Перайсці да зместу

Урачыстыя дні (1930)/Песьні жалобы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Крывавая нядзеля Песьні жалобы
Баляда
Аўтар: Пятро Глебка
1930 год
Герой і партызанка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песьні жалобы (Глебка).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕСЬНІ ЖАЛОБЫ

Гады прамінаюць, праходзяць, як сон;
зьнікае і радасьць і смутак,
і новай вясною бярозавы сок
залечвае раны, пакуты.
і новай зімой акрываюць сьнягі
душу і палеткі аздобай.
Адно не пазбыцца маўклівай тугі,
навеянай людзям жалобай.
Адно не пазбыцца надломаных дум,
навеяных стратай вялікай.
Магутны, як волат; нязломны, як дуб,
выходзіць да сьветлага клікаць.
А сёньня ня выйдзе пакласьці Свой сьлед,
і думак і слоў ня узьвее:
у рамках жалобных Ягоны портрэт
і здымак Яго маўзалея.
Гляджу і ня веру — здаецца, жывы:
сур‘ёзнасьць і сіла ў абліччы.
Здаецца — вось зараз кіўком галавы
да працы ізноўку пакліча.
Чакаю… Маўклівы у рамках портрэт —
хістаецца чорная стужка…
— Усё гэта — мары, таварыш поэт —
і думы узьнімаюцца птушкай.

*

Мне часта так сьніцца яго сылуэт,
нязломная воля ў жаданьнях.
На кожнай дарозе паложаны сьлед,
на кожнай сьцяжынцы дазваньня.
Усё, што ільга і мо‘ нельга было,
задумаў і зьдзейсьніў, як думаў.
Яго мармуровасьцю сьвеціць чало,
і зорна люструюцца думы.
Ня падаем ніц, ня спыняем хаду
прад імем — сугучнасьцю „Ленін“ —
паклоны кладзем мы імклівасьці дум,
а так-жа Ягоным тварэньням.
Сугучнасьць растане, пагасьне, як сон,
а вобраз ня згіне ніколі.
Ён быў целаіснасьць на цягу вякоў
Усёй чалавечае волі.

*

Пралятаюць думы
міма весялосьці;
і ня скажаш думам —
турбаваці досыць.
Навяваюць думы
сэрцу успаміны,
Пралятаюць думы
весялосьці міма.
..........
Былі маразы і маўчалі палі,
ня гнуліся долу бярозы.
У белым убраньні каліны былі,
Як толькі расьцьвіўшыя крозы.
У сьнежных карунках застылі драты,
слупы пры дарозе застылі.
раптам… Трывожна гудуць правады,
сьлязьмі асыпаецца іней.
Бяроза над хатай схіснула гальлём,
заплакала ў сьнезе каліна.
Прамчалася вестка наўсьцяж над зямлёй
— Вялікая страта ў краіне.
І людзі прыпалі да цьмянай зямлі —
апошняе выслухаць слова;
кудысьці нязьменна ішлі ды ішлі,
ад болю нахмурыўшы бровы.
І ворагі плачу ня ўчулі ані —
гарэлі напорнасьцю вочы:
пакляўся наказам яго селянін,
пакляўся наказам рабочы
..........
Праляцелі годы
ў напружанай працы.
Выйдзі да усходу
ростам любавацца.
Выйдзі да усходу
раненька сягоньня:
праляцелі годы —
ці збудован помнік?!

*

Праходжу па вуліцах. Скрозь — супакой,
а скора абудзіцца горад.
У змроку зімовым такою парой
агні дагараюць, як зоры.
І веліччу дзіўнай здаюцца дамы…
Праходжу па Ленінскай далей —
туды, дзе па сьнезе качаецца дым
і носяцца скогаты сталі.
З Траецкай дзіўлюся на новы узрост:
паўсталі заводы, палацы…
Усё гэта ты, пролетары, узьнёс
напружнай, нязьменнаю працай.
І радасна неяк і нейк весялей,
хоць сёньня дзень смутны жалобы:
Наказ не забыты: Яго маўзолей —
краіну працоўных — аздобім.

*

Гады прамінаюць, праходзяць, як сон;
зьнікае і радасьць і смутак.
І новай вясною бярозавы сок
залечвае раны, пакуты.
І новай зімой акрываюць сьнягі
душу і палеткі аздобай.
Адно не пазбыцца маўклівай тугі,
навеянай людзям жалобай.
Адно не пазбыцца надломаных дум,
навеяных стратай вялікай.
Магутны, як волат; нязломны, як дуб,
выходзіў да сьветлага клікаць.
А сёньня ня выйдзе пакласьці Свой сьлед,
ні думак, ні слоў ня узьвее…
Затое мы помнім яго запавет
і зьдзейсьніць, таксама, умеем.
І вось калі здолеем гэта зрабіць
і словы Яго ажыцьцёвім —
Загояцца раны маўклівай тугі,
і скрухі ня будзе ў аснове.
Таварыш мой любы, ня трэба тугі,
на Працу Вялікую — першым:
заводы, палацы, электра-агні —
то Леніну помнік найлепшы.

1928 г.