Перайсці да зместу

Хрыстаматыя беларускае літэратуры. ХІ век—1905 год/В. Арлоўскі/Беднасьць і багацьце

З пляцоўкі Вікікрыніцы
* * * (Нудныя мае вершы і прозы…) Беднасьць і багацьце
Верш
Аўтар: Восіп Арлоўскі
1922 год
„Хухракі“ і „зброд“
Іншыя публікацыі гэтага твора: I, II — Дзёмка і Баўтрук, III — Наша жыцьцё горкае, IV — Кандрат (Арлоўскі), V, VIII — Артамон (Арлоўскі), VI, VII — Стары Ціхан.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БЕДНАСЬЦЬ І БАГАЦЬЦЕ.

І.

Скажы ты мне, брат Баўтрук,
Адкуль гэта залежыць беднасьць і багацтва?
Ці гэта ўжо ёсьць ад Божых рук,
Ці гэта хто якога брацтва?
Іншы гаруець і працуець,
І б’ецца ён, як рыба аб лёд, —
А ўсё ён багацьця ня чуець
І п’ець палын, а ня мёд.
Іншы есьць, п’ець і ляжыць,
І ўвесь у раскошы аплываець,
А к яму доля так і бяжыць,
І ніякой бяды ён ня дбаець.

ІІ.

Вось іншы моліцца дзень і ноч,
І для ўсіх ён дабрак,
А на яго усякая немач,
І век цэлы ён батрак.
А хто, як мядзьведзь, равець
Г нікога ён ня любіць,
То Бог багацтва яму даець!
А можа Бог яго губіць?!

ІІІ.

Ці відзіш ты, Кандрат,
Што нам няможна жыць?
Глядзі-ж ты, мой брат,
Што бяда за бядой бяжыць!
Гэта-ж за тры дзесяціны зямлі
Да пятнаццаці рублей плаціць,
А сваей няма чым карміць сям’і,
А толькі ім трэба гаціць.
Аднаго каня і аднэй каровы,
Як хочаш сабе, гадуй.
Вот і будзь ты вясёл і здаровы, —
Толькі дзень і ноч бядуй.

ІV.

А што-ж, брат Мікіта,
Нас усе дзяруць;
Нам жыць ужо — квіта,
З нас пасьледняе бяруць.
А заарандуй у пана зямлі кусок,
Дык ён скуру з цябе зьдзярэць,
Ты яму не адплацішся за пясок,
Ён пасьледняга каня забярэць.
Ён не паглядзіць на гэта,
Хоць ты перад ім і галасі,
Што нядобрае было лета,
А ты арэнду яму нясі.
Я знаю і такіх многа,
Што да міліёна дзесяцін,
І толькі на яго аднога!
Ці ён-жа і ў Бога гаспадзін?!
А ці гэта-ж нам няможна падзяліцца,
Каб мы добрыя былі?
І ня трэба нам было-б давіцца,
І усе-бы спакойна жылі.
І ніхто-бы ня скітаўся
Бяз усякага прытулку,
А кажынны-бы за дзела узяўся
І ня крычаў-бы ратунку.

V.

Госпадзі, ураджай дай!
А што ўрадзілася на зямлі,
То памешчыку усё аддай,
А тваёй ня трэба сям’і…
А хто-ж можаць ім сьлязу абцерці:
Цар зямны ці Нябесны?
А не, то лепей ужо памерці,
Бо для бедных сьвет цесны!
Няўжо ты думаеш жыць
Сто тысяч лет?
Міліёны павінны тужыць,
А я — то ўжо, верна, нет?
І няўжо так павінна быць
Да сканчэньня міра?
І ня будзем бліжняга любіць,
Што ня йграець ліра?
І цяпер хто п’ець віно і бір[1],
А каму — бед вялікія дозы;
У каго грандыозны пір,
А многія п’юць сьлёзы.
Хоць-жа я ужо і старык,
І ужо я нямножка сьлеп, —
На кладзішча павязець мяне шасьцярык!
Ды і паставяць у склеп.
Папоў або ксяндзоў
Будзець пяць або шэсьць
І вялікі званоў зоў, —
Мне і па сьмерці будзець чэсьць.
Коні будуць жалобаю пакрыты,
Як павязуць мяне на пагост,
Гроб будзець злотам увесь аббіты,
І не адзін скажуць тост.
А грошы хаця і астаюцца,
То ня дам беднаму зброду,
Хай сабе з мяне сьмяюцца,
Лепей кіну іх у воду.

VІ.

Ці відзеў ты на ўсім сьвеце,
Каб беднаму хто памог?
Гэта ўжо у мяне на прымеце:
Калі і паможаць, то… адзін Бог!
Другі хоць сабе і багач —
На словах літасьць маець,
А перад ім галасі сабе і плач,
А ён аб табе і ня дбаець.
Ён перад табой па табе бядуець,
Што ты саўсім бедны,
А глядзі, чым ён цябе ратуець:
На! рубель табе медны…
— „Я, кажаць, сваю маю заботу!
А за сьвядчэньне ў цябе ці ёсьць?“
— „Ды я выламаў яго з плоту!“
І ці гэта-ж ня злосьць?
У мяне засьвядчэньне, або білет —
Дубовая ў руках палка;
Я сам ужо старых лет,
А хаджу так і змалка!


VІІ.

І ці гэта Бог нас дапусьціў,
Што мы так ходзім?
Не, гэта — той, хто нас апусьціў,
Што мы і прытулку не знаходзім.
Мая гутарка, здаецца, к месту, —
Як-жаж мне і маўчаць:
Паглядзі на мужчыну або на нявесту, —
Аджа-ж і яны крычаць!
Крычаць ды яшчэ аж і плачуць,
Што аж кроў ліецца руччом,
І ўсе гэта ужо бачуць, —
Ды і гэта ніпачом!
А, Божа наш мілы,
Якая наша злая доля,
Што на Русі усе хілы, —
А калі-ж будзець воля?
Усе — роўна як сьпяць
І ня могуць прачнуцца!
А ўсе людзі з нас кпяць,
Што ня можам аглянуцца…
Няўжо мы тады прабудзімся,
Як сонца узойдзець?
Гэта-ж мы і есьці забудземся,
А слабы і ў магілу сойдзець!

VIII.

Няўжо-ж і мы павінны таго дзяржацца,
Чаго дзяржаліся нашы прэдкі?
А ці не пара нам за свае навукі ўзяцца,
Каб і мы былі меткі?
Самая большая беднасьць,
Калі чалавек дурань;
І гдзе-ж можаць быць еднасьць,
Калі ў аднаго дом, а ў другога курань?



  1. Піва.

Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.