А праз гады, праз радасць і самоту,
Праз жах і роспач катавых налётаў,
Праз партызанскую гарэзную адвагу,
Праз чад пагроз, праз голад і знявагу,
Праз дні і ночы ўпартасці і мук,
Праз лямант скону дзедаўскіх палосак,
Праз хціўны зман кулацкіх падгалоскаў,
Вялікай праўды —
Творцам стаў Янук!
..............
… Янук узрушаны. Ён чуў сябе героем,
Ён шчасцю заваёванаму рад.
І нават весела сыпучай мітульгою
Цярушыцца пажоўклы лістапад.
Янук узрушаны. Ён — рад свайму калгасу,
Работ цяжкіх прайшла гарачыня.
Не быць узрушаным і радасным і шчасным
Не мае права — знатны старшыня!
Калгасным табарам пакошаны і зжаты
Квітнеючага лета ураджай.
Пачэсны кут займае ў светлых хатах
Заквашаная хлебная дзяжа.
А дзе-ж было яно, калі, ў якіх краінах,
Змардованаму працай бедняку —
Каб дар зямлі быў хлебам без мякіны?
Каб восень скарбам слалася ў таку?
Вядуць абоз. Плыве разліў баяна…
Шырэй вароты, ўдарнік-гаспадар!
І ў ветлых вокрыках таварыскай пашаны
Сваіх работ прымае плённы дар.
Штандары — золакам над хатаю ірдзеюць,
А чуткі-гутаркі лягендамі раслі.
Эх, чорта два! Такой яшчэ падзеі
Не ведала гісторыя зямлі!
Сказаў — гісторыя?
І з намі ёй зраўняцца?
А старцы-лірнікі, а старцы-дудары,
Як цудам здзіўлены: бы ў панскія палацы —
Калгаснай хаце звозяцца дары!
Янук узрушаны. Ён чуў сябе героем.
Ён шчасцю заваёванаму рад.
А як не узрадаваць? Упартасцю сваёю
У спісах гонару займае першы рад.
У грудзях — прыбой агня,
А ў вачах — трывога.
Асядлаў Янук каня,
Як струна — дарога.
Вецер клоніць строй прысад,
Свішча ў полі зжатым.
Едзе хлопец да дзяўчат,
Хлопец едзе ў сваты.
Адцвіталі тапалі
Беласнежным цветам.
Ехаць трэба, а калі,
Як не ў баб‘е лета?
Покуль зладзіш добры лад
Справы гаспадарскай,
Ой, не ўспомніш пра дзяўчат,
Пра пяшчотнасць ласкі.
Дні і ночы напралёт
Бег работ вірлівы.
Гэй, давай паскорым ход,
Конь мой белагрывы.
У грудзях — прыбой агня,
А ў вачах — трывога.
Пад капытамі каня
Як струна — дарога.
Бывае так: ты думаеш адно,
Інакшае здараецца на справе:
Янук раздаў калгаснае зярно,
Янук даўно — падатак здаў дзяржаве, —
А тут… прыехаў — дзівіць сумятня,
Сабраны хлеб злачынцы замачылі.
Як птах падбіты, скача старшыня:
— Не ўпільнаваў… Нашкодзілі… Зглумілі.
Па вёсцы ходзяць бабы і бурчаць:
— У пуні хлеб, а ў хаце ні скарынкі!
Янук збіраўся, марыў пагуляць,
Янук чакаў вясёлай вечарынкі.
А гнеў людскі расплатаю крычаў.
Шукаюць ворага…
А ў полі зловіш вецер,
Ужо дамоў пастух скаціну гнаў.
Як цені, моўчкі сноўдаюцца дзеці.
Над лесам ззяў праменных горнаў круг,
Блакітны дзень стамлёны ў цьму нырцуе.
— Мо‘ закурыць дасі, — пытаецца пастух.
Янук прыветліва махоркаю частуе.
Разгаварыліся. А ўжо згусціўся змрок.
— Бяда, браток, снуе па пятах голад.
Янук застыў.
Не ўздрыгне пільны зрок.
Янук задумлены,
Яму знаёмы голас.
І валам кроў у жылах загула.
Не можа быць?
— Ды гэта ён, бясспрэчна!
Пастух заёрзаў, звяў, стаў чорны, як смала,
Ад нежаданае раптоўнае сустрэчы.
— Я-ж чуў, што ты жывеш у Салаўках?
Глядзіш, спаткаліся… Прымай маю падзяку.
Я — твой пастух! Ты помніш Янука,
Якога збіў і выгнаў, як сабаку?
Табе я дзякую за горкай долі дні,
За здзек, за слёзы, сукін сын, за гора!
Як лоўка скуру воўчую змяніў,
Патомак ліха, звеку люты вораг.
Твае шляхі, твае сляды ў крыві,
Дабру людзей ты шалам помсты шкодзіш.
Я — за руку цябе, раз‘юшаны, злавіў,
Прымай прысуд — народнай долі, злодзей!
Ты сапуном падкапваеш, што крот,
Падмурак росквіту сваім крывавым лычам.
Хадзем… пастух, убачыць хай народ
Тваё сапраўднае кулацкае аблічча.
Глядзіш у вочы мне, ты гнешся мне чалом?
А сілу даць табе, зальеш мне вочы воцтам.
Я — быў слуга, ты — быў гаспадаром,
Цяпер ты — золь, а я — змагар і творца!
Пяе ўрачыста восень перамог,
І гукі гімна льюцца ў свет здабыты!..
...............
Яны ідуць.
На суд…
Ідуць удвох —
Адзін усцешаны, другі тугой спавіты.
|