Перайсці да зместу

Узброеныя песні (1936)/Пагранічная вясна

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Граніца Пагранічная вясна
Паэма
Аўтар: Андрэй Александровіч
1936 год
Векапомная восень
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пагранічная вясна.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАГРАНІЧНАЯ
ВЯСНА

I. Класавая сутнасць зялёнага гоману

[правіць]

I. КЛАСАВАЯ СУТНАСЦЬ
ЗЯЛЕНАГА ГОМАНУ

Стаю ў бярэзніку на беразе мяжы
І хваль вясны я чую пераклічку.
Зялёны гоман моўчкі, таямніча
На колах сполаху
Да нас перабяжыць.

Зямля совецкая крынічнаю расой
Акропіць ласкава замучаныя крыллі
Братэрскай дружбаю,
Так шчыра, між сабой —
Пра становішча краіны гаварылі.

Я —
Прыкладаю вуха да зямлі,
Калісь рабілі гэтак прадзеды ў дазоры,
І чую гутарку,
А гутарку вялі
Заходне-беларускія прасторы.
Гаварылі віленскія гоні:
— Ой, вясна!
Кроў і слёзы нас палоняць,
— Ой, вясна!
Вецер поле барануе,
— Ой, вясна!
Голад з пошасцю пануе,
— Ой, вясна!
Шнурам петлі на прысадах,
— Ой, вясна!
Славяць карныя атрады,
— Ой, вясна!

Вясна гарачая, сярдзітая вясна,
Дыміцца ўздыбленай трывогай над зямлёю…
Вось як рукой падаць,
А гэта за мяжою —
Атручана крывёю цаліна.

Сівога веку свішча прыгавор:
— Хто квапіцца прасіць
„І хлеба, і работы —
Гуляй —
Нямецкі звон варшаўскіх шпор,
Шляхі ўсцілай касцьмі,
Як грэблю на балотах.

Бярозка стромкая.
Сасонка,
Нават куст, —
Жывыя сведкі дзікага разгулу —
Шуршацца роспаччу жабрацтва і пакут
Над грэбнем хваль —
Падземных грозных гулаў.

І чуе сэрца гул падземны:
— Сей агонь!
Падымайся, пад‘ярэмны,
— Сей агонь!
У далінах Віслы, Шары,
— Сей агонь!
Край збярэ ўраджай пажараў,
— Сей агонь!
Больш агню — запалу болей,
— Сей агонь!
Воля родзіцца ў падполлі.
— Сей агонь!

II. Мітынг першай баразны

[правіць]

II. МІТЫНГ ПЕРШАЙ БАРАЗНЫ

Стаю журботны я на паграніччы-ўзгор‘і.
Ў вачах снагліцца крыўда і туга.
Ахвяра чорных дзён
Жандарскае гісторыі
Краіна — голаду, бяспраўя, ланцуга.

А праз лясы, праз горы
І азёры —
Ходзіць маці, згорбленая горам,
Маці згінуўшых сыноў.

І шукае —
Удзень і ўноч
Па свету
Гэтак змучаная, скрыўджаная гэтак,
Маці згінуўшых сыноў.

А шуміць ля возера аер,
А возера хвалюецца прыбоем:
— Ты вытры слёзы горкія свае,
Твае сыны спаткаюцца з табою.

Дзівіся, зарывам іскрыцца ў полі рунь,
Зялёны дым стаў горкім, як ніколі.
Вітаць узброена шчаслівую пару
Твае сыны гартуюцца ў падполлі.

І без сярпа, і без касы-нажа
Няўжо выходзілі ў жніво і касавіцу?
Ой, загудзіць
Нявольніцкі ўраджай
Агнямі вызваленчай навальніцы!

І слёз тваіх гарачае зярно
Узбожваецца рунню агнявою.
— Твае сыны пад сонцам будуць зноў,
Твае сыны спаткаюцца з табою.

Ты чуеш? Чуеш?.. Ёсць сыны твае
На выспах катавых у катаржным палоне.
І загудзела возера, і загудзеў аер,
І маці сціснула рукамі помсты скроні.

Каму вясну за кратамі ўтрымаць?
Хто сонца-полымя паставіць на калені?
Хай сёння край — суцэльная турма, —
Турма таксама кузня вызвалення!

Калі зямлю засцелюць туманы,
Заслоняць хмары дзень праменнатканы,
Тады —
Ўзрываюцца раскатам перуны
І пачынаецца мяцеліца маланак.
І гэта будзе! Ён ужо гатоў —
Віхор расплаты, шчасця і спакою.
Твае сыны пад сонцам будуць зноў,
Твае сыны спаткаюцца з табою.
Узнік раптоўна мітынг-сход вясны,
Загаварылі ўсе —
Распяты хто прыгонам.
Расла ўрачыстасць першай баразны,
Гарэў закат агнём сцягоў чырвоных.
— Першай баразной
Наступны дзень вітаем, —
Гудзеў гушчар лясны
На мітынгу вясны.
А водгулле — стралой:
— О-ой,
Будзе бой!
— Першай баразной
Мы гнеў свой ускрыляем, —
Гудзелі курганы
На мітынгу вясны.
А водгулле — стралой:
— О-ой,
Будзе бой!
І маці выпрастала стан. Яна —
Загаварыла голасам сыноў закатаваных:
Пачаць сяўбу!
Чым больш агню-зярна,
Хутчэй залечыць раны
Край забраны!

III. Дзве Беларусі

[правіць]

III. ДЗВЕ БЕЛАРУСІ

Як бізунамі спалосана цела,
Пакрыта рубцамі глыбокіх ран, —
Спалосана поле шнурамі надзела,
Адвеку вялікім няшчасцем сялян.

Палоскі-шнуры, як турэмныя краты,
Напоены потам, слязмі і крывёй.
Я бачу ў няволі заходняга брата,
Дугою спіна — за матыкай-сахой.

Стаю на граніцы світання і змроку.
На Захадзе кроплямі стыне зара.
А поруч — на нашых прасторах глыбокіх
Зарніцамі песні крыляцца, гараць.

І толькі — ледзь раніца пераступае
Туманам уночы пракладзены мост,
Выходзяць у поле і песню спяваюць,
І песня зліваецца з шумам бяроз:
— Узыходзе сонца, маладое сонца,
Гэй, да гэй!
Гоніць вецер хмары, гоніць валаконцы,
Гэй, да гэй!
Засяваем поле, поле барануем,
Гэй, да гэй!
І спяваем песню, песню палявую,
Гэй, да гэй!
Будзе каласіцца жыта і пшаніца,
Гэй, да гэй!
Сокам нашай працы будзе налівацца,
Гэй, да гэй!
А ў жніво нам праца дасць узнагароду,
Гэй, да гэй!
Намалоцім хлеба, нарыхтуем мёду,
Гэй!

Вясна ў маладым і нястрыманым русе,
А там… нават гоман спалоханы сціх.
Сягоння — мяжуюцца дзве Беларусі,
Непараўнальныя два жыцці.

IV. Сонца ў трусіках

[правіць]

IV. СОНЦА У ТРУСІКАХ

Купаецца ў азёрах дзетвара,
І сонца ў трусіках з дзятвой за панібрата.
Чаму ж не радавацца сэрцу песняра?
Прыход вясны — вясёлкавае свята!
Вачэй пралескавых чалмой віецца дым,
У хвалях зарасляў аветраны нырцуе.
Уздымам рокатным, зазыўным, маладым —
Дзень росквіту — маёўкамі святкуем!

Большэвікі — ў святочны дзень заўжды
Сваю гатоўнасць звераць баявую…
Як рапартуюць перамогай — гарады,
Яшчэ не знаныя дагэтуль — гарады,
Ў баях народжаныя намі — гарады, —
Ураджаем будучыні нашай
Чую —
Збожжавае поле рапартуе!

Як разгараецца прадвесняю зара,
І без граніц, як покліч песняра,
Як шчасцем перамогі змагара,
Наступных дзён рунее карман‘ёла.
Прыход вясны ўрачысты і вясёлы!
І гіне-рушыцца адвечных крыўд гара,
І рассыпаецца палёў адвечны сполах.
І сонца ў трусіках, як тая дзетвара,
Гартуе мускулы разбежным валейболам.

1932 г.