Хрыстос нарадзіўся! Хрыстос нарадзіўся!..

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Хрыстос нарадзіўся! Хрыстос нарадзіўся!..
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/72233


 * * *

                                                        З. Б – ку

Хрыстос нарадзіўся! Хрыстос нарадзіўся!
Сьпяваюць у небе анелі:
Збавіцель для сьвету на сьвеце зьявіўся,
Збавіцель, якога ня мелі!

         «Хрыстос нарадзіўся!» Каб гэтая праўда
         З’ісьцілася, браце, сягоньня...
         Каб ўстала на сьвеце вялікая Праўда,
         Што крыўду у цемры прагоне.

«Хрыстос нарадзіўся!» Ці ж мала мы чулі
Такую зь нябёс абяцанку?
А вочы свае ледзь ад сну разамкнулі, –
Няма і ня відна паранку!

         «Хрыстос нарадзіўся!» А дзе ж яго знакі?
         Цяпер я Тамаш і ня веру.
         Здаецца мне сьвет, як і быў, адзінакі,
         А ў ім лютаваньне над меру.

«Хрыстос нарадзіўся!» Не, хіба што будзе
Яго нараджэньне. Мы знаем,
Яго дачакаюцца іншыя людзі, –
Ня мы дачакаем.