Перайсці да зместу

Узброеныя песні (1936)/Хлебная зіма

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Векапомная восень Хлебная зіма
Паэма
Аўтар: Андрэй Александровіч
1936 год
Цені на сонцы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Хлебная зіма.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ХЛЕБНАЯ ЗІМА

I. У ноч перад Новым годам

[правіць]

I. У НОЧ
ПЕРАД НОВЫМ ГОДАМ

Ціха стала. Ветрагулам
Завіруха прамінула.
Разварачывала, рвала
На кавалкі грозным валам
Яры шал навалы хмар.

Злосным лётала разбегам
І рассыпалася снегам.
І сумёты, быццам здані,
Быццам помнікі змагання,
След нязлічаных ахвяр.

Ветрарухам завіруха
Прамінула. Стала глуха.
У снегавых сваіх сяцілах
Шум лясоў запаланіла,

Пакарыла шум прысад.
Ледзянее шыр. Трывожыць
Цішыня і бездарожжа.
У заварожаным бязмежжы
Срэбралітыя мярэжы
Апаясваюць закат.

У сутоннай сіняй стыні,
Як на лыжах, па даліне,
Бег прасторным шляхам млечным
Непакорна-ўпарты вечар,
Ззяла зорная чалма.

Ускрылялася, вітала,
Сустракала карнавалам
Беласнежнае паводкі —
Сцяг другое пяцігодкі —
Большэвіцкая зіма!

II. Першы дзень другой пяцігодкі

[правіць]

II. ПЕРШЫ ДЗЕНЬ
ДРУГОЙ ПЯЦІГОДКІ

Цемра ў нетры нор нырае,
Гоняць ветры змрочны цень.
Пераможцам наступае
Новагодні ўдарны дзень.

Ён ідзе… Ружовым ззяннем
Погляд свой — гаспадара —
Рассыпае ў акіяне
Ледзянога серабра.

Ён ідзе… Стырнуе ўздымна
Дзён бяскласавых вяшчун.
Грае будучыне гімны
Наш аркестр праменных струн.

Ён ідзе… Аб ім паданні
Дзіўным сказам творыць люд,
Загартоўвае змаганнем
Свой Кастрычніцкі маршрут!

А калісь — была лучына,
І жыццё — турэмны склеп.
Так было!.. Цяпер краіна —
Танкі, трактары і хлеб.

Там, дзе вырас Новы горад,
Дзе шуміць пшаніцай стэп,
Там Дняпро сваім напорам.
Выпрацоўвае нам хлеб.

І шчаслівы ў працы дбайнай,
Край квітнее, край акрэп.
Ёсць — варштаты, ёсць — камбайны,
Ёсць — шасе, аўто і хлеб.

Людзі выраслі. Магутны
Росквіт родзіць рост патрэб.
Ёсць — рабфакі, інстытуты,
Ёсць — паэзія і хлеб.

І ад края і да края
Па аснежанае шыры
Ён ідзе. Яго вітаем
Шчырым сэрцам, думкай шчырай.

І няхай не чуў ён сёння
Пах бліноў у нашых сёлах.
І няхай маўчаў гармонік,
І ў вачах дыміўся сполах.

І няхай па нас стралялі
Падкулачнікі праз шыбы! —
Мы — схаваны хлеб збіралі,
Хлеб кулацкае сялібы.

Новы год,
Свой горды ход,
Вёў на мужны штурм высот
Года першага — другой
Пяцігодкі баявой,
Большэвіцкай!

Пераможцам дзень грымот,
Сіл магутных разварот,
Новы год —
Разгортваў свой,
І ўступіў у грозны бой
Навальніцай!

Шмат дарогай перашкод,
‘Шчэ былых балюе зброд,
Новы год —
Сваёй хадой
Іх сатрэ ў пясок, на гной,
Як нястрэбу!

Бой ідзе, вялікі бой,
Бой астатні, злосны бой!
Барацьбой
Гартуй паход,
Сустракай,
Вітай,
Народ, —
Новы Год —
Хлебам!

III. Патомкі чорных дзён

[правіць]

III. ПАТОМКІ ЧОРНЫХ ДЗЁН

Каб стрымаць, стрыножыць, збочыць
Ход, — якім не йшлі вякі, —
Сапам змоў нянавісць точаць
Воўчай ноччу кулакі.

Недабітых іх багата,
Ой, занадта іх яшчэ.
Трэба сэрцам бачыць ката,
Пазнаваць агонь вачэй!

Здэцца ласкаў, не абразіць,
І абрэз не носіць свой, —
Спадцішка ў калгас пралазіць,
Скот атручвае чумой.

Ён хітруецца па часе,
Глянь, маленькі ён, што крот.
Ён свінар. Таму ў калгасе
Увесь прыплод ідзе за плот.

І дарма, што збіты крыллі,
Помстай кроў гудзіць, як вар.
Ён ці мала знойдзе шчылін,
Каб глуміць народны скарб?

Поле вілася-ж калоссем,
Хлебны быў зялёны шум.
Як жабрак, кулак галосіць,
Трэ‘ слязу змяіных дум.

І зладзейскаю ганебнай
Жменяй ярасць гневу згрэб.
— „Трэба даць дзяржаве хлеба?“ —
А таму — хавае хлеб.

А таму — на гной ссыпае,
А таму — ссыпае ў склеп.
Поле ўгнойваў для ўраджая,
Каб згнаіць сабраны хлеб.

Хлеб стаіць у горле комам,
Грудзі роспач люта рве.
Хоць надломаны патомак
Чорных дзён — пакуль жыве.

І выходзіць ён, каб глянуць
(Варажылі-ж з года ў год!)
Быў бляды, ці быў румяны
Новагодні сонцаўсход?

Дый ці гнуцца долу вецці?
Як клубіцца дым з трубы?
Дый з якога боку вецер, —
Шэпчуць вусны варажбы.

А густой чырвонай лавай
Сонца ткала дываны.
Полем бег і вецер нават
З большэвіцкай стараны!

Шлях, аснежаны марозам,
Слаў бярозавы свой шэпт.
Шляхам стройныя абозы
Везлі наш калгасны хлеб.

Хлеб — будуе камяніцы,
Хлеб — імклівых дум агонь.
Хлеб — совецкія граніцы
Апранае горда ў бронь!
Будзем біцца —
За хлеб,
Большэвіцкі —
Наш хлеб.
Стройным шляхам —
За хлеб,
Фабрыкі гмахі —
Наш хлеб.
Цвёрдым крокам
За хлеб,
Торф глыбокі —
Наш хлеб.
Смерчам біцца —
За хлеб,
Большэвіцкі
Наш
Хлеб!

IV. Наша восень — наша слава

[правіць]

IV. ТЫМ, ХТО З НАМІ…

Тым — хто сэрцам, думкай з намі,
Тым — радзіўся хто ў змаганні,
Тым — хто рос на рыштаванні
Шле гарачыя вітанні —
Новагоднім гордым шляхам,
Дзе за гмахам новы гмах,
Узмахам сонечнай папахі
Наша хлебная зіма.

Студзень, 1933 г.