Галасілі хвалі зверам,
Раскідалі гнеўны гул.
Выплыў месяц з хмары шэрай,
Стаў з байцамі ў караул.
Ноч напоена пагрозай,
Кулі сыплюцца, як град.
Засцілалася Бяроза
Чорным дымам ад гармат.
І зямля стагнала горам:
Недабіты гойсаў пан.
Чуў я плач дзяцей Дукоры
Над магілай партызан.
Плач народа —
Гнеў народа,
Слёзы гневу —
Грозны шквал.
Хай спраўляла непагода
Свой крывавы карнавал, —
Курганы Напалеона
Сталі гнёздамі акоп!
Ноч ахутвала заслонай
Беларускі Перакоп.
Пад Барысавам палонным,
За Бярозаю ракой,
Войска арміі Чырвонай
Сабірала сілы ў бой.
— Ледзь над лесам сонца ўзыйдзе
Фронт прарваць, нанёсшы ўдар, —
Вырашаў Орджанікідзе —
Палкаводзец-камісар.
Ноч расой паіла кветкі,
Над ракой туман стаяў.
Рапарт пятае разведкі
Ў гэту ноч Серго прымаў.
Быў ён здзіўлены дакладам,
Весткі розныя ва ўсіх.
І сазваў ён на нараду
Камандзіраў баявых.
— Сілу ворага не знаем,
На які ступіў ён шлях?..
А ліпнёвая,
Густая
Ноч стаілася ў кустах.
Як дазор, дубы сталеткі
Засланілі грамаду.
І сказаў Серго:
— Ў разведку
Сам, таварышы, пайду!
І таемна, ўнепрыкметку,
Цераз брод і шыр балот,
Вёў Серго атрад разведкі
Тылам ворага ў абход.
За балотам — лес бяскраю,
І бяскрайняя імгла.
За вярстой вярста мінае,
Ноч густая,
Што смала.
Пад нагамі голле хрушчыць,
Гоман хвой кладзецца ніц.
Ўзлёт агню гармат над пушчай,
Як трывожны ўзлёт зарніц.
Шлях расчысціў куляй меткай,
Вёў атрад у стоме сіл.
Дваццаць вёрст
Прайшоў разведкай,
Дваццаць вёрст
Зайшоў у тыл.
На дапрос за трэцім — следам
І чацверты ўзяты пан.
Ад паноў Серго разведаў
Пра апошні польскі план.
З думай дум сваіх, з развагай
Ён, схаваўшыся, ляжаў.
Беларускіх смачных ягад
Першы раз пакаштаваў.
Дзень мінуў. Зноў ноч стагнала
Віратлівым гулам хваль.
Ноч дарогі ў змрок схавала,
Змрок — як срэбраны паркаль.
Па расе паўзуць сапёры,
На ваду кладуць масты.
Будзе бой! і нават зоры
Гасяць блеск свой залаты!
Знаў Серго сакрэт недарам,
Полк байцоў адвёў тайком.
І, прарваўшы фронт ударам,
Закідаў ліхім агнём.
І ў атаку — на палякаў!
На акоп — штыкамі ў лоб!
Сталлю бралі, вызвалялі
Беларускі Перакоп!
Сонца рукі працягнула
Баявым сынам зямлі.
Поле радасна ўздыхнула,
Ветла сосны загулі.
Пераможцам насустрэчу
З бедных хат народ пайшоў.
Апускаўся ціхі вечар,
Славіў стомленых байцоў.
Ліпень, 1935 г.
|