Жыў-быў Энэй, дзяцюк хупавы[1],
Парнюк няўвошта украсіў[2];
Хоць пан, а ўдаўся нялукавы,
Даступен, весел, не грабіў;
Но Грэкі вуйму[3] нарабілі:
Як ляда, Трою ўсю спалілі.
Кашэль ён згробшы — на уцёк,
І швыдка зробіўшы чаўнок,
Траянцамі яго набіў
І ў мора з імі ён паплыў.
Якась Юнона, баба злая,
Адродзьдзя панскага, ліхая,
Шукала ўсё яго згубіць,
На дно у пекла пасадзіць.
Затое, віш ты, ня ўзьлюбіла,
Яго Вэнэра што радзіла.
Юнона воблак адпіхнула,
Ды з неба на мора ўзглянула:
Плывець на чаўнаку Энэй.
„Ах ты, някруціна, зладзей!
„Вось я цябе скручу ў табаку,
„Ражном у мора, як сабаку!“
Панёву[4] швыдка нахапіла,
Кашэль шашнямі налажыла,
Ў калёсы села, пакацілась,
Якраз ў Эоля апынілась.
Ўвайшла ў сьвятліцу — ды йна кут.
„Здаровы ўсе! Эоль ці тут?“
Эоль сядзеў тады ля печкі,
Мязгу скабліў на перапечкі
І лапці ліпай падплятаў.
Ён тут аборы падабраў,
Заткнуў за пояс кацатыг[5],
Скаціўся з печкі ў адзін міг.
„Здароў, хвігурная[6] Юнона,
„Цябе даўно я ня відаў!“
І, тры ёй зробіўшы паклоны,
Мякотнага на стол падаў.
Яна мякотнага пад’ела,
Уцёршысь так яму запела:
„Чы ведаеш маё ты гора?
„Энэй з траянцамі плывець:
„Сьпіхні яго ты, сват, у мора,
„Няхай паганец воду п’ець.
„Мяркую, чуў, Энэй то — зводнік,
„Буянец, злодзей, канаводнік;
„Траянцы такжа ўсе латрыгі,
„Ўсе бабнікі і ўсе юрыгі[7];
„Іх нада ўсіх са сьвету зьвесьць;
„Калі, сват, зробіш тую чэсьць,
„То я дзявухну украсіву,
„Салодкую, як з мёдам сьліву,
„Табе за тое прывяду".
Эоль разшупіў тое дзела;
З яго аж сьлюнка пацякла,
Дзявухна па нутру была.
Заскробся, барадой затрос,
Вусы разгладзіў, пацёр нос,
Хапіў напойку[8] табаку,
Лупіў ён зубы, барматаў
І рэч Юноне ён таку
З паклонам, віш ты, адказаў:
„Ах вох-ці мне, мая Юнона,
„Ніводнага-ж нет ветру дома;
„Што буду робіць я цяпер?
„Барэй з пахмельля, як вапер,
„Ляжыць ў сьвятліцы на казёнцы[9],
„А Нот учора зьехаў к жонцы,
„Зэфір з дзявухнамі заграўся,
„А Эвер ў батракі наняўся:
„Як хочаш, ты сабе зьмякай[10],
„Ды мне дзявухну даставай,
„А я ўсё зроблю . . . . . . . . .,
„Са ўсіх глуздоў іх сьцебану,
„З траянцаў выдаўлю алею,
„На дно у мора заганю.
„Твайго-ж набольша ліхадзея,
„. . . . . . . . . . . . . . . . . Энэя,
„От так папру із дзяцюкамі,
„Аж булькаць будзе пузырамі,
„Як ў вір усіх торч галавой
„Намесьнік сьцягнець за сабой!“
І вось Эоль, галень схапіўшы,
На паншчыну гукаць пачаў.
І, ўсе ён ветры распусціўшы,
Бурліць ім мора наказаў.
Калі хто відзіў, як Бахціха[11]
Нямецка піва задаець;
Яко яно падымець ліха,
Запеніцца і розна прэць, —
От так і мора заравела,
Бурлілась, пенілась, шумела.
Энэй упудзіўся, ўсхадзіўся,
Матуз аж ад штаноў зваліўся.
Са страху й нюні распусьціў
І як у трасцы ён завыў.
Траянцы ўсі казлы задралі,
Са усіх чароў яны гукалі:
„Ў балоце быдла, Лісавей!“[12]
Ачухаўшысь ўскрычаў Энэй:
„О цар-царэвіч, тат[13] Нэптун!
„Ня буду прад табой брахун.
„Зьмілуйся, мора ты зьміры!
„Картузнай я прышлю цяртухі,[14]
„Сударскай[15] моцнае сівухі,
„А грошы сам з тайстры бяры“.
Нэптун да грошы меў ахвоту,
Гарэлку добра ён сьцябаў,
Пазнаў, што будзе за работу,
То срога ветрам закрычаў:
„А вон, нячысты някруціны,
„З якей фантазіі вы тут?
„Глядзі, скаштуеце дубіны,
„І ноздры вам ражном утруць“.
Вось досыць ветрам тут зьдзікацца:
З Нэптунам, зналі, якей жарт.
Дамоўкі сталі убірацца,
Як ад Кутуза Банапарт.
Тут раптам неба спагадзелась,
Усплыла сонейка, з’ясьнелась
Энэй, уцёкшы так ад бед,
Састрапаць загадаў абед.
Траянцы ўзялісь за ядзеньня,
Як з поля панскія харты:
Была ў іх з затаўкай крупеня,
Кулагу пхалі ў жываты,
Была ў іх гушча і драчона
І парасяціна смажона;
Пілі гарэлку не каўшом,
Цягнулі ў волю ўсе нагбом.
Усячыны панасьцябалісь
І на палацях спаць паклалісь.
Вэнэра з кірмашу вярнулась,
На Ўшэсьці, відзіш ты, была,
І аб Энэяньку дачулась,
Юнона як яго спрагла.
Андрак[16] з насоўкай апранула,
З падплётам ўзьдзела кавярзьні,
Анучкі рабыя абула,
Як быццам войта селязьні.
Твар сыраваткаю абмыла,
Кужэльны узьдзела балахон,
Папранік[17] ў хустачку ўлажыла,
Пайшла да Зэўса на паклон.
А Зэўс тагды сядзеў у клеці,
Гарэлку з мёдам там сьцябаў,
Бяз сораму, як малы дзеці,
З падоньня палцам калупаў.
Прыйшла Вэнэра і завыла
І так зазюкала яна:
„А чым перад табою, бацька,
„Мой абмішуліўся дзіцяцька?
„Зюкні, яка яго віна?
„Ня ўзьвідзяць Рыму яго вокі,
„Калі Юнону ня уймеш,
„Зьядуць на ростанях сарокі, „Сатрэць яна яго ў кулеш“.
Тут Зэўс, гарэлачку дапіўшы,
Ражком ў халяву пастучаў,
Цяртухі моцнае зажыўшы,
Таку гаворку адказаў:
„Дапрэць Энэянька да Рыму
„І будзе тама ён царом;
„Палепшы Чыжаўскіх харом[18]
„Паставіць каменны палаты.
„Паны-ж ня будуць там багаты;
„Свае чаны ён завядзець
„І ўсё на одкуп пабярэць.
„Цяпер завернець к Карпагені,
„(Ў Дыдоны, відзіш, талака).
„Папрэць у волю ён смажэні,
„Ад’есцца з добрага быка.
„Папарыцца ён там у бані,
„Падпусьціць хвігля самой пані:
„Закруціць дужа галаву,
„На любжу прывядзець ўдаву.
„Ідзі, дачухна, ня турбуйся,
„Ды скорамам, глядзі, ня псуйся.
„Ні з кім саромна не клянісь
„І ў Сташкаў Нёбе пакланісь.[19]
Вэнэра тут яму прысела,
Хранцуз паненак як вучыў;
Пайшла, свадзебную запела:
Зэвэс ёй дужа дагадзіў.
Энэй ачухаўся, паскробся,
На ногі лапці падвязаў,
З палацей да кута дагробся
І плыць надкорніку казаў.
Плыў, плыў, аж ў вочах зьзелянелась
І горшы талакна прыелась:
На мора ведзьмай ён глядзеў.
А там пачаў ужо зьдзікацца,
І так ні к чому стаў злавацца.
Казаў: „Што-б лепшы на пагосьце
„Схаўтурылі мае там косці,
„Дарэмна з Троі пакруціўся
„І валачобнічаць пусьціўся.“
Ён з гора піпку закурыў
Ў балону галаву спусьціў…
Аж зірк у мора — і сказіўся,
Запеў „Ізбранную“[20], заксьціўся:
„Глядзіце, браццы, вун сяло!“
Тут ўсіх за сэрца узяло.
Якраз на бераг прывалілі,
За плот чаўнок свой прыкруцілі;
Па шклянцы выпілі сівухі,
Пад’елі нашча саладухі,
Камоў з сьмятанай і „глазухі“;[21]
Пайшлі у горад пагуляць.
Бягуць, як батракі з прыгона,
А ім ў варотах, тыц, Дыдона,
І стала так на іх казаць:
„Глядзі, які-ж то абарванцы.
„Ці смоль вы з Шчутча вязіцё,
„Ай вы Духанскія цыганцы,
„Курэй з падклецьця крадзіцё?
„Чаго сюды вас прыкруціла?
„Я й так дзесяцкага прыбіла,
„Што ён распраўшчыны ня знаець
„І без прашпорту ўсіх пускаець“.
Як валасьні[22] закапашылісь,
Пластом траянцы павалілісь,
Сачэнь Дыдоне паднясьлі;
Таку гаворку зацяглі:
„Мы ўсе з Траянскага прыходу,
„Сударскі[23] перад тым былі;
„Ды ў восень прошлага мы году
„Ад Грэкаў з мора уцяклі.
„Энэй канторшчыкам у нас,
„Прашпорты дзержыць Апанас,
„Газэты-ж, панюхна, ты маеш:
„Спраглі як Трою, аб тым знаеш,
„То нечага табе казаць.
„О, артыкульная Дыдона!
„Ты нас у крэпасьць запішы:
„Ў нядзелю[24] роб сабе два згоны,
„Мы робіць будзем, дадушы!
„І ўсяку паншчыну зьмякаем:
„І бровара глядзець як знаем,
„Загнеткі, суднікі рабіць!
„На бочкі вабручы набіць;
„Піліп наш лепіць гарлачы,
„Пракоп-жа — ступы, таўкачы, „А Саўка зельле ўсяка знаець,
„Дзяцём ён вогнік адклікаець,
„Хупаў[25] баба́мі варажыць
„І скурапею[26] адхадзіць.
„Глядзі, як мы парасшарпалісь,
„Аж сорам сьвеціцца наскрозь,
„Ўсе лапці розна растапталісь,
„Сарочкі чорныя, як вось.
„Калі ўжо ласка твая будзець,
„Вялі нам лазьню пратапіць:
„Адзежу трэба нам папрудзіць[27],
„Бо ў такім брудзе трудна жыцы!“
Дыдона румзала і выла,
Цякло, як з лівара, з вачэй;
Маністы доргала, круціла,
А сэрца тых-тых-тых у ей!
Яна ўжо чула пра Энэя,
Што з гулькаю ў яго і шэя[28],
Што волас ў галаве скруціўся[29],
Што нос казюлькай раздушыўся[30];
То шупіла[31] якей тут смак.
І вось кляўшыла[32] яна як:
„Калі-б Энэй ваш схамянуўся,
„Ды сам ка мне-бы падвярнуўся,
„Усячыны-б тагды дастаў".
Ён, шмык, як быццам з неба спаў.
Ўвайшлі ў сьвятліцу, пераксьцілісь,
Энэй і „Вочча“ прачытаў,
За стол ўсе порадам садзілісь,
. . . . . . . . . . . . . . . . .
Дыдона варыва ўлівала,
Шматкамі мяса ў міскі клала
І забяляла малаком;
Трупаціла яна крупеню,
Яешню, руднік, жур, смажэню,
Камы, пячэню з часнаком.
Былі й салодкія пацешкі:
Папранік вяземскі, арэшкі,
. . . . . . . . . . . . . . . . .
Дуда вярлюем тут равела,
Сапелка гусінай сіпела, Скрыпела скрыпка, як каткі[33].
Дзявухны галасу гукалі,
Вясну малоданькі склікалі,
І жарты розныя рабілі:
Казу сьвяточную вадзілі,
З загнеткі лося забівалі,
Дугу у барму прадзявалі, —
Пустоты ў воленьку было.
Расхарапужыўся Энэй,
Аж іскры сыплюць ад лапцей…
|