Перайсці да зместу

Урачыстыя дні (1930)/Сон у першамайскую ноч

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Герой і партызанка Сон у першамайскую ноч
Верш
Аўтар: Пятро Глебка
1930 год
У падарожжы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сон у першамайскую ноч (Глебка).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СОН У ПЕРШАМАЙСКУЮ НОЧ

Зямлю ахінае вясновая ночка,
кладуцца маўкліва трывожныя сьцені,
ня на̀даўга дзень адвінуўся у прочкі,
а здані ўжо сьцелюць сваё шалясьценьне.

Стаю ў задуменьні, вакно расчыніўшы,
а вуліца звоніць, гамоніць стозвонам;
вялікая радасьць, як смутак у Ніцшэ,
за думкамі думкі лятуць у пагоню.

Лятуць, прападаюць, згасаюць далёка,
ды зноўку у надхмарных глыбінях вітаюць:
— нап‘ецца зямля акавітнага соку
і ружы падорыць прыгожыя маю.

Цяпер над сусьветам навалы і хмары,
разносяцца стогны і плач навальніцы…
— Ці нашыя плечы ня згорбіць цяжарам? —
на стол у задуме схіляюся ніцам.

*

На вуліцах людзі і людзі ня зьлічыш!..
Ссыпаецца іскрамі сонца;
вясёлыя скрозь сустракаю абліччы,
кудысьці сьпяшаюць бясконца.

Ня хмары на небе, ня хвалі на моры —
усплёскам калышуцца людзі;
раптоўна да сонца зьлятаюцца зоры,
у хмарах купаюцца, блудзяць.

— Комуна над сьветам! з усходу на захад,
ад мора да мора бяз краю,
дзе шлях векавечны ўсіх ворагаў вабіў,
маяк і гарыць і палае.

Надзеі, жаданьні ў радасьць зьвіліся,
імклівяць мае лятуценьні,
праз Нёман бурлівы да стромкае Віслы
ляту я чароўнаю сьценьню.

Ляту, узьнімаюся вышай і вышай,
на нізе хвалюецца Нёман,
шырока разьліўся, на скалы аж выйшаў,
і пена паслалася лёнам.
...............
Панурая цемра наўкола лягла,
ні сонца, ні месяц ня сьвеціць;
пакутуе, стогне, рыдае зямля —
Комуны няма ‘шчэ на сьвеце.

Здранцьвела ўсё цела, — адлічаны дні…
Ляту усё ніжай і ніжай,
прыпаў да зямлі… Замігалі агні
далёка, далёка на ўзвышшы.

І раптам, бы зоры упалі наніз,
Зямля асьвяцілася ясна:
Красуня-дзяўчына над ямай стаіць,
а вочы — то яркнуць, то гаснуць.

Шаўковыя косы упалі на стан
І вэлюмам віснуць да долу,
і людзі гавораць, што гэта — Вясна,
а ветры зайшліся — скаголяць.

З усьмешкай на вуснах гаворыць Вясна:
— Вітаю, таварышы, з маем!..
Завіўся і сумна зашастаў туман:
„Сягоньня яе расстраляюць“.

— Браточкі мае, дарагія мае,
над нашай Заходняй краінай
з караляў вяночак зарніца зьвіе
і людзям для радасьці кіне.

— Глядзеце — наўкола магілы, крыжы,
бяз крыжу магіла ‘шчэ стане —
і сокалы будуць над ёю кружыць
і весткі даваць аб паўстаньнях.

— Успомняць ня раз і ня двойчы мяне —
нядарам Комунаю клічуць —
пакуты тады патануць у багне
і сонца ўсьміхнецца ў абліччы.

— Ня кажуць цяперака — тут Беларусь,
а кажуць — Усходнія крэсы…
Калі па-над краем убачу зару,
тады я устану — ўваскрэсну.

— Браточкі мае, дарагія мае!..
раптам замоўкла, упала…
Я чую, што грудзі пачалі смылець,
а ветры і хмары — навалай.

У ветрах трава да зямлі прылягла,
і клён над магілай сагнуўся.
і вось… запалала агнямі зямля,
мне страшна, крычу і прачнуўся…

*

Раніца. Сонца гуляе на сьценах,
на вуліцы чуецца гоман.
Зьнікаюць памалу мае лятуценьні —
Дзень Першага мая сягоньня.

Я ведаю — там, на Усходзе далёкім,
на Захадзе, Поўдні, Паўночы,
сягоньня зямля абліваецца кроўю,
а думкі нязьменна прарочаць:

— Комуна ня згіне на сьвеце ніколі,
хоць гінуць цяпер комунары —
іх кроў зацьвіце каласамі на полі
і зьдзейсьняцца іхныя мары.

Сны сьняцца прыгожа ў пару зацьвітаньня,
мне страшны сягоньня прысьніўся,
ды толькі я веру ў магутнасьць змаганьня,
хоць стогн над зямлёю узьвіўся.

Няхай не сягоньня, дык заўтра, дык скора
дарогі усыплем мы цьветам,
і праўда сон мой тады загаворыць,
вячыстаю праўдай сусьветнай.

Над шостаю часткай зямлі — зацьвітаньне
і песьня вясновага маю.
Браточкі далёкія, ваша змаганьне
вітаю заўсёды, вітаю!..

1927 г.