Перайсці да зместу

Узгоркі і нізіны (1928)/Цьвёрдымі крокамі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Шкоднае ў беларускай літаратуры Цьвёрдымі крокамі
Крытыка
Аўтар: Зміцер Жылуновіч
1928 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Цьвёрдымі крокамі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЦЬВЁРДЫМІ КРОКАМІ

(Да організацыі пісьменьнікаў „Полымя“)

Кастрычнікаўскі пэрыод беларускае літаратуры атрымаў багатую спадчыну з часоў яе нашаніўскае пары. Цэлы шэраг здольных імяў беларускіх песьняроў і пісьменьнікаў з досыць значным літаратурным багажом быў каштоўнейшаю спадчынаю яму. Янка Купала, Якуб Колас, Алесь Гурло, Зьмітрок Бядуля, Цішка Гартны і інш. пераступілі парог у новы час, ужо прайшоўшы доўгую і складаную паласу ў сваёй творчай працы. На сваіх лерах ім давялося апець рознастайныя праявы жыцьця і працы, мук і жаданьняў беларускіх працоўных гушчаў. Першыя хвалі нацыянальна-рэволюцыйнага руху набывалі сілу свайго ўздыму і тэмп свайго разгону у іх сьвежых, бадзёрых, воклічных напевах. Вера і надзея на лепшыя часы, трывожыўшыя знадворку спакойную лапцюжную Беларусь, надавала сілы і моцы, гарту і жыцьцёвасьці гэтым песьняром, будзіцелям свайго народу. Сума цяжкіх умоў існаваньня беларускіх рабочых і сялян, зразумелая кожнаму пісьменьніку, увабраная кожным з іх у сваё нутро, давала сакавіты зьмест яго творам. З беларускае літаратуры нашаніўскае пары стала вядомым у розных краёх аб сапраўдным імі прыгнечанай Беларусі. Вакола „Нашае Нівы“ гартавалася літаратурная думка, якая пераламляла ў сабе перадавыя ідэі ў рэволюцыйным і беларускім нацыянальна-культурным руху.

І вось, калі апошні вырас у магутную рэволюцыйную сілу, разламаў і нізрынуў старыя ўстоі жыцьця, нанова адчыненую дарогу спадкі нашаніўскае літаратурнае працы ляглі грунтоўнейшым памостам.

На гэтым памосьце і пачалі апірацца асновы і падмуркі далейшага культурнага будаўніцтва. Але разьвіцьцё здарэньняў, іх зьмест і форма ўплылі на непасрэднасьць і рашучасьць у справе разгону гэтага апошняга. Круты пералом, унесены ў беларускую гісторыю Вялікім Кастрычнікам, быў нагэтулькі магутным, рашучым і нечаканым, што на нейкі час мэрам-бы ашаламаніў асобных з песьняроў нашаніўскае пары. Прызываючы свабоду і вызваленьне дзесятак гадоў перад рэволюцыяй, яны не спадзяваліся, што яе прыход будзе гэткім бурлівым і празрыстым. Патрабавалася некалькі часу на тое, каб агледзецца, апамятавацца і пазнаць у твары рэволюцыі жаданую багіню соцыяльнае і нацыянальнае свабоды.

І Янка Купала, і Якуб Колас, і Алесь Гурло, і Зьмітрок Бядуля з іншымі вобмацкам, але ўверана набліжаліся да яе вобразу. Вершам „На сьмерць С. Булата“ і перакладам „Інтэрнацыяналу“ Янка Купала натхнёна прывітаў бягучае жыцьцё савецкае пары і надыходзячую Комуну. Тая непасрэднасьць у разьвіцьці беларускае літаратуры, якая слаба трымалася на разьбежжы нашаўніўскае пары і пары пасьлякастрычнікаўскай, значна ўзмоцнілася. Другія пісьменьнікі нашаніўцы, прыватна Зьмітрок Бядуля, з свайго боку ўзбагацілі сваімі навейшымі творамі сьвіцючыя прагаліны пераходнае паласы.

Усё-ж гэтага ня старчыла для належнага запаўненьня высунутых часам патрэб. Гэтыя патрэбы вымагалі не паасобных тонаў, а зьлітнае суцэльнае гармоньні ў новай працы. Тымчасам адбітак мінуўшчыны, труіўшы дзесяткамі гадоў сэрцы песьняроў, упарта не падаваўся павеям новага настрою. Якуб Колас перабольваў даўнейшую нядолю; Алесь Гурло, пракураны аўрорскім дымам, не забываў смутных перапеваў мінуўшага; сюд-тут ды аглядаўся назад Зьмітрок Бядуля. Размахі рэволюцыйных падзей ва ўсіх галінах жыцьця, убіраючы экономіку, культуру і быт, усё яшчэ не выяўляліся ў поўнай дадатнасьці перад імі.

Між тым рашуча выходзілі на арэну культурнае працы маладзейшыя песьняры, як М. Чарот, А. Александровіч, А. Дудар, М. Зарэцкі. Літаратурнае жыцьцё не магло спыняцца ў сваім сваім разьвіцьці. Творчыя сілы рэволюцыі таксама не пакідалі без папаўненьня маладымі кадрамі шэрагаў літаратурных працаўнікоў.

Пры гэтым час аформляў ідэі новых формы і зьместу ў пабудове пасьлякастрычнікаўскае літаратуры. Гегемон жыцьця — пролетары абумоўліваў яе настроі, яе імпэт, шляхі і напрамкі ў яе далейшым разьвіцьці. Цягучае разуменьне „народ“ уступіла месца выразнай клясавай катэгорыі. Рэволюцыя вострым нажом раскроіла і суцэльнасьць сялянства. У выніку гэтага — пакалолася нядаўняя еднасьць нацыянальных ідэй. Соцыяльная субстанцыя Кастрычніка падуладзіла сабе нацыянальныя бакі жыцьцёвага поступу. Водлуг гэтых зьявішч павінна была формавацца і беларуская літаратура.

Рэгулятарам гэтага процесу сталася часопісь „Полымя“, заснаваная ў канцы 1922 году. Часопісь рубам паставіла пытаньне поўнага адрыву беларускай літаратуры ад прыўносных у яе ідэй манлівай гістарычнасьці. Побач з гэтым была абвешчана вайна і ідэолёгіі буржуазнай незалежнасьці. „Наша часопісь“, — пісала рэдакцыя „Полымя“ ў сваім програмным артыкуле, — мае мэтай даць шырокую дарогу тым беларускім пісьменьнікам і поэтам… каторым навязвае мэлёдыі муза вызваленьня працоўных грамадаў, муза колектыўнае творчасьці іх. Наша часопісь злучае ўсё жывое для перамогі над жыцьцёвымі нягодамі, для ўрачыстага панаваньня ў жыцьці“.

Гэта аснова ідэолёгічнага зьместу ў беларускай літаратуры была прызнана за сваё сrеdо адназгодна шэрагам старэйшых і маладзейшых пісьменьнікаў. У рэдакцыю „Полымя“ ўвайшлі Цішка Гартны, Зьмітрок Бядуля і Міхась Чарот. А першыя тры сшыткі часопісі запоўнілі сваімі творамі, паміма адмечаных, А. Гурло, А. Александровіч, Я. Журба, Я. Нёманскі, М. Грамыка, А. Моркаўка, Янка Купала і Якуб Колас. Мэрам-бы ўсе яны пагоджана чакалі аформленьня думкі аб „Полымі“, каб на яго старонках дружна i рашуча перайсьці да сталае, рэгулярнае працы — да стварэньня новае савецкае беларускае літаратуры. Прынцып і лёзунг яднаў пералічаных песьняроў у адно цэлае. Програма давала канву для іх творчасьці.

Беларускае савецкае грамадзянства спачуваюча сустрэла прыход новых дзён у беларускай літаратуры. „Полымя“ захапіла чытача, выклікаўшы яго на жывую крытыку аб сваім жыцьці, аб сваёй чыннасьці і аб пастаўленых ім мэтах. Усё было адобрана, прызнана неабходным і сваячасовым. І часопісь роўнаю дарогаю, цьвёрдымі крокамі панясла сьцяг свае працы…

Пазьней, калі беларускія пісьменьнікі рэволюцыйнай формацыі, згуртаваўшыся ў аб‘яднаньне „Маладняк“, павялі атаку на старых — ясна выглядала недарэчнасьць іх стараньняў. Вайна са старымі, меўшы больш знадворны характар, чымсь сварку за сутнасьць, некаторага роду была дзіўнай. Таму дзіўнай, павярхоўнай, што ў шэрагу нападаючых, хоць умоўна, а былі і тыя з малодшых, якія да гэтага злучыліся на мэтах працы са старымі. Дзеля гэтага „рожкі“ былі начэплены на організацыйныя рамкі, якімі і мелася ў воку біць па неорганізаванасьці старых. Але і ў апошніх намерах ня было грунтоўнае падставы. Фактычна часопісь „Полымя“ зьяўлялася наймацнейшым цэмантуючым сродкам для старэйшых і шэрагу новаяўленых маладзейшых (Я. Нёманскі, А. Моркаўка і інш.) беларускіх пісьменьнікаў. Адчуваньне гэтае спайкі, якая далей паказала сябе трывалейшаю за абачную гуртоўскую форму злукі, распаўсюджвалася ня толькі на кожнага са старых пісьменьнікаў і разам з імі і на чытача, а праходзіла і да тых, хто не хацеў гэтага прызнаваць. Дзеля гэтага не выпадковымі былі факты, што кіраўнік „Маладняка“ М. Чарот ня прысутнічаў амаль ні на воднай атацы яго войскам старых. Ды раней абумовіўшыя сваю мэтавую еднасьць са старымі А. Александровіч, А. Дудар, А. Гурло, М. Зарэцкі таксама ішлі пазадзе сваіх рэзвых сяброў з правага крыла. Гукаў і „гармідараваў“ (хай даруе чытач за гэты тэрмін) супроць „аджыўшых старых“ ужо са стараны маладых у выглядзе якога-колечы У. Дубоўкі ці Я. Пушчы. У сапраўднасьці-ж таму, хто ставіў верны аналіз літаратурным падзеям, было выразна відаць, што на працягу ўсяго часу існаваньня „Маладняка“ разгаліненьне ў ідэёвых напрамках літаратуры ішло ня водлу організацыйных формаў. Мажліва, добра адзнаючы гэта і разам з тым правяраючы на вопыце сваю ідэёвую і формальную еднасьць ды суцэльнасьць, і не хацелі старэйшыя з часткаю неаб‘яднаных малодшых дачасна надзяваць на сябе знадворныя рамкі аб‘яднаньня. Патрабаваўся час, пакуль высьпеюць належныя ўмовы, якія выправяць выпадкова супыненую ненатуральнасьць.

1926 год на многапад блізіў момант перагуртаваньня беларускіх літаратурных сіл. Выйсьце з „Маладняка“ пазьнейшых узвышшаўцаў[1] дазволіла адгуртавацца ў дальнейшым сур‘ёзным маладнякоўцам у твары М. Чарота, М. Зарэцкага, А. Александровіча, А. Дудара, А. Вольнага і інш. Апошнія яшчэ раз сваёю дэклярацыяй[2] падкрэсьлілі вядомую сутнасьць сваіх настрояў і напрамку ў літаратуры і, спусьціўшы паўтара гады, сышліся са старэйшымі і неаб‘яднанымі маладзейшымі ў новай пісьменьніцкай організацыі „Полымя“.

Гэткім чынам, пачынаючы ад заснаваньня часопісі „Полымя“ ажно да організацыі аб‘яднаньня пісьменьнікаў „Полымя“, разьвіцьцё беларускіх літаратурных падзей мела цэльны, выпрастаны напрамак. Гэты напрамак вёў роўным шляхам да аднаго: адабраць у адно суцэльнае цэлае перадавых, выдатнейшых, ідэёва ўсталёваных і выяўленых з формальнага боку прадстаўнікоў беларускае літаратуры.

Зараз, калі гэта адбылося, на аб‘яднаньне пісьменьнікаў „Полымя“ лажыцца адпаведнае заданьне — весьці далейшае разьвіцьцё беларускае літаратуры водлуг разьвіцьця і паглыбленьня заваёў Кастрычнікавай рэволюцыі. Будаўніцтва Савецкае Беларусі ў напрамку яе індустрыялізацыі ў прамысловасьці і сельскім гаспадарстве, культурная рэволюцыя ў быту i працы — павінны быць крыніцамі ідэй для творчасьці яго сяброў. Вызваленая з соцыяльнае і нацыянальнае няволі шматмільённая краіна стомільнымі крокамі накіроўвае да сьветлых дзён комунізму. Кіпіць магутная развойная чыннасьць па ўсіх куткох яе абшараў. Вачавідкі нарастае соцыялістычны скарб у прамысловасьці і ў культуры. Толькі заядлым ворагам новага жыцьця здані туманяць балючыя вочы, якім бачыцца „краіна на крыжы расьпятаю“. Супроць гэтых злачынцаў, захаваных пад тулем адцягненых формул і хлусьлівых тлумачэньняў законаў жыцьця і рознастайнай творчасьці, будзе таксама накірована праца „Полымя“.

Прынцыпы і мэты гэтае працы сьцісла, выразна і поўна сформуляваны ў абвешчаным паведамленьні аб‘яднаньня „Полымя“. Гэтыя мэты заключаюцца, між іншым: 1) у разьвіцьці беларускай мастацкай літаратуры шляхам узмацненьня творчае працы яго сяброў у шчыльнай сувязі з вымаганьнямі соцыялістычнага будаўніцтва і 2) ўдасканаленьні і паглыбленьні літаратурнай творчасьці шляхам разьвіцьця марксыцкай крытыкі… Разам з гэтым аб‘яднаньне „Полымя“, у адлічча ад іншых аб‘яднаньняў, абмяжованых рамкамі сэктанцкага ўвасабленьня, захованых у глухіх затулках ад людзкога вока, прагалашае найбліжэйшае супрацоўніцтва з іншымі пісьменьніцкімі організацыямі і паасобнымі пісьменьнікамі. Але гэта супрацоўніцтва, зразумела, мажліва толькі з тымі з організацый і паасобных пісьменьнікаў, творчасьць якіх ня будзе супярэчыць асноўным прынцыпам аб'яднаньня „Полымя“. Апошняе будзе вясьці рашучую барацьбу са шкоднымі ўхіламі, якія могуць вынікнуць на шляху будаваньня беларускай пролетарскай літаратуры.

На працягу часу, пачынаючы з 1905 году, існавала сьціслая поўная сувязь беларускіх пісьменьнікаў з беларускімі працоўнымі гушчамі. Гэтыя апошнія надавалі ім натхненьня, насычалі іх творы зьместам свайго жыцьця і нясьлі разам з імі соцыяльнае і нацыянальнае вызваленьне свае краіны. Новая гісторыя таксама павінна тварыцца пры шчыльнай дапамозе новае савецкае пролетарскае літаратуры. Загэтым яе лябораторыі мусяць быць адчынены для шырокіх працоўных гушчаў. Зачыненых, адгароджаных месцаў ня можа быць — гэта Шаблон:Абмылк людзям, якія на манер алхэмікаў ці астролёгаў мерацца захаваць ад вачэй шырокіх гушчаў свае абманы другіх і саміх сябе. Літаратура павінна нясьці грамадзкія абавязкі, а ні ў якім разе ня быць пустою бліскучкаю для пацехі нейкіх выбарных і прысьвечаных ядынак.

З гэтага боку аб‘яднаньне „Полымя“ мае ў програме свае чыннасьці вынас беларускае літаратуры непасрэдна ў працоўныя масы, пастаўку яе на іх крытыку.

Вызначаныя перад сабою мэты літаратурнае аб‘яднаньне „Полымя“ мае поўную надзею зьдзейсьніць у процэсе паглыбленьня соцыялістычнага будаўніцтва на Беларусі.

Выходзячы з гэтага, самы факт заснаваньня „Полымя“ набывае вялікае значэньне ня толькі ў жыцьці беларускае літаратуры, а і ў суцэльнай цеганіне (процэсе) грамадзкага разьвіцьця Савецкае Беларусі.

Адзначаючы ўсю важнасьць гэтых заданьняў і уверанае ў дастатковасьць сваіх сіл, аб‘яднаньне „Полымя“ цьвёрдымі крокамі выступае на абраны сабе шлях.

Літаратурны дадатак“ да газэты
Савецкая Беларусь№ 1
за 1928 год.

  1. Гадавая літаратурная праца ўзвышаўцаў — яскравейшае падмацаваньне нашым вывадам.
  2. Гл. № 9Маладняка“.