Хрыстаматыя беларускае літэратуры. ХІ век—1905 год/В. Дунін-Марцінкевіч/«Гапон»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
В. Дунін-Марцінкевіч „Гапон“
Паэма
Аўтар: Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч
1922 год
З „Вечарніц“
Іншыя публікацыі гэтага твора: Гапон.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ГАПОН.

(1854 г.).

Песьня першая.

Калі ахвота пачата,
Што-ж стаіце, як цялята?
Далей, хлопцы, маладзіцы!
Пачніце ад „мецяліцы“.
З комэдыі-опэры „Сялянка“.

Шум, крык, гоман у карчме,
Кіпіць сельская дружына,
Піва, мёд, гарэлку п’е,
Ажно курыцца чупрына.
Гаспадары за сталом
Громка гутарку вядуць;
А ляндарка з ляндаром[1]
Мёд, гарэлку раздаюць.
Хлопцы, дзеўкі, маладзіцы
Ля парога гаманяць,
А старыя чараўніцы
Цішком ля пячы сідзяць.
Ананьня на йскрыпцы йграець
„Лявоніху“, то „бычка“;
Гапон жару паддаваець:
„Заграй, крычыць, „казачка“!“
Аж юкнула Кацярынка,
Так задаў ей кулаком:
„Хадзі, мая ты малінка!“ —
Ды й затупаў хадаром.
„Ананія, рэж вясёлы!“ —
Крычыць громка наш Гапон,
Ды й, сабраўшы ў сьвітцы полы,
Мэрам хохлік![2] мэрам ён!
То ў прысядкі выкідаець,
Ажно стогнець пад ім пол,
То галубца падбіваець,
Ажно трасецца хахол.
„Ах! ух! давай жару,
„Давай болі[3], давай пару!“ —
Крычыць Гапон ды й гуляець,
Пад скрыпачку падпяваець:
„Эй чух, Кацярынка!
„Чабоцікі красны;
„Каму блішчаць, каго любяць
„Твае вочкі ясны?
„Эй чух, Кацярынка!
„Твае кудры ўюцца,
„Скачаць, пляшаць мая міла,
„Аж шчочкі трасуцца“.
Трэйчы Гапон прамахнуў,
Бражджаць ножны з вагнівом,
Стаў на месьце — падпрыгнуў,
Ды й затупаў хадыром.
Кацярынка-ж успляснула,
На міленькага зіркнула,
Хваць! спаднічку распусьціла,
Трэйчы запяткам падбіла.
Дробны ножкі выкідаець,
Чаравічкі скрыпяць,
А із вочак аж сіяець,
Быццам іскры ляцяць.
Русы коскі падлятаюць,
Касьнікі, як жар, гараць;
А вось вышай як зайграюць,
Так і возьме прыпяваць:
„Мілы Хартон, мілы Саўка,
„Ды мілейшы-ж мой Гапон:
„Хахол ясны, паяс красны,
„А галасок, кабы[4] звон!
„Не хачу Саўкі, Хартона,
„Мне жыцьця з імі ня быць,
„Валей маяго Гапона,
З ім ня буду я тужыць“.
Пяець, пляшаць, падбіваець,
Ўсяк вокам за ей брадзець,
Як ластаўка, падплываець,
Ажно хочацца глядзець.
Ананія-ж — воўча юха
То ўжо нечага маніць!
Ярка рэжа із-за вуха,
Аж скрыпка яго зьвініць.
„Мяцеліцу“ прабірае,
Ёмка, громка, ладны час!
Дробна смыкам падсякае,
Зьвініць рымка, гудзіць бас.
Локаць упёршы у бруха,
Ля кабылкі нос дзяржаў,
Далей сьціхнуў — ды й з-за вуха
На „лявоніху“ падняў.
Схваціў Гапон Кацярынку,
Сьмела к сэрцу прыцягнуў,
Абняўшы рукой за сьпінку,
„Лявоніху“ успрыгнуў.
Угрунь за ім маладзіцы,
Дзеўкі, хлопцы, хто як змог,
Дрыжаць чупрыны, спадніцы;
Суматоха — што крый Бог!
Ад пылу аж пацямнела,
Хохат, лопат, шум ды крык,
Як у гаршку закіпела,
Як на быдла напаў зык.
Той ў прысядкі, той выкідкі,
Чупрыны, як шчэць дрыжаць,
Тая бокам, тая скокам;
Ды й так возьмуць прыпяваць:
„Ах, калі-ж я у матулькі была,
„Як вішанька у садочку цьвіла,
„Папалася злому духу, мужыку,
„Ён высушыў, як ліпінку у духу.
„Наехала повен двор татароў,
„Ды узялі-ж майго мужа у палон,
„Ня жаль-жаж мне, што яго узялі,
„Толькі шкода, што ня крэпка зьвязалі:
„Ён, паганец, уцячэць, уцячэць,
Мне галоўку натаўчэць, натаўчэць.
„Трэба-ж будзе сьцерагчыся, уцякаць,
„З вераб’ямі пад страхою начаваць".
Далей крыкнула Тацяна,
Абняўшы за шыю Яна:
„Пашоў Янка у грыбы,
„Тацяна ў апенкі,
„Спаткаліся, абняліся,
„Як дзеткі маленькі“.
А за ею Халімон,
Гудзіць, як царкеўны звон:
„Ой Божа мой, Божа!
„Нашто я радзіўся?
„Састарэўся, як сабака,
„Дасюль не жаніўся".
Перастаў. — Гапка спляснула
Ды й тоненька зацягнула:
„На вуліцы курта брэша,
„А да мяне мілы чэша,
„А ці чэша, ці ня чэша,
„Ды ня дарам курта, брэша!“
Вот так пляшуць, прыпяваюць,
Хохат, лопат, крык і зык,
Аж пад строп пыл падмятаюць,
А як рэзаў — рэжа смык!
Аж тут, скрып!.. дзверы суздром
Расчыніліся… трывога!
Бо з войтам сам аканом
Як тут — знайшліся ў парога.
Уся ахвота прыўстала,
На ўсіх страхатня напала:
Ананія-ж — як уцяў!
Пахінуўся напярод,
Па ўсіх струнах запішчаў, —
Так кончыўся карагод.
І Гапону не да танца,
Як аконама, паганца,
Ён угледзіў, так прыстаў,
На ўсё горла закрычаў:
„Ой будзе-ж нам цёпленька, браткі!
„Хто малады, уцякай з хаткі!
„Ня дарам сталі шаптаць,
„Што некрутаў будуць браць.
„Пабірай іх ліхі бес!
„Хто дуж, уцякайма ў лес!“
Тут настала суматоха,
Усяк бяжыць, маўляў з агня,
Адзін дзьверы выпірае,
Другі цісьнецца пад стол,
Той цераз вакно сягае;
А Гапон хваціў за кол,
Ды й спіной стаўшы у куце,
Як мятлой, усіх мяце.
Вот калі пакурцяў[5] туча,
Гурмам[6] мядзьвядзя асадзіць;
А ён са злосьці мармуча,
Як каторага пагладзіць,
Той з болю яўкне́, той брэша,
Так Гапон наш колам чэша.
Ён вярцеўся, кабы ўюн,
Сюды і туды кідаўся,
Не жалеў, біў, хто папаўся,
Але і коман цікун!
Глядзь, усякія плахціны,
То кажухі, то пярыны,
На Гапона стаў кідаць.
Ня дзіва-ж было паймаць.
Яго, беднага, зьвязалі
Ды й у калодкі скавалі;
Годзе вадзіць карагод!
Кацярынка-ж пабляднела,
Заплакала, абамлела,
Прышоў на іх чорны год.



Песьня другая.

Над сіратою
Бог з калітою.
З комэдыі-опэры „Сялянка“.

У вялікім у сяле,
Над дняпроўскай стараною,
На прыгарку у вугле,
Між лесам ды між ракою,
Там стаялі дзьве хаціны:
Усьціньні, друга — Грыпіны.
Першай мужык быў Мірон;
Нівесь за якія грэхі
Не дажыў з сына пацехі,
А той сын быў наш Гапон.
Ён, няма чаго казаць!
Горды, сьмелы, зух дзяціна!
За сваіх умеў стаяць,
А прыгожы, як маліна.
Ды і пісьменны-ж быў ён:
На яго са ўсіх старон
Дзеўкі сумаўчком зіркалі,
На ігрышчах прысядалі;
А Гапон ані глядзіць,
Ён пры суджанай дзяўчыне,
Наймілейшай Кацярыне,
Як прысядзе — дык сядзіць.
У ўдавы-жа Агрыпіны,
Апроч дачкі Кацярыны,
Болей ня было сваіх;
Яна з Усьціньняй, кумою,
Жыла, як рука з рукою,
Адна нума была ў іх:
Каб сваіх дзетак сасватаць,
Каб худобку ім прыпратаць,[7]
Каб, як сядуць на сваім,
Яны весела зажылі,
Без патрэбы ня тужылі,
Ня рупелі ні аб чым.
У Грыпіны-ж Кацярына,
Крый Божа! бяды ня знала,
Як у садочку маліна,
Расла, цьвіла, дасьпявала;
На шчочках кроў з малаком!
А вочкі блішчаць агнём,
І семнаццаць ужо лет,
Як прыйшла яна на сьвет.
Ну-ж з сабой кумы сайдуцца,
Тут зараз гадкі пачнуцца:
„Пара, баш[8], дзяцей жаніць;
„Яно усякі адклад
„Ня вельмі ідзе у лад;
„Пойдам[9] пані чолам біць:
„А там дзейся Божа воля,
„Як прыбяром усё з поля,
„Дзетак к вянцу павядзём“.
Гэтак стары гаманілі,
І напеўне[10] улажылі,
Ды памяшаў аканом.
Ён — баш ты, сабачы сыну!
Упадабаў Кацярыну,
Ды й ну-ж к беднай падсядаць,
То ластаўкай падплывае,
Красны слоўцы выпускае,
Каб як-небудзь яе ўняць.
А Кацярынка — нябога:
„Бойся, кажа, паніч, Бога!
„Гэта-ж грэх така напасьць;
„Як пажалюся Гапону,
„Ён пеўне такога гону
„Панічу цішком задасьць,
„Што зубоў не пазьбіраеш,
„І ахвоту пацяраеш
„Чужых нявестак глуміць“.
Коман Гапона зьлякаўся[11]
На час адстаў, ды закляўся
Маладых ён пагубіць.
Вот ночка яшчэ цямненька,
Дожджык, як з сітца, прышыць,
А войт даўным-даўнюсенька
Загад пад вакном крычыць:
Хто пойдзе дровы рубаць,
Хто крупы таўчы і драць,
А хто з цэпам малаціць,
Каму брагу калаціць.
А вось і аконам сам
Прыбег к карчме на кані[12],
„Слухай, крычыць, слухай, хам!
„У карк шэльмаў тых гані!
„Бо як толькі апазьняцца,
„То скажы тым гультаём,
„Што й з здароўем ня відацца,
„Так задам ім нагаём“.
А ўжо нечага маніць:
Доўга будзеш памятаць,
Калі возьмець драць і біць,
То і з зямлі ня устаць.
А вось бліснулі агні,
Войт стадолу адчыніў,
І аконам на кані
У стадоле — як тут быў:
„Гэй, дабрыдзень, аляндару!
„Што тут новага чуваць?“
— „Уф! Вяльмозны камісару!“
Ды й так яму стаў брахаць:
„Ясны пане, сто-з тут цуць,
„Цы я магу усё знаць,
„Ат!.. ведама — людзі п'юць,
„Каб толькі на доўг даваць.
„Ну!.. як пан мне прыказаў,
„Каб я таго ня цыніў,
„То напавер і ня даў,
„Хоць Гапонцык і прасіў
„Маей Сейны, сто Бог крый!
„А як я не дапусьціў,
„То ён ухваціўсы кій,
„Вельмі брыдка сярдзіт быў.
„Ну!.. Пан ясвы, звазай сам,
„Калі хоцаць хто у сваты,
„Цы то дзела будзець нам,
„Цы мы таму вінаваты?
— „Як то ў сваты! то Гапон
„Ужо задумаў жаніцца?“ —
Крыкнуў з сэрцам аканом
І вось як пачаў браніцца:[13]
„Ах ты юха! ах ты пес!
„Ты латруга! знаю я,
„Куды цябе хіне бес;
„Ды пастой, душа мая!..
„Ты тут, войт?“ — Войт пакланіўся,
Ды за вухам пачасаў:
„Ды тут, пане!“ — абвясьціўся.
Ось аконам закрычаў…
— „Бяжы, гыцлю, мне сійчас!
„І Гапончыку скажы,
„Каб явіўся сюды ўраз;
„Спраўна-ж, гыцлю!.. ну!.. бяжы!..
„А ты, пане аляндару!
„Паднясі-жа мне гарэлкі“.
„Гід! гід![14] ясны камісару!“ —
Ды й пачаставаў з тарэлкі
Поўнай шклянкай; — аканом
Выпіў з шклянкі, закусіў,
Аж тут з войтам і Гапон
Цераз парог праступіў;
У пояс ён пакланіўся,
„Нех бэндзе!“[15] — громка сказаў,
Крыху ўперад падступіўся,
І, што вяляць, — дажыдаў.
Рыжы вусы аканома
Шчэцьцю уверх паднялісь;
Зіркнуў скоса на Гапона,
Вочы кроўю залілісь,
Губы страшна пакрывіў,
Кнут у жмені аж трашчыць;
Як к Гапону падступіў,
Так і ўзяў яго сушыць.
— „Як ты сьмееш, воўча юха!
„Без двара у сваты слаць?“
І бразнула аплявуха,
Што Гапон ледзь мог устаць.
„Ось — я табе, ўражы сыну!
„Як адвешу сотні дзьве,
„То забудзеш Кацярыну
„Ды забудзеш — і сам гдзе“.
Гапон на бок пашатнуўся,[16]
Твар далоняю закрыў,
Наакола абглянуўся,
Ды за таўкач ухваціў.
— „Каб я Бога не баяўся,
„Паказаў-бы я табе!
„Чаго ты тут прыскяпаўся?
„Думаеш, баюсь цябе!
„Пані за то не сярдзіцца,
„Хоць шлюць сваты без двара,
„І пазваляе жаніцца,
„Як каму на то пара.
А ты! маўляў ваўкалака,
„Зьдзекуешся тут над намі;
„Сьцеражыся-ж ты, сабака!
„Помні, што і мы з зубамі“.
Коман, як ту рэч сумеў,
Да стадолы пабяжаў,
Гапон кончыць не пасьпеў,
Так з карчмы ён цягу. даў,
Крый Госпад! як ён зьлякаўся,
Ледзь да хаты змог прыбыць,
Ды на ўсіх сьвятых закляўся
Гапона на век згубіць.
Вечарком раз ў двор ідзе,
Яснай пані б'е чалом,
Быццам верны аканом,
Ён такі ляпорт[17] вядзе:
„Кепска, пані, ў нас чуваць,
„Уся воласьць у трывозе,
„Не адзін будзе ў астрозе;
„Хлопцы сталі бунтаваць“.
„Хрысьце Пане найласкаўшы! —
Крыкнула пані прыўстаўшы;
„А то чыста кара неба!
„Бедны люд ратоваць[18] трэба.
Коман затылак[19] пачэша
Ды й так далей пані брэша:
„Гапона трэба уняць…
„Нівесь, як ён там пранюхаў,
„Ці ў дварэ можа падслухаў,
„Што некрутаў будуць браць.
„Ён усіх хлапцоў сазваў
„Ды й так вось ім расказаў:
„Бяду, браткі, мы наждалі,
„Некрутаў здаваць казалі;
„Чаго тут добрага ждаць,
„Трэба у лес уцякаць.
„А не — усе сабяромся,
„Хто з колам, хто з абухом,
„І за нішто не дадзёмся,
„Хоць там трэсьні аканом“.
„Гэтакі, баш, мой савет,[20]
„Іной, пані, рады нет,
„Трэба Гапона паймаць
„Ды й — першага яго здаць.
„Тагды усе пабаяцца,
„Перастануць бунтавацца“.
Пані рукі заламала,
Са страху на ўсё прыстала.
Так Гапон наш кончыў танец,
Ён надзеў казённы ранец
І пашоў цару служыць.
Кацярынка-ж усьцяж плача,
А коман пры беднай скача,
Вот налёг яе згубіць:
Прыказаў зазваць у двор
Ды й у прачкарню упёр;
Баш! узяла погань моч:
То прыкінецца к ей лісам,
То са злосьці страшным бісам,[21]
Каб як-небудзь яе змоч.[22]
А Кацярынка галосіць,
І, падняўшы к небу рукі,
Яна Бога ўсьцяж просіць,
Каб акончыў цяжкі мукі.
Так раз яна у садочку,
Ды й у цёмным у куточку,
Горкі сьлёзкі вылівала,
Сваю долю праклінала.
Бог пажалеў сіраціну, —
Трэба-ж у тую гадзіну
Пані па саду гуляць
І бедненькую спаткаць.
— „Што ты, сэрца, цяжка стогнеш,
„Аб чым горкі сьлёзкі роніш,
„Хто пакрыўдзіў, скажы мне?“
Кацярынка-ж бяз трывогі
Яснай пані пуц! у ногі,
Ды й так расказ свой іме:
„Пані наша найясьнейша!
„Маці наша наймілейша!
„Вот крыўда мая така!“
Ну-ж тут праўду ей казаці,
Аканома цукраваці,
Не жалела-ж языка.
У пані вушы павялі,
Аж валасы дыбам сталі,
Як пачула той расказ:
І успляснула рукамі,
І залілася сьлязамі,
Ды й такі дала прыказ.
“Штобы пана аканома
“Ні нагі тут кала дома
“За гадзіну ня было“.
Вот ён, далоў нос спусьціўшы
Ды як воўк вушы стуліўшы,
Пакінуў двор і сяло.
З той-жа пары Кацярына,
Як пакаёва дзяўчына,
Пры пані стала служыць;
Пані яе палюбіла,
Чытаць, пісаць навучыла,
На ксёнжцы[23] Бога хваліць.


Песьня трэцьцяя.

Хто пад кім яму капае,
Часта сам туды ўпадае.
З комэдыі-опэры „Сялянка“.



Ня так скора час праходзіць,
Як казка рэчы выводзіць;
Вот пяты гадок настаў,
Гапон на вайне як служыць,
Кацярынка па ім тужыць;
А аконам цягу даў.
У горадзе Магілеве,
Пры шырокім пры Дняпрэ,
Гудзіць, кабы шэршні ў дрэве,
Кіпіць, якбы у катле.
Там вуліцаю пан гоніць,
Каляска стралой ляціць,
Пад каньмі аж зямля стонець,
„Ахварысь, падзі!“ — крычыць.
Тут сустрэнеш каламажку,
Вот конікі! глядзь! кругом
Гладкі — ляцяць у размашку;
Гэта пеўне аканом.
Далі хтось там на драбіне,
Конік, быццам рак, паўзе,
Згадаеш па кіслай міне,
Што пасэсара вязе.
А там хвурманак багата,
Маўляў грыбоў у бару;
Глядзіш! то нашага брата
Вязуць на службу цару.
Кабы галодны сабакі,
Так жыдоўскі лапсардакі
Лезуць к табе саранчой;
Пападзіся-ж ім у когці,
Наўрад патрапіш іх змогці,
Вытрабушаць кішэнь твой
Вот у каменны палаты
Сходзяцца паны багаты,
Золата на іх кіпіць;
Мужычкоў туды-ж прыводзяць,
І аднадворцы прыходзяць,
Там на службу маюць брыць.
На сярэдзіне сьвятліцы
Стаіць стол, накрыт сукном,
Пры ім, з крыжам у пятліцы,
Падпёршыся кулаком,
Ясны маршалак сядзіць;
Ён, маўляў рабін у школе,
Ці як хвурман у стадоле,
Важна так на ўсіх глядзіць.
Направа пан вельмі срогі,
Вусы, як у быка рогі,
Вот так старчмою стаяць;
Валасы яго сівенькі,
Мундзір на ім галубенькі,
На грудзёх крыжы блішчаць.
А за ім якісь пузаты,
Быццам мядзьведзь, так касматы,
Гэта дохтар мае быць;
Рукі за сабой трымае,
Пальцамі перабірае,
Ды часта ў карман[24] глядзіць.
З левай стараны маршалка,
Тоненькі, просты, як палка,
На розум, відна, хіцёр!
Ён з падлоб'я паглядаець,
У руцэ пяро трымаець,
Гэта, кажуць, пракурор.
На канцы якісь вайсковы,
Смуклы[25], відны і здаровы,
Прыгожанькі кавалер!
Часта ён на стойку вокам
Меціць ў раздум'і глыбокім;
То прыёмны ахвіцэр.
Вот з крэсла маршал схваціўся,
Усім ў пояс пакланіўся,
Табакеркай заскрыпеў;
Далі крыкнуў да дазорцы:
„Няхай пачнуць аднадворцы!“ —
Ды й зноў на места прысеў.
Тут ля бакавой раздаўся
Святліцы жалобны стон,
І найпершы паказаўся
Наш знаёмы акамон.
Як прышла шляхце трывога,
Каб бумагі ўсяк складаў,
Коман,з дапушчэньня Бога,
У аднадворцы папаў,
І вот, маўляў, ня урокам
Кажучы, пагана чэсьць!
Трэба-ж, быццам-бы нарокам,
На вочарадзь яму ўлезьць.
Як вала вядуць на бойку,
Так акамона пад стойку,
Ён-жа не пацягне й ног;
Ды скорчыўся у клубочак,
З дохтара ня зводзіць вочак,
А так стогне, што крый Бог!
Дохтар важна прыступае,
І некрута аглядае,
Зубы, ногі, бакі, стан;
Патуль каля яго тупаў,
Пакуль кругом не ашчупаў,
Вот, маўляў, каня цыган.
Відна, з сабой яны зналісь,
Пярвей, відна, паўстрачалісь:
Дохтар, баш, ганьбу нашоў.
Кажа, ў службу не гадзіцца,
Яму трэба палячыцца,
Ды і меры не дашоў.
А некрут: „Мае паночкі,
„Вы, ясныя сакалочкі!
„Гдзе тут хвораму служыць.
„Вот так коле мне у грудзі,
„Што сухоты, кажуць людзі,
„І ў баку вельмі баліць“.
Кабы варам абліў плечы,
Як пачуў гэтакі рэчы
Наш малады ахвіцэр,
Ён з места свайго самкнуўся,
Пры некруце апынуўся,
Глядзіць, быццам ліхі зьвер.
Пад стойкай яго прастуе,
Струной цягне ды й мацуе;
А ў бараду кулаком
Як парадкам яму суне,
Глядзі! вот саўсім ачуне
Наш няшчасны аканом.
„Нашто людзей, кажа, зводзіць?
„Ён меру навет праходзіць,
„Я бяру на свой адвет:
„Яка тут к чорту хвароба?
„Здаць! — а посьле будзе проба,
„Возьмем яго ў лазарэт“.
Дохтар кішэню пачухаў,
Маршал табакі панюхаў,
Некрут жаласна запеў;
Сударга на акамона
Напала: пазнаў Гапона
Ды й са страху абамлеў.



Песьня чацьвёртая.

Ехала Агатка да вянца,
Сыпала золата з рукаўца;
Хто гэта золата пабярэць.
Той мяне на вянец павядзець,
З вясельнай песьні беларускага люду.





„Начніце варгі[26] нашы хваліць Панну Сьвенту![27]
Начніце апавядаць чэсьць Ей непаенту“[28].
Гэтак тонкім галасочкам,
У дварэ раз вечарочкам
Кацярынка прыпявае:
Яна у добрай ахвоце
Хваліць Бога пры рабоце,
А пані ей памагае.
Цяпер нашу Кацярыну,
Тую сельскую дзяўчыну,
Хто-б сустрэнуў — не спазнаў;
Панску гаворку сумела[29]
І сукеначку надзела,
Быццам паненка — маўляў!
А хоць яна пакідала
Яркі касьнікі, гарсэт,
Ды ў душы не перастала
Уздыхаць да прошлых лет.
Вот часта яна у сьвяткі
Пабяжыць да сваей маткі,
Да сэрца яе прыляжа,
Роніць слёзкі ды й так кажа:
„Родная ты мая маці!
„Пажалей свайго дзіцяці,
„Сьлёзкі яго, асушы.
„Гдзе-ж Гапонька наш дзяецца?
„Як беднаму там вядзецца?
„Цяжанька-ж мне на душы.
„Яшчэ-ж каб Усьціньня жыла,
„Яна-б з намі патужыла,
„Утраім было-б лягчэй;
„Ато цёмная магіла
„Яе, родную, пакрыла, —
„Не змагла тугі сваей“.
Вот так, баш, як мы казалі,
Яна з паняй вечарком
Сьвяты песьні запявалі,
Аж лякай убег прытнём
Ды й кажа: „Пані вяльможна!
„Заехаў у двор цяпер
„Якісь важны ахвіцэр,
„І пытаецца, ці можна
„З яснай паняй павідацца,
„З сваей чэсьцю паказацца?“
А пані кажа — прасіць!
Ды й чапец свой падцягнула,
На Кацярынку зіркнула,
Ці няма ў чым пахуліць.
Тут у дзьвярэй паявіўся,
Сюды, туды пакланіўся
Прыгожанькі ахвіцэр;
Красны, відны і здаровы,
З ясным вокам, чарнабровы,
Золатам блішчыць мундзер.
Як глянула Кацярынка,
Здрогнула, маўляў асінка,
Сьлёзкі брызнулі з вачэй;
Ручкі на грудзёх злажыла;
Быццам другі раз ажыла:
Гапон нашоўся пры ей.
Ён гэтак, баш, як стаяў,
Угрунь кінуўся у ногі
Яснай пані, і пачаў
Свае рэчы бяз трывогі:
„Спазнай, панюхна, Гапона,
„Што ласкаю акамона
„Цару ён пашоў служыць;
„Ён на вайне заслужыўся,
„І ахвіцэрства дажыўся,
Цяпер-жа мае прасіць,
„Каб ты, пані, кабы маці,
„Маўляў сваяму дзіцяці,
„Долю шчасну даравала;
„І, калі згодна ядына,
„Наймілейша Кацярына,
„Зручыць нас не адмаўляла“.
Кацярынка-ж як стаяла,
Тут-жа к нагам ёй прыпала,
А так міленька глядзіць!
Што паня і расплылася,
Крэпка з ею абнялася
Ды й ну-ж ім благаславіць.
Хоць Гапон чыноў дажыўся,
Ды ведаў, з каго радзіўся,
Не хацеў прынараўляць
Паном, — а простым звычаем,
Ён мужыцкім абычаем
Здумаў вясельле сыграць.
Вот у ўдавы Агрыпіны
Гаспадароў повен двор,
А наперадзе дружыны
Стаіць важна сват Хвядор;
У руках з гарэлкай пляха,
А чарка тоўста, як вол,
Міргнуў! — і Маланьня-сваха
Абрусом накрыла стол.
Ён пляшку з чаркай паставіў,
Розны закускі дабавіў
Ды й з галавы шапку зьняў;
Агрыпіне пакланіўся,
Водкі да яе напіўся
І такі рэчы пачаў:
„Нех бэндзе Езус Хрыстус пахвалёны!
„Для спасеньня грэшных з Марыі зрадзоны.
„Ня прышлі мы чарадой ад сябе,
„А прыслаў нас Гапон да цябе.
„Ёсьць у цябе Кацярынка-дочка,
„Яна ў маці, як правае вочка;
„Ды й Гапон наш малады,
„Ён Цару верна служыў,
„Хват дзяціна — хоць куды!
„Б’ём мы ўсе чалом вашэці!
„Зазаві яе із клеці,
„Няхай з намі пагуляе
„Ды й гарэлкі папытае“.
Тут дзяўчаты, маладзіцы
Кацярынку із сьвятліцы
Чэсна пад-ручкі вядуць,
І такі песьні пяюць:
„Ото-ж табе, Хвёдарка,
„Увядзёнка Кацярынка,
„Калі яе любіш, дай пірог,
„Калі ня любіш, то вон за парог!
„Не хваліся, што ў нас быў,
„Што нашай Кацярынкі ня зьлюбіў“.
Хвёдар маладу ўстрачае,
Поўнай чаркай прапівае,
Пірог, сыр кладзе на стол;
Гарэлка ў міску ліецца,
Рублявік на дне бадзецца,
Разгуляўся сват вясёл.
А дзеўкі водку забралі,
Закускі, пірог і сыр,
У істопку пабяжалі,
Галосячы на ўвесь мір;
Уздаволь там пілі, елі,
І гэтакі песьні пелі:
„Мовіла бочачка, у піўніцы стоячы:
„Калі мяне ня вып’еце,
„Сама выкачуся,
„Па дварэ разальлюся
„Ракой ды крыніцай,
„Сьцюдзёнай вадзіцай.
„Мовіла Кацярынка, у маці седзячы:
„Калі мяне ня выдасі,
„То я сама пайду,
„Па дварэ памаленьку пабраду,
„За вароты угрунь пабягу“.
Тут яны у позну ночку,
Аж да яснага сьвяточку
Пілі, елі ды й гулялі,
Запоіны праваджалі.
А ў суботу вечарком,
За Грыпініным сталом,
Сядзела така дружына:
На пачэсным на куце,
Важна гаворку вядзе
Перша сваха Акуліна.
Дружкі ўправа, возьле сваці,
Дзьве прыгожы маладзіцы,
То Гапоніны сястрыцы,
Хоць не аднэй яны маці.
Ўлева намесьнік сядзіць,
Жадна[30] на пляшку глядзіць.
Далі сустрэнеш Гапона
Дружкоў, Янку ды Мірона,
На канцы-ж хросны Даніла,
То маладога вазіла.
А сват Хведар; то і дзела!
Гарэлкі ўсцяж падлівае,
Новы закускі стаўляе,
Пірагі, сыр, што прысьпела.
Тут чатыры маладзіцы,
Цягнуць дзяжу із сьвятліцы,
На крыжу яе стаўляюць,
Бел каравай расчыняюць;
Сваха муку ім прыносіць
Ды й благаславеньня просіць:
„Ёсьць тут Бог, ды й матка,
„Радзоныя і суседзі блізкія,
„І дальныя мужы сустрэчныя,
„Бабкі запечныя,
„Дзеткі заплечныя,
„Благаславіце краснай паньне каравай учыніць“.
Каравайкі-ж пры рабоце
Пяюць ў добрай ахвоце:
„Благаславіце, людзі!
„Блізкія суседзі,
„Гэтаму дзіцяці
„Каравай замясіць,
„Ручкамі бяленькімі,
„Персьцянямі залаценькімі,
„Песьнямі весяленькімі.
— „Ты ступ, Божа, з неба,
„Як нам цяпер трэба,
„Памагаў расчыніць,
„Памагай замясіць.
„Ня стой, Божа, за дзьвярмі,
„Ды йдзі, Божа, ў хату,
„Ды сядзь, Божа, на куце,
„Ды дай долю маладзе!“
— „Я у хату не пайду,
„Я за дзьвярмі пастаю,
„Маладзе долю перашлю.“
— „Зьбірайся, родзе!
„Ды к беленькаму караваю,
„Старыя бабы ля парадку,
„Маладыя маладзіцы песьні пець,
„Удалыя малайцы каравай печ“.
Ды каб усё расказаці,
Які парадак у хаце,
Як змовіны адбылі,
Ды й каравай адпяклі,
Як хлопцы, дзеўкі скакалі
„Лявоніху“, то „бычка“,
„Мяцеліцу“, „казачка“,
Як маладую саджалі
На пасад — казка така,
Што ня стала-б языка.
Вот прышла нядзелька красна,
Засьвяціла зара ясна,
Гапон наш мундзір надзеў;
Шчыра уздыхнуў да Бога,
Сеў на каня варанога
Ды й к маладой паляцеў.
А дружбы, Янка з Міронам,
Віхрам садзяць за Гапонам:
Сьледам хлопцаў грамада
Ляціць, песьні запяваець,
Вецер сьвіткі разьвяваець,
Ну! прыгожа чарада!
На канцы вазком Даніла
Гудзіць, колькі зможа сіла:
Канём музыку вязе;
Ананія-ж прыпяваець,
Ёмка смыкам падсякаець,
Не заўважыў, што трасе.
Як заехала дружына,
З хаты вышла Агрыпіна,
Надзеўшы кажух наўзнак;
Чарку Гапону падносіць,
У святліцу зайці просіць,
І рэчы выводзіць так:
„Зяценька!
„П’ю на цябе поўным кубкам,
„Добрым здароўем,
„Што мысьлю сабе,
„То і табе“.
Гапон чарку бярэ ў рукі,
Двойчы выліў за сябе,
А трэці раз для вырукі
Белы рублявік кладзе.
Грыпіна чарку прымае,
У сьвятліцу запрашае.
Дзеўкі-ж карагодам ходзяць,
Жалобны песьні заводзяць:
„Хто у полі паціхоньку гукаець?
„Там Кацярынка свайго таткі шукаець,
„Хоць шукаець, ня шукаець — ня знайдзець…
„Ой далёка ёй татачка, далёка!
„Ў сырой зямлі, ў жоўтым пяску глыбока.
„Ды зрабілі добры людзі вечны дом,
„Без дзьвярэй, без аконачка, бяз сонца,
„Не прамоўлю, дзіцятка, ні слоўца".
Тут настала частаваньне
Ды й падаркаў раздаваньне, —
Сотню паясоў, маўляў!
Свата ручніком зьвязалі,
Баклагу у рукі клалі,
Каб гарэлкі больш дастаў.
Лубку з жытам падстаўляюць,
Маладу на ёй саджаюць,
Як каралеўну на ўрад;
Яна-жа усцяж галосіць,
Кругом паклоны разносіць
Ды й зноў сядзе на пасад.
Дзеўкі-ж, хлопцы, п’юць, гуляюць,
Пад скрыпачку падпяваюць:
„Скочыла Кацярынка з лаўкі далоўкі,
„Скланілася мамачцы нізка у ножкі,
„Норкамі зямлю парыла,
„Сьлёзкамі ножкі памыла.
„Карыся, Кацярынка, старому,
„Кланяйся і маладому,
„З паклонаў галоўка не баліць,
„Стары і малы благаславіць“.
Як баш, нявесту прыбралі,
Да двара так паскакалі
Яснай пані чолам біць,
На вясельле папрасіць.
А пані — ня пані, маці!
Маўляў роднаму дзіцяці,
Прыгожы пасаг дала,
Радасну сьлёзку ўраніла,
Маладым благаславіла,
Сама к вянцу павяла.
Ксёндз маладых спатыкае,
На ўсё жыцьце іх злучае;
А як скончыўся абрад,
Скрыпіцелі загудзелі,
Дружкі вясёла запелі,
Ды й вярнуліся назад.
Паню на кут запрасілі,
Пры ей ксяндза пасадзілі,
Сват парадкам пачаў чэсьць:
Піва, мёд ракой ліліся,
Каўбасы з салам нашліся,
Ўздаволь было піць і есьць.
Дзеўкі, хлопцы, маладзіцы,
Цэлу ночку па сьвятліцы,
Бадзяліся, хто як змог:
Як у гаршку там кіпела,
Ад пылу аж пацямнела,
Суматоха, — што крый Бог!
Я на тым вясельлі быў,
Піва, мёд, гарэлку піў,
У роце здаволь было,
Аж па барадзе цякло.




  1. Карчмар з жонкаю, узяўшыя ў пана карчму ў ранду.
  2. Як нячысьцік, чорт.
  3. Болей.
  4. Якбы.
  5. Сабак.
  6. Грудам, кучаю.
  7. Сабраць.
  8. Баш — бач — глядзі.
  9. Пойдзем.
  10. У Заходняй Беларусі цяпер: напэўна.
  11. Спужаўся.
  12. Шыбка прыскакаў.
  13. Сварыцца.
  14. Добра! добра!
  15. Няхай будзе (пахвалёны Езус Хрыстус)!
  16. Пахіліўся.
  17. Рапорт, данос.
  18. Ратаваць.
  19. Патыліцу.
  20. Рада.
  21. Бесам.
  22. Змагчы.
  23. Па кніжцы.
  24. Кішэнь.
  25. Стромкі, — тонкі і стройны.
  26. Вусты.
  27. Панну Сьвятую — Багародзіцу.
  28. Недаступную розуму.
  29. Наўчылася папольску.
  30. Прагавіта.

Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.