Перайсці да зместу

Урачыстыя дні (1930)/У падарожжы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сон у першамайскую ноч У падарожжы
Верш
Аўтар: Пятро Глебка
1930 год
XII зьезд КП(б)Б
Іншыя публікацыі гэтага твора: У падарожжы (Глебка).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У ПАДАРОЖЖЫ

…А на вакзале гоман не змаўкае,
ня гаснуць там ніколі ліхтары:
ад раніцы і да вячэрняе зары
павольна коціцца за цягніком цягнік,
мігаюць сінія, чырвоныя агні.

Людзей так шмат мяняецца ў вагонах:
адны прыехалі, другія ад‘яжджаюць,
і думы іхнія далёка дзесь вітаюць
і у вачах люструецца пасьпешнасьць,
і сумна ім, і весела, і сьмешна.

Адны ва ўсіх жаданьні й лятуценьні:
Імкнуцца ў даль, бяскрайнасьць дасягнуць,
Дык вось таму, таму сьпяшаюцца у пуць…
Імчыцца ў даль за цягніком цягнік,
мігаюць сінія, чырвоныя агні,

*

Каля касы чарга…
Далі двойчы званок,
— Негарэлае!..
Скора адходзіць.
.........
Пазіраю з купэ на пэрон праз акно —
па якой ён збудованы модзе?..
Паравік даў гудок.
Захістаўся цягнік,
скалыхнуліся важка вагоны
i у даль паплылі;
замігалі агні
Ўсё хутчэй
і хутчэй —
не дагоніш!

*

За вярстою —
вярста,
за вярстою —
вярста,
а цягнік ўсё ідзе,
а цягнік ня прыстаў.
За далінай
гара,
за гарою —
аблог,
а цягнік ня прыстаў,
гэта дым толькі зьлёг.
За слупамі —
слупы,
за пасёлкам —
сяло;
успаміны плывуць,
агартаюць чало.
Беларусь.
Беларусь!..
(А палеткі бягуць)
Колькі новыя дні
табе шчасьця нясуць?!
Мы да мэты ідзём,
цягніку —
ня прыстаць:
за вярстою —
вярста,
за вярстою —
вярста…

*

Бачу, край мой савецкі,
мая Беларусь,
будаўніцтва тваё, будаўніцтва!
Вось і новы вакзал,
паравік уздыхнуў,
прыпыняецца зьлёгку,
спыніўся.

Я выходжу з купэ, паглядаю вакол,
а вакзал гэты нейкі адменны
хоць і тут, як і скрозь, каля хат частакол,
хоць і тут дзеравяныя сьцены.

Але новы пэрон і будынак адзін
шмат аб чым маім думкам гавораць:
руйнаваньне было, хай ня знаць тых гадзін,
хай ня знаць нам мінулага гора.

Чуе сэрца маё, думкі знаюць, што там,
кілёмэтраў за сем ад вакзалу,
дзе слупы і мяжы пагранічнае шрам,
там і сёньня ня збудуцца жалю.

Віснуць стогны і енк, разьліваецца плач,
над краінай забранай, закутай;
беларускіх сыноў расьпінае палач,
сыноў лепшых вядуць на пакуты.

Цісьне смутак душу, у абдымках тугі
узрастае напорнасьць і сіла.
Адыходзіць цягнік, ён ідзе аж туды,
за мяжу, дзе крыжы і магілы.

Дружа любы, чакай! Я хачу перадаць
прывітаньне ад вольнай краіны:
мы сягоньня ідзем Вызваленьне спраўляць
не загінулі мы, не загінем!

Прысьпяшае хаду — ня спыніўся цягнік,
я гукаю тады наўздагонкі:
— Закрычы на ўвесь сьвет, хай жалезны твой крык
да змаганьня абудзіць старонку.

Закрычы-загукай ва ўсе сьвету канцы,
Хай дрыжыць вораг люты трывожна:
над краінай вітаюць прадвесьня ганцы,
дык ня спынімся мы ў падарожжы!

*

Цягніка ня відаць, у далёкасьці зьнік,
толькі рэйкі уздрыгваюць глуха.
На пероне стаю, галавою панік,
потым долу прыкладваю вуха.

І вось чую, як быццам бы стогне зямля,
крык жалезны далёка пачуўся:
— Пролетары злучайся! Надыходзіць вясна,
Вызваленьне нясе Беларусі.

1928 г.