Хацела б быць зярнëм пшаніцы,
Упасьць на ніўкі вёскі,
Зазалаціцца, без мятліцы
Даць хлеб смачнейшы трошкі.
Хацела-б быць я рэчкай быстрай,
Абегчы родны край!
Гдзе напаіць, а гдзе скупаць,
А гдзе ўтуліцца ў гай.
То зашумець, то зашаптаць,
То стаць ў салодкім сьне,
То зноў зарвацца, зноў гуляць,
Агнём кіпець у дне.
Ды так разгрэцца[1] і сьпяніцца,
Каб у неба хвіляй[2] здаць,
Ўкрасьці сонца, зноў спусьціцца
І больш сьвету людзям даць.
Прыгарнуць усё ў дарозе,
Каплю шчасьця, долі ўліць,
Думаць ўсюды аб народзе,
Родны край усюды сьніць.
To рассыпацца расою
Па галінах, па лісткох;
То абняцца так з зямлёю,
Каб ніхто разьняць ня мог.
Альбо[3] ветрам абярнуся
Ды над сьветам пралячу,
Цёмным віхрам закручуся,
Ўверх на месяц заскачу[4].
З усей сілы і размаху,
Як красівам у зьвëзды[5] здам.
Сыпнуць іскраў сноп ад страху,
Задрыжыць аж месяц сам:
„Хто ты, скуль ты, чаго хочаш,
Чаго выеш і шуміш?
То праз сьлёзы нам рагочаш,
То гарыш ўвесь і дрыжыш?“
— Я пасланец, вецер буйны,
Прыляцеў на суд вас зваць[6]:
У нас цёмна, край наш хмурны,
Ад цямноты людзі сьпяць.
Я там біўся, я там віўся,
Я ім хаты паламаў.
А ўсе-ж такі не дабіўся,
Каб народ свой голас даў.
|