Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/I/А/Карусь Каганец/Што кажух, то ня вата

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прылукі Што кажух, то ня вата
Апавяданьне
Аўтар: Карусь Каганец
1927 год
Журавель і чапля
Іншыя публікацыі гэтага твора: Што кажух, то ня вата.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Што кажух, то ня вата.

Давялося раз зімой гарадзкому панічу паехаць у двор на імяніны.

Прыехаўшы па чыгунцы на станцыю, ён пайшоў на сяло, што ад станцыі за поўвярсты было, каб падводу наняць, бо яшчэ трэба было вёрст з чатырнаццаць канём ехаць.

Вось зайшоў ён у вадну хату, а там, якраз, абедаць садзіліся. Ён зьняў шапку і кажа:

— Дзень добры!

— Дзень добры! — адказваюць.

— Ці не завязьлі-б мяне туды і туды?

— Чаму-ж не, можна, — кажа гаспадар, пагадаўшы.

— А сколькі-ж хочаце за хурманку?

— Аб цану мы зьмяркуемся, а цяпер сядзьце, капусты сербанеце, бо да таго двара няблізка.

— Дзякую! — Я ўжо гарбату піў.

— Ну, як воля ваша.

Гаспадар, пад’еўшы, не сьпяшаючы, закурыў люльку, сказаў цану, каторая панічу проці гарадзкіх паказалася зусім малой, але ён з тым не пахваліўся: і яму грош, знаць, не дарма даецца.

Пасьля гаспадар апрануў кажух, надзеў шапку і пайшоў запрагаць.

Запрогшы каня, прыйшоў у хату і, зьняўшы з жэрдзі кажух, дае яго падпрануць панічу; але паніч не адважыўся апрануць мужыцкага кажуха і кажа:

— Дзякую! У мяне пальто на ваце.

— Ну, як воля ваша, — кажа гаспадар. Аднак-жа, як ішлі садзіцца ехаць, то гаспадар узяў з сабою кажух у запас.

Вот яны едуць.

Спачатку панічу цёпла паказалася, але, пад’ехаўшы вёрстаў пяць, бачыць гаспадар, што паніч стаў корчыцца, каўнер настаўляць, шапку на вушы нацягіваць і носам сёрбаць. Гаспадар і пытае:

— А можа кажух паніч надзенеш?

— Не! дзякую. —

І едуць далей.

Праехалі яшчэ вярсты са дзьве, бачыць гаспадар, што паніча сталі дрыжыкі прабіраць, і пытае:

— А можа кажух, паніч, надзенеш?

— А добра, бо штось халаднавата.

Даў яму кажух апрануць, і едуць далей. Ужо і да двара блізка, адно — бачыць гаспадар, што паніч неяк бледнаваты, дык пытае ў яго:

— А што панічу ня сьцюдзена цяпер?

— О, не! цяпер цёпла.

— А можа паніч есьці хочаш?

— О, і дужа хачу!

— А што, панічу: што кажух, то не вата, а што капуста, то не гарбата? Але пацярпі паніч хвіліну, незабавам прыедзем!

І паказаў яму пугаўём на той дзор, каторы ўжо відаць было.