаць гэтага аб гімназіях провінцыяльных. Дый у Вільні ўжо часта-густа тая ці іншая беларуская кніжка зьяўляецца бібліографічнай рэдкасьцю. Калі-ж да гэтага дадаць, што ня ўсе і нават ня ўсе лепшыя творы беларускіх пісьменьнікаў выдаваліся асобнымі кніжкамі, а часта ішлі па розных пэрыядычных выданьнях, зборкі якіх маглі захавацца толькі ў спэцыяльных кнігазборах, тады зусім зразумелым зьявіцца выхад у сьвет нашае „Хрэстаматыі“.
Прымем да таго-ж пад увагу, што ня толькі сярэднія школы выстаўляюць затрэбаваньні на беларускае друкованае слова, а што, наадварот, цэлыя гушчы народныя прагнуць яго яшчэ ў большай меры. У такім разе выданьне „Хрэстаматыі“ зьяўляецца проста вымаганьнем часу, ёсьць сьпешным і з гэтага пагляду будуць тлумачыцца ў большасьці і тыя недахопы, якія нямінучыя ў такіх выпадках.
Дзеля таго, што кніга прызначана пераважна для вучняў старэйшага ўзросту — ў „Хрэстаматыі“ будуць падавацца ня толькі такія кавалкі, якія складаюць гэт. зв. „цікавы матар’ял для чытаньня“, а больш-менш усё, што зьяўляецца характарным для таго ці іншага пісьменьніка.
Бязумоўна, ўсяго нават лепшага, напісанага ў плашчыне беларускай краснай пісьменнасьці, зьмясьціць у аднэй кніжцы ня можна. Дый гэткае мэты ніякая хрэстаматыя не перасьледуе. Як і ўсюды ў хрэстаматыях, тут падаюцца толькі найлепшыя месцы з твораў, галоўным чынам тыя, якія найбольш характарызуюць данага пісьменьніка Каб усё-ж такі мець поўны абраз і ўражаньне таго ці іншага паасобнага твору, прапушчаныя месцы падаюцца ў кароткіх пераказах.
Трэба зазначыць, што „Хрэстаматыя“ ня зусім прыпасована да істнуючых падручнікаў па гісторыі беларускай літэратуры. Гэта залежыць ад прынцыпу ў падзеле матар’ялу. З увагі на тое, што „Хрэстаматыя“ абнімае адзін пэрыяд часу (навейшая літэратура) — у ёй прыняты за прынцып падзелу — характар творчасьці паадзінокіх пісьменьнікаў з ідэйнага боку. Праўда, галоўны падзел зроблены па хронолёгічнаму прынцыпу („Нашаніўская пара“ і „Найнавейшая літэратура“), але й гэта найбольш выцякала з ідэёвай розьніцы літэратуры гэтых двох кавалкаў часу: ніхто ня будзе спрачацца, што модэрная беларуская літэратура стала на новыя каляіны. Пры канцы яшчэ паданы разьдзелы: „Беларуская крытыка“ і „Найлепшыя пераклады з чужых моваў“.
Каб „Хрэстаматыя“ больш адказвала свайму назначэньню падручніка для школ, падаюцца кароткія біографіі, невялічкія характарыстыкі творчасьці пісьменьніка і фотографіі, якія было можна дастаць. Гэтаму-ж заданьню адказваюць і тлумачаньні слоў у вынасках, прычым з такім разьдзелам: тыя словы, якія не выклікаюць агульнага зацікаўленьня, патрабуюць толькі выясьненьня для чытача, як провінцыялізмы, барбарызмы, наогул малазрззумелыя словы — вынесены і вытлумачаны пад літарамі азбукі ў нізе старонкі; тыя-ж словы, якія тычацца агульнага ўжываньня іх у беларускай літэратурнай мове і выклікаюць крытычны падход да сябе, — вынесены пад парадкавымі цыфрамі аж за тэкст кнігі, дзе паданы з належнымі ўвагамі.
Думаецца, што ў гэткім выглядзе „Хрэстаматыя“ будзе карысна і для больш шырокіх масаў беларускіх чытачоў. Прыходзіцца толькі пашкадаваць, што з агляду на разьмер кнігі ня можна прыпасаваць для апошняй мэты і цану яе. Можна ўсё-ж спадзявацца, што кніга, якая зьмяшчае ў сабе цэлую бібліятэчку паасобных выданьняў, знойдзе шырэйшы водгалас.