XII ЗЬЕЗД КП(б)Б
ХРОНІКА
У яркасьці белай і сьнежнай
зарніца гаворыць з зарой.
У думках такая разьбежнасьць,
што вызначыць цяжка настрой.
Ні сум і ні радасьць, прынамсі;
ні прозу, ні вершы пісаць…
Настрой пад увагу прыняўшы,
пакінуў я песенны сад.
І хронікай важнай заняўся
(прабачыць няхай рэпарцёр);
нядарам я некалі кляўся
уславіць у песьнях жыцьцё.
Ды песьні мяняюць свой нораў,
мяняюць дарогу і сьлед;
няхай прасьпявае іх жораў,
пакуль не зьявіўся поэт.
Жыцьцё паспрабую уславіць,
адкінуўшы песенны шум:
вялікую хроніку слаўна
у вершах сваіх апішу.
1
Харошая зіма. Марозная зіма,
такой ня ведалі і нашы продкі.
А вуліцы шумяць, на вуліцах размах
наколькі выстарчае сродкаў.
Каля ЦЭКА аўто, аж пяць аўто,
у Менску гэта трохі дзіўна…
І вось пытаюцца цікавыя — нашто? —
індывідуальна і колектыўна.
Уцямім сэнс сягонешніх падзей
у заўтрашніх радкох газэты сьвежай.
Мінае дзень, згасае дзень,
і надыходзіць зорны вечар.
2
На акраінах ціш,
а ў цэнтры нястрыманы гоман.
Белы вечар і сьнег,
электрычнасьці бляск
Хутка восем гадзін.
Да партыйнага дому
людзі мераюць мернымі
крокамі шлях.
Ад Мазырскіх балот,
і ад Слуцкай раўніны,
і ад Менскіх узгоркаў, Бабруйскіх нізін,
З найдалейшых і блізкіх
ускраін краіны,
ад працоўнага люду
усе, як адзін…
З думкай яснай і сьмелай —
жыцьцё перайначыць —
на вялікі і слаўны
сабраліся зьезд.
Прывітаньне маё
З пажаданьнем у працы
дасягнуць перамог,
нячуваных нідзе!
3
Званок супыніў, устрывожыў размовы,
і разам усхліпнулі ў залі агні.
Таварыш Гамарнік кароткай прамовай
зьезд Ка Пэ Бэ адчыніў.
...........
Год мінуў. Падлічым дасягненьні,
нашы цяжкасьці і сотні перамог.
Мы рупліва клалі у падмур каменьне
і рупліва так-жа кладзямо.
Збудавалі фабрыкі й заводы,
засьвяціла электрычнасць скрозь.
На шляху страчалі перашкоды,
што імкнуліся спыніць узрост.
А памылак — мала сустракалі? —
Іх рабілі часам сумысьля.
Я да працы сьціплай заклікаю,
каб варожасьць гэтую суняць.
Супраць вывіхаў, ухілаў і зацішкаў,
за змаганьне і за ленінскі за шлях,
ня гуляць з політыкай у цот і ў лішку,
калі працы жджэ савецкая зямля.
На завод, на поле сёньня рушым,
заўтра мо‘ на фронт нам будзе трэ‘
Прывітаньне Вольнай Беларусі!
Хай жыве ЦЭКА і Комінтэрн!
4
Пакуль на зьезьдзе галасы
спрачацца будуць па дакладзе,
Дазвольце мне агаласіць
вітаньні партыі і ўладзе.
Прывітаньне ад рабочых:
Сябры-таварышы, якое шчасьце
вітаць са зьездам Ка Пэ Бэ?!
Руплівасьць працы не пагасьне,
як дух ня згас у барацьбе.
Мы верым партыі нязьменна,
няспынна будзем працаваць;
ня мы — дык наша пакаленьне
комуну зможа збудаваць.
Расьце упартасьць і сьвядомасьць
Іх пераможа Ленінізм!
і рэволюцыі агні.
Мы перашкоды усе зломім.
Прывітаньне ад сялян:
З далёкае вёскі, з сялянскіх палёў
прынёс прывітаньне я зьезду.
Яшчэ ў нас часамі на межах быльнёг
красуе купчастым агрэстам.
Ды толькі ня страшыць такая бяда:
мы знаем ад гэтага сродкі
і зможам, як трэ‘, ураджаі падняць
на сорак, найменей, адсоткаў.
Адна толькі просьба: ня дрэмле кулак, —
сачэце за ворагам пільна.
Няхай жа цьвіце ураджайна зямля,
Ка Пэ Бэ, Цэ Вэ Ка і краіна!
Прывітаньне ад інжынэраў:
Вітаньне шле вам Асінбуд!
У нас працуюць мэханізмы:
у хуткім часе прабягуць
па дроце іскры комунізму.
І ў кожнай хаце, дзе сьвяча,
дзе тлее комінак сялянскі,
засьвеціць лямпа Ільліча,
раськінуўшы навокал бляскі.
Агні далёка прабягуць,
над сьветам будуць разьлівацца.
Вітаньне шле вам Асінбуд,
жадае посьпеху у працы!
..........
Закончылі позна прамовы,
зьнябыўшыся йшлі спачываць,
а вечар марозна-бялёвы
на дрэвах карункі зьвіваў.
5
Яшчэ рана зусім; ажывае пад‘езд,
а навокал таполі, як сьвечкі.
Прыступае да працы дванаццаты зьезд,
зноў даклады, пытаньні і спрэчкі.
А хвіліны лятуць, а дзянёчкі бягуць,
нават лёту таго не заўважыць,
і кладуцца яны на людзкую вагу —
недахоп дасягненьнямі важаць.
6
У сьцягах чырвоных эстрада,
і Леніна поруч портрэт.
У вочах — праменьнямі радасьць,
вялікая радасьць, поэт.
Яе не парушыць асновы,
як нельга парушыць зямлю.
Апошняе выслухаць слова
прышлі дэлегаты у клюб.
Заключнае слова:
Праца вялікая, слаўная праца,
дзіўная праца за год.
Сьмела наперад, ня трэба баяцца
цяжкасьцяй і перашкод.
Шлях наш вядомы — роўны і просты,
шлях да комуны вядзе.
Словам-наказам будзе на ростань:
Сьмела хай кожны ідзе.
Там, дзе заводы, там, дзе палеткі,
зерне пасейце, сябры,
хай закрасуюць калосьсе і кветкі,
радасьць людзкая гарыць.
Дальняй краіне, сёньня забранай
ворагам лютым і злым,
шлем прывітаньне сваё тэлеграмай,
шлем ад савецкай зямлі.
Хай паўстаюць — у змаганьні адважным
прыйдзе, народзіцца дзень —
крыўду падлічым, нядолю узважым —
радасьць на поле упадзе
І аб‘яднаўшыся, выйдзем, сустрэнем
шчасьце — комуну — сусьвет…
Сейце, таварышы, буйнае зерне,
Хай закалосіцца цьвет!
7
Цягнік імчыць, мінае пераезды,
мінае вёскі і лясы,
і дэлегацыя дванаццатага зьезду
любуецца аблогамі красы.
А думы ткуць інакшыя узоры —
штодзеннай працы плян.
Гараць зімовыя над сьветам зоры
і мёртвая ляжыць зямля.
Цягнік імчыць. Яму наперагонкі
дэпэшу радыё нясуць:
— Паўстань, народ зьняволеных старонак,
выходзь спаткаць вясну!
|