Перайсці да зместу

Хрыстаматыя беларускае літэратуры. ХІ век—1905 год/Ф. Багушэвіч/Калыханка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Хрэсьбіны Мацюка Калыханка
Верш
Аўтар: Францішак Багушэвіч
1922 год
Хмаркі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Калыханка (Багушэвіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КАЛЫХАНКА.

Люлі, сынок, люлі-люлі!
Усе курачкі паснулі,
Ой паснулі і курчаткі
Пад крыламі свае маткі.
А ты чаго ня сьпіш, сынку,
Як-бы чуў ліху гадзінку?
Можа будзеш калі панам
Ці вялікім капітанам,
А як матка прыйдзе ў госьці,
Ой-то будзе ёй радосьці!
Сядзе матка ў кут на лаве,
Сын хлеб-соль прад ей паставе,
Ручкі, ножкі пацалуе,
Памілуе, пажалуе;
Пачастуе мядком сытным,
Блінком мякінькім, падсітным,
Піражочкам і з начынкай,
Верашчакай, гарачынкай…
Люлі, сынок, люлі-люлі,
Бо ўжо курачкі паснулі.
От-то будзе рада матка, —
Хоць і простая салдатка,
А усякі шапку здыме,
Як дазнаецца аб сыне.
Люлі, сынок, люлі, люлі,
Бо ўжо курачкі паснулі…
Можа будзеш калі панам
Ці вялікім капітанам:
Людцаў Божых будзеш біці;
Цяжка будзе ў сьвеце жыці,
Будуць клясьці, як ліхога,
Прасіць сьмертухны ад Бога.
Люлі, сынок, люлі, люлі,
Бо ўжо курачкі паснулі…
Тагды матка прыдзе ў госьці, —
Сын выкіне стары косьці,
Жабруючы пойдзе ў вёску,
Будзе прасіць Матку Боску,
Каб забыцца ей аб сыне,
Каб ня ведаць, дзе ён згіне.
Люлі, сынок, люлі, люлі,
Бо ўжо курачкі паснулі…
Ой ня будзь ты лепей панам,
Ні вялікім капітанам,
Будзь, чым матанька радзіла,
Каб у госьці не хадзіла,
Каб век з табой векавала,
Гаравала, працавала…
Люлі, сынок, люлі, люлі,
Усе курачкі паснулі,
Ой паснулі і курчаткі
Пад крыламі свае маткі…


Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.