Не такое цяпер мора,
Не такі у хвалях шум:
Цяпер бурна, страшна мора!
Хваля поўна дзікіх дум.
Мора вуглем цяпер стала,
Мора з дна цяпер гарыць,
Мора скалы пазрывала,
Мора хоча горы змыць.
Мора злуе, крэпнуць хвілі,
З дзікім шумам бераг рвуць.
Гром грыміць за вёрсты, мілі
3 мора брызгі[1] ў неба б‘юць.
Месцам хвiля стогнам рыкне.
Месцам плач зарвецца з губ,
Месцам бераг болем ікне,
Гром грыміць у тысяч труб.
Мора зброiцца палкамі.
Шум русалак разбудзіў.
Запаліўся смок агнямі.
Неба чорны гнеў пакрыў.
Бог сярчае[2]; злая бура
Псуе вельмі сьвяты сон,
Б‘ецца-рвецца ўся натура,
Аж дрыжыць нябесны трон.
Трон дрыжыць, ня сьпяць прарокі,
Бог склiкае сьвяты сход.
А там радзяць, што аблокі
Мусяць штурм пусьціць у ход.
Бой пачаўся. Войска Бога[3]
Залпам паліць ў горды[4] хвіль;
Мільён згiне, нова змога
Расьце крэпка праз сто міль.
Растуць сілы мора злога,
У размаху вiдзен гарт;
Не адступяць войску Бога, —
Бой пачаўся не на жарт.
Такi бой вякамi жджэцца.
Такі бой гігантаў[5] дасьць,
Ў такім бою толькi грэцца,
Ў такім бою толькі пасьць.
|