Няхай невялічкі пакой,
А думкам — прастор і развой.
Жыве тут заслужаны спец:
На працы — як верацяніца,
На працы — снуе, мітусіцца.
А прыдзе дадому — канец
Спаборніцтву
І будаўніцтву.
Не любіць ён вока людское,
Акно закрывае краямой,
І пахам травы баравой
Стамлёныя грудзі напоіць.
Прыляжа. А ціха вакол,
За шыбінай ззяе вясёлка… — Калі ў галаве тваёй толк
Жывецца па густу і толкам.
Галоўнае дружба, а ёй —
Заўсёды ўсе дзверы адкрыты
Для Ціта дастанеш пакой,
А ў Ціта цвікі для Мікіты.
Мікіта дасць некалькі тон
Цэменту, з падзякай, Івану.
Іван у адзнаку — загон
Адгрузіць пшаніцы Сцяпану.
І круціцца так карусель,
І круціцца без перабояў;
І людзі здаволены мною,
І мне прыпадае рубель.
Няхай невялічкі пакой,
А думкам — прастор і развой.
І воку чужому і вуху
Не ўбачыць тут і не падслухаць!
А думкі плылі і плылі,
Праз дымныя хвалі, кругамі:
— Ідзеш і стыкнешся часамі
На камень, на роўнай зямлі.
Трымай сябе моцна ў руках,
Будзь пільным і чулым заўсёды.
Жыццё як зняволены птах,
Жыццё гэта — краты і годы.
Што жменяй уласнаю згроб —
Тваё, карыстайся, як хочаш!.. І зморшчыў абветраны лоб,
І бровы насупіў на вочы.
Уздрогнуў… Як быццам з засады,
Прарвалася крыўда з грудзей…
Ён глянуў навокал і рады:
Ў пакоі інтымны парадак,
Гарыць на партрэтах алей…
Цярушыцца сцежкай імглістай
Сутоннага змроку парча.
Ён слухаў рапсодыю Ліста
(Па радыё чуў скрыпача).
Струна паланіла гуканнем,
Будзіла жывая струна —
Пачуцці вясны і кахання,
Пачуцці агню і віна,
І страх за жыццё абуджала
І ў сэрцы трывогай расла.
Якраз як сумысле, як знала,
Чарнявая Галка ўвайшла.
І Галка здзівілася: — Злосны?
Ў вачах быццам пацеркі слёз?..
А гукі ліліся дзівосна,
Напэўна іграў віртуоз.
— Што сталася? Можа не рады?
Магу і пайсці… — Пачакай,
Бывае… Мелодыі-звады
Расчулілі… Выбачай!..
— Дзівак… А прышла я з навінай!
— Расказвай, ўсяму буду рад!
— Эх, любы, на бочку бензіну
Дастала табе я нарад.
Але заадно абяцала
Пяць скрынак аконнага шкла.
А скрыпка няспынна спявала,
А ў сэрцы трывога расла.
Як веерам, вязаным шарфам
Зрабіла прывычны свой жэст:
Ён тут-жа ёй, з кніжнае шафы,
Дастаў крэп-дэ-шыну адрэз.
І ў мяккай канапе абое,
Захопленыя скрыпачом,
Звілі рамантычным настроем
Агонь свае дружбы — вянком.
І сніцца яму, так празрыста,
Што ўжо ён інакшы зусім,
Што ён у тэатры артыстам,
Хоць цяжка, хоць шлях і цярністы,
Ўсё-ж компас кіруе на ўздым!
Таму кантрамарку й другому,
А трэцяму цукру прыдбаў,
Чацвертаму лаку і хрому —
І стаў ён артыстам вядомым,
Ён славай мастацкаю стаў.
Ён стаў тэатральнаю зоркай,
Героем дзяўчат і пяшчот…
Часамі ён чуе гаворку,
Што часта пустуе галёрка,
— А ў партэры — што, не народ?
Вось Галка з падругай у ложы,
Падруга прышла з жаніхом
(Без цёшчы жаніх быць не можа!),
Вось гэтак і партэр заложан
І зложан авацыі гром.
Як блескам зара на расцвеце,
Палоніць актор-самацвет!..
— Эх, вецер завёўся ў бюджэце!..
Не важна, а ў Наркомасвеце
Навошта сумуе бюджэт?
Галоўнае — ўвёрстывай ролю,
На заўтра — ў газеце клішэ.
Тады, як шалёнаму поля,
Хапае і хлеба і солі,
І славай набіта кішэнь. А ўсю-ж тэатральную драму
Яму сапсаваў паштальён:
Чарговы запрос-тэлеграма…
А гэткі чаруючы сон!
О, больш не паўторыцца ён!
І глянуў на тэкст тэлеграмы:
Бяру тэрмінова дынамо.
Даю каноплю. Сымон.
Чаромухай праменні
Цвітуць каля акна.
На крыллях лятуценняў
Прабеглі ўзвеі сна.
А сон быў гэткі дзіўны,
Нязбыўных дум вянок.
Прайшло. І смокча хціўны
Пад сэрцам чарвячок.
Устаў. Акінуў вокам —
Няма і Галкі ўжо.
Ён уздыхнуў глыбока
І глянуў на ружжо.
Але-ж яно ніколі
Не выстраліць само.
Ўстрывожаны да болі,
Ён стаў каля трумо.
Капрызы туалета
Яго ўзялі ў палон.
Якраз прынёс газету
З прыветам паштальён.
Перагарнуў старонкі
І ўголас прачытаў:
— Няма ў нас песень звонкіх,
Каб наш народ спяваў.
— Вучоным і паэтам
Ад моладзі пісьмо…
Заёрзаў, змяў газету,
Зноў стаў каля трумо.
А думкі смелым лётам
Крыляцца, як арлы.
— На песнях заработак
Заўсёды не малы.
Ён доўга задумённы
Ўглядаўся ў свой партрэт.
— Відаць лягчэй вучоным,
Які з мяне паэт!
Уплесці ў рыфму слова
Няма страшнейшых мук!
Навошта-ж мне спілоўваць
Яшчэ жывучы сук!
Прыдбаўшы двух знаёмых
Праз некалькі гадзін —
Я стану і вучоны
І навуковы чын.
О, чэк акадэмічны,
Агалашу трактат:
— Праблема песні зычнай
На будаўнічы лад!
І гэта будзе лоўка,
І нават навіной,
Бо там самастрахоўка
З парукай кругавой.
Бо там трасуцца жылкі
І вочы там крычаць:
— Каб не зрабіць памылкі,
Лепш мудра памаўчаць.
А я героем буду,
Бо я даклад зраблю.
І блат народзіць цуда,
А цуда я люблю.
Дый раптам стук у дзверы,
Ён задрыжэў, як ліст…
Блацёра вокам змерыў
Таварыш мой, чэкіст.
Прасіў не хвалявацца,
Накінуць паліто.
А праз хвілін дванаццаць
Іх вёз ужо аўто…
Снежань 1934 г.
|