Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/I/I

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прадмова I. Нашаніўская пара
Крытыка
Аўтар: Ігнат Дварчанін
1927 год
А. Пераходны час

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




I. Нашаніўская пара.

„Нашаніўскаю парою“ ў разьвіцьці беларускага прыгожага пісьменства лічыцца час, зьвязаны з выданьнем часопісі „Наша Ніва“, г. ё. ад лістапада 1906 г. да сусьветнай вайны. Гэта так гаворыцца агульна. Болей-жа акрэсьлена гэты час лічыцца з дня выхаду першай з сталых беларускіх часопісяў: „Наша Доля“, г. ё. з 14 верасьня 1906 г. і да восені 1915 г., г. ё. пакуль Беларусь ня была яшчэ разрэзана на двое ваенным фронтам і пакуль каля „Нашае Нівы“ гуртаваліся ўсе сьвядомыя беларускія сілы.

Значыць, назоў паходзіць ад часопісі. Чаму-ж гэтак важная ў беларускім духовым жыцьці часопісь „Наша Ніва“, што ёю ахрышчана цэлая пара літэратуры? Падкрэсьлім да таго-ж, што гэты назоў адносіцца ня толькі да прыгожага пісьменства, але і да ўсяго духовага беларускага жыцьця наагул. А вось чаму:

1) „Наша Ніва“ была першаю беларускаю часопісьсю, якая трывала даўжэйшы час.

2) „Наша Ніва“, як сказана вышэй, гуртавала каля сябе ўсю сьвядомую Беларусь.

3) У „Нашай Ніве“ пабачылі сьвет творы нашых, найлепшых пісьменьнікаў, якія даставалі тут рады і кіруючыя ўказаньні; некаторыя з іх проста выхаваліся і разьвіліся пры часопісі.

4) „Наша Ніва“ выдавала ад сябе розныя творы ў беларускай мове.

5) Другія выдавецтвы былі — або пад сталым кіраўніцтвам „Нашае Нівы“, або ў цеснай сувязі з ёю.

б) У адносінах да прыгожага пісьменства пара называецца „Нашаніўскаю“ яшчэ і таму, што ўсе пісьменьнікі, якіх выхавала на сваіх старонках „Наша Ніва“, мелі ясна акрэсьлены характар твораў, які радніў іх між сабою, злучаў іх у адным рэчышчы кірунку самой часопісі і досіць рэзка адрозьніваў, як ад ранейшых, данашаніўскіх пісьменьнікаў, так і ад пазьнейшых, аб якіх пасьля будзе мова.

„Наша Ніва“ была тою ракою, дзе зьліваліся ўсе рэчкі і ручайкі твораў паадзінокіх пісьменьнікаў. ў

Цяпер пытаньне: які-ж ідэолёгічны характар насіла часопісь «Наша Ніва»?

Мусім зразу сказаць, што гэты характар быў пераважна — сялянскі, а яшчэ шырэй — працоўны. Гэта быў працяг „Нашае Долі“, якая пісала: „мы будзем бараніць справы вясковых людзей. Лічачы найбольшым нашым ворагам цемнату і бяспраўнае паложаньне мужыка мы аб’яўляем вайну ўсім цёмным сілам, каторым… выгадна было трымаць… народ беларускі ў няволі і паняверцы, баламуціць і дурыць яго[1]. Што і „Наша Ніва“ ішла па сьлядох „Нашае Долі“, сьведчыць тое, што яна дзяржала найбольшую сувязь з вёскай, лічныя корэспондэнцыі былі пераважна сялянскімі, палітычныя артыкулы ўсьцяж баранілі інтарэсы селяніна, а, што найболей нам важна, выхаваныя ёю пісьменьнікі, або самі паходзілі з працоўных гушчаў і адбівалі ў сваіх творах іх злыбяды, або стаялі вельмі блізка да сялян і наогул працоўных.

Далей, будучы сялянскай часопісьсю, „Наша Ніва“ ўжывала свой асобны спосаб зацікаўленьня, як сабой, гэтак і сваімі пасьлядоў-

Іван і Антон Луцкевічы і Алякс. Ўласаў
у час выхаду „Нашае Нівы“

нікамі; сяляне і наогул працоўны народ у той час быў у вельмі дрэнным стане. Яшчэ нядаўна асвабоджаныя ад паншчыны, сяляне яшчэ толькі прыглядаліся, як іншыя людзі запраўды жывуць, яны ня ведалі, што, каб лепей жыць, трэба за гэта змагацца. Але яны чулі сябе толькі некім пакрыўджанымі і ім хацелася аб гэтым усім сказаць. І вось селянін нёс сваё гора, свае балячкі, злыбяды і сьлёзы „на сьвет цэлы“, як кажа поэт. Ён проста голасна плакаў, апяваў сваю нядолю, хацеў зацікавіць гэтым другіх, зьвярнуць увагу, разжаліць; хацеў, каб багацейшыя хоць прызналі яго за чалавека; сяляне хацелі толькі „людзьмі звацца“. Гэтак сама рабіла прыблізна і „Наша Ніва“. Гэты пасыўны характар, пасыўны, сьлязьлівы тон „Нашае Нівы“, зноў-жа збліжае яе з сялянамі і працоўнымі таго часу.

Важнаю ад’знакаю „Нашае Нівы“ быў яе глыбокі патрыятызм. Любоў да бацькаўшчыны ставілася перад усім. Хацелася ажывіць цэлы край у сучаснасьці, адрадзіць яго калішнюю славу, уваскрасіць тую мову, якая была калісь ува ўрадах, а цяпер засталася толькі між простага народу. Мамэнт нацыянальны цесна пераплятаўся з мамэнтам соцыяльным.

Ёсьць яшчэ і шмат іншых ад’знакаў, характарных для „Нашай Нівы“, але яны для скарочаньня — апускаюцца.

Такі самы характар насіла і творчасьць пісьменьнікаў „Нашаніўскае пары“. У іх тыя самыя ад’знакі, якія выяўляліся ў паадзінокіх пісьменьнікаў у большай, ці меншай ступені.

Трэба ўсё-; сказаць, што розьніца між паадзінокімі пісьменьнікамі была часам і даволі значная. Маючы агульны заклад, яны праяўлялі гэта кожны пасвойму. Часам розьніца заходзіла і вельмі далёка. Таму зьяўляецца канечнасьцю падзяліць іх на такія часьці: 1) пісьменьнікі пераходнага часу; 2) сялянскія пісьменьнікі; 3) пролетарскія; 4) інтэлігэнцкія пісьменьнікі; 5) пісьменьнікі мяшчанства; 6) пісьменьнікі з рэлігійным нахілам.

Аб кожным з гэтых падразьдзелаў будзе гаворка далей.

Выдатнейшыя дзеячы, якія стаялі на чале ўсяе працы каля „Нашае Нівы“, былі: браты Іван і Антон Луцкевічы, Аляксандар Уласаў, Антон Лявіцкі, Алёіза Пашкевіч і потым усе пісьменьнікі, творы якіх будуць тут паданы.



  1. Наша Доля“, № 1, стар. 2.