Хрыстаматыя беларускае літэратуры. ХІ век—1905 год/Я. Баршчэўскі/З поэмы «Рабункі мужыкоў»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ах, чым-жа твая, дзеванька, галоўка занята? З поэмы „Рабункі мужыкоў“
Верш
Аўтар: Ян Баршчэўскі
1922 год
З фантастычных апавяданьняў
Іншыя публікацыі гэтага твора: Размова хлопаў (Баршчэўскі).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З ПОЭМЫ «РАБУНКІ МУЖЫКОЎ».

(1812 г.).

Як пранцуская сіла
З-за Дзьвіны наступіла,
Нам стала карціць,
Штоб парадак прыўраціць.
Аднак, сядзелі ціха.
Аж тут прыносіць ліха
Пранцузаў у наш двор, —
І ну-тка дзелаць здор.
Клеці паразьбівалі,
Паноў нашых загналі,
Нас казалі пазьбіраць
І гарэлку піць і браць.
Пранцузы нас пахвалялі,
Аб нашым краі пыталі
І на мігі нас прасілі,
Каб мы з імі двор лупілі.
І мы доўга там гулялі,
Што хацелі, пілі, бралі…
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Той браў плацьце на вяроўку,
Чым абшыць жонцы шнуроўку,
Цыны, медзі, колькі мог,
Чым абліць дуду і рог…
Іншы быдла занімаець,
Другі адзеньне хапаець,
Іншы толькі есьць і п’ець,
Другі шабляй куры б’ець,
Калі ужо так гуляюць,
Пачулі: з пушак страляюць,
„Галён! галён!“[1] закрычалі
І ўсе з двору высыпалі.
Як пранцузы вышлі самі,
Мужыкі былі панамі.
І калі так пагулялі,
Рады сабе укладалі.
Першы Мінка сеў за стол,
Ў куты глядзіць, як сакол,
На крэсьле, гдзе сядзеў пан,
Пуза як барабан.
А ногі як разапнець,
Хоць з калёсамі праедзь.
Помню я тыя векі,
Як жылі паноў прэдкі:
Нас у рэкруты ня бралі.
Ах! што за паны бывалі!
Хоць на лбе валос і нет,
Ды ўжо-ж вусы на ўвесь сьвет!
Два рукавы мелі красных,
Яшчэ два ззаду запасных,
З аднэй палы у тых паноў
Семера-б пашыў штаноў!
А гэты і нас паелі,
І самі ужо згалелі.
Полы сабе паабразалі,
Хвасты ззаду паадсякалі.
Прыдзеш у двор, баішся;
Пакуль к пану збліжышся,
Доўга галаву скрабеш…
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Яшчэ-ж гэта не канец,
Палажы-ж на стол яец,
І тут яшчэ страх бярэць
Ждаць, што пан запяець…
Хай мне хоць паб’юць штаны,
Да ўжо-ж ня будудь паны!
Водка крэпка! — мера спора! —
Будзем піць — забудзем гора!..
Пойдзем ад хаты да хаты,
Ці хто голы, ці багаты;
Як нам будзець весяло:
Сабярэцца ўсё сяло!..
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Цыццы, браццы! — ураднік надходзіць!..
А Дзям’ян Грышку — за хахол водзіць.
Відзіць Мінка — што тут худа!..
Абярнуўся: туды, сюды;
Бедны! наўцёкі дзярэць:
А куды відзіць — туды бярэць!



  1. Ідзём! ідзём!

Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.