У капцюрох Г.П.У. (1937)/Менск
← Віцебск | Менск Аповесьць Аўтар: Францішак Аляхновіч 1937 год |
Паповы востраў → |
МЕНСК.
У падвале.
Дзьверы зачыніліся, заскрыгатаў ключ.
Я глянуў на сваю новую кватэру. Падвал. Падлога цагляная. У вакне выбіты шклы. Краты. У сьценах нейкія дзіўныя дзіры.
Сьцюдзена. Я закурыў (тытуну ў мяне не адабралі) і пачаў хадзіць па камеры, ад сьценкі да сьценкі, з кута ў кут, як зьвер зачынены ў клетцы.
Думкі хмарай праляталі праз маю галаву… Я ня мог яшчэ ўцяміць свайго палажэньня. За што, дзеля чаго арыштавалі мяне? Тады я яшчэ ня мог падумаць, што мяне сьцягнулі у СССР з мэтай провокацыйнай.
Замест шырокае культурнае працы у Савецкай Беларусі, якую абяцалі мне перад маім выездам, — цесная камера у падвале з выбітымі вокнамі.
Змораны думкамі і хадой па камеры я сеў на нары, якія былі тутака, адзіным мэблем. Я спрабаваў заснуць. Вырваўшы з падлогі дзьве цэглы, я падлажыў сабе іх пад галаву і разьлёгся на сваім „ложку“.
Сільны холад прымусіў мяне аднак ускачыць з гэтай пасьцелі і далей кідацца з кута у кут.
Прынесьлі мне ў алюміневай місе чай і кусок цукру. Я прагавіта піў гэту цёплую жыжку.
Увечары паверка.
— Ну, как себя чувствуете? — спытаўся іранічна чэкіст. — Что? холадна?
— Доўга я тут буду? — спытаўся я.
— Не, ня доўга, пару дзён… — адказаў той.
І запраўды на трэці дзень гэтае „кварантаны“ мяне перавялі ў іншую камеру, дзе была падлога з дошчак, цэлыя вокны, дзе стаяў стол і два ўслончыкі
Тут было цёпла.
Мой таварыш.
Тут я сядзеў ужо не адзін: я спаткаўся тутака з іншым вязьнем.
Пачалі гутарыць. Мой таварыш быў афіцэрам у аднэй з суседніх дзяржаў. Быў кіраўніком разьведкі на паграніччы. Папаў сюды вось якім чынам:
Жыў блізка граніцы. Год назад, у адзін зімовы вечар, прыйшоў да яго з савецкага боку адзін з ягоных разьведчыкаў.
У часе іхняй гутаркі, карыстаючыся, што дзьверы не былі зачынены на ключ, уварвалося ў хату васьмёра узброеных людзей у шынэлях ГПУ. Афіцэр, дагадаўшыся аб здрадзе, схапіў браўнінг і пачаў страляць у напаўшых на яго. Аднаго з іх раніў. Іншыя кінуліся на яго, абязброілі, пабілі, забралі архіў і пацягнулі сваю ахвяру на савецкі бок. Прысутная тут жонка афіцэра выбегла з хаты, каб паклікаць на падмогу блізкі ваенны караул, але, не пасьпелі яшчэ жаўнеры хапіцца за аружжа і выбегчы на вуліцу, як ужо напаўшыя апынуліся разам са сваей ахвярай каля суседняга лесу на савецкай тэрыторыі. Жаўнеры не маглі страляць у ўцякаўшых, каб не папасьці ў свайго афіцэра.
Усё гэта сталася ў працягу нядоўгіх хвілін.
Пабітага, ашаломленага неспадзеўкай, прывялі да найбліжэйшага пасту ГПУ, падганяючы ўдарамі прыкладаў.
Ён ведаў, што яго чакае. Пагрозамі, абяцанкамі і цэлым апаратам спосабаў, якія ведае толькі ГПУ, патрапілі стэрорызаваць яго гэтак, што ён выдаў усіх сваіх супрацоўнікаў, жыўшых на савецкай тэрыторыі.
Інтэрвэнцыя дзяржавы, якой ён быў грамадзянінам, была немагчыма дзеля таго, што яго прымусілі напісаць на паперы, што… ён перайшоў граніцу дабравольна!
У Менску быў суд. Падсудных было шмат. Двох прысудзілі на кару сьмерці, іншых у вастрог, пераважна на 10 год, а галоўнаму гэрою працэсу, бяручы пад увагу яго „шчырае прызнаньне і пакаяньне“ — далі наймягчэйшую кару — пяць гадоў вастрогу.
Але-ж ведама, што судовы прыгавор для ГПУ не абавязкавы. Засуджаны добра ведаў, што сёньня маючы прыгавар на 5 год вастрогу, заўтра, згодна з пастановай колегіі ГПУ, можа быць расстраляны. Дык жыў у заўсёднай няпэўнасьці. Часта, калі памоцнік каманданта Вавілаў, які ў менскім ГПУ спаўняў абавязкі ката, заглядваў да нашае камеры, таварыш мой, скрываючы сваё унутранае неспакойства, пытаўся вясёлым тонам:
— Ну, як думаеш, Вавілаў, расстраляюць мяне ці не?
— Э! выдумаў!… — адказваў Вавілаў.
Наагул Вавілаў быў даволі дабрадушны і стараўся падтрымоўваць сярод вязьняў добры настрой. Думаю, што, вязучы сваю ахвяру на месца расстрэлу, ён і тут стараўся дадаць вязьню радасьці жыцьця:
— Ты, браток, не маркоцься… Гэта ня страшна… Гэта накшталт таго, як ты-бы ехаў вырываць сабе зуб: адна хвіліна, а пасьля нічога… добра…
На Камароўку.
Часта няма аб чым гутарыць, асабліва, калі людзі прымушаны быць з сабой неразлучна цэлыя дні і ночы. Як ня было аб чым гаварыць, мы гулялі ў шахматы.
Адзін раз мой таварыш быў неяк дзіўна няўважлівы, раз за разам праігрываў. Як пачаў прыбліжацца вечар, пачаў агортываць яго нейкі несупакой. Я спытаўся, што з ім?
— Сёньня панядзелак — адказаў ён.
— Ну дык што? Такі самы дзень, як і іншыя.
— Сёньня панядзелак… Ужо два тыдні як нікога ня ўзялі… Думаю, што сёньня возьмуць.
— Куды?
Ён глянуў на мяне працяжна і адказаў:
— На Камароўку.
— Што гэта Камароўка?
— Лес. У камароўскім лесе расстрэліваюць. Ці-ж ня ведаеце?
Я нічога ня ведаў. Цяпер толькі даведаўся… Звычайна у нядзелю вяртаўся кур’ер з Масквы, а ў панядзелак пачыналіся расстрэлы.
Мы распачалі новую партыю шахматаў.
Раптам мой партнёр сарваўся з месца і пачаў нэрвова хадзіць па камеры.
— Чаго вы?.. — пытаюся.
— Няўжож ня чуеце?
На падворку гудзеў матор аўтамабіля грузавіка. Мой таварыш кінуўся да дзьвярэй і, прытуліўшыся да іх, пачаў прыслухоўвацца. Я з дзівам глядзеў на усё гэта, не адчуваючы трагэдыі, якая ў той час разыгрывалася ў падвале ГПУ, а ў душы майго таварыша асабліва. Ён раптам адскачыў ад дзьвярэй і кінуўся да вакна.
— Бяруць… — прахрыпеў.
Перад нашым вакном хутка мігнулі нейкія цені. Было чутно, як ад’яжджау аутамабіль. Я глянуў на свайго камрата. Стаяў ён непарушна каля вакна, а сьлёзы капалі з вачэй.
У гэты вечар павязьлі на Камароўку двох здраджаных ім ягоных таварышоў.
Юдава работа.
Хаця дзела майго вастрожнага камрата ўжо было закончана і ўжо яму не заставалася нічога іншага, як адсіджываць свой срок або чакаць магчымага разстрэлу, час ад часу клікалі яго на верх, дзе былі канцэлярыі сьледавацеляў. Як ён вяртаўся, я часта чуў ад яго пах гарэлкі. Ён разсказываў мне, што клікалі яго ў справе перасылкі пісьмаў ягонай жонцы, якая засталася заграніцай і г. п. казкі. Тады я верыў гэтым гутаркам, цяпер, багаты дасьведчаньнем, якое мне далі сем гадоў вастрожнага жыцьця, ведаю, з якой мэтай клікалі яго там, „наверх“. Ён там даваў справаздачу з таго, аб чым я казаў і што я рабіў. Даведзены тэрорам да поўнага моральнага ўпадку, ён далей ішоў па дарозе здрады, думаючы, што выратуецца ад сьмерці.
Наша камера мела сваю гісторыю. Казалі, што ў ёй прабыў два дні пасьля свайго арышту Савінкаў, тут сядзеў ксёндз Усас, якога пасьля абмянялі ў Польшчу, ды іншыя „знамянітасьці“. Запраўды наша камера, як я пасьля даведаўся, была адна з лепшых. З вакна было відаць падворак. Дзякуючы гэтаму мы часам маглі бачыць вязьняў з іншых камер, калі іх выводзілі „на прагулку“.
Першыя допыты.
Прайшлі гэтак два тыдні і мяне паклікалі на „допрос“. Я быў абвінавачаны па 58 артыкулу савецкага кодэксу. Датарнаваны да маей справы пункт дасловна быў гэткі: „Участие в организации или содействие организации, действующей в направлении помощи международной буржуазии.“
Запраўды, калісьці ў Вільні я быў у арганізацыях, воража настроеных да саветаў, хаця ніколі палітычна надта не ангажаваўся. Мой удзел абмежываўся толькі культурнай працай.
Калі я сказаў, што дык-жа гэта было даўно, што я праз гэты час ужо перамяніў ор‘ентацыю, што цяпер я рашучы прыхільнік савецкага ладу, мне сказаў мой сьледавацель Пятроў з іранічнай усьмешкай:
— А старых грахоў адкупіць ня трэба?
— Дык-жа я перад сваім выездам атрымаў савецкую візу! Дык вы-ж згаджаліся, каб я сюды прыехаў, гэтым самым вы пацьвярдзілі, што ня лічыце мяне за свойго ворага!
Замест адказу я ізноў пабачыў на твару чэкіста іранічную ўсьмешку.
І цяпер пачало мне ў галаве праясьняцца: значыцца, тэта была правакацыя! Значыцца, далі мне візу, пасьля ў Менску запрапанавалі прыняць савецкае грамадзянства — ўсё гэта з тэй мэтай, каб у канцы канцоў арыштаваць мяне і…
Што пасьля зробяць са мной — я гэтага ня ведаў.
Калі я вярнуўся ў сваю камеру, я папрасіў вастрожнага таварыша паказаць мне савецкі кодэкс.
Амаль што кожны артыкул пагражаў расстрэлам.
Ну, ведама і мой — 58 таксама.
Апанасік.
Мая сям’я, якая жыла ў Вільні, нічога аб маім лёсе ня ведала, дзеля таго што я быў пазбаўлены ўсялякай лучнасьці з вонкавым сьветам. Жонка мая зьбіралася з дзяцьмі прыехаць да мяне ў Менск. Калі выводзілі „на прагулку“ жанчын, я неспакойна кідаўся да вакна, паглядаючы, ці сярод арыштаваных не пабачу жонкі сваей з дзеткамі. Я меў падставы гэтага баяцца. У „сацыялістычнай дзяржаве“ ня важна, ці хто мае за сабой нейкую віну; важна тое, што ён радня іншага арыштанта.
Аднак дні плылі шчасьліва.
Раптам адзін раз уначы я пачуу на калідоры жаночы крык і плач дзяцей. „Ужо!“ — падумаў я. І нецярпяліва чакаў заўтрашняй жаночай „прагулкі“.
— Ужо йдуць! — клікаў мой камрат, які стаяў ля вакна.
Я кінуўся да вакна і, ня гледзячы на тое, што магу зьвярнуць на сябе ўвагу караульнага салдата, прытуліўся да ваконнай рашоткі…
І ўздыхнуў з палёгкай: жонкі маей там яшчэ ня было. Крычаўшая ўначы на калідоры жанчына была нейкая вясковая кабеціна, мусіць з пагранічча. Мужа мабыць арыштавалі раней, цяпер сьледам за ім — жонку з дзяцьмі.
Самае малодшае ня мела яшчэ двох гадоў. Гэта быў хлопчык.
Уважаючы маладога „праступніка“ не асабліва небясьпечным, яму дазволілі бегаць па калідору. Клікалі яго Апанас. Памятаю, адзін раз, як адчыніліся дзьверы маей камеры, я ўбачыў перад дзьвярыма паглядаўшыя з цікавасьцюна мяне дзіцячыя вочы. Я ўзяў на рукі маладога таварыша — вязьня і, прытулізшы дзіця да сябе, у глыбіні душы цешыўся ў сваім бацькаўскім эгоізме, што гэта ня мой Казюк праводзіць свае дзіцячыя гады на вастрожным хлебе, але бедны чужы для мяне Апанасік…
Новы „лягавы“.
У нашу камеру далі новых вязьняў. Хутка мяне разлучылі з маім першым вастрожным таварышом: яго перанясьлі ў іншую камеру. Ягонае месца, як інфарматара „верхніх поверхаў“ аб тым, што дзеецца у нас, заняў іншы „лягавы“[1], нейкі К. Гэта быў чалавек ужо каля 60-ёх гадоў, засуджаны за шпіонаж на карысьць адней з суседніх дзяржаў на дзесяць год вастрогу. Сядзеў спачатку ў Полацку.
ГПУ пастанавіла выкарыстаць яго дзеля сваіх мэтаў. За ўслугі абяцалі яму… волю! У хуткім часе! У працягу трох месяцаў!..
Перавялі яго ў Менск. Давалі яму лепшы „паёк“. На абед ён атрымоўваў кусочак мяса, трынаццаць папірос у дзень, большую колькасьць цукру чымсь іншыя і г. п. Ад часу да часу К. атрымоўваў і грошы на куплю харчоу. Наіўны стары чалавек глыбака верыў у абяцаную яму волю, пільна сачыў за намі, прыслухоўваўся да нашых гутарак, астаўшыся ў камеры, калі усе выходзілі „на прагулку“, рэвідаваў нашы рэчы — і страшэнна быу зьдзіўлены, калі прамінулі тры месяцы, калі прамінула і шмат больш, а абяцанай яму волі ня ўбачыў. Перад намі мотываваў свае надзеі, ведама, нейкімі новымі акалічнасьцямі, якія выясьніліся ў яго справе, на падставе якіх ГПУ быццам мелася звольніць яго раней.
Бедны, верыў у свой хуткі выхад на волю і ў імя волі працаваў на загубу іншых зьняволеных.
Карцэр.
У нашых падвалах быў „карцэр“ для непаслушных, якія працівіліся вастрожнаму рэжыму або для тых, якія не хацелі ў часе допытаў прызнавацца. Гэта быў лёх пад усходамі. Сыры, цёмны, без усялякіх мэбляў. Столь была гэткая нізкая, што тамака ніяк немагчыма было стаяць, можна было толькі сядзець на падлозе. Праз пару дзён прабываньня у гэтым карцэры вязень выглядаў так, як пасьля цяжкой хваробы.
Часьцей за ўсё у карцэр пападаліся жанчыны. Часта было чуваць з калідору іхнія крыкі, як чэкісты вялі іх у гэтую нару пад усходамі.
Адзін раз пацягнулі ў карцэр вясковую жанчыну, аб якой я казаў вышэй. Страшэнны быў крык на калідоры, калі адрывалі маці ад дзяцей. Доўга было чуваць нейкую барацьбу, мабыць жанчына старалася супраціўляцца. У канцы канцоў удалося няшчасную ўсадзіць у карцэр. Крык аднак трываў далей. Нейкі роўны, рытмічны крык-енк, для мяне ўжо знаёмы; нейдзе я ўжо чуў нешта падобнае.
Я прытуліўся да дзьвярэй і пачаў прыслухоўвацца.
У вёсцы беларускай ёсьць звычай галасьбы на хаўтурох. Чытачы! вы лепш за мяне ведаеце аб гэтым. Ведаеце, як ідучы за труной, бабы галосяць, выхваляючы заслугі памершага.
Нешта падобнае я пачуў цяпер. Толькі гэта ня былі завучаныя словы, паутараўшыяся шмат разоў, гэта была страшная імпровізацыя жанчыны з народу ў часіны найвялікшага напружаньня болю, выражаючай сваё гора скандованымі тырадамі.
Каля двох гадзін бязупынна трывала гэта песьня бунту і ненавісьці, пасьля пачала ўціхаць, ажно заціхла зусім. Ня ведаю, ці жанчына заснула, ці можа самлела.
Я ўвесь дрыжэў, слухаючы голас гэтай шчырай, неперадуманай, але беспасрэдна з душы вырываючаеся роспачы.
Апісаць гэта трудна. Трэба гэта чуць, каб зразумець, уцяміць…
Бог хацеў.
Сядзеў у нас жыд, стары рабочы гарбар. „Кустар адзіночка“. Дзеля рэлігійных прычын ня еў васторжных харчоў. Пасілкаваўся толькі тым, што яму два разы ў тыдзень прыносілі з хаты. Гаварыў мала. Увесь дзень уздыхаў або маліўся.
Адзін раз надзірацель яго пытаецца:
— Весь ты усьцяж молішся ды молішся, а Бог ня хоча табе памагчы. Сядзіш у падвале ГПУ, а твой Бог ня можа цябе выратаваць.
Жыд уздыхнуў і адказаў філёзофічна:
— Уй! Бог хацеў — ня было ГПУ, Бог захоча — і ня будзе ГПУ…
Раптам, заўважыўшы няасьцярожнась свайго сказу, шпарка паправіўся:
— Ох, што я сказаў!.. Я хацеў сказаць: Бог захоча і я ня буду ў ГПУ…
Эх, ты! контррэвалюцыянер!..
Расстрэлы.
Расстрэлы адбываліся што раз часьцей. Рэдка праходзіў панядзелак, каб аўтамабіль не павёз кагосьці на Камароўку.
Ніхто з нас ня ведаў, што заўтра яго чакае. Толькі адзін меў больш шансаў быць расстраляным, другі менш. Наш вастрожны гумар стварыў спецыяльны назоў: „паехаць на луну“ або „атрымаць тры залатнікі“, дзеля таго што гэтулькі важыць куля з „Нагана“, рэвальвэру, які ўжываецца ў расейскім войску і з якога расстрэлівалі у ГПУ. І сьмяяліся, і жартавалі няраз тыя, хто вось заўтра меўся атрымаць падарунак — трохзалатніковую кулю з „Нагана“. Страшна было глядзець на гэты сьмех і чуць гэтыя жарты. Здавалася, што гэта ўжо сьмяецца, вышчырыўшы свае зубы, чалавечы чэрап!
Гук аўтамабільнага матору аднак электрызаваў усіх. Сьмех змаўкаў, гутарка спынялася, сваркі заціхалі… Ужо чутно ў калідоры шагі. Ідуць! ужо!!. Не!.. Прайшлі міма. Прайшлі міма нашай камеры. Недзе заскрыгатаў у дзьвярох ключ. Усе замёрлі у страху. Чакаюць. Нехта шапоча:
— Бяруць з суседняй камеры…
— Ціха!! — сычаць са злосьцю іншыя.
— Мабыць…
— Маўчы! каб цябе…
Чутно праз сцену: „Собірайся с вешчамі!“ Ніколі наперад ня кажуць, куды вядуць. Толькі у калідоры…
На калідоры нейкая кароткая барацьба, нейкі заглушаны, няздолеўшы вырвацца з грудзей крык…
Зноў шагі колькі пар ног… Гудзеньне матору аддаляецца. Зноў цішыня. Уваўсіх зьбялеушыя твары, вочы блішчаць перапудам. Час плыве, камерныя жыхары памалу вяртаюцца да свайго вастрожнага жыцьця. Але доуга яшчэ адчуваецца подых сьмерці.
Маем яшчэ перад сабой цэлую ноч. Уначы аўтамабіль можа прыехаць ізноў. А заўтра аўторак. Часам і ў аўторкі бяруць на расстрэл, калі чамусьці не пасьпеюць расстраляць у панядзелак. І толькі ў сераду можам уздыхнуць свабодна: да чарговага панядзелку!..
Няраз кандыдаты на расстрэл умаўляліся са сваімі таварышамі гэтак:
— Як паклічуць мяне, пакіну ў камеры свой пояс, міску або нешта іншае… Калі гэта будзе толькі перавод у іншую камеру, тады прышлю надзірацеля, каб прынёс мне пакіненую рэч. Калі-ж здарыцца інакш…
Ня трэба была канчаць гэтае фразы: ўсе добра ведалі, што можа здарыцца „інакшага“.
Бралі на расстэл гэтак: спачатку клікалі: „собірайся с вешчамі!“ Як засуджаны выйшаў у калідор і дзьверы зачыніліся, зьвязывалі яму рукі, калі хацеў крычаць — затыкалі спэцыяльным тампонам рот і кідалі ў аўтамабіль, які вёз яго на Камароўку. Там стралялі з „нагана“ у патыліцу і забітага закапывалі у прыгатаванай загадзя яме.
Чытач спытаецца: а скуль-жа гэта ведама? Адкажу. Адносіны у нас былі вельмі просьценькія, правінцыянальныя, ня тое, што у Маскве. Няраз у часе ўборкі дзьверы камеры былі адчынены і мы папрыяцельску гутарылі з нашымі надзірацелямі. І яны, падпіўшы, шчыра расказвалі нам аб такіх рэчах, аб якіх дысцыпліна казаць забараняе.
А ў Маскве ня тое. Там ня толькі не пагаворыш з надзірацелем, але нават голасна гаварыць з таварышамі ў камеры забаронена.
Інсцэнізацыі.
Здаралася, што з вязьнем, які не хацеў прызнавацца да пастаўленых яму абвінавачаньняў, калі нават карцэр не памагаў, разыгрывалі вось якую штуку: выклікалі з камеры, зьвязвалі, вязьлі ў камароўскі лес і тамака, над выкапанай ямай, прылажыўшы рэвальвэр да галавы, дамагаліся прызнаньня, абяцуючы дараваць жыцьцё…
Сядзеў з намі нейкі Воўк — Міхайлаў, малады хлапец, контр-рэвалюцыянер. Адзін раз паклікалі яго „з вешчамі“…
Вярнуўся праз пару гадзін зьбялеўшы як палатно, з няпрытомнымі вачыма, дрыжучы увесь. У першыя хвіліны мы нічога не маглі ад яго даведацца. І толькі на другі дзень ён рассказаў нам аб разыгранай з ім сцэне на Камароўцы.
Хутка пасьля гэтага паехаў другі раз у камароўскі лес. Гэтым разам паехаў, каб ужо балей не вяртацца…
Псіхоз.
У гэткіх умовах жыцьця ў шмат каго з нас пачаліся адзнакі псіхозу. Адзін у часе „прагулкі“ на падворку стараўся ўсе спатыканыя лужы пераступаць правай нагой, веручы, што пераскок левай прынясе яму няшчасьце. Іншы стараўся, ходзячы, ня класьці рук за сьпіну, перакананы, што гэты жэст сьцягне на яго расстрэл. Іншы, кладучыся спаць, стаўляў свае боты наскамі ў напрамку дзьвярэй, думаючы, што, калі паставіць абсацамі наперад — ніколі ня выйдзе на волю. Адзін раз, загаварыўшыся, перад сном кінуў свае боты як папала. Я бачыў як уначы ён прачхнуўся і кінуўся да сваіх ботаў. Пабачыўшы абмылку, хутка яе паправіў, акуратна паставіў боты насамі ў бок дзьвярэй — і зноў лёг на нарах, аглядаючыся, ці хто ня бачыў яго несупакою, ці хто ня будзе сьмяяцца.
Я бачыў, але не сьмяяўся. Я адчуваў, што і мае нэрвы ня вытрымаюць гэтага жыцьця, што і я пачынаю вар’яцець…
Найменшая дробязь зварачала нашу ўвагу і мы на ёй будавалі свае дагадкі. Прайшоў шпарка праз падворак нейкі чырвонаармеец… — „О! чаго ён так сьпяшаецца? Тут нешта гэткае“… Загрухацелі на калідоры шагі, пачулася за дзвярыма нейкая прыцішаная гутарка… — „О! нешта будзе!.. чаго яны там?… мабыць…“
Нават думаць баяўся чалавек закончанымі фразамі.
Усім нам сьніліся кашмарныя сны. Уначы чутны былі стогны і крыкі праз сон. Устраска нэрваў у вастрогах ГПУ гэткая сільная, што начныя кашмары застаюцца неадступнымі таварышамі на ўсё жыцьцё. Пасьля, ў салавецкім лягеры, я усьцяж чуў гэтыя крыкі вязьняў, спаўшых несупакойным сном. Я сам цяпер, шчасьліва пакінуўшы краіну „дыктатуры пралетарыяту“, уначы буджу сваю радню крыкам праз сон. Гэта сьняцца мне допыты ў ГПУ, гэта сьніцца мне грукаценьне пад’яжджаўшага зьмярканьнем аўтамабіля, каб забраць свае ахвяры на Камароўку…
Часта даводзілася чуць далятаўшыя да нас з суседніх камер крыкі здурэўшых. У маей камеры на маіх вачох звар‘яцеў адзін малады сыяніст. Нам ледзь удалось зьвязаць ашалеўшага хлопца і прыйшлося чакаць амаль увесь дзень, пакуль узялі яго ў бальніцу.
„Войкаўцы“.
Зіма ўжо прайшла. Прайшла й вясна. Пачалося лета. У перапоўненых падвалах было страшэнна душна. Двое з нас стаялі на нарах, трымаючы ў руках коўдру і махаючы ёю, каб асьвяжыць крыху паветра. Гэты жывы вэнтылятар працаваў бязупынна ўвесь дзень. Толькі змяняліся „махальшчыкі“.
Адзін раз уначы ў першыя дні чэрвеня мы збудзіліся, чуючы нейкі нязвычайны рух у калідоры, нейкія галасы, топат ног. Адчыняліся і зачыняліся дзьверы камер. Уканцы й дзьверы нашай камеры адчыніліся і ўпіхнулі да нас яшчэ каля дваццацёх кватарантаў. Ужо і бяз іх было неўмагату цесна, спалі мы ня толькі на нарах, але і на падлозе, адзін пры адным, — цяпер ужо нельга было й падумаць, каб нехта мог прылегчы. Каб памясьціць новых арыштантаў, мы былі прымушаны падняцца са сваіх нараў, сабраць і вынясьці іх у калідор і разьмясьціліся як хто мог, пераважна стоючы, у перапоўненай камеры.
Што ж гэта сталася?
У Варшаве на вагзале малады расейскі манархіст, Барыс Кавэрда, застрэліў савецкага пасла Войкава. Гэта адбілася рэхам па ўсім СССР. Ня ведаю, ці знойдзеш на аграмаднай тэрыторыі сацыялістычнай дзяржавы хаця адзіны куток, дзе-бы „мстяшчая рука пролетарыята“ ня кідала сваіх „клясавых ворагаў“ у вастрогі, не высылала ў паўночныя тайгі, не расстрэлівала. Хто быў гэтым ворагам? Кожны, хто калісьці нешта меў — ці то дом, ці нейкае прадпрыемства, кожны, хто працаваў у колішніх урадавых установах, кожны, хто хацеў жыць індывідуальным жыцьцём, ухіляючыся ад савецкай сучаснасьці, кожны, хто, стоючы ў чарзе перад савецкай крамай, каб купіць па картачцы крыху нейкіх прадуктаў, меў адвагу заскрыгатаць зубамі, — кожны кваліфікаваўся як вораг савецгага ладу, кожны быў кандыдатам у вастрог.
Пасьля на этапах, а яшчэ пазьней у салавецкім лягеры я спатыкаўся з людзьмі, якія на пытаньне, за што іх арыштавалі, адказвалі коратка: „я — войкавец“. Гэтае слова аб’ясьняла ўсё. Гэта азначала, што віны ніякае ня было, што арышт адбыўся ў часе тэрору, шалеўшага пасьля забойства савецкага полпрэда, і што чалавек гэты сягоньня пакутуе ў савецкіх вастрогах як „хаўрусьнік“ Кавэрды.
Катастрофа пад Менскам.
У гэтым самым часе здарылася яшчэ нешта, што давяло чэкістаў да шалёнай злосьці. Недзе на дарозе паміж пагранічнай станцыяй Столбцамі і Менскам выскачыла з рэльсаў аўто-дрэзіна, ў якой ехаў віцэ-старшыня менскага ГПУ Опанскій, начальнік аднаго з аддзелаў гэтай установы Карытаў і інш., вязучы схопленага на граніцы, як кажуць, польскага шпіона. У часе катастрофы Опанскій і шофэр былі забіты, Карытаў атрымаў раны, а надгранічная здабыча — шпіон уцёк шчасьліва.
Савецкая прэса ў прычынах катастрофы сачыла справу рук контррэвалюцыянераў, па горадзе аднак хадзілі чуткі (якія дайшлі і да нас у падвал), што сапраўднай прычынай катастрофы было п’янства Опанскага, які „пад п’яную руку загадаў шофэру даць машыне надта вялікую скорасьць (больш за 100 кілём. на гадзіну).
І ў гэтым больш-менш часе надыйшоў для мяне прысуд колегіі ГПУ з Масквы, якім я быў засуджаны на дзесяць год Салавецкага лягеру.
Этап.
Пасьля абвяшчэньня мне гэтага прысуду мяне перавялі з падвалу пры Савецкай вул. у іншы вастрог, г. зв. Допр („дом предварительнаго заключения“), дзе я першы раз спаткаўся з элемэнтам крымінальным. Усе мы былі празначаны на вываз на астравы Белага мора.
Палітычныя вязьні, зачыненыя у аднэй з криымінальнымі камеры, перажывалі, дзякуючы гэткаму суседзтву, часіны надта няпрыемныя. Зладзеі абкрадвалі нас ня толькі ў начы, але і ўдзень гаспадарылі ў камеры, як хацелі. Пагражаючы нажамі, забіралі спажыўныя прадукты, якія мы атрымалі ад радні, адзежу і г. п. Мы ня скардзіліся васторжнаму начальству, бо гэта не давала ніякіх рэзультатаў, а апрача таго выклікала крывавую помсту крыміналістаў.
Наканец пасьля двох тыдняў прабываньня ў Допры нас павязьлі этапам на Салаўкі.
Адзін за адным мы выходзілі са сваімі клумкамі на плячох праз вастрожную браму і станавіліся на вуліцы радамі па чатыры чалавекі ў рад… На другім баку вуліцы, пры сьцяне нейкага дому стаяла невялічкая група людзей, жанчын пераважна. Гэта былі арыштантавы жонкі, сёстры, маткі, якім удалося даведацца аб адпраўцы этапу. Іх не разганялі.
Усё гатова — пастроіліся.
Начальнік каравула зьвярнуўся да нас са строгай прамовай:
— „Партыя, слушай!… Итти посередине улицы!.. Не разговаривать!.. По сторонам не оглядываться!… Шаг вправо, шаг влево — будет считаться побегом… Безпрекословно исполнять все распоряженія конвоя!… При попытке бегства будет применено оружие без предупреждения… Партыя! шааагом — марш!!“ —
Загрукацелі па менскім бруку крокі колькідзесят ног. Мы йшлі на вагзал. У грамадзе, стаяўшай з другога боку вуліцы, нехта крыкнуў, нехта выціраў сьлёзы… Я ўбачыў сярод іх сваю маці…
Упіхнулі нас у закратаваныя г. зв. „сталыпінскія“ вагоны. Ізноў неўмагату цесна і душна. Першы этап: Орша. Два тыдні у камеры са зладзеямі і забойцамі. З вошамі і клапамі. Пасьля: Віцебск. Даўжэйшая астаноўка ў гэтых самых абставінах як і ў Оршы. Пасьля Ленінград. Там пара тыдняў праведзеных у „Другім Ісправдоме“ (Исправительный Дом). Тут чыстасьць, комфорт! Блішчаць вычышчаныя старанна калідоры, зіхацяць мядзяныя пры ўмывальніку краны… Але-ж цесна! Гэтак сама як у Менску, Оршы, Віцебску… Людзі сьпяць на нарах, пад нарамі, на сталох, пад сталамі, пад умывальнікам — усюды…
Адтуль ужо беспасрэдна на вызначанае месца: у Салавецкі лягер — „Слон“ (салавецкие лагеря особаго назначения).
Была ўжо зіма.
- ↑ Гэтак завуць там вастрожных даношчыкаў.