Узгоркі і нізіны (1928)/Шкоднае ў беларускай літаратуры
← Ці сапраўды „Узвышша“ ёсьць узвышша | Шкоднае ў беларускай літаратуры Крытыка Аўтар: Зміцер Жылуновіч 1928 год |
Цьвёрдымі крокамі → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Шкоднае ў беларускай літаратуры. |
ШКОДНАЕ Ў БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ
(Што было і чаго не павінна быць)
Пасьля пяцігадовага зацішша (1916—1920 г.г.) у беларускай літаратуры наступіла прыметнае ажыўленьне. К гэтаму часу сталі выяўляцца новыя пісьменьнікі, пачалі зычэць новыя мотывы ў іх творчасьці. З цэлага згустку дадатных зьявішч выгадна выдзеліўся выступ на літаратурную арэну М. Чарота. Яго бадзёры настрой, яго рэволюцыйныя пачуцьці, апраўленыя ў прыгожую форму, сьведчылі аб новым, буйным і сьветлым у беларускай літаратуры. За ім ішлі А. Дудар, А. Александровіч і М. Зарэцкі. Выразна падбіралася маладое ядро пісьменьнікаў, на творчасьць каторых меў уплыў Кастрычнік на Беларусі. „Завіруха“ М. Чарота дыхнула жывою сьвежасьцю і прарэзала беларускі літаратурны небасхіл яскраваю маланкаю.
Няхай гудзе віхор, няхай зьмятае |
Да гэткага строю напеваў далучаліся бадзёрыя выступленьні некаторых старэйшых пісьменьнікаў. І над адноўленаю Беларусьсю ўздымаліся хвалі новых песьняў. Літаратура ўбірала ў сябе сокі ўзьнятае цаліны, вяртаючы на выпраўлены грунт службы беларускаму працаўніку. Ранейшы вопыт, праца мінулых гадоў, асабліва глыбіня і значэньне подвігаў пэрыоду соцыяльна-нацыянальнага адраджэньня, браліся ў прыклад і клаліся падмуркам новаму будаўніцтву. Ад аднаго пэрыоду літаратурнага жыцьця да яго наступнага перакідаўся мост. Зьвенамі сувязі былі пісьменьнікі новых дзён, але сваім выхаваньнем многа павінныя папярэднім, перадрэволюцыйным часам, як тыя-ж М. Чарот, А. Александровіч і А. Дудар. У іх сьвядомасьці беларускае літаратурнае жыцьцё мела лёгічную перадатнасьць у сваім разьвіцьці, захоўвала лад суцэльнасьці. Водлуг гэтага ім не магло прадстаўляцца нормальным якая-б там ні была перабойнасьць гэтага разьвіцьця. І ні ў якім разе іх разуменьне не магло апраўдаць патрэбы ў рашучым адказе ад спадчыны. Калі ў расійскай пролетарскай літаратуры паўсталі нездаровыя прызывы адмовіцца ад клясыкаў і „спаліць Рафаэля“, то, прынамсі, М. Чарот быў зусім ня згодзен з няпрытомнасьцю М. Гарасімава і яго сяброў. Праўда, у адносінах да расійскае літаратуры можна было зрабіць тыя ці іншыя выбачэньні, калі трэ‘ было прыняць на ўвагу яе дарэволюцыйную істоту, як істоту пераважна буржуазную. Беларускай адраджэнскай літаратуры можна было прыпісаць зусім мала грахоў. Яна была ўвогуле багата прасычана соцыяльнымі элемэнтамі, рэволюцыйнасьцю, напорнасьцю. Праглядалі часамі сумныя ноты і часамі наглядалася ўхіленьне ў бок нацыянальных імкненьняў. Але „дух эпохі“ вымагаў гэтага ад беларускіх пісьменьнікаў у адраджэнскі пэрыод. Нацыянальны элемэнт быў складным элемэнту соцыяльнага, будучы ў той-жа час рэволюцыянізуючым сродкам. Паляк-памешчык і чыноўнік-бюрократ расіец, стоячы над беларускім селянінам і беларускім рамесьнікам з пугаю ў руках, не маглі ня ўносіць у клясавае змаганьне апошніх нацыянальных прыкрас. Ці-ж можна дапускаць думку нават аб чужасьці мінулых здабываньняў?
У першыя часы працы новага пакаленьня беларускіх пісьменьнікаў ня было і жаднага намёку на гэта. Але наступная пара ўнясла ўжо гэтыя моманты, бязгрунтоўныя і шкодныя. Іх парадзілі ў большасьці прычыны суб‘ектыўнага характару; аднак, вялікую ролю адыгралі ў іх аформленьні і прычыны об‘ектыўныя.
У 1923 годзе ўзрост беларускіх літаратурных сіл прыняў надзвычайны тэмп. За вышэйадмечанымі пісьменьнікамі надышоў шэраг новых, паўстаўшых пасьля рэволюцыі. Мінулае жыцьцё беларускае літаратуры для іх было ўводдалі, умовы яго разьвіцьця мала зразумелы, абставіны — чужыя. Пры сваім спатканьні з літаратурнаю рачаіснасьцю, яны пачулі гутаркі аб старым і новым, аб мінулым і сёнешнім. Адно другому супроцьставілася, пры гэтым погляды, галоўным чынам, зьвярталіся на сёнешняе і заўтрае. Пад уплывам гэтых настрояў у іх і сформавалася скарасьпелая думка, выкрасьліліся погляды, згодна якім — трэба забыць каштоўнасьць мінулае творчасьці, адказацца ад яе значэньня і ад прызнаньня за ёю гістарычнае ролі. Тут, бязумоўна, не абышлося бяз уплыву гэткіх настрояў з боку расійскага літаратурнага жыцьця. Але грунтоўнейшым фактарам гэтаму паслужыла маладосьць саміх успрыймальнікаў гэтых павеваў, недахоп у іх крытычных думак, патрэбных для пазнаньня складанасьці гістарычных зьявішч, бурлівасьць пачуцьця і, гэтак сама, якасьці маладых гадоў. Аставалася настроям сабрацца ў адно месца і ўспрыняць чыннасьць. Згуртаваньне літаратурнага аб‘яднаньня „Маладняк“ — дадало таго, чаго не хапала… Мы гэтым зусім ня думаем сказаць, нібы „Маладняк“ заснаваўся, маючы на мэце менавіта праводзіць у творчасьці гэты настрой. Зусім не. Усё-ж, самы прынцып організацыі яго быў ня зусім вытрыманым. І вось чаму: пад свой сьцяг „Маладняк“ злучыў маладых пісьменьнікаў не па прынцыпу маладосьці іх ідэёвых напрамкаў, а, галоўным чынам, водлуг фізычнага росту сваіх сяброў. Далей гэта хіба пачала выпраўляцца, але патрабавалася шмат часу, пакуль яна выправілася. На падгатоўку яе выпраўленьня прыпалі гады росквіту „Маладняка“, як організацыі маладых пісьменьнікаў; а гэтаму тэрміну якраз ужыўны тыя зьявішчы, якія мы адносім да катэгорыі шкоднага ў беларускай літаратуры.
Аналізуючы ідэёвы зьмест творчасьці першых сяброў „Маладняка“, можна было зразу бачыць выразную разыходжанасьць іх, прынамсі, у двух напрамках. Адзін напрамак меў пераважнасьць рэволюцыйных настрояў і пролетарскае афарбоўкі, другі адмячаўся ідэёвай нявыразнасьцю з тэндэнцыяй ухілаў у бок вясковай стыхіі. І цікава, што прадстаўнікамі першага якраз былі тыя тры-чатыры пісьменьнікі, аб якіх даводзілася ўспамінаць вышэй. Іх літаратурны вопыт (ужо ён у 1923 годзе падлічаўся трыма гадамі!), большая сугучнасьць бягучаму часу іх настрояў застаўлялі разглядаць маладую організацыю пад гэткім кутам гледжаньня. Тым ня меней, у „Маладняку“ не знайшлося належных даных, каб у процэсе свае працы захаваць ва ўсіх сваіх сяброў усвойныя літаратурнаму жыцьцю норавы, побыт, этыку… (зразумела — ня ў тых лупінах, якія асталіся ад дарэволюцыйнага часу, а ў адноўленых рэволюцыяй рамках). Некаторая частка маладнякоўцаў з-за многіх прычын разумела ролю свае організацыі не як кузьню для новых ідэй у беларускай літаратуры, а як прыпас для разбурэньня спадчыны. Тут ня было нават месца запытаньню: чаму разбураць? Але выглядала з-пад споду крохкае жаданьне — аслабаніць месца, каб ня засьціла. Ня шляхам перастаноўкі, а — разбурэньнем. Імпэт маладое натуры і бурлівага пачуцьця! Да ўцехі адно, што гэта бурлівасьць не захапляла ўсяго „Маладняка“, як цэлага, што знаходзіліся сродкі, якімі гэта бурлівасьць астуджвалася. Пераказваем — часта гэтых сродкаў не хапала ў меру. Часамі яны былі паліатыўнымі…
Хутка пасьля свайго заснаваньня заснаваньня „Маладняк“ зрабіў першы крок свае адмежаванасьці ад старэйшых пісьменьнікаў. Гэта было пры сьвяткаваньні 15-гадовага юбілею Цішкі Гартнага. Замест сумеснага ўшанаваньня юбіляра, маладнякоўцы зрабілі сваё, асабовае. На першы погляд — дробязь, тым ня меней характарная ў гісторыі беларускага літаратурнага жыцьця. Характарная, панашаму, зусім не адмоўным бокам, а дадатнымі вынікамі. Справа ў тым, што „Маладняк“ лічыў Ц. Гартнага найбліжэйшым да свае большасьці пісьменьнікам і захацеў падкрэсьліць гэта адмяжованым ад іншай грамадзкасьці ўшанаваньнем яго. Сам-па-сабе гэты факт не даваў сымптомаў на тое, чаму ён быў уступам. На яго, зразумела, увага была зьвернута, і не малая, але вывесьці тых ці іншых заключэньняў на наступнае — было рызыкоўна. Аднак, зусім неўзабаве разьвіцьцё падзей адбылося само сабою. Адыходжаньне ад старых пісьменьнікаў накіравалася пад вострым кутом. Ня кажучы аб дарэволюцыйных здабытках беларускае літаратуры, і навейшыя творы старэйшых беларускіх пісьменьнікаў сталі падпадаць з боку некаторых маладнякоўцаў „зьніштажаючай“ крытыцы…
I тут, вядома, нічога-б дзіўнага не выглядала, каб самы мэтод крытыкі ня меў, сапраўды, незразумела варожага тону, нястрымана дзіўных наскокаў і зусім нясталых прыёмаў. Мімаволі здаровай часткі маладнякоўцаў на чале з М. Чаротам, а часта наперакор ім, па-за імі, больш экспансыўныя сябры „Маладняка“ хутка павялі галаваломную вайну супроць старых. Першымі прыладамі да наступу былі абабраны рогі („У рожкі са старымі“) (які тут сымбаль — хто яго ведае), а языку далася поўная воля. Нешта накшталт „свабоды слова“. Гэта „свабода слова“ зычэла ўсімі фарбамі вясёлкі.
Пачалося з крытыкі коласаўскае „Новае Зямлі“. Гэта поэма таленавітага пісьменьніка сваім выйсьцем у сьвет зрабіла вялікае ўражаньне. Твор меў усе правы на тое, каб яго прылічыць да монумэнтальнейшае рэчы ў беларускай літаратуры, да рэчы клясычнае. Ім абагачалася беларуская літаратура вельмі і вельмі значна. Кожны з надзеяй глядзеў на наступнае ў яе разьвіцьці, маючы пацьверджаньне „Новай Зямлі“. Але вялікая частка поэмы пісалася Я. Коласам у дарэволюцыйны час, калі панавалі зусім іншыя абставіны; напрамак у яе напісаньні поэта ўзяў строга рэалістычны, і настрой поэмы ня пыхаў яскраваю рэволюцыйнасьцю. Сэнс яе — шуканьне новае зямлі селянінам, які хацеў вызваліцца ад цяжкіх ланцугоў недастач, бядоты, прыціску налогамі і інш., зараз, не супадаючы цалкам з настроямі сялян, старыў поэму. Аднак, ахоп ёю жыцьця селяніна ад нараджэньня да сьмерці, сьмеласьць задуму, велічыня і эфектнасьць вобразу, хараство і насычанасьць малюнкаў паднімалі гэты твор Я. Коласа на высокую ступню мастацкіх дасягненьняў. Аб гэтым ня было спрэчкі. Між тым маладняковец Л. Жыцень, наперакор усяму і ўсім, у тым ліку і здароваму розуму, агаласіў сваю асабовую думку аб „Новай Зямлі“. У „Радавай Руні“ № 3-4 за 1924 год, у артыкуле „Слова аб літаратуры“ ён так „атэстуе“ знатны твор Я. Коласа і яго самога: „А цяпер павалэндаемся па нашай літаратурнай палісадзе (а стылік, бачыце, стылік!). Нашы рэцэнзэнты, хоць маладыя і нехлямяжыя (!), хочуць давесьці, што „Новая Зямля“ Я. Коласа ёсьць „монумэнтальнейшы твор і выдатнейшая зьява ў беларускай поэзіі“ (лапкі Л. Ж.), „буйны твор“ (лапкі Л. Ж.), які ня ведае сабе роўнага твору“… Але „калі глядзець на яго з гістарычнага боку, то ў ім ёсьць дзікі (!?) народніцка-інтэлігенцкі патрыотызм і ўласьніцкія прывычкі, якія ня маюць апраўданьня (!)“. І, згодна Л. Жыценю, з ім трэба толькі так паступіць: „Прачытаўшы, ставім яе з даволі несамавітым настроем на паліцы для кніг побач Шэйна ці Федароўскага — вось так, на ўсялякі выпадак“. Хвасянуўшы па Я. Коласавых „немачных песьнях жальбы“, крытык курыць ладан маладым пісьменьнікам, у ліку якіх лічыць сябе.
Сьледам за Л. Жыценем у № 5 за 1924 год часопісі „Маладняк“ на зборнік вершаў Я. Журбы „Заранкі“ накінуўся з лаянкаю другі крытык, Ул. Гайдукевіч. Сваю рэцэнзію-лаянку на гэту кніжку ён перасыпаў, як макам, вострымі, размашыстымі сказамі на старога заслужанага пісьменьніка, літаральна ўтаптаўшы яго ў гразь. Аб „Заранках“ Ул. Гайдукевіч зрабіў гэткія вывады: „Зборнік вершаў Я. Журбы „Заранкі“ паказвае нам: 1) як ня трэба пісаць маладым нашым поэтам; 2) чаго ня трэба друкаваць у гэты час нашым выдавецтвам, калі беларускаю літаратураю пачынаюць цікавіцца суседзі нашы, і, калі, пры адсутнасьці поўных збораў твораў нашых выдатных пісьменьнікаў, гэткія зборнікі будуць лічыцца за „ўзорнае“ (лапкі Ул. Г.) з беларускае літаратуры… Трэба адразу сказаць, што з гэткімі творамі не чакае слава ні Я. Журбу (якому трэба яшчэ, мусіць, гадоў 15 папрацаваць, каб навучыцца хоць „гладкія“ (лапкі Ул. Г.) вершы пісаць), ні нас, беларусаў. Шкада толькі, журботна, што кнігу надрукавалі ў ліку 3.000 экз.“
Здарылася так, што да зборніка „Заранкі“ надрукавалі портрэт Я. Журбы, дзе ён быў зьняты ў студэнцкай вопратцы дарэволюцыйнага фасону аўтар іншае фотографіі ня меў. І гэта натхніла Ул. Гайдукевіча выказацца аб прыведзеным выпадку гэткімі словамі паклёпу: „Пераблытанасьць зборніка („Заранкі“) вельмі гармоніруе фотографіі поэты, на якой ён нам зьяўляецца ўва ўсёй „красе“ (лапкі Ул. Г.) наплечнікаў з царскімі вэнзелямі і бліскучых гузікаў. Гэта-ж 1924 г., гэта-ж восьмы год рэволюцыі!.. Але лепш ня будзем успамінаць, бо ён і сам пэўна пачырванее“.
Ад гэткае інсынуцыйнае крытыкі пачырванець было ня дзіва. Дзіва было, што самі крытыкі ад яе не чырванелі. І рабілася яшчэ большае дзіва, адкуль у іх набылася ў кароткі час сланёвая няўразьлівасьць ад прыёмаў, і тону свае крытыкі. Гэта была шкодная ўласьцівасьць, але чамусьці некаторым ранейшым маладнякоўцам уласьцівая. Ішлося, як знарок, водлуг пагаворкі: „Калі хочаш, каб на цябе зьвярнулі ўвагу, зрабі якую-кольвечы дурасьць“. Некаторым гэта дурасьць здавалася спрытам або нават і геройствам… Прынамсі Н. Чарнушэвічу ў ролі крытыка, які таксама раней быў маладнякоўцам[1]. У сваім артыкуле „А. Гурло як поэта і грамадзянін“ (№ 6 часоп. „Маладняк“ за 1924 г.) ён гэтак раўняе А. Гурло з Я. Коласам (А. Гурло ў той час належаў да тае-ж організацыі, што і яго крытык): „Песьні жальбы“ (Якуба Коласа) — гэта тлень, перададзеная ў архіў. „Званы працы“ (А. Гурло) — гэта веснавейны сьпеў, гэта пясьнярскі падарунак першым (!) прывідам, вечна маладое пролетарскае вясны… Яго апошнія творы багаты ня толькі пролетарскім зьместам, яны багаты і формай. Старыя формы — спадчына аўторытэтаў нашаніўцаў адкідаюцца ім, як зношаны лапаць, які можа забрудзіць чыстую нагу[2]. Сказана, як бачыце „сьмела“ і зычна. І пры гэтым — бессаромна. Хто з яго што сышча? Як з гуся вада. Язык без касьцей. Гэта надмернае вярценьне бяскосьцьнага струманту ўвайшло было ў свайго роду спэцыяльнасьць, стала сьмікалкаю ў тых, каму ён часткова замяняў розум. Тыя-ж з крытыкаў, у каго апошняга ня гэтак бракавала, ужывалі іншы спосаб, таксама далёкі ад этыкі і прыстойнасьці.
У 1925 годзе вышла кніжка Янкі Купалы — „Безназоўнае“. Поэта ёю засьведчыў сваю любасьць, сваё захапленьне падзеямі Кастрычнікавай рэволюцыі. Пасьля доўгае маўчанкі, ён прапяяў новаму жыцьцю моцны, натхнены акафіст. Беларусь, быўшы бяз назвы, безназоўная, стае жывым, вядомым, знатным, уваскрашаючым стварэньнем. Чырвоны Кастрычнік перавабражае краіну-пакутніцу, краіну мучальніцу. „Безназоўным“ Янка Купала стварыў незабываны настрой, пераліў красу рэволюцыйнай падзеі ў прыгожасьць свайго мастацкага, захапляючага лірызму. Крытыку А. Бабарэку захацелася абвергнуць агульны настрой, створаны „Безназоўным“. Болей таго, ён рашыў зруйнаваць дашчэнту значнасьць гэтага Янкавага твору. І ўзяўся за крытыку. У № 7 „Маладняка“ за 1925 год у артыкуле „Вясну радзіла восень“ быўшы „маладнякоўскі Бялінскі“ гэтак „крушит“ „Безназоўнае“ і яго аўтара: „У зборніку 1925 г., — піша ён, — Янка Купала акунаецца ўжо ў „Безназоўнае“, знача, невядомае, што знаходзіцца за межамі пазнавальнасьці. І вось адкрываецца зборнік вершам, у якім гучыць затайная ўсьмешка (?!).
… О, так! Я — пролетар!.. |
„А далей і само „Безназоўнае“:
Спачатку яно шалясьцела |
„І чамусьці гэтае „яно“ далей называецца ліхам:
Во, як пачалося ў нас ціха |
Ясна, можна тлумачыць гэты сымболь, як вобраз ідэі адраджэньня Беларусі, як вобраз і самой Беларусі, але можна разумець і што-небудзь іншае (!), калі зьвярнуць увагу на такія выразы, як (курсіў наш. — З. Ж.):
Сяляне і сялянкі! |
„Паўстае пытаньне, чаму такі эпітэт — „цацанкі“? Няўжо толькі для музыкі? Або:
Спраўляюцца заручыны |
„Чаму эпітэт „засмучанай“?
Няўжо толькі для рыфмы? Або чаму іменна ўсім Беларусь павінна дагаджаць, калі яна „на куце ў хаце сваёй села“?
Вось гэты доўгі допыт у тоне і напрамку допытаў крымінальнага вышуку А. Бабарэка ўжыў для Янкі Купалы не здарма. Крытыку прышло ў розум улічыць поэту наводнымі пытаньнямі не ў якім-кольвечы „дробным ідэёвым непаразуменьні“, а чуць не… у контр-рэволюцыйным ухіле. Гэтыя яхідныя, са злосным выразам на твары запытаньні, гэтыя намёкі і наводы служылі крытыку вышэйшым самалюбаваньнем сваёю здольнасьцю няўмольнага прокурора. Нешта накшталт Робесп‘ера…
Так крытыку вялікасьць свайго вобразу лунала ва ўласным выабражэньні. Сапраўды-ж, грозны прокурор быў ня чым іншым, як сіратлівым Санчо-Панчо. Нават горш гэтага. Спусьціўшы некалькі часу пасьля свайго Скэтлянд-ярдаўскага допыту Янкі Купал у артыкуле „Вясну радзіла восень“, А. Бабарэка к дваццацігадоваму юбілею песьняра, у кніжачцы „Маладняк — Янку Купалу“, гавора зусім іншае аб творчасьці і духоўным „я“ песьняра. Паміж іншым, на гэты раз нядаўні абвінавайца ўзьдзявае на сябе маску абаронцы і кажа: „У поэты яшчэ з маленства зараджаецца вось гэта думка, каб сынтэзаваць сонца і волю“ далёкіх прастораў з „вялікім морам людзкога, забытага шчасьцем жыцьця“. І далей: „У Янкі Купалы вызначаецца гэткі прынцып творчасьці, а іменна — прынцып клічу, каб выклікаць водклік у сонным сяле“, — каб „усю Беларусь — неаб‘ятну, як мора, убачыць у ясным, як сонца, сьвятле“. Трэці прынцып творчасьці Янкі Купалы такі: „песьня — гэта зброя змаганьня за лепшую будучыню роднага краю“. І нарэшце, А. Бабарэка заключае аб Янку Купалу: „Гэтым усім, ясна, ня вычэрпваюцца ўсе прынцыпы творчасьці поэты. Яны багаты і рознастайны, як багата і само „я“ поэты, якое матэрыялізавана ў мастацкім слове. Мы гэтым хочам толькі адзначыць, што яны вызначаюцца некаторымі фактамі з асабістага жыцьця. Імі-ж да некаторага стопню вызначаецца і агульная накірованасьць сьветагляду поэты, які характарызуецца імкнёнасьцю —
З цэлым народам гутарку весьці, |
Ці-ж трэба было больш трэзвага, больш бесстароньняга падыходу да найвялікшага з беларускіх песьняроў, як гэта зроблена ў прыведзеных вытрымках? І яшчэ цуднейшым рабіўся папярэдні выбрык А. Бабарэкі, які сьведчыў аб нясталасьці крытыка, аб дзяцінстве, занесеным на старонкі часопісі, аб мудрагельстве, замест сур‘ёзнае і адказнае справы. Нельга-ж кіравацца правілам, што папера ўсё церпіць і… не чырванее. Часамі яе бялізна горш чырвані. Але што каму да гэтага.
Не зважаў ні на вошта і Ўл. Дубоўка, які (проста незразумелым стаецца!) у тэй-жа кніжачцы „Маладняк — Янку Купалу“ нячувана дзіка апляміў Якуба Коласа. І чамусьці ўмысна ў час урачыстага сьвяткаваньня юбілею Янкі Купалы. Няўжо яму здавалася, што, даючы адначасна пахвальбу юбіляру і ганьбуючы яго таварыша сябра і саратніка ў змаганьні за вялікую справу вызваленьня працоўных Беларусі, ён цешыць Янку Купалу? Нельга было згадзіцца з гэтым. Болей таго, жудасна ставала ад безадчотнае „сьмеласьці“ пайсьці на напісаньне наступных радкоў аб Я. Коласе: „Сыканьне і гойканьне распачалі супроць „Маладняка“ некаторыя старыя пісьменьнікі і культурнікі, спагадаючыя ім. Адзін поэта, які прэтэндуе на нейкае нязвычайнае значэньне ў Беларусі, напісаўшы тысячы радкоў, зьвязаных прымітыўнымі, дзіцячымі дзеяслоўнымі рыфмамі, стаў вольна ці нявольна на чале сыкуноў (курсіў Ул. Дубоўкі)… Але дарма! Сьмехам і жартамі праводзяць цяпер гэткіх „дзеячоў“ (лапкі Ул. Д.)“. У падобным артыкуле ў часопісі „Аршанскі Маладняк“ № 1 (артыкул: „Янка Купала і „Маладняк“) зноў жа Ўл. Дубоўка пра Якуба Коласа кажа: „У той час, калі некаторыя старыя пісьменьнікі беларускія, замест таго, каб дапамагчы маладым беларускім поэтам і пісьменьнікам у іх творча-грамадзкай працы, заняліся пісанінай фэльетонаў на маладых пісьменьнікаў, ды носяць па школах, па сямілетках, дзе зачытваюць нашаму малодшаму пакаленьню; у той час, калі некаторыя старыя пісьменьнікі нашы (праўда, нікудышныя (курс. З. Ж.) прымушаюць сваіх дзяцей выпісвацца з піонэрскага атраду, куды яны былі запісаліся, у той час Янка Купала зьвяртаецца да моладзі з натхнёным заклікам“…
Гэта празывалася змаганьнем „маладнякізму“ з „адраджанізмам“. Гэтым расчышчалася дарога маладым сілам. Пасьля вось падобнае „расчысткі“ некаторыя з ранейшых маладых свае творы, свае выданьні ставілі супроць беларускіх выданьняў. Не аднойчы заяўлялася: „Трэба на тым ці іншым зьезьдзе наладзіць маладнякоўскую выстаўку“. Калі на гэта даводзілася, што Белдзяржвыдат выстаўку ўжо наладзіў, было адказам: „То наладжана выстаўка беларускае літаратуры, а мы хочам наладзіць выстаўку маладнякоўскае літаратуры“.
Аставалася паціскаць плячыма і зьдзівавана пытаць: няўжо гэта сапраўднасьць? Калі-ж далей у часопісі „Маладняк“ (№ 5 за 1924 г.) той-жа Ўл. Дубоўка ў артыкуле „Па мастацкіх куткох“ хвацка вылаяў выдавецтва „Савецкая Беларусь“, стала вачавідкім, што ўсё гэта сапраўднасьць, жывая, ачулая, бяспрычынная сапраўднасьць…
У выдавецтве „Савецкая Беларусь“, бедным, безграшовым, з 1922 г. да 1924 г. выдалася некалькі зборнікаў мастацкае літаратуры. Выдавалася яна па аўтарах у парадку набыцьця рукапісаў ад іх. Яшчэ ў 1921 г. гэтых рукапісаў было куплена ад розных пісьменьнікаў літаратурна-выдавецкім аддзелам Наркамасьветы на некалькі томаў для друкаваньня іх за рубяжом. Дзякуючы розным прычынам, у Нямеччыне давялося надрукаваць усяго тры кніжкі: „Песьні працы і змаганьня“ Цішкі Гартнага, яго-ж першую частку роману „Сокі Цаліны — Бацькава Воля“ і „Казкі жыцьця“ Я. Коласа. Выдавецтва „Савецкая Беларусь“ узялося выдаваць набытыя рукапісы ў сябе. І выдала вось гэткія кніжкі: „Спадчына“ Янкі Купалы, „Водгульле“ і „Новая Зямля“ Якуба Коласа, „Пад родным небам“ і „На зачарованых гонях“ З. Бядулі, „Заранкі“ Я. Журбы, „Барвенак“ А. Гурло і пазьней крыху „Веснаход“ М. Чарота і „Трэскі на хвалях“ Ц. Гартнага. Частка апошніх была сучасьнікамі „Маладняка“, усе-ж іншыя набываліся і выдаваліся, калі „Маладняка“ не існавала… Прынамсі, калі ў „маладнякоўцаў“ (апроч М. Чарота і А. Гурло, чые кніжкі „Савецкая Беларусь“ выдала), ня было чаго выдаваць. Гэта ня ішло на ўвагу, і супроць выдавецтва празычэла з вуснаў Ул. Дубоўкі гэткая філіпіка: „Выдавецтву „Савецкая Беларусь“ усё роўна, ці друкаваць творы Журбы ці „Маладняка“. Ну, дык у чым-жа справа? Можа дрэнна расходзяцца творы сяброў „Маладняка“ і таму іх ня друкуюць? Але не! Зборнік „Комсамольская нота“ — двух сяброў „Маладняка“ — зусім ня горш іншых беларускіх выданьняў, а нават лепш. У чым жа яшчэ сабака закапана? „Можа форма ў „маладнякоўцаў“ няпрыгожая? Але і з гэтага боку не падкапаешся. Іншыя сябры „Маладняка“ адзяваюць свой зьмест у такія прыгожыя вопраткі, што, бязумоўна, могуць паспрачацца з самымі галоўнымі „прывілеяванымі“ ў выдавецтвах песьнярамі. У чым-жа і яшчэ справа? Чаму гэтак ня хочуць выдаваць „маладнякоўскія“ творы? Мы ня ведаем. Слова за выдавецтвам“. Тут, як бачым, справа чарговага наступу, ня болей. Бо „Белтрэстдрук“ сапраўды нічога не выдаваў — а „Савецкая Беларусь“ выдавала творы без разбору аўтараў.
Пры заснаваньні Беларускага Дзяржаўнага Выдавецтва знайшлася яшчэ большая мажлівасьць да выданьня ў тым-жа бесстароньнім у адносінах да аўтараў напрамку. Тым ня меней, помнячы розьніцу між беларускай і маладнякоўскай літаратурамі, частка ранейшых маладнякоўцаў выдавала свае творы ў кніжніцы „Маладняк“; праўда, праз кніжніцу можна было прапусьціць творы лягчэй, ды яшчэ гэта прыдавала некаторы эфэкт. Але па-за гэтым эфэктам расьлі і адмоўныя зьявішчы. Апошніх было нямала, і па значэньню свайму яны не маглі не адбівацца і на багатых дадатных бакох працы і творчасьці „Маладняка“, і на сталасьці беларускае літаратуры. Праз кніжніцу знайшлі мажлівасьць угледзець сьвет тыя пачынальнікі-пісьменьнікі, якім і ня суджана было быць пісьменьнікамі. Пры гэтым выданьне твораў справодзілася некатораю помпезнасьцю, як выдрукаваньне портрэту аўтара і пахвальнае рэцэнзыі. Дзякуючы гэтаму малады поэта, неасталёваны ні ў ідэі, ні ў настроях, ні ў ведах, набіраўся гонару, чванства, самаўпэўненасьці і на ўсё ды і на ўсіх глядзеў з плёвага пункту гледжаньня. Ён адчуваў сябе кітом, на якім зямля трымаецца, і ўрэшце была двайная страта: і для беларускае літаратуры, і для самога пісьменьніка. Ну, але, дапусьцім, што бяз гэтага нельга было абыйсьціся. Усё-ж лёгка было абмінуць празьмернасьць самахваленьня, як-та ў большасьці рабілася тымі ж быўшымі маладнякоўцамі, якія адлічаліся рагатасьцю ў змаганьні са старымі. Тут, як і там, ня мелася супынку. Апроч узаемных рэцэнзій, пахвал, шчодрыя сябры-крытыкі разьдзьмухалі ў надзвычайнае здарэньне тыя зьявішчы, якія сапраўды часта выглядалі недарэчнасьцю. Цікавы ў гэтых адносінах водгук У. Гайдукевіча на кніжку Я. Пушчы „Раніца рыкае“. Гэта кніжка мела адну асабістасьць — густату ў зьмесьце, пераблытанасьць сказнае мовы і багацьце анормальнай вобразнасьці. З гэтага далёка недадатнага боку яна ябеднымі языкамі перавярнулася ў пагаворку. Аднак, наперакор усяму і ўсім, У. Гайдукевіч прапяяў ёй натхненыя дыфірамбы. Ён пісаў („Маладняк“ № 8 за 1925 г., арт. „Раніца рыкае“): „Адным з тых непакорных хлапцоў, якія першыя згуртаваліся ля організатара „Маладняка“ Міхася Чарота (курсіў У. Гайдукевіча), якія павялі змаганьне за новае жыцьцё, за рэволюцыю сродкамі мастацкай літаратуры, — стаў і Язэп Пушча (курсіў У. Г.). Ня толькі стаў, а і выклікаў не малы гармідар сваімі вершамі, сваімі вобразамі. Больш таго, першы зборнік вершаў, які ляжыць перад намі, назваў — „Раніца рыкае“ (курсіў наш. З. Ж.). Чытаеш раз, перачытваеш другі. Хочацца сказаць: не загіне беларуская культура, беларускае мастацтва. Першы зборнік маладнякоўца (курсіў У. Г.) сьведчыць аб гэтым, яскрава сьведчыць“… Далей ідзе ў гэткім-жа настроі поўны разбор твораў у „Раніцы рыкае“. І з якога боку ні паглядзі, як ні пастаў — пэрлы ды годзе. Вось проста Язэп Пушча — гэта ні хто іншы, як wunderkind. Пры гэтым — паўстаўшы, як сфінкс. Надзвычайная асоба, а таму і творчасьць яе надзвычайная таксама. Мілагучная, прасычаная „сакавітасьцю, сьвежасьцю і орыгінальнасьцю вобразаў“, з тэматыкай настолькі цікавай, як і з формальна-мастацкім бокам творчасьці. Нават У. Гайдукевіч дайшоў да таго, што заключыў, нібы Я. Пушча зрабіў нейкую перасьцярогу мінуўшчыне і ўсім яе прыхільнікам. Гэта ўсё зборнікам „Раніца рыкае“. Знарочыстасьць падвялічыць той гармідар, які ўсяго і атрымаўся ад „Раніцы рыкае“, — вось навошта сходзіла крытыка Ў. Гайдукевіча. Бо зусім не сакрэт, што „Раніца рыкае“ выклікала іронічныя ўхмылкі нават ва многіх цяперашніх маладнякоўцаў. Так, здаецца, што і сам Ул. Гайдукевіч, пішучы, быў далёка ад сур‘ёзнасьці. Нельга-ж, сапраўды, было сур‘ёзна казаць аб тым, што здатна выклікаць ня што іншае, як гармідар. Але чыннасьць гэткага характару была ўспрынята некаторымі быўшымі маладнякоўцамі не на жарты. Прыкладаў — хоць адбаўляй: і ў паводзінах, і ў творчасьці. У № 237 газэты „Савецкая Беларусь“ за 18 кастрычніка 1925 г. была надрукавана рэцэнзія на № 9 часопісі „Маладняк“ нейкага Я. Кудзера, побач з гэтай рэцэнзіяй той-жа самы крытык зьмясьціў і рэцэнзію на № 6 „Полымя“. І вось — „Полымя“ з-пад пяра крытыка вышла нікудышным, нічога нявартым, хоць вазьмі і выкінь вон. Затое „Маладняк“ аказаўся непараўнанай па якасьці кніжкаю. Што ж акрасьляла яго якасьць? Усё, наогул, а ў прыватнасьці філёзофскія імпрэсіі А. Бабарэкі пад назвай „Вобразы бяз рамак і асадкі“. У гэтых вобразах, па словах крытыка, А. Бабарэка „паказаў шмат таямніц душы чалавека, таямніц сьветабудовы, у аснове якога заложаны не хаос, а гармонія“. Гэтыя імпрэсіі мелі ніжэй паданы канчатак:
… Чалавек — |
— Калі акорды душы твае не заглушаюць пустаты неасяжных даляў —
— Ні зямлі, ні неба ня відаць…
Якая тут „глыбыня філёзофіі“ — алаху ды крытыку з ім вядома. Сапраўды гэта было нічым іншым, як гармідарам, ці з розумамі ці не, ня судзім, а ручым што з капэльмэйстарам… Палачка апошняга асамі перадавалася з рук у рукі для ўзаемнага апяваньня дыфірамбамі.
Што за прычыны накіроўвалі некаторых маладнякоўцаў на гэткі шлях? Гэтых прычын было многа, але ніводная з іх не вымагалася ні ўмовамі грамадзкага разьвіцьця, ні патрэбаю разьвіцьця беларускае літаратуры. Наадварот, асноўныя з іх — гэта незразумеласьць ролі і значэньня справы, да якое яны (некаторыя маладнякоўцы) мелі дачыненьне. Маладосьць і — праз яе неадпаведнасьць. Нясталасьць і — дзякуючы ёй — блазнасьць.
К канцу 1925 году адмечаныя выбрыкі і мудрагельствы ў беларускай літаратуры сталі пераважваць над дадатнымі бакамі ў працы і разьвіцьці „Маладняка“. Гэта кідалася ў вочы ня толькі староньнім наглядальнікам за жыцьцём маладых пісьменьнікаў, а і многім сябрам „Маладняка“ на чале з М. Чаротам. Ён і раней адмячаў надмернае чванства у некаторых сваіх колегаў, але спадзяваўся на яго выжываньне самім процэсам працы. Час-ад-часу ў гутарках са многімі маладнякоўцамі паасобку і на сходах філій ён зьвяртаў на гэта таварыскую ўвагу. Гэтага аказвалася мала. І на зьезьдзе „Маладняка“ М. Чарот адкрыта асудзіў самахвальства, самаўпэўненасьць, дзіцячую рызыку найболей няўстрыманых сваіх таварышоў па організацыі. Праўда, гэта не перашкодзіла Ул. Дубоўку тут-жа яшчэ раз недалікатна чапіць гасьцей зьезду — старэйшых пісьменьнікаў.
Тым ня меней „Маладняк“ пасьля зьезду пачаў атрымоўваць зусім інакшы выгляд. Усё болей стала зьвяртацца ўвага на самакрытыку, на набыцьцё належнай этычнасьці для тых, у каго яе не хапала.
Ці абмінуў бы ён, будучы ў суцэльнасьці, тыя перашкоды, якія заключаліся ў апісаных намі зьявішчах так, як гэта ён зрабіў пасьля, — цяжка сказаць. Ясна адно, што адкол ад яго грамадкі пісьменьнікаў, у якіх — проста прымха якаясь апынуліся ўсе тыя, хто, галоўным чынам, культываваў вольнасьць ад этыкі і выкліканьне гармідараў, вельмі паспрыяў для далейшага ідэёвага жыцьця „Маладняка“.
Аднак, калі мы можам з уцехаю констатаваць адмечаныя посьпехі ў „Маладняку“, то зусім інакшае мы бачым у „Узвышшы“.
Апошняе, ня гледзячы на паказную сталасьць ды прысвоеную знарочыстасьць, не пакідае старых традыцый. Дзяцінства і задзёр, чванства і культываваньне выбрыкаў — сыстэматычна цягнецца надалей. Досыць пералічыць вось гэтыя выпадкі апошняга часу, як: выступленьне Я. Пушчы на дыспуце[3] аб часопісі „Узвышша“, выступленьне там-жа Ўл. Дубоўкі[4], зьняважлівае падколваньне маладнякоўцаў у друку (глядзі час. „Узвышша“ № 2), апавяшчэньне „Узвышша“ наконт фэльетону С. Друка аб ітогах дыскусіі і, нарэшце, рэмізьніцкія артыкулы супроць Цішкі Гартнага (№ 3 „Узвышша“) і А. Александровіча (№ 5 „Узвышша“).
Усюды выглядае адно: захапленьне гармідарам, культываваньне неэтычнасьці, ужываньне дзіцячых выбрыкаў. Сваяасаблівая вобразнасьць згубіла ўсякія рамкі і асадкі, прыняўшы выгляд разбазыранасьці…
Апошняя вельмі яскрава выказваецца ў нехаценьні лічыцца ні з кім і ні з чым. Малейшы намёк на ідэолёгічныя хібы ў іх творчасьці, на ўпадачнасьць настрою, на недалікацтва ў спрэчках, на прымітыўнасьць абсталяваньня розных тэзісаў ды пляцформаў — выклікае ва ўзвышаўцаў дзіцячы задзёр і гэткага-ж гатунку лаянку. Цікава, да рэчы, справа з вышэйуспомненым нахілам да скэтлянд-ярдаўскіх прыёмаў у дыскусіі, што выразна паказвае рэдакцыя і тон узвышаўскага паведамленьня наконт артыкулу Сымона Друка „Аб скутках дыскусіі“ ў № 2 „Узвышша“. Ня дзіва пасьля гэтага, што настойна вынікае пытаньне аб патрэбе сапраўдных „рамак і асадкі“. Друк не павінен служыць дробным мэтам мяшчанскага характару. Літаратура, што мае перад сабою найадпаведнейшыя заданьні выхаваўчага характару, ня мусіць вульгарызавацца праз апушчэньне да прымітыву. Мажлівасьць вольнага доступу на старонкі часопісяй, што падарыла Кастрычнікавая рэволюцыя кожнаму, ня тлумачыцца адкіданьнем усякіх законаў і ўсякіх граніц. Калі хлапцу ўдаецца скласьці адзін верш больш-менш удачліва, а чарговыя псаваць, — то тут няма абавязку, які-б дапушчаў сапсаваныя друкаваць бяз усякае папраўкі ці крытыкі. Гэта элемэнтарная ісьціна. Той жа элемэнтарнай ісьцінаю будзе і палажэньне аб сумлівасьці ў поэтыцкай здольнасьці таго, хто сумеў выпадкова напісаць адзін-два вершы. Аднак мы бачым, што малейшая спроба крытыкі цягне за сабою абурэньне і разам з тым вядзе да ўнікненьня ад яе праз самастойны друк. Прыблізна гэта характарызуецца вось якімі правіламі: „Які-небудзь Чарот ці Піотуховіч, ці іншы сьмее чапаць мяне? А ну іх! Я сам сабе крытык, сам сабе настаўнік“[5]. Гэта хваравітасьць, пароджаная павольнымі адносінамі да маладых, нясталых хлопцаў, дае аб сабе знаць вельмі чула.
Патрэбна дачасна спыніцца вакол зачэпленага пытаньня і ўдзяліць яму належную ўвагу. Мы не нагэтулькі багаты, каб дазваляць траціць час на стварэньне гармідару, на практыкаваньне ўзаемнага самахвальства і гульні ў бязьмежную вольнасьць. Мы ня створаны да ігры ў пустую вобразнасьць, якая пасьля сябе пакідае сьляды лопнутай мыльнай бурбалкі. Перад намі кіпучае жыцьцё, поўнае глыбокае творчасьці ва ўсіх галінах, перад намі нясупынная праца над стварэньнем соцыялізму. Літаратура мусіць прыняць чынны ўдзел у гэтай працы, літаратура павінна надаваць энэргіі і бадзёрасьці працаўніком, гартаваць іх сілы і распаляць веру ў бліжэйшы прыход пастаўленае Кастрычнікам мэты. Адыходзіць у бок, азірацца назад, адцягацца ад сапраўднасьці — знача губіць справу, за якую стаіш. Заплюшчваць вочы на свае абмылкі, а то і ўзносіць іх перад іншымі — праступак. Абыходзіць маўчаньнем гэтыя розныя недахопы — сорам.
Ласьне з-за туману фіміамных напеваў ня відны бываюць голыя плямы іх? Ці можна схаваць той факт, які кажа аб усякай адсутнасьці ў пераважнага ліку маладых пісьменьнікаў твораў на тэмы сучаснасьці, які не знаходзіць адбітку ў іх творах агромністага процэсу будаўніцтва новага жыцьця, які паказвае на ашчаднасьць бадзёрых нотаў прызыву да гэтага будаўніцтва, які не знаходзіць вобразаў колёсальнае вялікасьці перараджэньня духоўнага сьвету, быту, поглядаў працоўных станаў беларускага жыхарства, народнае інтэлігенцыі, які пералічае цэлы шэраг іншых тэм, што чакаюць не дачакаюцца сваіх мастакоў?
Нельга і няможна з гіронічнаю ўхмылкаю адзывацца аб гэтым, як аб „казёншчыне“, „надзеннасьці“ і інш.
Нельга і праступна адказваць на адметкі гэтага ды іншых недахопаў у творы лаянкамі, выбрыкамі, мудрагельствам.
Дзіка і шкодна ўхіляцца ад крытыкі, заражаючыся хвароблівымі самаўвер‘ем і самаўпэўненасьцю.
Пара быць сталымі!
Мінула тры гады з тае пары, калі гэта шкадлівая плынь улілася ў беларускае літаратурнае жыцьцё. У некаторых яна адбілася на складзе нораву і на процэсе думаньня. Але ў агуле беларуская літаратура асталася ня ўразенаю. Тля, што псуе маладыя яе пупінкі, мусіць быць вытруена. Рашуча. Чыстае паветра няхай ахутае роўны агароджаны шлях яе далейшага разьвіцьця.
- ↑ Н. Чарнушэвіч прызнае зараз свае ранейшыя абмылкі, і гэта яму прасьціма, Гайдукевіч-жа ня ў моцы гэтага зрабіць. Наадварот, гэты з маладых ды раньні крытык, праўда, зараз не выступаючы пад гэтым „аслаўленым“ псэўдонімам, у далейшым падаў аб сабе некалькі вестак, яшчэ болей падняўшых яго „славу“.
- ↑ Да рэчы, А. Гурло сам нашанівец, ён ніколі ні ў творах, ні ў гутарках не пацьвердзіў Чарнушэвічавых слоў аб ім.
- ↑ На дыспуце аб час. „Узвышша“ № 1 Я. Пушча сказаў: „Ц. Гартны ня любіць М. Багдановіча за тое, што той не пахваліў яго вершаў у 1912 г.“.
- ↑ Там-жа Ул. Дубоўка два разы заявіў, што „ў нас ёсьць толькі два пісьменьнікі — Янка Купала і Якуб Колас“.
- ↑ Трэба адмеціць частыя рэзкасьці ў нападах асобных узвышаўцаў на М. Піотуховіча і Тодара Глыбоцкага.