На другім тыдні прышла серада,
Вот к Ананію сельска грамада
Зноў сабралася, абсела сьвятліцу;
Гдзе-ж весялей правесьць вечарніцу,
Як не ў старога? — Дзед, на казкі гад!
З ахвотай слухаць кожан яго рад.
Ўсяк дзеля бяседы кішэню патрос;
А Халімон — з Данілавай хаты,
Дзяцюк прыгожы, вясёлы, багаты,
Ад Мордкі пляху гарэлкі прынёс.
Вот не раўнуючы, як, баш, прааццы
Сваіх дзядоў, бацькоў шанавалі,
Так і Ананію ад сэрца кахалі,
Цэлая воласьць — малады, стары.
Дзядок плёў лапці, седзячы ў куце́,
Рад што з грамадкай вечар правядзе;
Гаспадароў радасна страчае,
А малых дзетак ён благаслаўляе.
Смольнай лучыны згатаваў Пятрок,
Засьвяціў ярка ў хаце лучнічок; А як апошні гаспадар прышоу,
Усе заселі; на старца[1] глядзяць,
Чакаюць жадна, што пачне казаць;
Дзед вокам мутным дакола павёў,
Перахрысьціўся, малітву сказаў
Ды й такі рэчы гаварыць пачаў.
„Суседы дабрыя — дзеткі дарагія!
„Дзякуй-жа вам, што убогу хату
„Вы не забылі; каб зато багату
„Бог паслаў вам долю, дзетачкі мілыя.
„Пакуль-жа пачну казачкі ілгаць,
„Помніце, дзеткі! — ды й на прышлы час,
„Усяка дзела ад Бога пачаць,
„Так ксёндз дабродзей здаўна вучыў нас.“
Тут дзед старэнькі голас свой падняў
Ды й — „Ах, мой Божа! веру“ — засьпяваў,
А стары, малы калены згібалі,
Пець сьвяту песьню дзеду памагалі.
Кончылась хвала Боска. Тут дзяўчаты
З белай кудзелькай заселі ў круг хаты,
А гаспадары, хлопцы, хто гдзе змог,
Той на калодзе, той заняў парог;
Усе замоўклі — сказаў-бы памлелі,
Вярцёны толькі кругом загудзелі.
— „Іздаўніх-даўна, некалькі сот лет,
Яшчэ разумным ня быў так наш сьвет,
Як цяпер, дзеткі. Праведнага Бога
Ня ўсе хвалілі; было людзей многа,
Што ня ў хрышчонай веры пражывалі,
Нячыстай сіле паклон аддавалі.
Вот у Лагойску, над Гайнай ракой,
Быў вельмі крэпкі замак крывічан,
Там малады княжыў князь Грамабой;
Добры, адважны, шчыры быў то пан.
Не прапускаў кепства[2] ён нікому,
Гатоў, бывала, хоць аканому
Засьпяваць праўдай; мужычкам быў рад,
Не жалеў хлеба, солі для грамад.
Там-жа недалёка у воласьці жыла
Мужыцка сямейка: гаспадар Даніла,
Яго з першай жонкі дачка Кацярына,
Расла, як тычынка, цьвіла, як каліна;
Бывала, вочкам як на цябе гляне,
Нехаця сэрца тваяго дастане: Серабрысты голас, як у салавейка,
А гаспадарная, быццам муравейка,
Ціха, як авечка — прыгожа, як краска;
Зато-ж мачыха яе, Параска,
Была, як гадзюка, злая, што крый Божа!
Бывала, ад сьвету як возьме брахаць
Ды й на Кацярынку стане вымышляць,
Хоць на сьмерць заплачся — нішто не паможа.
У бабы доч Мархва, як маці, сярдзіта,
Брыдка, маўляў ведзьма, горка, як асіна;
Ня раз бедненькая наша Кацярына,
Пакрыўджана Мархвай, з яе ласкі біта,
Уздыхне ад сэрца, сьлёзкамі заплача,
А злая дзяўчына з радасьці аж скача.
Бывала калісьці, у даўні гады,
Прааццы нашы Стаўроўскі дзяды
Грамадой вялікай важна паміналі,
Мёртвых дзядоў, бацькаў к сталу прызывалі.
Ды і Даніліна, баш, заўсёды хата
Стаўроўскія дзяды што год памінае;
Як прыдзе, бывала, Зялёнае сьвята,
Сваякоў магільных бяседай страчае.
Раз Стаўроўска сьвята людзям засьвяціла,
Не адна цяжэнька паднялась магіла,
Мёртвыя душачкі узялі кружыць
Па белым сьвеце, а ведзьмы старыя,
Вот маўляў зьвер люты — ваўкалакі злыя,
Ну-ж бедным людзям худобку глуміць.
З зарой Кацярынка у той дзень устала,
Беленькае лічка ў ручаю скупала,
І з сіненькіх вочак стала слёзкі ліць,
Благатварыцеля ад сэрца прасіць,
Каб даў Ён спасеньне матачцы радной,
Душачцы грэшнай вечны упакой.
Мархва-ж з палаці ня хоча устаць,
Гляне на хату, ну ж матцы брахаць:
„Маці, а маці, палядзь! — Кацярына
„Нішто ня робіць: чакае у сваты,
„Яшчэ дасюль не замяла хаты.“
Крычыць Параска: „Гультайка дзяўчына!
„Бяры мятлу! ідзі двор мяці!
„Досіць бяз дзела у кутку стаяці!
„Каб было чыста у запечку, хаце,
„Зараз мне, дочка паганска, ляці!“
Тут Кацярынка ручкі закасала,
Сьвятліцу і двор чысьценька прыбрала,
А пасьля з бабай сталі печ тапіць,
Важну бяседу для дзядоў варыць; Мархва-ж з гультайства праспала дзянёк;
Аж вось у хаце бліснуў аганёк.
Дубовы стол Кася[3] накрывае,
Даніла пляху гарэлкі стаўляе;
Выглянуў, асьлі госьці ня ідуць?
Найпершы Казьляр[4] туды паявіўся,
Гаспадару ў пояс пакланіўся,
За ім — Гусьляр[5], там свае брадуць.
Ксёндз няхрышчоны несьвяту грамніцу
Яркім агнём запаліў,
К сьцяне яе прыляпіў,
Бліснула полымя на цэлу сьвятліцу.
З Гусьляром яны малітву пачалі,
Дзядоў Даніліных жыцьцё паміналі,
А як кончылі, душачкі сустрэлі,
Згасілі сьвечку ды й за стол заселі.
Гаспадар чарку ў гору падымае,
Пакуль скаштаваў, крыху на стол зьліў;
Такі абычай із-даўня там быў;
Пасьля да ксяндза душком прапівае.
Ксёндз — да Гусьляра з такім жа абрадам,
Гусьляр — да Параскі: баш, сядзелі радам;
Пакуль жа у круг чарку абнясьлі,
Абрусок да ніткі гарэлкай зьлілі.
Са стравамі міскі Кацярынка зносіць,
Даніла частуе, гасьцей важна просіць,
Усяк на талерку гліняну бярэ,
А пакуль есьць возьме, першу лыжку лье
У міскі, што там-жа пасярод стаялі,
Каб душачкі з імі разам спажывалі.
Боршч з саланінай на стол паявіўся,
Кісла верашчака за ім з каўбасой,
Грэцкімі блінамі абрусок пакрыўся,
А далей крупнік з парасём стралой
Ляцеў у талеркі: вячэра сьвятая!
Бадзялася тут-жа лямешка густая,
Панцак, ягляная са скваркамі каша,
То яда мужыцка! — то пацеха наша!
Вот на лыжцы Касі прысеў матылёчак,
Дробненькія сьлёзкі брызнулі із вочак;
То матачкі яе душачка сьвятая,
Так думала Кася, міла паглядае,
Не страпяне лыжкай, каб матылёк еў;
Ён пасядзеў крыху, — далей паляцеў. Пад канец вячэры малады Гусьляр,
Шапнуў дабрадзею; вот устаў Казьляр,
Лыжкай зачарпнуў ён усялякай стравы
Ды й пад стол падкінуў, ня дзеля забавы,
А што, баш, абычай здаўня такі стаў;
Як кончыўся абрад, ён прабарматаў.
„Стаўры, Гаўры — гам!
„Прыхадзіце к нам.“
У сянях быццам штосьці зашумела[6],
Маўляў цьма варонаў туды наляцела:
А пасьля, здаецца, сабакі брахалі:
Са страху валосы усім дыбам сталі.
Ускочыла Мархва, хапае лапату,
А Кася, узяўшы місу верашчакі,
Сьмела ідзе к дзверам, адчыняе хату,
Аж вось два вялікі увашлі сабакі.
Мархва дзеля страху лапатаю грозіць,
Каб выгналі ліхіх, усіх гасьцей просіць,
Кася-ж не баіцца міску ім паставіць
Ды й да верашчакі лямешкі дабавіць,
Кожнага за шыю сьмела абнімае;
Брытан[7] міла гляне ды й хвастом віляе.
Асвоілась Мархва, да Касі прыстала:
„Што, баш, за ахвота на цябе напала
„Так брыдкіх сабак у хату пускаць
„Ды й яшчэ стравай іх прынараўляць?“
Ня слухала-ж Кася, сабак частавала
Ды й крутой лямешкі усьцяж дабаўляла.
Як брытаны паядалі,
Касі ножкі палізалі,
Пасьля яны страпянулісь
Ды й за дзьвярмі апынулісь,
Толькі зямля, гдзе стаяла
Кацярынка, заблішчала.
Нагнулася дзеўка, з зямлі падымае
Дзьве цацкі блішчасты, як сонца лучы,
Бяруць цацкі госьці, усякі пытае,
Што гэта за дзіва? — Казьляр, глядзючы
На Касін падарак ад дзіўных сабак,
Падумае крыху ды й раскажа так: „Залатая цацка — гэта абраз Лады[8],
Яе аб дабытак валасной грамады[9]
Прасіце, дзеткі. А друга — крыж Панскі,[10]
Дарага памятка веры хрысьцьянскай.
Хто з вас абраз Лады спытае насіць,
Таму у раскошы, шчасьці век свой жыць;
А каб не прагневаць вам, дзетачкі, неба,
Другую памятку ў агні спаліць трэба.
А тыя-ж сабакі — гаспадара Боя,
Што калісьці княжыў ён у Краснапоя;
За ўсякі прыслугі, каторых дазнаў
Ад Стаўра і Гаўра, сваіх брытаноў,
Ён верным падданым грамату паслаў
Сустрачаць бяседай Стаўроўскіх дзядоў;
Дзень на то назначыў, каб іх памінаць,
Калі-б Стаўра, Гаўра на хаўтуры зваць.
Вот бачыце, дзеткі! як мы іх заклялі,
Зараз паявілісь, вячэры спыталі,
І прыгожай дочцы вашай, Кацярынцы,
За добрае сэрца прынясьлі гасьцінца.
Завісьць бярэ Мархву, злосна, вокам стрыжа,
Аж тут абазьвецца маць яе, Параска:
„За што-ж Кацярынцы мае быць та ласка?“
Бярэ абраз Лады, на шнурочак ніжа,
Ды й прыбрала дочку, радасна глядзіць,
А Мархва аж скача: золатам блішчыць.
— „Кацярынка-ж, маці, няхай прыбярэцца
У жалезну цацку“ — так Мархва пяе,
А пасьля у голас яна засьмяецца
Ды й крыжык жалезны ад маткі бярэ,
Рукою нячыстай на шнурок чапляе,
На беленьку шыйку Касі завяшае;
Рада Кацярынка, крыжычак цалуець,
А Даніла госьці вячэрай частуець.
Вось яны пад’елі, ад стала адсталі,
Памалілісь Богу ды й гэтак казалі:
„Сьвятыя дзяды! папілі, паелі,
„Ідзіце-ж к сабе, каб дамоў пасьпелі“.
Ды і нам, дзетачкі, пара адпачыць,
Напіцца гарэлкі, крыху закусіць.
Тут дзеда на кут саджаюць,
Чаркай к яму прапіваюць,
Ды й заселі грамадой:
Мятуць! вот быццам мятлой.
Каўбасы, сала, што на стол паклалі,
Дочыста зьелі, памінай, як звалі.
Вот на Лагойскім замку Грамабой
Ледзь пачаў княжыць, а ужо як свой,
Як родны бацька быў ён для чалядзі,
Любілі яго у цэлай грамадзе.
Коратка дзяржаў ён радных паноў,
Не папушчаў ў крыўду бедных мужычкоў,
Ды што і казаць! бывала, як гляне,
На аканома ці на камісара,
Усяляку праўду з-пад ногця дастане:
Кожан баяўся такога мацара.
Да зьвера ахвотнік вялікі ён быў,
Часьценька са стрэльбай да лесу хадзіў;
Возьме, баш, гарэлкі, талакна кусок,
Дзесятак яечак, сыр, хлеба ламок,
Раненька устане, ад сьветлай зары
Ходзіць ён па лесе да цёмнай пары.
Віт, князь літоўскі, раз к яму прыслаў
Сваіх пасланцаў, каб, баш, помач даў
Проціў паганскай сілы ваяваць;
Князь Грамабой пашоў памагаць
Сваяку Віту аж да самай Оршы,
Кінуўсь на паганцаў, — моланьні скоршы,
Усіх пабіў іх, вярнуўся да хаты,
Прывёз з сабою дабычы багаты.
Усенька грамада добрых крывічан,
Ці то мужычок быў, ці вялікі пан,
Сваяго князя радасна страчае,
Дарожку яму каўром высьцілае.
Князь Віт, углядзеўшы, як яго кахалі,
Маўляў родненькага бацьку спатыкалі,
Радасну сьлёзку кулаком абцёр
Ды й такі з князем завёў ён гавор:
„Трэба, міленькі, табе ажаніцца,
„Кабы на старасьць дзетачак дажыцца,
„Хто-жа па табе мае панаваць,
„Каму грамадку таку адказаць?“
Паны, што з імі на вайну хадзілі,
Князеву гаворку зараз падхапілі,
Ды й рукі яго цалуючы, ногі,
Такія рэчы кажуць бяз трывогі:
„Дарагенькі наш князёчак!
„Родны бацячка, паночак!
„Паслухай дзетак сваіх просьбы шчэры,[11]
Выбяры жонку — якой хош манеры: „Ці можную каралеўну,
„Ці багатую князеўну,
„Ці маладую шляхцянку,
„Ці прыгожую хлапянку:
„Мы яе будзем, як матку, кахаць,
„Як цябе, князю, станем шанаваць“.
Князь аж расплакаўся, з Вітам ён абняўся
Ды й скора жаніцца грамадзе закляўся.
Цэлы год з панамі ёй сваімі радзіў,
У якія царствы сватоў, баш, паслаць,
Гдзе жонкі прыгожай яму пашукаць?
Аж стары пан радны бараду пагладзіў
Дый кажа: „Князёчак ты наш дарагі!
Касьцельнага трэба радзіцца слугі;
Няхай ён малітву сваю прачытае,
Няхай, баш, нябесных багоў папытае,
Яку пашлюць раду — каб сказаць ён мог“.
А тады, дзетачкі, было багоў многа,
Усякі куточак меў сваяго бога,
Вот не раўнуючы, што бацька — то бог!
Тут ксёндз старшы Апанас,
Абкурыў ладанам сьцены у касьцеле
Ды й просіць Бога, каб зладзіў вясельле
Добраму князю ды у добры час.
Раз князёк каханы шоў на паляваньне,
Вельмі умарыўся, пад дрэвам прыстане,
Ногі абамлелі, ён крыху прылёг,
Вочы, баш, прыжмурыў, вот сон яго змог.
Тут яму прысьнілась, быццам дзед старэнькі,
Ледзь пацягне ногі, як галуб сівенькі,
Вядзець пад-ручку маладую дзеву,
А так прыгожу, маўляў каралеву!
Валасы русы у стручочкі ўюцца,
Краскі на шчочках, як з крыніцы б’юцца,
А сінім вочкам, дзетачкі, як гляне,
Нехаця сэрца тваяго дастане;
Кветачкамі сьвеціць яе андарак,
Гарсэцік чырвоны, як у гаршку рак,
Дробненькія ножкі, бач малай дзяўчонкі,
Як лебедзеў пушык — белыя ручонкі:
Сваявольны вецер касьнік разьвявае,
На грудках жалезны крыжычак мігае.
Дзядок што раз бліжай з паненкай падходзіць,
Дзівіцца князёчак, воч з яе ня зводзіць,
Сэрца закіпела, розум пацяраў,
Ад душы прыгожу дзеўку пакахаў.
Ціхім галасочкам старэнькі дзед кажа:
„Така воля неба, слухай яе, княжа! „Вот для цябе жонка! знайдзеш яе ўраз,
„Толькі людзям сваім разашлі указ,
„Каб та на замковы явілась дзядзінец,
„Каторай пес Стаўры дараваў гасьцінец“.
Кончыў дзядок мовіць і вось, як стаяў,
Ён з краснаю дзевай бяз весьці прапаў.
Князь-жа Грамабой зараз разбудзіўся,
Ўспомніў сон гэты, вочы працірае,
Ды й кругом сябе жадна паглядае,
Потым уздыхнуў ён: „Божа, дай, каб збыўся
„Гэтакі сон мілы. Ды што тут чакаць!
„Трэба яе зараз усюды шукаць“.
З зямлі схапянуўся, ціханька паброў
З салодкаю думай князёк наш дамоў;
Прыходзіць да хаты, із лапцей разуўся,
Анучы разьвесіў, радных паноў зве,[12]
А як, баш, прышлі, індыком надуўся
Ды й кажа: „Пішыце указ грамадзе!
„Каб красную панну, ня панну — дар Божы!
„Катора падарак ад Стаўра прыгожы
„На шыі хавае, зараз адшукалі,
„На замковай гарэ паклон ей аддалі;
„Няхай сюды вядуць, бо Стаўроўска дзева
„Будзе мая жонка — ваша каралева!“
Радныя паны жыва указ шлюць,
Вось што будзе далей, моўчкам яны ждуць.
Грамада указ той вясёла прымае,
Па ўсім царстве дзевы Стаўроўскай шукае.
Як-жа весьць такая кругом разьняслася,
На тры пальцы ўгору Мархва паднялася!
— „Годзе, кажа, дома сядзець, родна маці!
„Засьвяціла шчасьце тваяму дзіцяці:
„Я маю падарак, я — Стаўроўска дзева!
„Буду жонкай князя, буду каралева!
„Вядзі мяне, маці, на замкову гору
„Ды пакажы мяне княжынаму двору,
„У мяне, баш, абраз Лады залаценькі,
„Маім будзе мужам князёк дарагенькі!“
Тут яна нядзельну сукенку ўзлажыла,
Залатым абразкам Лады засьвяціла,
Маць сваю Параску пад-руку ўзяла,
На замкову гору раненька пашла.
Паны б’юць паклонам, чэсна спатыкаюць,
Да Стаўроўскай дзевы князя прызываюць;
Выбежаў князь скоры, глядзіць: „Што за дзіва!
„Адкуль тут прыгнала зьвязда нешчасьліва Гэтаку брыдоту?“ — злосна такі рэчы
Пан кажа ды й Мархву хапае за плечы;
Швырне яе далоў з замковай гары…
У сыру зямельку сашла без пары.
З таго-ж часу гара Паненскай завецца,
Дух Мархвы там часта па начах бадзецца.
Князь паноў ганяе, крычыць, што крый Божа,
Ахвота, бяседы — нішто не паможа.
„Адшукайце панны Стаўроўскай ураз!
„Крыжычак жалезны — то яе прымета,
„То Стаўра падарак. Хоць вы з таго сьвета
„Вядзіце на замак! такі мой прыказ.“
Ад беленькай зары радныя паночкі
Шукаюць дзяўчыны аж да познай ночкі;
Бядовае дзела! пашлі у разгон.
Пачуў весьць такую Гусьляр маладзенькі,
Успомніў ён Касін крыжычак маленькі:
Бяжыць да Данілы, аддае паклон
Ды й Касі гаворыць: „Ты — Стаўроўска дзева!
„Ты — князева жонка, наша каралева!
„Ты носіш падарак Стаўра на грудзі!
„Прыбярыся чэсна у нядзельну шату,[13]
„Гарсэт узьдзень красны, спадніцу багату,
„Ды на замак княжын з Данілам ідзі!“
Спужалася Кася, сьлёзкамі заплача,
А стары Даніла з радасьці аж скача!
Дочку ён пад-ручкі на замак вядзе.
Угледзілі паны, паклонам страчаюць,
Аб такой навіне князю дакладаюць;
Грамабой ня верыць, няпеўна ідзе.
Вот пабачыў Касю, вочы заблішчэлі,
З радасьці калены пад ім абамлелі,
Наяве сон князю праўдай засьвяціў;
Апомніўся, кажа: „Ты — Стаўроўска дзева!
Ты — для мяне жонка, крывічан царэва!
З табою шчасьлівы, век-бы ня тужыў!“
Боязна на пана Кася паглядае;
Палюбіла… сэрца за ім прамаўляе;
Хоць сорамна, ды, баш, да вянца ідзе
З радаснай душою, а князь ледзь ня скача,
Завідна-ж Параска са злосьці аж плача,
Вясёла бяседа — цэлай грамадзе.
А стары Даніла на вясельлі дочкі,
Закасаўшы полы, ўзяшыся пад-бочкі,
Дуе «лявоніху», аж хахлом трасе!
Вот была пацеха! Сем дзён там гулялі, Здаволь пілі, елі, дасыта скакалі,
Не жалелі лапцяў — так казка нясе.
І я на вясельлі, дзетачкі, тым быў,
Піва, мёд, гарэлкі — дасыта папіў,
Хоць можа у роце нішто ня было,
Зато па бародзе уздаволь цякло.
Далі мне кабылку, дзеткі, смаляную,
Пугу з пастарнаку, із капусты збрую:
Еду сабе, еду, аж блізка дарогі
Агні заблішчэлі; тут я бяз трывогі
Папусьціў кабылку, к агню пад'яжджаю,
Там пасецца быдла, я пугу кідаю;
Ну-ж пры агні грэцца, з пастухамі брэдзіць,
Вот загаварыўся, ды й ня мог дагледзіць,
Што мая кабылка пры агні стапілась,
Пугу, цэлу збрую скацінка паела;
Як, маўляў, прыгода такая злучылась,
Вось патужыў крыху, гледзячы то дзела,
Ды й паброў да хаты. І вы, дзеткі, йдзіце,
Каб ціхі сон дзеду даў Бог, папрасіце.
|