Перайсці да зместу

Узгоркі і нізіны (1928)/Літаратурныя падзеі ў 1926 г.

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Купчастыя руні Літаратурныя падзеі ў 1926 г.
Крытыка
Аўтар: Цішка Гартны
1928 год
Ці сапраўды „Узвышша“ ёсьць узвышша
Іншыя публікацыі гэтага твора: Літаратурныя падзеі ў 1926 г.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЛІТАРАТУРНЫЯ ПАДЗЕІ Ў 1926 г.

I

Беларускае літаратурнае жыцьцё ў 1926 г. адзначаецца асаблівым рухам, багатаю дынамічнасьцю. На ім дужа выразна можна бачыць той агульны рост творчасьці ва ўсіх галінах гаспадаркі і культуры, які што далей, тым болей і глыбей пашыраецца. Беларускія працоўныя гушчы вытрымліваюць экзамен на сталых гаспадароў краю і на яго кіраўнікоў. Яны ўвачавідкі разгартаюць перад сьветам свае творчыя сілы і організацыйныя мажлівасьці. Доля нявольнікаў, якія ня здатны да разумовага будаўніцтва, а прысуджаны жыцьцём да бытаваньня ў ролі чорнае сілы, далёка прагнана хоць бы тымі дасягненьнямі, якія набыты за кароткі тэрмін самастойнага, вольнага жыцьця краіны. Мінулае шпарка тлее на вогнішчы кіпучае працы адраджэньня. Упарта і настойна растаюць апошнія цені старых зданьняў. Музэйнымі фігурамі адзначаюцца рэдкія віды ўздыхацеляў аб „даўнейшым“. Усё болей і мацней цэмэнтуецца агульная воля колектыву, так нядаўна ня меўшага свайго выгляду і ня знаўшага свайго імя.

І так ахотліва налягае думка на патрэбу старанных падлікаў набытых за мінулы год дастаткаў! І гэтак міла адмячаць тыя посьпехі, тыя заваёвы, што здабыла думка і сіла беларускага працаўніка!

Гэтыя здабыткі ўсебаковы і рознастайны; яны вялікія і значныя ва ўсіх галінах грамадзкага жыцьця. І бязумоўна, што, дзякуючы агульнаму росквіту апошняга, мы маем гэткія спорыя плёны на ніве літаратурнай.

Пакуль мы знаходзімся яшчэ ў тэй ступні разьвіцьця і набытку людзкіх рэсурсаў, калі літаратура займае адну з найважнейшых заданьняў. Застаючыся, часткаю надстроечнага над экономічным базісам матэрыялу, беларуская літаратура разам з тым яшчэ не адыграла ў беларускіх умовах ролі рухавіка ў агромнай машыне агульна-дзяржаўнага і агульна-культурнага будаўніцтва і яго аформленьня. Героічнасьць адраджэнцкага адблеску, ператворанага кастрычнікаўскаю рэволюцыйнасьцю, вітае над абшарамі вольнае, захопленае адбудоўкаю краіны. Пакуль таксама беларуская літаратура зьяўляецца першым хадаком да комуністычнае мэты.

Зразумела, што каля яе росту, вокал яе разьвіцьця з найбольшаю ўвагаю павінна лунаць наша думка. Мы неадступна мусім сачыць за малейшымі разгаліненьнямі на яе ўзмоцненым комлі, каб у кожным трапятаньні новае галінкі, сьвежага пупішка выглядаць i зьмяраць нясупынныя вібрацыі грамадзкіх настрояў, жыцьцёвага руху.

У чым жа выказваюцца тыя дасягненьні на беларускай літаратурнай ніве ў працягу 1926 г., аб якіх мы кажам? Чым яны акрасьляюцца? Якою формаю ды якасьцю прадстаюць яны перад намі? Якія асабістасьці ў іх характарыстыцы? Што прогназуюць гэтыя дасягненьні новаму 1927 году?

Літаратурныя падзеі толькі што праведзенага году, папершае, падзяляюцца на дзьве асабістасьці. Адна з іх зьмяшчае ў сваім разуменьні факты творчага значэньня ў сэнсе нараджэньня новых здабыткаў літарацкае працы. Другая — зьбірае вакол сябе падзеі організацыйна-ідэолёгічнага характару. Абедзьве гэтыя катэгорыі зьяў, зразумела, цесна між сабою пераплецены і таксама неадлучны ад чыннасьці ўсіх фактараў беларускага жыцьця.

Калі мы падыйдзем да агляду літаратурных здабыткаў 1926 г., то зразу ўсьцешымся ад іх вялікасьці, значнасьці і багацьця. Наперадзе ідзе выдатная колькасьць выпушчанай Беларускім Дзяржаўным Выдавецтвам, ЦБ аб‘яднаньня „Маладняк“ і іншымі організацыямі і ўстановамі літаратурнай мастацкай вытворчасьці. Лічба друкаваных аркушоў дасягае двухсот, з якіх на Беларускае Дзяржаўнае Выдавецтва падае 120[1], на „Маладняк“ з філіямі да 60[2]. Апроч гэтага, шмат бэлетрыстычных і вершаваных твораў зьмяшчалася ў часопісях „Полымя“, „Маладняк“ і інш. Агульны тыраж выданьняў налічвае 100.000 экзэмпляраў і абымае сабою амаль ня сорак чалавек старэйшых і маладзейшых пісьменьнікаў. З апошніх асталося зусім нямнога такіх, чые-б творы ня ўгледзелі сьвет. Зразумела, што побач з выдатнейшымі рэчамі, якія перадсталі чытачу, было шмат і слабых, першых спробаў пяра. Тым ня меней у агульным значэньні росту літаратурнай чыннасьці адно другое папаўняе, сьведчачы аб выяўленьні новых маладых літаратурных сіл. Ад таго, што ім была дадзена мажлівасьць выступіць на суд чытача, залежыць многае ў іх разьвіцьці і ў акрэсьленьні стопня гэтага разьвіцьця. Па тых адзнаках, якія характарызуюць адносіны грамадзкасьці да маладых пісьменьнікаў і песьняроў-пачынальнікаў, гэта, разыход іх твораў і ўвага да іх крытыкі, гаворыць аб дадатных момантах. Помеж з творамі старых пісьменьнікаў, ідзе попыт і на творы маладых. Гэткім чынам, усталеньне новых здольнасьцяй вочавідка.

Ня меней вочавідка і паглыбленьне творчых думак у старэйшых пісьменьнікаў. Шэраг выданых зборнікаў і паасобных твораў найяскравей сьведчаць аб гэтым. Найболей цікавымі прыкладамі служаць для Я. Коласа — яго „На прасторах жыцьця“, для К. Чорнага — „Хвоі гавораць“, для Ц. Гартнага „На перагібе“ (другая частка „Сокаў Цаліны“), для М. Зарэцкага — „Голы зьвер“ і г. д. Адначасна памянёныя рэчы гавораць аб паступовым удасканаленьні творчага разьвіцьця ў адмечаных пісьменьнікаў іх плённасьці і шырыні ахопу. Для Я. Коласа яго апошні зборнік („На прасторах жыцьця“) кажа аб адметным павароце пісьменьніка ў ідэолёгічным сэнсе. Я. Колас значна падблізіўся да ідэй сучаснасьці і ў прыгожым сваім апавяданьні „На прасторах жыцьця“ стаў перад намі яе пяўцом. Гэта эволюцыя нашага пісьменьніка асабліва цікава і сымптоматычна; яна акрасьляе сабою тое дадатнае зьявішча ў разьвіцьці беларускае літаратуры, якое гаворыць за яе заўсёдашнюю спадарож жывым сілам і кіпучай творчасьці беларускіх працоўных гушчаў. Часовае ўхіленьне некаторых пісьменьнікаў ад хвалюючых думак бягучага часу, нячуласьць да яго творчых рухаў, мінулася, і беларускія пісьменьнікі сьціслымі шэрагамі становяцца на службу рэволюцыі. Характар і сама істота беларускае рачаіснасьці рашуча ня годзіцца з іншымі, апроч як з рэалістычна-романтычнымі напрамкамі ў беларускай літаратуры.

Мінуўшы год канчаткова рашыў з рэшткамі імажынісцкіх павеваў у маладнякоўскай творчасьці. Тыя з маладнякоўцаў, якія раней ахвяравалі і зьмест і тэхніку балючай вобразнасьці (А. Александровіч, А. Дудар, часта і П. Трус), зараз закінулі гэту асабістасьць і перайшлі да рэальных тонаў і мотываў. У шмат большай долі засталося гэтага налёту ў творчасьці Я. Пушчы, але ў 1926 г. ён мала што даў і праз гэта зьяўляецца выключэньнем…

Аднак, у 1926 г. ў бадзёрасьць беларускае літаратуры пачалі ўкрадацца і сумныя ноткі. Якраз выпала так, што іх завялі некаторыя маладзейшыя пісьменьнікі, як Кузьма Чорны, П. Трус і інш. Ад старэйшых астаўся пры мотывах „жуды і суму“ адзін М. Гарэцкі. Выданыя ім зборнікі:, „Ціхія песьні“, „У чым яго крыўда“ і інш. амаль ня цалкам прысьвечаны адбітку гэтага настрою. Але настроі „жуды і суму“ і мацаньне, пакуль асьцярожлівае, сьцежак „чыстага мастацтва“ ў беларускай літаратуры — зьявішча выпадковае; будзем спадзявацца, што яно ня знойдзе сабе адпаведнае глебы ва ўмовах беларускага жыцьця.

Імпэтны ўздым будаўнічае працы, накапленьне матэрыяльных сродкаў рэспублікі, героічныя заваёвы подступаў да комунізму будуць надаваць беларускай літаратуры і яе тварцом бадзёрых напеваў, мотываў радасьці і натхненьня. За гэта сьведчыць болей усяго пашырэньне соцыяльнае базы, на якой уздымаюцца сьцены літаратурнага будынку. Мы бачым, што шэрагі маладых беларускіх пісьменьнікаў зьяўляюцца цалкам выхадцамі з сялян і рабочых. Аформленьне іх думак і сьветапагляду ідзе пад націскам пануючых ідэй пролетарскага змаганьня. Жадных уплываў старога ладу яны не адчуваюць на сабе, супроць яго спакусаў утрымаюцца загартаванасьцю кастрычнікаўскага шліфаваньня.

Выразна паказальным на гэта быў 1926 г. і з боку выданай вытворчасьці, і, тым болей, з боку ідэолёгічных перакартаваньняў сярод пісьменьнікаў. М. Чарот (поэмы „Карчма“, „Ленін“), М. Зарэцкі („42 дакуманты“, „Пад сонцам“), А. Дудар („І залацісьцей і сталёвей“), Цішка Гартны, З. Бядуля, Якуб Колас і Янка Купала — зьліліся ў пяяньні хорам бягучаму моманту. І гэта зусім незалежна ад тых падзелаў на гуртаваньні, на аб‘яднаньні вакола асобных часопісяй і незалежна ад тых гутарак, якія часта накіроўваюцца з боку маласьвядомых у беларускай літаратуры людзей.

Пераважнасьць бадзёрых тонаў у творчасьці мінулага году раўняе амаль ня ўсіх беларускіх пісьменьнікаў. У адносінах поўнага прызнаньня сваім натхніцелем ідэй савецкага будаўніцтва, беларускія пісьменьнікі, ад старэйшых да большасьці маладзейшых, зышліся разам. І ў наступным ужо можа ісьці гутарка аб поступе далейшага іх рэволюцыянізаваньня і ідэолёгічнай дыфэрэнцыяцыі ў кожнага паасобку. Як і што будзе ў наступным нахіляцца думка данага пісьменьніка водлуг нясупыннага разьмежаваньня клясавае плыні? — Вёска і горад. Дробна-буржуазнасьць і пролетарскасьць.

II

Фактычна пад знакам гэтых павеваў адбываліся ў 1926 г. літаратурныя падзеі другое катэгорыі, бач, організацыйна-дыфэрэнцыяльныя. Як-ні-як, а ў сьветапоглядзе беларускіх пісьменьнікаў не пануе аднастайных пунктаў гледжаньня, як ня існуе ў грамадзтве БССР аднаклясавасьці (яно-ж бясклясавасьць) а праз тое і ідэёвай суцэльнасьці. Водлуг паглыбленьня і ўсё вастрэйшага выпукленьня клясавых супярэчак, ідзе і ідэёвае разьмежаваньне. Тэрмін „працоўнасьць“ ня можа аб‘яднаць усіх тых, хто яго ўжывае. Адны бачаць яго нахіл у бок молату, іншыя азіраюцца на саху. Гэтаму зусім не перашкодзіць тое, што ў савецкіх ідэях скрыжаваны дзьве прылады рознастайнай працы — серп і молат. Эмблема Саветаў можа сьмела ўвянчаць усе томікі ўсіх аўтараў, што выдалі іх у 1926 г. А далей — каму серп, каму молат.

Гэта дылема ўзварушыла вясною мінуўшага году, здавалася, з поверху суцэльным, аб‘яднаньне пісьменьнікаў „Маладняк“. Ці можна далей ісьці адным шляхам? Было ясна і зразумела, што не маглі стаць поруч М. Чарот з К. Чорным, А. Александровіч з Я. Пушчаю, М. Зарэцкі з У. Дубоўкаю. Сьветапогляд кожнае двойкі розьніўся, вяжучы шчыльней М. Чарота з М. Зарэцкім і А. Александровічам, а Ў. Дубоўку з К. Чорным ды Я. Пушчаю. Фактычна, нясуцэльнасьць ідэёвага настрою ў думках і творчасьці маладнякоўцаў адмячалася з самага пачатку існаваньня „Маладняка“. Каб то выключна гэта ляжала ў аснове організацыі, то зразумела, што апошняя не дацягнула б у цэласьці да вясны 1926 г. Але паміма аформленьня ідэёвых напрамкаў перад „Маладняком“ стаялі заданьні выяўленьня маладых сіл у беларускай літаратуры, пераацэнка яе спадчыны і пашырэньне арэны яе чыннасьці. Гэта абараніла яго ранейшы раскол. У пагоні за аднаўленьнем ідэолёгіі „Маладняк“ нейкі час рабіў ухілы ў нездаровы бок запазычаньня і перайманьня ў беларускую літаратуру імажынісцкіх плыняў, сухога формалізму і анормальнай вобразнасьці. Гэта прычына шмат пашкодзіла ўдасканаленьню маладнякоўскай творчасьці на падставах соцыяльна-політычнага разьвіцьця. Адначасна адмечаная фаза ў яго разьвіцьці паспасобіла маладнякоўцам хутчэй разуверыцца ў няжыцьцёвасьці ў умовах Беларусі рэшткам дробна-буржуазных, пароджаных іншымі абставінамі, настрояў і ідэй. Тады „Маладняк“ аглянуўся на сябе, праверыў зробленае, абмеркаваў пэрспэктывы далейшае працы і… напаткнуўся на рознабой у сваіх радох… Агульнае зьявішча, якое тым-жа часам захапіла і украінскую і расійскую літаратуры, разбурыўшы, масавыя організацыйныя формы яе пабудаваньня, ня мінула і „Маладняка“. Вясною 1926 г. частка яго сяброў вышла з аб‘яднаньня, залажыўшы новую організацыю „Узвышша“.

Раскол зрабіў адпаведнае ўражаньне ня толькі ў колах беларускіх пісьменьнікаў, а і ў гушчы беларускае савецкае грамадзкасьці. Тымчасам гэта ня было неспадзяваным і ня было ў той жа час ненатуральным. Само жыцьцё патрабавала яснасьці і поўнага выпукленьня тых зьяў, якія хаваліся ў рознастайнасьці ідэёвых плыняй у „Маладняку“. Гэта рознастайнасьць зараз-жа пасьля расколу вышла наповерх праз вусны прадстаўнікоў нядаўна ядынае грамадкі. У сваім звароце да чытача, зьмешчаным у № 9 за 1926 г. (лістапад) часопісі „Маладняк“ пад заглаўем „Ад усебеларускага аб‘яднаньня поэтаў і пісьменьнікаў „Маладняк“, тыя маладнякоўцы, што асталіся ў аб‘яднаньні, пісалі: Выхад з „Маладняка“ часткі пісьменьнікаў азначаў сабою суб‘ектыўна — капітуляцыю перад труднасьцямі перагрупаваньня організацыйных і творчых сіл, перад труднасьцямі пераходу на новыя, больш цяжкія, хоць мо‘ і больш спакойныя, позыцыі об‘ектыўна — адыход ад правільнае лініі ў справе будаваньня беларускае пролетарскае літаратуры“ (курсіў наш. — З. Ж.). І далей маладнякоўцы вось як характарызуюць ідэолёгічнае credo узвышаўцаў — сваіх ранейшых сяброў і супрацоўнікаў: „Выстаўленьне (узвышаўцамі), як асноўнай задачы сучаснае літаратуры, „выхаваньне новага чалавека-грамадзяніна, чалавека соцыялістычнае грамады“, што абазначае падмену ясных задач пролетарскае літаратуры, літаратуры пераходнае эпохі дыктатуры пролетарыяту туманнымі ідэямі літаратуры па-заклясавае, што, па сутнасьці, абазначае адмаўленьне пролетарскае культуры наогул. У сваім лёгічным разьвіцьці гэта тэорыя прыводзіць да шуканьня такога мастацтва, якое не кіравалася-б „усякімі пабочнымі інтарэсамі і патрэбамі таго ці іншага дня або той ці іншай грамады людзей, якую мастак выражае ў пісьменстве“. Адсюль ужо адзін крок да агалашэньня лёзунгу „мастацтва для мастацтва“.

Сваю далейшую працу „Маладняк“ у тым жа артыкуле-звароце абгрунтоўвае на гэткіх прынцыпах: 1) „Маладняк“ лічыць, што беларуская пролетарская літаратура ўтворыцца ў процэсе пашырэньня і паглыбленьня агульнага соцыялістычнага будаўніцтва краіны шляхам паступовае, упартае і сьвядомае працы поэтаў і пісьменьнікаў над прысваеньнем клясава-пролетарскай псыхолёгіі і ідэолёгіі, а таксама шляхам папаўненьня літаратурна-пісьменьніцкіх кадраў з мас беларускага пролетарыяту; 2) што „толькі дакладным веданьнем культуры, створанай усім толькі пераапрацоўкай разьвіцьцем чалавецтва, яе можна будаваць пролетарскую культуру“ (Н. Ленін); 3) што беларуская літаратура, паступова ўспрыймае ў процэсе свайго разьвіцьця пролетарска-інтэрнацыянальны змест; 4) што „кожная пэўная грамадзкая формацыя мае свой пэўны мастацка-літаратурны стыль“ (В. Фрычэ), што эпоха дыктатуры пролетарыяту таксама выпрацуе свой асаблівы стыль або, іначай кажучы, літаратурна-мастацкі кірунак, які, бязумоўна, не ўкладзецца ў вядомыя да гэтага часу кірункі, — а таму „Маладняк“ (2) ставіць аднэй з галоўных і першачарговых задач упартую працу па сьвядома-крытычнаму аўладаньню культурнымі дасягненьнямі папярэдніх эпох; а таму (3) павінна адначасна разьвіваць і ўдасканальваць самабытную нацыянальную форму, дзеля чаго ў сваіх формальных шуканьнях павінна перш за ўсё выкарыстоўваць мастацкія багацьці народнае творчасьці і дасягненьні ў гэтай галіне старэйшых беларускіх поэтаў і пісьменьнікаў; а таму (4) „ Маладняк“ выкарыстоўвае мастацкія спосабы розных літаратурных кірункаў пастолькі, паколькі прыгодны яны, як матэрыял для будаваньня новае літаратуры эпохі дыктатуры пролетарыяту і соцыялістычнага будаўніцтва“.

У гэтай-жа часопісі надрукаваны артыкул маладнякоўскага крытыка Тодара ГлыбоцкагаАб фальшы камэртонаў“. Аўтар ім ускрывае тыя прычыны, якія далі штырхач да расколу „Маладняка“. Згодна Тодару Глыбоцкаму, вышаўшыя з „Маладняка“ пісьменьнікі выяўляюць сабою прадстаўнікоў упадачнічаства, расслабленасьці, містыцызму, што, бязумоўна, процілегла тым прынцыпам, якія выставіў абмалоджаны „Маладняк“. Згодна Тодару Глыбоцкаму, настраёвы зьмест узвышаўцаў складаецца выключна з элемэнтаў — „плаксівасьці і формальнай бескаштоўнасьці, аднастайнасьці (Я. Пушча), нікчэмнага калупаньня ўнутры сваёй псыхікі і бясконцага, бязмэтнага блуканьня ў цеснай клетцы свайго індывідуальнага сьвету (К. Чорны), істэрычнае крыклівасьці (У. Дубоўка), містыцызму (З. Бядуля)“.

Узвышаўцы, бязумоўна, маюць вострыя ўхілы ў бок ад грамадзкіх сучасных мотываў. Я. Пушча і Ў. Дубоўка ня ўмеру шчыра трымаюцца пустое i хілкае плыні, якая точыць маладую расійскую літаратуру, плыні формалізму. Захапленьне сухою вобразнасьцю нямінуча прыводзіць да выветрываньня ня толькі рэволюцыйнае ідэолёгіі, а і ўсякага зьместу. Усё-ж мы бачым, што гэта не пераважная плынь у іх творчасьці: У. Дубоўка завярае нас на часе аб нясыходзе з грунту грамадзкай сучаснасьці. Адзнакі гэтага відаць у яго пазьнейшым вершы „Навальніца“, густа прасочаным ідэямі клясавых супярэчнасьцяй.

Іншая справа, калі мы знаёмімся з абгрунтаваньнем ідэёвае пляцформы самімі ўзвышаўцамі. Тут сапраўды няздорава. Да прыкладу, А. Бабарэка, як тэорэтык узвышаўцаў, выказвае такі погляд на літаратуру: „У беларускім прыгожым пісьменстве ёсьць розныя творы. І гэта ад таго, што ня ўсякі пісьменьнік імкнецца даць мастацкі твор, а часта кіруецца ўсякімі пабочнымі патрэбамі ці інтарэсамі таго ці іншага дня, або тэй ці іншай грамады людзей, якую ён выражае ў пісьменстве“. Думка ясная — прэч усякую рэволюцыйнасьць, усякую пролетарскасьць, а падавай агульна-людзкасьць, надклясавасьць і сапраўды „мастацтва для мастацтва“[3]. Яшчэ ў бытнасьць А. Бабарэкі ў шэрагах „Маладняка“ можна было чуць яго няўстойнасьць у справе пабудовы пролетарска-ідэолёгічнага зьместу ў літаратуры, да чаго ён імкнуўся. Тады ён (на зьезьдзе „Маладняка“) абараняў „клясавую сьвядомасьць пролетарска-сялянскай клясы“. Выйсьце з „Маладняка“ дазволіла А. Бабарэку пашырыць сваю тэзу ў бок надклясавасьці. Аднак, гэта не памяшала ўзвышаўцам у сваім комунікаце перадлюдне зьцьвердзіць, што „мы (узвышаўцы) у сваёй літаратурнай дзейнасьці напорна ішлі і ідзем па пролетарскім шляху разьвіцьця беларускай літаратуры, і з гэтага шляху ніякія злыдні нас не саб‘юць. Іншага шляху мы ня ведалі, ня ведаем і ня мысьлім“[4]. Для абгрунтаваньня свае заявы ўзвышаўцы абмяжоўваюцца пакуль падкрэсьліваньнем формальнай неабходнасьці дыфэрэнцыяцыі „політасьвета для політасьветы, літаратурныя згуртаваньні — да разьвіцьця літаратуры“. Гэтым, вядома, паказваюцца ні шляхі, ні лёзунгі, не выпукляецца і зьмест пролетарскіх асноў. Паглядзім, як пойдзе далейшае разьвіцьцё кожнага з аб‘яднаньняў.

*

Помеж з гутаркамі аб расколе „Маладняка“, жылі думкі ў мінулым 1926 г. аб патрэбе згуртаваньня ўсебеларускага саюзу пісьменьнікаў. Адзін час гэтыя думкі набліжаліся да ажыцьцяўленьня, пасьля паціху зьніклі. Між тым яны адпавядалі вымаганьням часу. Заклад усебеларускага саюзу пісьменьнікаў дыктуецца самім жыцьцём. У нас, на Беларусі, паміма існуючых аб‘яднаньняў „Маладняк“ і „Узвышша“, ёсьць шмат пісьменьнікаў, якія застаюцца па-за межамі організацый. Праўда, яны згрупаваны вакола „Полымя“, але гэты выгляд групаваньня, як-бы сказаць, неаформлены. Яно не адпавядае формам патрэбнае організацыі. З-за гэтага беларуская літаратура не прадстаўляе з сябе цэлага організацыйнага будынку, застаючыся ў пройгрышу. У РСФСР ня так даўно адбылося заснаваньне агульна-расійскага (?) саюзу пісьменьнікаў. Думка аб гэтым нарадзілася і на Украіне. 25 студзеня бягучага году адбыўся украінскі агульна-пісьменьніцкі зьезд, які, бязумоўна, паслужыць першым крокам да закладу ўсеукраінскага саюзу пісьменьнікаў. Чарга за намі…

III

Да катэгорыі літаратурных здабыткаў трэба яшчэ аднесьці тыя падзеі ў літаратурным беларускім жыцьці мінулага году, якія выказаліся ў фактах правядзеньня падрахунку дзейнасьці. Гэтым мы маем у воку здарэньні 20-гадовага юбілею Якуба Коласа і пяцігадовага юбілею выданьня часопісі „Полымя“.

Першае здарэньне тым болей набывае важнае значэньне ў літаратурных падзеях 1926 году, што Якуб Колас у ім засуцэліў доўгае кола свайго разьвіцьця. Пачынаючы ад політычных вершаў на заслоне сэмінарыстага, ён перайшоў ступні моркату і нявер‘я. Царская рэакцыя, абрэзаўшая скрыдлы поэтавай бадзёрасьці, прыдушыла яго надзеі, засмуціла яскравасьць небасхілу. Поэту ўсё пачало малявацца ў сумным выглядзе. Яго настрою ня было выйсьця, чаму ён зьбегся ў „Песьнях жальбы“. Жальба, прасачыўшы Коласава нутро ў часы яго няволі, пакінула ў яго настроі глыбокі сьлед на доўгі тэрмін. Дзякуючы яе атрутнасьці, поэта ня мог нейкую пору асвойтацца ў праявах Кастрычнікавай рэволюцыі. Яе бурлівыя, уздымныя хвалі не маглі раскалыхаць веры і спадзей у Коласа ажно да пачатку 1926 г. І толькі пры сходзе дваццаці гадоў свае літаратурнае чыннасьці Я. Колас перавобразіўся сваім нутраным сьветам і ідэолёгічным зьместам. Адно за другім пачалі зьяўляцца яго апавяданьні, поўныя мотываў, сугучных бягучай сапраўднасьці. У апавяданьні „На прасторах жыцьця“ поэта завяршыў сваё ідэолёгічнае перараджэньне. І гэтым ён ухарошыў тую ўрачыстасьць свайго юбілею, ад якое пачынаецца шлях новае творчасьці. Вось чаму ў сьвяце падрахунку праробленага поэтам адначасова зіхацела вітаньне яго наступнаму. Разам з тым факт дваццацігодзьдзя літаратурнае працы Якуба Коласа адбівае сабою апраўданьне буйнага развою беларускае пісьменнасьці і яе цьвёрдае ўмацаваньне ў жыцьці.

*

У той жа палогасьці можна разглядаць і пяцігодні юбілей выданьня адзінай тоўстай беларускай марксыцкай часопісі „Полымя“. На працягу свайго існаваньня часопісь адыграла вялікую ролю ў аформленьні беларускай марксыцкай думкі, у зьбіраньні і выяўленьні маладых беларускіх літаратурных сіл. „Полымя“ правяло вялікую працу выхаваўчага характару ў адносінах да савецкае грамадзкасьці. Яно перамагло рэшткі незалежніцкіх думак і настрояў у сям‘і беларускіх пісьменьнікаў. Адначасна часопісь парадзіла сталага беларускага чытача, які мае прыменнаю патрэбаю пільна сачыць за разьвіцьцём беларускае культуры і яе найважнейшай галіны — літаратуры. Таксама „Полымя“ служыла зьвяном, якое лучыла ў адну купу маладых і старэйшых пісьменьнікаў, незалежна ад іх належнасьці да тых ці іншых аб‘яднаньняў. Зразумела, што агульныя здабыткі, зробленыя часопісьсю для справы беларускае культуры, ставяць яго юбілей на ўзроўні з значнейшымі падзеямі на літаратурным фронце ў мінулым годзе.

Уцалку літаратурныя падзеі 1926 году глыбока ўзбурлілі беларускае культурнае жыцьцё. Яны засьведчылі аб выдатным факце нясупыннага разьвіцьця беларускае літаратуры. Таксама гэтыя падзеі зацьвердзілі палажэньне, якое кажа аб неадрыўнасьці беларускае літаратуры ад грамадзкага жыцьця Савецкае Беларусі. Пашырэньне дзяржаўнага будаўніцтва, рост матэрыяльных багацьцяў рэспублікі, паглыбленьне будаўнічай працы ва ўсіх галінах жыцьця — зьяўляецца магутным штырхачом да выяўленьня духовых сіл беларускіх рабочых і сялян. Водлуг іх налічнасьці набывае ўсё шпарчэйшы і плёньнейшы росквіт беларуская літаратура. Нарадзіўшыся ў рэволыцыі, яна цесна зьвязана з яе жыцьцём і з яе будучыняю.

Полымя№ 1 за 1927 г.


  1. Беларускім Дзяржаўным Выдавецтвам у 1926 г. выдадзена мастацкай літаратуры 63.000 экз., 18 назваў, 11 аўтараў.
  2. Цэнтральным Бюро „Маладняк“ апроч філій, выдана 16 назваў, 20 аўтараў, 30.500 экз.
  3. Чырвоны Сейбіт№ 1За культуру мастацтва!“.
  4. Савецкая Беларусь“, № 285 ад 15 сьнежня 1926 г.