Перайсці да зместу

Урачыстыя дні (1930)/Герой і партызанка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Песьні жалобы Герой і партызанка
Баляда
Аўтар: Пятро Глебка
1930 год
Сон у першамайскую ноч
Іншыя публікацыі гэтага твора: Герой і партызанка.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ГЕРОЙ І ПАРТЫЗАНКА

Па гладзі бязьмежнай узгоркаў, лагчын,
праз цёмныя зарасьлі лесу
я з гораду еду дамоў на спачын,
таму і ўглядаецца месяц.
Даўно ён ня бачыў мяне у палёх,
Дык вось насьміхаецца зьверху.
Абапал дарогі, спусьціўшы гальлё,
прысады спатканьню ня вераць.
Віецца дарога істужкай у даль,
ня спыняцца лёгкія сані.
Як вокам акінуць — раўніна, відаць,
палотнамі белымі ўслана.
— Вітаньне маё вам, палеткі, лясы! —
знаёмыя месцы страчаю.
Такая прыгожая ясная сінь
і ў казках, глядзі, ці бывае.
Па сіні-ж рассыпаны нечай рукой
узорна бліскучыя зоры.
Ніколі ня моўкне вярба над ракой,
адвечныя казкі гаворыць.
І сыплюцца словы на хвалі вясной,
а хвалі разносяць па сьвеце.
Такія легенды успомніш ізноў,
хоць іх ня друкуюць ў газэце.
Убачыўшы зараз над рэчкай вярбу,
легенду снуюць успаміны.
А коні няспынна бягуць ды бягуць,
імкнуцца дагнаць далячыні.
Узгоркі, лагчыны, вазёры, лясы
мінулі, даўно за плячыма.
Раўніна і рэчка ў абоймах красы
сьнятамі зьнітованы шчыльна.
На полі ля рэчкі бялее курган,
над ім узрастае бяроза,
празвалі ў народзе Героем курган,
а дрэва — Паўстанкаю грознай.
І ходзіць ў народзе легенда адна
аб насыпе й дрэве высокім,
адкуль узялася — няйначай рака
прынесла на хвалях здалёку.

*

„Калісьці нядаўна ў мінулыя дні
на гэтай бязьмежнай раўніне
жылі у вялікім маёнтку паны
адзінай Расійскай краіны.
Ад іх мы спазналі нямала пакут,
Ды што ўспамінаць пра старое.
Сягоньня мы самі пануем вось тут:
Над мёртвым пануе жывое.
Гады за гадамі няспынна ішлі,
і людзі мяняліся так-жа,
і заўжды атрутную чарку пілі,
а пан усьміхаўся і княжыў.
Працуеш, бывала, а прыйдзе зіма —
пустуюць старыя аруды:
ні хлеба, ні корму скаціне няма,
ад крыўды ірваліся грудзі.
Вядома, зямелькі тае недахват;
пасееш — зьбіраеш ня ў пору:
раз пану заўсёды ўва ўсім вінават,
павінен-жа вырабіць норму.
Пасьля пачалася ліхая вайна,
забралі усіх у салдаты.
Ад ранку да ночы, ды зноў да відна
сьлёзы ліліся па хатах.
А дзеці зьбіралі на хлеб каласы,
і гэтым жывіліся людзі.
Трывожна шумелі, шумелі лясы,
пыталіся — што гэта будзе?
І раптам прымчалася вестка здалёк,
ня помню, удзень, а ці ўночы:
здаволены будуць сяляне зямлёй,
а фабрыкі ўсе — для рабочых.
— Даволі, сказалі, за што ваяваць! —
вярнуліся людзі дадому,
пачалі ізноўку па-малу араць
бяз лішніх і нізкіх паклонаў.
Ды толькі нядоўга была цішыня,
заляскалі зброяй вяльможы,
хацелі імклівасьць працоўных суняць,
ня ведалі, хто пераможа.
Ад краю да краю узьняўся народ.
І так — бяз усякіх загадаў.
Ішлі бараніць вызваленьне сваё,
ізноў устрывожылі хаты.
У нашай-жа вёсцы жыў хлопец Максім,
дзяцюк — пашукаць такіх трэба;
раней ён у пана аратым служыў,
здаецца, за шэсьць пудоў хлеба.
Кахаў ён дзяўчыну адну — сірату —
дзяўчыну Алесяю звалі.
Жыла у тэй хаце, дзе клёны растуць,
цяпер жа вучыцца паслалі.
Дык вось усхадзіўся ня жартам Максім:
— Даволі цярпелі, даволі!
Ляпей-жа адважна загінуць зусім,
чым жыць і марнець пад няволяй!
І плакала горка дзяўчына адна:
— пра хлопца ні слуху, ні чутак.
Вясной разгарэлася болей вайна,
стагнала зямля у пакутах.
Аднойчы імчаўся праз вёску атрад,
спыніўся (што робіць каханьне!).
І хлопец спатканьню з дзяўчынаю рад,
ня надаўга толькі спатканьне.
Дзе толькі ні глянь і дзе вокам ні кінь —
наехала белых у вёску…
Стары, а ня помню дзянёчкаў такіх,
ня помню, каб быў такі лёскат.
Адважна змагаўся чырвоны атрад,
ды што-ж, калі моцная сіла:
зьляглі, як трава у пракосы, падрад, —
усіх прытуліла магіла.
Адно вось Максіма ніяк ня узяць,
адважны быў хлопец, адважны…
І доўга б прышлося паном пастраляць,
Ды толькі Максім не заўважыў.
Падкраліся з боку, схапілі яго;
нядоўга, вядома, судзілі —
назаўтра чуць дзень павялі за сяло…
…і стала у полі магіла.
Клялася дзяўчына, ўзышоўшы на жвір,
адпомсьціць паном за каханьне.
І плакалі ў полі, рыдалі вятры,
Алеся-ж пайшла ў партызаны.
Хадзілі ўсялякія чуткі тады,
што, быццам, дзяўчынку забілі,
ажно цераз год, як квітнелі сады,
Алеся прыйшла на магілу.
Яна й пасадзіла бярозу сама,
вадой палівала з крыніцы.
Цяпер-жа Алесі у вёсцы няма —
паслалі кудысьці вучыцца.
А людзі назвалі магілу — „Герой“,
бярозу празвалі — „Паўстанкай“.
Прыгожа там летам вячэрняй парой,
прыгожа вясною уранку.

*

Я чуў гэту казку калісьці даўно,
нямала іх ходзіць па сьвеце.
Такія легенды успомніш ізноў,
хоць іх ня друкуюць ў газэце.
Легенда ня згіне, пад звоны травы,
змаганьне ізноў як распаляць,
і вечная слава героям жывым,
загінуўшым вечная памяць!
..............
Мінаем раўніну, ўзьяжджаем на луг,
віднеецца вёска ў лагчыне,
а коні няспынна бягуць ды бягуць,
імкнуцца дагнаць далячыні.

1928 г.