Параска (падняўшыся чуць).
Ці верыце, як мне абрыдла,[1]
Так млосна, цяжка у грудзях…
Нішто ніяк не памагае…
Аб сьмерці і успомніць страх.
Спакой… спакой… сьвяты мне трэба!
Каб быў чуваць і мухі лёт,
Каб былі мысьлі не заняты,
І сон каб плыў без перашкод.
На ўсё глядзела каб… (па раздуме) хто-ж можа?
Глядзець бяз зайздрасьці і болі
На гэты сьвет, дзе люд вясёлы
Паўнюткі ўцех жыцьця і долі,
Гдзе сонца блеск так песьціць душу,
Павевы ветру поўняць грудзь,[2]
Блакіты неба ў яснай далі…
Ах… сьлёзы вочы мне пякуць.
Даўно ня сплю, ня сьпіцца неяк…
Дзе дзеўся той жаданы сон?…
А так здаецца-бы заснула…
Мо’ шкодзіць сонца блеск з вакон?
Сказаць папраўдзе, за час гэты
І сьвет і вокны надаелі…[3]
Гара лякарства, а паправы
Я чую мала… у пасьцелі
Жыцьцё сваё так каратаю,
Што будзе далей не згадаю…
А йзноў, Андрэй… о мой Андрэйка,
Хто-ж зможа нас двух разлучыць?
Крый Бог чаго… (з жалем) у час расстаньня,
Ці-ж ты павінен адзін жыць!?.
За мной ты цьвіў і красаваўся
І моладасьці водар[4] сьвежы
Яшчэ і сяньні пахне міла,
Як падбярозка на узьмежы…
Ах Божа мой! за што караеш?!
Агнеша (паліваючы вазоны).
Ужо дзякуй Богу… пасьпела зарана…
Усюды памыта, прыбрана
І глянуць прыемна, як косачкі сонца
Пярэсьцяць, ліюцца ў ваконца,
І блескам злацістым,[5] прыбраўшы лісточкі,
Усе асьвятляюць куточкі;
А там (паказвае на кут), дзякуй Богу, ў парадку, прыгожа,
Што ўсякі зьдзівіцца на’т можа.
(ходзіць, нагінаецца, папраўляе).
Нямашака пылу, няма павучыньня,
Бо вока маё не праміне,
А сэрцам спрыючым,[6] пры добрай спагадзе,
Зробіш шмат больш у здагадзе,
З ахвотаю мілай, аб[7] сілы ставалі,
Ніхто не пярэча[8] ніколі…
І гэта найлепей. (схамянуўшыся)
А што-ж я?… (прабуе зямлю)
Здаецца усохлі даволі
У роскашы гэтай, у ціхім спакоі
Штось сэрцайка смуткам так крое!
І днём, як уночы, сьцішна, ні згуку
Ні спрэчкі, ні гневу, ні стуку…
Парадак найлепшы і без загаду
Ідзе ўсё да толку і ладу (глядзіць у вакно).
Пагода спрыяе… неба бяз хмары!…
Душу чаму-ж смуцяць так мары?
Чаму, як той ветрык, зьнячэўку крадуцца
І ў думках аж роем снуюцца…
Што так трывожа мяне… (выцірае сьлезы, Андрэй падглядае)
Але годзе… (пераліўшы крыху вады)
А, Божухна мілы!… А мо’ не пашкодзе[9],
І гэта-ж во з самай крынічкі
Прынясла сьвежай і чыстай вадзічкі.
Яшчэ пакуль днее — паны ня усталі —
Абмыю лісточкі, каб лепш выглядалі,
Абрызгаю[10] трохі чыстай вадою,
Нібы то раньняй лёгкай расою (супынілася трохі);
Гожыя кветкі: рожа (бярэ да носа), во сьлёзкі,
Во пантофэлькі[11] Матачкі Боскай,
Гэта леандра… а гэта здаецца (думае)…
Ня ўспомню, міртай, ці пальмай завецца. Ўсё панскія кветкі, цьвітуць на выгодзе,
Ня так як званочкі, ці мак у гародзе
Згушчаны зельлем, зьвіты хвасоляй:
Іх жыцьцё роўна з маёю доляй!
(Паўза. З жалем, Андрэй блізка ля дзьвярэй слухае).
Доля сіроты бяздомнай, самотнай,
Дзяўчыны беднай, служкі гаротнай.
Росквіт жыцьця майго з лепшаю сілай
Родная вёска не прытуліла.
Сяньні во тут я… мне сумна адной
Паміж чужымі, пад стрэхай чужой
Быць з поля кветка ветрам здалёку
Падхоплена сілай жыцьця зьненароку
(апусьціўшы у тузе рукі плача ціханька)
Са мной, як і я тут, разам ў бяздолі
Жыве і бядуе аб шчасьці і волі
Мой васілёчак… бедны ён згіне
Ад чаду і затхі[12], ад пару з начыньня…
Не ўберагчыся! шкода расьлінкі;
Яна ня шле з поля, з лугоў успамінкі.
Яна мяне з хаткай убогай яднае,
Васілёк гэты — кветка малая…
Не… такі трэба, хоць дзе у куточак
Схаваці ў пакоі між рож васілёчак,
Хай утуліўшысь вясьняк гэты мілы
Хоць кроплю прыдбае росту і сілы.
А мо’ ня ўбачаць… каму з іх прысьпела
Канечна дагледзіць… Барджэй за дзела!
(выходзе, выціраючы хвартухом вочы)
Андрэй (уваходзіць, абглядаючы пакой).
Хораша, чыста, аж глянуці міла!
Зраньня ўжо Нешы рука пахадзіла.
Гдзе кінеш вокам — міла дый годзе!… (паціскаючы плячыма)
Як пасьпявае, гдзе час той знаходзе?!.
Ох, яе рукі спрытны і зьвінны;
Усё пасьпявае у поўгадзіны;
Дробную рэч нат падніме, паправе,[13]
Хвількі[14] і тэй не сатрэ, не забаве,
Навет ня сядзе на момэнт ніколі
Шкода! такой Бог ня даў лепшай долі.
Ну чым-жа ня пекнасьць?[15] зьвінна, як мушка,
Міла і звонка шчабеча, як птушка,
Крашчэй?[16] чым месяц срэбраны уночы, Як зоркі ў пагоду гараць зе вочы,
Пагляд надта шчыры, прыязны і мілы…
Сколькі ў грудзях яе шчасьця і сілы… (схамянуўшыся).
Грэх можа мне на яе углядацца
Што-ж… (аглядаючыся)
… Калі нельга высьцерагацца… (сьмялей)
Чым-жа я вінен?… што жарты мо’ строю?
Што-ж тут благога — не… гэта пустое…
Трэба-ж быць горш ад дзіцяці малога[17].
Каб ня зьдзівіцца з парадку такога,
Трэба быць подлым, цаны ня знаць працы:
Тут лепш у пакоях, як дзе у палацы
Шчырасьць Агнешы варта ад’знаку
Чым адплачу я?… Што дам на падзяку? (з зайздрасьцю)
Некаму-ж дасьць Бог пад бедную стрэху
Скарб — ані жонку, праўдзівую ўцеху,
Добрае сэрца, моладасьць, сілу…
А мне у пакоі… развалу… магілу…
(адходзе, махнуўшы рукой і млява апускаецца на поручань крэсла)
Жыцьцё маё гіне: яно замярзае.
Так цяжка, так горка жывецца…
І жыць не хацеў-бы здаецца…
Во дзе нядоля мяне напаткала!
Шчасьця ня знаць мне, яно запрапала… (зрываецца з месца).
О Божа Адзіны! ні сну, ні спакою
Каторую ночку — ці доўга йшчэ так.
То енкі,[18] то стогны, то плач душу крое,
А тут ня угодзіш хворай ніяк
Злуе, вымышляе…[19] ну. чым пасаблю[20] я?
Апошняе трачу; што дзень дактары…
За што Бог скараў так, за што крыж знашу я?
Відаць мушу згінуць зусім без пары! (па раздумцы)
Ох, шкода дзён сьветлых, што згасьлі ў бяскраі.
Як сон мімалётны, бяз сьледу прайшлі…
Ну хоць-бы знаецца, каб памяць якая.
Каб сэрца самлела, ўздрыгнула-б калі.
Ані!… толькі мукі, ды толькі нязгоды
Нязводна пануюць, як грэх каля цьмы…[21]
Во здэцца[22] ў жыцьці-бы і меў асалоды.
Каб так дзе на волі, спаткаліся мы…
А з кім?.. я ня знаю… 9) ў прасторы на волі,
Калі-б мо’ ды Неша?
Божа, што гэта?!
Чаму я успомніў… ня думаў ніколі,
Хоць праўда, што Неша краса ўсяго сьвета[23], Ох… колькі-б аддаў я, каб мог быць шчасьлівы,
Каб моладасьць дарма ня згасла мая…
Зрэштай, як Бог ёсьць на небе праўдзівы,
Я жонку шкадую… — люблю яе я!
(Андрэй падходзе да дзьвярэй і спатыкаецца ля парога з Агнешай).
Параска (прыпёршыся ў страху да сьценкі).
Вось і яна… яна падходзе…
Не, ня пушчу яе у дом!
Няхай сабе яна, як знае…
Распраўлюся сваім судом!..
(уваходзіць сьвяшчэньнік, Параска, падумаўшы)
Ну Бог і з ёю — ня чужая,
А матка Зінкі… (з гневам)
….. усё адно,
Цяпер настаў мне час памсьціцца,
Ужо зьбіралася даўно.
Хоць, праўда, грэх… няхай прыходзіць,
У беднай гора…
(убачыўшы, што ў руках Агнешы вянок з васількамі і што ў Андрэя і Агнешы прышпілены васількі).
….. што са мной?..
Мне цьмяцца вочы… я трасуся,
А васількоў нясьметны[24] рой…
Іх многа скрозь, трывожаць душу,
Як некалі паганы сон…
А гэта-ж во, бач, прышпілілі
Па васільку яна і ён?!..
Дык-жа ж цяпер няхай пазнае!…
Жыцьця ня будзе мне ўжо з ім.
Яно разьбіта… Не дарую…
Ня месца тут ім абаім!…
Андрэй астаецца побач крыху ззаду, а Агнеша ідзе наперад і толькі мела перахрысьціцца, як Параска, выціраючы хустай заплаканыя вочы, бяжыць і спатыкаецца з Агнешай і Андрэем).
Ты чаго? Табе што трэба?
Вон адсюль ідзеце…
Я к дзіцяці йду… мне можна…
К Зіначцы пусьцеце…
Я матка родная, дазвольце
З ёй пажагнацца 3) наўсягды
(Параска засланяе дарогу, у гэты час выносяць дамаўё і пяюць „Вечную памяць“; Параска піхае ў грудзі Агнешу, тая, як падкошаная, валіцца на рукі Андрэя).
Параска, што ты, Бог з табою!
Вон, вон абое, хоць куды!
|