А ці мы па йгрышчах не гайсалі,
Як былі мы дзяцюкамі?
А ці мы з табою не плясалі?
А цяпер мы ужо хухракамі!
Так бывала мы з табою пляшам,
Пад скрыпку або пад дуду,
Ды яшчэ аж і рукамі машам,
А цяпер пазналі мы бяду.
Мы з табой ужо старыкі,
Нас задратуюць і куры,
Нам з табой насіць чацьвярыкі,
А гдзе-ж нам насіць пуры[1]?
Усё, сусед, прайшло
Мільгом, як майскі дзень;
А што к нам цяпер прышло,
То гэта для нас — цень!
Што-ж рабіць, брат Касян?
Відаць, Богу так угодна,
Што Бог робіць нам ізьян, —
Бо народ стаў жыць модна.
Ня дзіва, што Бог нас караець,
Калі ўжо і наш брат, мужык,
І той: „Бога нетуці!" — увяраець…
Каб табе адсох язык!
Бог і цар даў нам свабоду,
А маладзёж цаніць яе ня ўмеець, —
Ты відзіш, сколькі стала зброду?
Вот нас і Бог ужо не жалеець.
Маладзёж ня знаець ні Бога ні людзей, —
Матку кулаком, а бацьку за грудзі!
Ты чуеш, што робіць Хвадзей?
Вот якія цяпер людзі!
Як быў прыгон ды паны,
Дык мужык знаў саху, цэп і касу,
Не насіў ён на выпуску штаны, —
А цяпер ён — як шыш у лясу!
Рабіць нічога ня хочаць,
Ды каб смачна нажрацца,
Па вуліцы ходзіць ды рагочаць,
Ды каб прыгожа убрацца.
Калі грошы троху агадаець,
Дык гайдачкі ў горад,
А там у басякі пападаець,
Ды вошы ад’ядуць і ворат.
А тады ўжо ходзіць ды галосіць —
(Ён думаў бацьку угразіць) —
Заразы у дом наносіць
Ды усю сям’ю заразіць.
Па этапу яго прывядуць,
А бацька заплаці за яго грошы,
Ато ў воласьці за яго аддадуць, —
Вот твой і сынок харошы!
Табе хочацца, каб насіць
Хутру і панскія камашы, — Не, трэба Бога прасіць,
Каб Ён даў хлеба і кашы.
Я насіў каліту і шабалтас,
Толькі што ня мог у дуду іграць;
А цяпер Хведар і Пратас:
„Я, кажаць, не магу араць!“
Усе сталі, як панічы,
І вучацца піць гарбату;
Не, ня ўсім нам есьць калачы,
А трэба любіць саху, тапор і лапату.
Ні бацькі ні маткі ўжо ня слухаець,
Мяне бярэць ужо за грудзі, —
Ці гэта-ж з яго ўжо будуць людзі?
Ды старым дураком называець,
Бо ўжо на сілу надзею маець;
Як у гэтай школе пабыў,
Дык і на работу ўжо забыў.
У лапці ўжо ня хочаць абувацца,
Ды каб смачна нажрацца.
У кішэнь рукі кладзець
Ды ўжо і грошы патроху крадзець.
Да паўдня сабе сьпіць,
А ўстаўшы ідзець гарэлку піць.
А тады ўжо ходзіць ды сьвішчаць
Ды на бацьку вочы тарышчыць.
„Я, кажаць, цяпер ня панскі, а вольны
І розум маю ужо поўны!“
Назаві яго: Мікіта,
Дык ён не адклікаецца, —
„Я, кажаць, ня Мікіта“.
А я кажу: а хто-ж ты?!
А ён кажаць: „Я — Нікіт, а ня Мікіта!“
Нядобра, што нетуці на іх пана!
Перастаў-бы ён па вуліцы хадзіць ды сьвістаць
І перастаў-бы ён гарэлачку лыкаць,
А пашоў-бы ён касіць, дровы сеч і араць, —
А ня было-б яму часу гігікаць. Не захацеў-бы ён у будні дзень боты надзяваць
Ды мылам рукі мыць па самыя локці,
В пашоў-бы ён старожку і варту адбываць
І скора-бы ён папаўся-б аканому ў когці.
Насіў-бы ён, юха, тое, што прыгожа мужыку:
Старую каліту і шабалтас,
Ды яшчэ рад-бы ён быў і аднаму гузіку, —
Так, як бывала і ў нас.
Гэта, бывала, рэдка ў каторага пры каліце
Пяток медных гузікаў сядзіць,
А ён носіць яе сьпераду, пры жываце,
А шабалтас сабе збоку вісіць.
А цяпер распусьціліся яны — ах, Божа наш!
Уся маладзёж пашла сваім торам:
Саўка, Паўлюк, Хведар і Кандраш,
І прапаў у іх увесь сорам.
Парасло на іх сучча, як на лазе,
Нетуці каму яго ацерабіць…
А ці гэта-ж яны жывуць у гразе?
Зато яны ня знаюць, як трэба жыць!
Каб яны гадаваліся, як і мы, у цьвіку
Ды спытывалі бярозавай кашы,
То яны пакорны былі-б усякаму чалавеку
І былі-б добрыя дзеці нашы.
Тады і сонца весялей хадзіла,
Як сьвятая розга хадзіла;
І ня было тады такой псоты,
А кажынны глядзеў сваей работы…
Табе трэба такую жонку,
Каб умела таўчы і малоць, —
Вазьмі сабе лепей Фронку,
То будзець жаць і палоць.
Фронка можаць кросны ткаць,
І умеець есьці варыць,
Ён ня ўчыцца і хусты праць,
І ня будзець журыць.
Ёй злучалася на вяку
І дзяжу ня раз мясіць,
Ёй ня грозна быць і на таку,
А хоць сабе і касіць.
Не бяры той, што танцуець,
А каб за гаспадаркай глядзела,
Вазьмі тую, што працуець
І абы-што адзела. Каб умела сшыць кашулю
І умела лапці сплесьць, —
Гэта, сын, табе, а не татулю, —
І каб магла сена грэсьць.
Худа, сын, з такімі жанамі,
Што а ні цюк да работы, —
А спадніцы з кружавамі…
Ды гэта проста сухоты!
Быў я ў Рызе і у Мітаве —
На кірпічным заводзе,
А усё я — ў бурлацкай справе,
Ды не на сваёй свабодзе.
Быў у Піцеры і ў Кранштаце, —
І там я папытаў!
А усё не пры варштаце,
А ў чарнарабочыя папаў.
Я хацеў у прыказчыкі або у палавыя,
Ды туды бяз грошы не папасьць…
Але там такія дзяцюкі ўдалыя!
Ды і басякоў-жа там прапасьць…
Няўжо-ж мне на год дагаварыцца
У хадзяіна ў сяле служыць?
Ды баюся, каб не разарыцца,
Што у хадзяіна цяжка жыць.
Трэба рана устаць малаціць,
А днём прыбяры скот, —
Там дым твар і шыю закапціць
І усё цела пераесьць пот!
|