Ці знаў хто, браццы, з вас Тараса,
У палясоўшчыках што быў?
На Пуцявішчы у Панаса,
Ён там ля лазьні блізка жыў.
Што-ж? Чалавек ён быў рахманы[1],
Гарэлкі ў губу ён ня браў!
Зато-ж у ласцы быў у пана,
Яго пан дужа шанаваў.
Любіла тож Тараса й паня,
І войт ніразу не збрахаў,
Зато Тарас балота зраньня
Да цёмнай ночы пільнаваў.
Чуць золак, ён стральбу за плечы,
Заткнець сякеру за паяс, —
Заўсёгды ходзіць бор сцярэгчы
І птушак біць з ружжа Тарас.
Хадзіў ці доўга ён ці мала,
Ды толькі нешта адзін раз
Бяда ў бару яго спаткала…
Во, як казаў нам сам Тарас:
ІІ.
— На самага Кузьму-Дзям’яна
Пайшоў я ў пушчу паміж мхоў;
Устаў я нешта дужа рана, —
Здаецца, з першых пятухоў…
Іду сабе я панямногу,
Але й на пень троху прысеў.
Аж тут: лоп-лоп! Цераз дарогу, —
Як быццам цецярук зьляцеў.
Злажыўсь я стрэльбай, кляпсь — ня паліць!
Крамзель з другога! не пякець!
Гляджу, аж — вось з-за елі валіць,
Як быць хароміна — мядзьведзь!
Хоць ня трусьлівы я дзяціна,
Але затросься, як асіна,
Зубам, як цюцька, лепячу;
Гляджу — аж зломана лясіна,
І уздумаў: дай-ка ускачу!
ІІІ.
Скакнуў — ня трапіў; пасьлізнуўся!
І ў яму маланьнёй лячу!
Ляцеў-ляцеў, як разануўся, —
Аж стала зелена ў ваччу!
Ляцеў ці доўга я, ці мала,
Таго ніяк я не ўцямлю,
Але ўжо ладна расьсвітала,
Як я зваліўся на зямлю.
Устаў з зямлі, абкалаціўся, —
Бо быў ў гразі я, як сьвіньня,
І дужа, дужа я дзівіўся, —
Дзе апынуўся гэта я. Рукой паскробшы каля вуха,
Дабыў з табакай рагавень,
І храпы напіхаў цяртухай, —
Бо ня ўжываў я цэлы дзень!
Як прасьвятлелі мае вочы,
Мядзьведзя ўжо я ня шукаў!
Закінуў стрэльбу я за плечы,
І па бакох глядзець я стаў.
ІV.
А вох-ці мне! Як там прыгожа!
Ну быццам хто намаляваў!
Чырвоны краскі, мак і рожа, —
Ну, як сукенку хто паслаў!
І птушкі ёсьць там, дужа стройна
Пяюць, палепш за салаўя!
А вох-ці мне! А-а, а во й я!
Куды патрапіў гэта я?
Стаяў я доўга і дзівіўся,
Разьзявіў зяпу і глядзеў,
Аж вось адкулецька зьявіўся:
Ці то прышоў, ці прыляцеў —
Хлапчына некі круглалікі,
Увесь кудравы, як баран,
І за плячмі яго вялікі
Прычэплен лук быў і каўчан.
— Адкуль, куды дарога гэта?
Спытаўся я ў хлапца той час.
— Дарога гэта з таго сьвета,
І проста йдзець аж на Парнас! —
Сказаўшы, хлопчык таго часу
На крыльлях шпарка паляцеў,
Дарогу-ж паказаць Тарасу,
Ня меўшы часу, не хацеў…
V.
Падумаў я тады нямнога,
Што за шайтан Парнас такі?
Пайшоў я проста тэй дарогай,
Узяўшы ў рукі добры кій.
Прайшоў вёрст дзесяць тэй дарогай,
Аж бачу я: гара стаіць.
Пад тэй гарой народу многа,
Як-бы кірмаш які кіпіць. Прыйшоў я бліжай, што за ліха!
Народ ня просты, ўсё паны!
Хто дужа шпарка, хто паціху,
Ўсе лезуць на гару яны.
Як жыды ў школе, галасуюць,
Гатоў адзін другога зьесьць,
Бо кожны морду ўперад суець,
Каб першым на гару узьлезьць.
VІ.
Усе з сабой цягаюць кніжкі,
Аж з іншых пот руччом плюшчыць,
Адзін другому ціснуць кішкі,
Аж нехта з паміж іх крычыць:
— Памалу, браццы, ня душыце
Вы фэльетон мой і „Пчалу“,
Мяне-ж самога вы пусьціце
І не дзяржыце за палу!
А не, дык, да - душы, ў газэце
Я вас аблаю на ўвесь сьвет,
Як Гогаля у прошлым леце.
Я-ж сам рэдактарам газэт! —
Гляджу сабе, аж гэта, сівы,
Кароткі, тоўсты, як кабан,
Плюгавы, дужа некрасівы,
Крычыць, як ашалелы, пан.
Нясець вялікі мех пан гэты,
Паўным-паўнюсенькі набіт,
Усё там кніжкі ды газэты,
Ну, як каробашнік той, жыд!
Таварыш поплеч з ім ідзець
І несьці кніжкі пасабляець,
А сам граматыку нясець,
Што ў сэмінарнях абучаюць.
VІІ.
Во, нешта разам зашумелі,
Народ раздаўся на канцы,
І, як бы птушкі, праляцелі
Чатыры добрых малайцы.
Народ то быў ўсё не такоўскі:
Сам Пушкін, Лермантаў, Жукоўскі
І Гогаль шпарка каля нас
Прайшлі, як павы, на Парнас! Ну, словам, многа тут народу
Сабралась лезьці на Парнас:
Былі паны, было і зброду,
Як часам і на сьвеце ў нас.
Паміж людзей і я штурхаўся
І ціснуўся, што ёсьць пары;
Вось чуць-ня-чуць такі прабраўся
І лезу проста да гары.
VIII.
Узьлез. Гляджу, аж хата нова,
Стаіць, зазвычай, панскі двор,
Кругом яго там тын яловы:
Нябойсь, ня плох, ня ўзлезець вор!
Кругом там сьвіньні ўсюды ходзяць,
Сабакі, козы, бараны…
Знаць і багі хадзяйства водзяць,
Калі сьвіньней дзяржаць яны.
На грошы ў тронкі тут гуляюць
Парнаскі хлопцы-дзяцюкі;
А хто капейкі з іх ня маець,
Той лупіць проста на шлякі.
Улез к багам тады я ў хату…
А вох-ці мне! Ні даць ні ўзяць,
Як у казарме тых сапдатаў, —
Багоў ня можа сашчытаць!
ІХ.
Тарасу ліха што здаецца,
Ну, як бы ў рандзе ён сядзіць, —
Хто піпку курыць, хто сьмяецца,
А іншы песьні бурузьдзіць.
Глядзіць ён, аж на лаўцы шыюць
Шаўцы багіням хадакі,
Багіні-ж у начоўках мыюць
Багам кашулі і парткі.
Сатурн там, лыкі размачыўшы,
Падвіркай лапці падплятаў,
Па сьвеце добра пахадзіўшы,
Лапцей ён многа патаптаў.
Нэптун на лаўцы чыніць сеці
І восьці садзіць на шасты,
Пры ім-жа, мусіць, яго дзеці
Дзіравы ладзяць нераты.
Вось б’юцца Марс ды з Гэркулесам,
А Гэркулес, як той мядзьведзь, —
Каб цешыць старага Зэвэса,
Хахол ён Марсу добра мнець.
Зэвэс-жа наўзнак лёг на печы,
Сярмягу ў голавы паклаў:
Ён грэў на печы стары плечы
І нешта ў барадзе шукаў.
Во, перад люстрам задкам мелець,
І маслам мажаць валасы, б
І нечым морду сваю беліць —
Вэнэра, знаць, дзеля красы.
Амур-жа з дзеўкамі жартуець,
Ну, проста сьмех ажно бярэць,
То ён зьнянацку пацалуець,
То хустку з галавы зьдзярэць.
То ў гусьлі ён ім заіграець,
То сьмешны песьні запяець,
То адным вокам заміргаець,
Як быццам ён каго завець.
Вось затраслася ўся гара:
Зэвэс на печы зварухнуўся,
Зяўнуў і дужа пацягнуўся,
І кажаць: „Есьці ўжо пара!“
Прыгожа дужа дзеўка Гэба
Гарэлкі ў чаркі наліла
І, як жарон, букатку хлеба
Прынёсшы, бразь! сярод стала.
Яна ў страпухі ўзята ў неба,
Каб есьць варыць і плацьце шыць, —
Набойсь, на цяжкім жывець хлебе,
Ці жарты-ж столькіх накарміць?
Во, з усяго сабралісь неба
Багі і селі ўкруг стала.
І стравы смачны з печы Гэба
Насіць да столу пачала.
Найперш дала яна капусту,
Тады са скваркамі кулеш,
На малацэ крупеню густу —
Даець у волю, толькі еж; І з пастаялкай жур сьцюдзёны,
А з кашы сала аж цякло,
Ды і гусяціны пражонай
У волю ўсім багам было.
Як узьнясла-ж на стол каўбасы,
Бліны аўсяны ў рашаце,
Аж сьлюнькі пацяклі ў Тараса
І забурчэла ў жываце.
Гарэлку піць багі пачалі,
З бітлажкі ў чаркі, знай, ільлюць,
Падпіўшы, песьні запяялі, —
Ну, як у рандзе, ўсе пяюць.
Бах сп’яна пеў такі прыпеўкі,
Што аж ня можна гаварыць,
Аж засароміліся дзеўкі,
Так стаў ён брыдка развадзіць.
А Зэўс тымчасам насьцябаўся,
Што носам чуць зямлю ня рыў,
Ён вочы плюшчыў і ківаўся
Ды быццам нешта гаварыў.
Хоць не маё-то, праўда, дзела,
Ня сьлед мне, можа, і казаць,
Любіў ён цешыць грэшна цела
Ды часам лоўка падгуляць…
ХІІІ.
Але багі-такі прысталі,
Як ўсё паелі, папілі.
Во… разам у дуду зайгралі:
Скакаць багіні пачалі.
Узяўшы хустачку, Вэнэра,
Пайшла „мяцеліцу“ скакаць,
Прыгожа, стройна цераз меру —
Пяром няможна апісаць!
Чырвона, тоўста, круглаліца
І вочы, як на калясе,
Як жар, гарыць яе спадніца
І стужка ўплецена ў касе.
Хапіўшы келішак гарэлкі,
Амур яшчэ павесялеў —
Іграць пачаў ён на жалейкі
І дзеўкам стройны песьні пеў.
Нэптун з прыгожанькай наядай
Пайшоў ў прысядку казака,
Нябойсь, і у старога гада
Кроў грэець, як у дзяцюка. А во і сам Юпітэр з Вэстай
Пусьціўся, стары хрэн, у пляс,
Як бы жаніх перад нявестай,
Заткнуў ён рукі за паяс.
А во і Марс у новых ботах, —
Ён, мусіць, ботаў не жалеў,
Бо з німфамі скакаў да поту,
Гуляў у жмуркі і шалеў.
І кожны бог так расплясаўся,
Што аж няможна удзяржаць,
А хто гарэлкі насьцябаўся,
Таго пад лаўку клалі спаць…
ХІV.
Вось, як зайграў дудар плясуху,
Ніяк Тарас наш не ўцярпеў,
І з лаўкі ён, што ёсьці духу,
Скакаць на хату паляцеў.
Як стаў прыстуківаць атопкам,
Аж рот разьзявілі багі:
То ён прысьвісьнець, то прытопнець,
То шпарка пойдзець у кругі.
Глядзеў Юпітэр, і дзівіўся,
І пад дуду ў далоні біў,
Ў канцы к Тарасу прыбліжыўся
І так яго перапыніў:
А ты адкулецька, прыяцель?
За чым прыйшоў ты на Парнас?
Ты хто такі? Ты ня пісацель? —
— Не, мой панок! — сказаў Тарас,
— Я палясоўшчык з Пуцявішча:
Чуць золак сяньня са двара,
Прыйшоў сюды я а паўдні шчэ
Ды ўжо й да дому мне пара,
Ці ня была б, паночак, ласка
Адсюль дамоў мяне завесьць;
Хадзіўшы па гарэ Парнаскай,
Мне дужа захацелась есьць.
ХV.
Кіўнуў Зэвэс, і мігам Гэба
Крупені ў міску наліла
І добрую краюху хлеба,
Сказаўшы „еж!“ — мне падала. Крупені ў волю я пад’еўшы,
Усіх падзякаваў багоў;
Кашэль за плечы прывязаўшы,
Сабраўся ўжо ійці дамоў.
Але зэфіры падхапілі,
Хто за руку, хто за паяс,
І, як бы птушкі, паташчылі
Яны мяне цераз Парнас.
Нясьлі на крыльлі, быццам вецер,
І проста прынясьлі ў наш лес.
Гляджу я: мусіць ужо вечар,
Бо маладзік на неба ўзьлез…
З тых пор Тарас ужо ня ходзіць
Так дужа рана па лясох,
ў А дзеля гэтага ня шкодзіць
Бярвеньне красьці па начох.
Дык во, што бачыў наш Тарас,
К багам узьлезшы на Парнас.
Ён гэта мне апавядаў,
А я ў паперку запісаў.
|