Расце ў вачах людскіх крэмлёўская сцяна,
Праменны дзень яна жалобай засланіла…
Ад края ў край, як гнеў, як рокат перуна,
Грыміць салют над свежаю магілай.
Нясуць Рэспублікі апошні караул…
Як вал, праз Ленінград, ад Менска і Паміра —
Ідзе ў Маскву нястрымны, грозны гул:
— Будзь памяць вечная табе, таварыш Кіраў!
Каля труны твае настаўнік наш і твой
Схіліў чало сваё жалобаю і горам…
Тваё жыццё ад нас падкупленай рукой,
Рукой крываваю, так подла вырваў вораг.
Адкіды з брудных ям гісторыі, яны —
Як змеі, шныраць скрозь па шчылінах і дзірах.
Клянёмся, з іх касцей насыплем курганы.
— Будзь памяць вечная табе, таварыш Кіраў!
Марозам снежаньскім закована зямля,
Гудзіць уздыблены магільным стогнам вецер.
— Прымі бясстрашнага, прымі, сцяна Крэмля!
І плача смерці марш, нібы з Уржума дзеці.
Апушчаны ў бядзе галовы і сцягі.
Расплаты прагне кроў, бурліць у жылах вірам.
І буйная сляза лягла ў вянок тугі:
— Будзь памяць вечная табе, таварыш Кіраў!
Расце ў вачах людскіх крэмлёўская сцяна,
Праменны дзень яна жалобай засланіла.
Ад края ў край, як гнеў, як рокат перуна,
Грыміць салют над свежаю магілай.
Упаў салдат. Яшчэ шчыльней, жывой сцяной,
З‘яднаем моц сваю пад сцягам камандзіра.
А прыдзе час — дадзім, дадзім смяротны бой!
— Будзь памяць вечная табе, таварыш Кіраў!
Снежань: 1934 г.
|